Чо́рнае мо́ра — унутранае мора басейна Атлантычнага акіяна. Пралівам Басфор злучаецца з Мармуровым морам, далей, праз праліў Дарданэлы (гэтыя пралівы часам называюць чарнаморскімі пралівамі) — з Эгейскім і Міжземным морамі. Керчанскім пралівам злучаецца з Азоўскім морам. З поўначы ў мора глыбока ўразаецца Крымскі паўвостраў. Па паверхні Чорнага мора праходзіць водная мяжа паміж Еўропай і Малой Азіяй.

Выгляд Чорнага мора з космасу
Карта Чорнага мора

Плошча Чорнага мора склаедае 422 000 км²[1] (па іншых даных — 436 400 км²[2]). Абрысы Чорнага мора нагадваюць авал з найбольшай воссю каля 1150 км. Найбольшая працягласць мора з поўначы на поўдзень — 580 км. Найбольшая глыбіня — 2210 м[1], сярэдняя — 1240 м. Аб'ём вады ў моры складае 555 тыс. км³[3]. Характэрнай асаблівасцю Чорнага мора з'яўляецца поўная (за выключэннем шэрагу анаэробных бактэрый) адсутнасць жыцця на глыбінях звыш 150—200 м з-за насычанасці глыбінных слаёў вады серавадародам.

Мора абмывае берагі Расіі, Украіны, Румыніі, Балгарыі, Турцыі, часткова прызнанай Абхазіі і Грузіі (тэрыторыі, размешчаныя вакол мора, традыцыйна называюць тэрмінам «Прычарнамор'е»).

Чорнае мора — важны раён транспартных перавозак. Апроч гэтага, Чорнае мора захоўвае важнае стратэгічнае і ваеннае значэнне. У Севастопалі і Наварасійску знаходзяцца асноўныя ваенныя базы расійскага Чарнаморскага флоту, у Сінопе і Самсуне базуюцца караблі чарнаморскай групоўкі ВМФ Турцыі, у Варне — ВМС Балгарыі, у Поці і Батумі — ВМС Грузіі (у наш час — карабельны склад дэпартамента берагавой аховы Памежнай паліцыі Грузіі[4], у Канстанцы і Мангаліі — ВМС Румыніі. Акрамя таго, да сакавіка 2014 года ў Севастопалі і Новаазёрным базаваліся часці Ваенна-марскіх сіл Украіны.

Этымалогія правіць

 
Узбярэжжа Чорнага мора каля Гоніа (Грузія)

Старажытнагрэчаская назва мора — Понт Аксінскі (стар.-грэч.: Πόντος Ἄξενος, «Негасціннае мора»), сустракаецца і назва «Скіфскага»[5]. У «Геаграфіі» Страбона (7.3.6) выказваецца здагадка, што такую назву мора атрымала з-за цяжкасцей ў навігацыі, а таксама дзікіх варожых плямёнаў, якія насялялі яго берагі. Аднак хутчэй за ўсё грэкі ўспрынялі мясцовую скіфскую назву моры, якая ўяўляла рэфлекс стар.-іран. *axšaina — «цёмна-сіні», «цёмны», што суадносіцца з яго цяперашняй назвай, і пераасэнсавалі яго па сугуччы з грэчаскім словам «негасцінны»[6]. Пазней, пасля ўдалага асваення берагоў грэчаскімі каланістамі, мора стала называцца Понтам Эўксінскім (грэч. Πόντος Εὔξενος, «Гасціннае мора»). Зрэшты, у Страбона (1.2.10) ёсць згадкі пра тое, што ў антычнасці Чорнае мора называлі і проста «морам» (pontos). Пазней, у X—XIV стагоддзя, у старажытнарускіх, арабскіх і заходніх крыніцах яно згадваецца як «Рускае мора», што звязана з яго актыўным выкарыстаннем скандынаўскімі мараплаўцамі — варагамі-руссю. У «Аповесці мінулых гадоў» гаворыцца «А Дънепрь вътечеть в Понтьское море трьми жерелы, еже море словеть Руськое…».[7]

Сучасная назва «Чорнае мора» знайшла сваё адпаведнае адлюстраванне ў большасці моў. Існуе цэлы шэраг гіпотэз адносна прычын узнікнення такой назвы:

  • Адна з гіпотэз звязана з прынятым у шэрагу азіяцкіх краін «каляровым» абазначэннем бакоў свету, дзе «чорны» абазначаў поўнач, адпаведна Чорнае мора — паўночнае мора.
  • Паводле іншай гіпотэзы, назва паходзіць ад таго, што з-за наяўнасці ў вадзе серавадароду на якары, які знаходзіўся на глыбіні больш за 150 метраў, адкладаліся хімічныя элементы чорнага колеру. Маракі, бачачы гэту з'яву, назвалі мора «Чорным»[8].

Геаграфія правіць

 
Фізічная карта Чорнага мора

Чорнае мора злучана пралівам Басфор з Мармуровым морам. Паўночная частка, аддзеленая Крымскім паўвостравам, мае назву Азоўскае мора, злучанае з Чорным морам Керчанскім пралівам. Плошча паверхні складае 422 000 км² (разам з Азоўскім морам), аб'ём 555 000 км³, сярэдняя глыбіня 1315 метраў, максімальная глыбіня 2258 метраў, даўжыня з захаду на ўсход 1150 км, з поўдня на поўнач 580 км.

Берагі Чорнага мора зрэзаны мала і, галоўным чынам, у паўночнай яго частцы. Адзіны буйны паўвостраў — Крымскі. Найбуйнейшыя залівы: Варненскі, Бургаскі — у Балгарыі, Каламіцкі, Каркініцкі, Днястроўскі, Днепра-Бугскі — ва Украіне, Сінопскі, Самсунскі — у Турцыі. Існуюць утвораныя рэкамі ліманы (сярод іх Хаджыбейскі ліман) .

Шэраг участкаў узбярэжжа моры маюць уласныя назвы: Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа у Расіі, Румелійскі бераг і Анаталійскі бераг у Турцыі, Паўднёвы бераг Крыма. Берагі на захадзе і паўночным усходзе нізкія, месцамі абрывістыя; на ўсходзе, поўдні і паўднёвым беразе Крыма — высокія, гарыстыя. Агульная даўжыня берагавой лініі складае 3400 км.

Астравоў мала, самы буйны востраў Джарылгач, яго плошча складае 62 км². Астатнія астравы нашмат меншыя, найбольшыя — Беразань і Змяіны (абодва плошчай меней 1 км²).

Асноўныя рэкі, якія ўпадаюць у Чорнае мора: Дунай, Днестр, Паўднёвы Буг і Дняпро. Да найважнейшых партоў адносяцца: Канстанца (Румынія), Бургас і Варна (Балгарыя), Новарасійск (Расія), Адэса (Украіна), Поці (Грузія), Трабзон і Самсун (Турцыя). Гадавы рачны сцёк у Чорнае мора складае каля 310 км³, прычым 80 % гэтых вод выносіцца на паўночна-заходнюю шэльфавую частку, галоўным чынам Дунаем і Дняпром[3].

Геалогія правіць

 
Меркаваныя абрысы возера, якое існавала на месцы Чорнага мора

Чорнае мора запаўняе ізаляваную ўпадзіну, размешчаную паміж Паўднёва-Усходняй Еўропай і паўвостравам Малая Азія. Гэта ўпадзіна ўтварылася ў эпоху міяцэну, падчас актыўнага гораўтварэння, якое падзяліла старажытны акіян Тэціс на некалькі асобных вадаёмаў (з якіх пазней, акрамя Чорнага мора, утварыліся Азоўскае, Аральскае і Каспійскае моры)[9]. Першапачаткова, 14-5 млн гадоў назад Чорнае мора ўваходзіла ў склад Сармацкага мора (ад Балатана да Арала). Затым яно зноў злучылася з Міжземным морам, утварыўшы на некалькі мільёнаў гадоў Меатычнае мора[10]. Затым утворыцца прэснаводнае Пантычнае мора (уключалае Каспій), якое змяняе салёнае Карангацкае мора (100-20 тыс. гадоў назад) і, затым, ізноў прэснаводнае Новаэўксінскае мора (20-7 тыс. гадоў назад)[11].

Паводле адной з гіпотэз узнікнення Чорнага мора (гл. Тэорыя чарнаморскага патопу) 7500 гадоў назад яно ўяўляла сабой самае глыбокае на Зямлі прэснаводнае возера, узровень быў ніжэйшы зы сучасны на сто з лішнім метраў. Пасля заканчэнні ледавіковага перыяду ўзровень Сусветнага акіяна падняўся, і Басфорскі перашыек быў прарваны. Было затоплена агулам каля 100 тыс. км² найурадлівых земляў, якія ўжо апрацоўваліся людзьмі. Затапленне гэтых тэрыторый, магчыма, стала правобразам міфа пра сусветны патоп[12]. Цікава, што аналагічную версію паходжання мора выказваў яшчэ Пліній Старэйшы[13]. Узнікненне Чорнага мора, паводле гэтай гіпотэзы, меркавана, суправаджалася масавай гібеллю ўсяго прэснаводнага жывога свету возера, у выніку раскладання рэштак якога адбылося серавадароднае заражэнне глыбінных тоўшчаў мора[14].

Чарнаморская ўпадзіна складаецца з дзвюх частак — заходняй і ўсходняй, падзеленых узняццем, якое з'яўляецца натуральным працягам Крымскага паўвострава. Паўночна-заходняя частка моры характарызуецца адносна шырокай шэльфавай паласой (да 190 км). Паўднёвае ўзбярэжжа (якое належыць Турцыі) і ўсходняе (Грузія) носіць больш стромкі характар, паласа шэльфа не перавышае 20 км і зрэзана цэлым шэрагам каньёнаў і ўпадзін. Мацерыковы схіл Чорнага мора прыкметна расчлянёны падводнымі далінамі. На поўдні мора, паміж Сінопам і Самсунам паралельна берагу ляжыць сістэма падводных хрыбтоў[9]. Цэнтральная частка чарнаморскай катлавіны ўяўляе сабой адносна плоскую раўніну. Глыбіні каля берагоў Крыма і Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа павялічваюцца вельмі хутка, дасягаючы адзнак звыш 500 м ужо ў некалькіх кіламетрах ад берагавой рысы[15]. Максімальнай глыбіні (2210 м) мора дасягае ў цэнтральнай частцы, на поўдзень ад Ялты.

Сярод горных парод, якія складаюць дно мора, у прыбярэжнай зоне пераважаюць грубаабломкавыя адклады: галька, жвір, пясок[15]. З аддаленнем ад берага іх змяняюць дробназярністыя пяскі і алеўрыты. У паўночна-заходняй частцы Чорнага мора шырока распаўсюджаны ракушачнікі; для схілу і ложа марской упадзіны звычайныя пелітавыя глеі[9].

Сярод асноўных карысных выкапняў, заляжы якіх маюцца на дне мора: нафта і прыродны газ на паўночна-заходнім шэльфе, прыбярэжныя россыпы тытанамагнетытавых пяскоў (Таманскі паўвостраў, узбярэжжа Каўказа)[9][16].

Запасы метану, які знаходзіцца ў форме газавых гідратаў у глыбакаводных асадках Чорнага мора, упершыню выяўленых супрацоўнікамі УНДІГАЗа ў 1972 годзе (рэйс НДС «Маскоўскі ўніверсітэт»[17]) паводле сучасных ацэнак могуць дасягаць 25-49 трлн кубаметраў газу[18].

Клімат правіць

Тэмпература вады 24—26 °C, каля берагоў да 29 °C, зімой — ад 0,5 °C на паўночным захадзе (залівы замярзаюць) да 9—11 °C на паўднёвым усходзе. Клімат кантынентальны. Марскія цячэнні двух відаў: першыя выкліканыя абменам вады з Мармуровым морам, другія ўтвараюцца цыкланарным укладам вятроў.

Флора і фаўна правіць

Раслінны свет моры складаецца з 270 відаў шматклетачных зялёных, бурых, чырвоных донных водарасцей (цыстазіра, філафора, застэра, кладафора, ульва, энтэраморфа і інш.). У складзе фітапланктона Чорнага мора — прынамсі шэсцьсот відаў. Сярод іх жгуціканосцы, у тым ліку дынафлагеляты або перыдыніевыя водарасці, розныя дыятомавыя водарасці, кокалітафарыды і інш.[19]

 
Камбала-глоса
 
Дэльфін-афаліна

Фаўна Чорнага мора прыкметна бяднейшая, за фаўну Міжземнага, у прыватнасці, тут няма марскіх зорак, марскіх вожыкаў, марскіх лілей, васьміногаў, каракаціц, кальмараў, каралаў[8]. У Чорным моры жыве 2500 відаў жывёл (з іх 500 відаў аднаклетачных, 160 відаў пазваночных — рыб і сысуноў, 500 відаў ракападобных, 200 відаў малюскаў, астатняе — беспазваночныя розных відаў), для параўнання, у Міжземным — каля 9000 відаў. Сярод асноўных прычын адноснай беднаты жывёльнага свету моры[8]:

  • нізкая салёнасць вады;
  • пастаянная прысутнасць серавадароду на глыбінях звыш 200 м.

У сувязі з гэтым Чорнае мора падыходзіць для пасялення галоўным чынам мелкаводных і прыбярэжных відаў жывёл.

На дне Чорнага мора жывуць мідыі, вустрыцы, грабеньчык Flexopecten ponticus, а таксама малюск-драпежнік рапана, занесены караблямі з Далёкага Усходу[20]. У расколінах прыбярэжных скал і сярод камянёў жывуць шматлікія крабы, маюцца крэветкі, сустракаюцца розныя віды медуз (найбольш распаўсюджаны карнярот і аўрэлія), актыніі, губкі.

Сярод рыб, якія водзяцца ў Чорным моры: розныя віды бычкоў, азоўская хамса, чарнаморская хамса (анчоўс), акула-катран, камбала-глоса, камбала-калкан, кефаль пяці відаў, луфар, мерлуза (хек), марскі ёрш, барабуля (звычайная чарнаморская султанка), пікша, скумбрыя, стаўрыда, чарнаморска-азоўская селядзец, чарнаморска-азоўская цюлька, сарган, марскі канёк і інш. Сустракаюцца асятровыя[9] (бялуга, сяўруга, чарнаморска-азоўскі (рускі) і атлантычны асетры) і чарнаморскі ласось.

Сярод небяспечных рыб Чорнага мора — марскі дракончык (найбольш небяспечная — атрутныя калючкі спіннога плаўніка і жабраў), чарнаморская і заўважная скарпены, скат (марскі кот) з атрутнымі шыпамі на хвасце[21].

З птушак распаўсюджаны чайкі, буравеснікі, качкі-ныркі, бакланы і шэраг іншых відаў. Сысуны прадстаўлены ў Чорным моры двума відамі дэльфінаў (дэльфінам-белабочкай і афалінай), азова-чарнаморскай звычайнай марской свіннёй (нярэдка званай азоўскім дэльфінам), а таксама белапузым цюленем[9].

Некаторыя віды жывёл, які не жывуць у Чорным моры, часам заносяцца ў яго праз пралівы Басфор і Дарданэлы цячэннем або прыплываюць самастойна.

Гідралогія і гідрахімія правіць

Прылівы 0,1—0,2 м, згонна-нагонныя ваганні ўзроўню вады ля берагоў да 1,5 м. Салёнасць на паверхні складае 18,3 ‰, на дне дасягае 22,5 ‰. Розніцу салёнасці на паверхні і ў глыбіні падтрымлівае абмен вадой з морам Міжземным. З-за розніцы салёнасці, адсутнасці абмену вады з глыбіні і паверхні вядзе да знікнення кіслароду і ўзнікнення серавадароду. Гэта з'яўляецца прычынай адсутнасці арганічнага жыцця ў глыбіні.

Эканоміка правіць

Транспартнае значэнне правіць

У наш час Чорнае мора не адыгрывае вялікай ролі ў камунікацыях, але ў старажытнасці тут ішлі вялікія купецкія шляхі (нават з Балтыйскага мора, які меў назву «З варагаў у грэкі» і праходзіў праз тэрыторыю Беларусі). Знайшло гэта адлюстраванне ў міфах і легендах, з якіх найбольш вядомыя «Вандроўка за залатым руном» і міф пра амазонак, якія павінны былі жыць у гэтых мясцінах.

Тым не менш Чорнага мора ўсё яшчэ адыгрывае вяліка транспартнае значэнне ў эканоміцы дзяржаў, якія абмываюцца гэтым вадаёмам. Істотны аб'ём марскіх перавозак складаюць рэйсы танкераў, якія забяспечваюць экспарт нафты і нафтапрадуктаў з портаў Расіі (у першую чаргу з Наварасійска і Туапсэ) і портаў Грузіі (Батумі). У чарнаморскім басейне шырока развіты кантэйнерныя перавозкі, існуюць буйныя кантэйнерныя тэрміналы. Развіваюцца перавозкі з дапамогай ліхтараў; працуюць чыгуначныя паромныя пераправы Іллічыўск (Украіна) — Варна (Балгарыя) і Іллічыўск (Украіна) — Батумі (Грузія). Развіты ў Чорным моры і марскія пасажырскія перавозкі (зрэшты, пасля распаду СССР іх аб'ём істотна паменшыўся).

Праз Чорнае мора праходзіць міжнародны транспартны калідор TRACECA (Transport Corridor Europe — Caucasus — Asia, Еўропа — Каўказ — Азія)[22]. Чарнаморскія порты з'яўляюцца канцавымі пунктамі шэрагу Пан'еўрапейскіх транспартных калідораў.

Па рацэ Дон, якая ўпадае ў Азоўскае мора, праходзіць рачны водны шлях, які злучае Чорнае мора з Каспійскім морам (праз Волга-Данскі суднаходны канал і Волгу), з Балтыйскім морам і Белым морам (праз Волга-Балтыйскі водны шлях і Беламорска-балтыйскі канал). Рака Дунай праз сістэму каналаў злучана з Паўночным морам.

Прамысловае рыбалоўства правіць

 
Рыба на адэскім рынку

У Чорным моры жыве каля 185 відаў рыб, але рыбалоўства слаба развіта, гадавая лоўля рыб складае 100 000 тон рыбы, у асноўным: анчоусы і скумбрыі.

Турызм правіць

У наш час на берагах Чорнага мора вельмі развіты турыстычны бізнес. На берагах Румыніі, Балгарыі і Крыма, знаходзяцца курорты міжнароднага значэння.

Зноскі

  1. а б Слоўнік сучасных геаграфічных назваў(недаступная спасылка)
  2. Black Sea Geography(недаступная спасылка). University of Delaware College of Marine Studies (15 сакавіка 2003). Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2007. Праверана 2 декабря 2006.
  3. а б Ежегодник состояния морей России по гидрохимическим показателям. 2008 год. Чёрное море. // oceanography.ru. Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 2012-2-29.
  4. Узброеныя сілы Грузіі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2013. Праверана 1 жніўня 2015.
  5. Виноградов 1958, с. 5.
  6. Black sea — артыкул з Encyclopædia Iranica. Rüdiger Schmitt
  7. Бухарин М. Д. Возникновение понятие «Черное море» в средневековых географических традициях // Monumentum Gregorianum. Сборник научных статей памяти академика Г. М. Бонгард-Левина. М., 2013. С. 479.
  8. а б в Геаграфія, гісторыя, уласцівасці экасістэмы Чорнага мора Архівавана 23 снежня 2019. // blacksea-education.ru (Праверана 18 жніўня 2010)
  9. а б в г д е Чорнае мора — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі (3-е выданне)
  10. Прыродазнаўчая гісторыя Чорнага мора Архівавана 9 студзеня 2014.
  11. Рассказ первый. Чем необычно Черное море
  12. В. Михайлов.. Где же ты, Ковчег?. // Парламентская газета, 18 июля 2003. Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2012. Праверана 2012-7-25.
  13. Виноградов 1958, с. 10.
  14. Найдено доказательство потопа - не Всемирного, но «регионального»(недаступная спасылка). // old.computerra.ru. Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2012. Праверана 2012-7-25.
  15. а б Уласцівасці вод Чорнага мора Архівавана 26 студзеня 2016. // blacksea-education.ru (Праверана 18 жніўня 2010)
  16. Румынія і чарнаморскі газ. // trubagaz.ru. Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2012. Праверана 2012-3-6.
  17. Навукова-даследчае судна «Маскоўскі ўніверсітэт»
  18. Перлова Е. В. Коммерчески значимые нетрадиционные источники газа — мировой опыт освоения и перспективы для России Архівавана 16 лістапада 2012.
  19. Чорнае мора ::: Фітапланктон Архівавана 17 кастрычніка 2019. // blacksea-education.ru (Праверана 18 жніўня 2010)
  20. Александр Вершинин. Моллюски Черного моря и их ракушки(недаступная спасылка). Живое Черное Море. blacksea-education.ru. Архівавана з першакрыніцы 30 снежня 2012. Праверана 25 кастрычніка 2012.
  21. Небяспечныя жывёлы Чорнага мора. // blacksea-education.ru. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2012. Праверана 2012-6-15.
  22. Краіны. TRACECA ORG. // traceca-org.org. Архівавана з першакрыніцы 27 чэрвеня 2012. Праверана 2012-6-25.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць