Крымскі паўвостраў, Крым (укр.: Крим, Кримський півострів, крымскатат.: Qırım, Qırım yarımadası, Къырым, Къырым ярымадасы) — паўвостраў на поўдні Украіны[заўв 1]. Большую частку паўвострава займае Аўтаномная рэспубліка Крым. На паўднёвым захадзе размешчана асобая адміністрацыйная адзінка — горад Севастопаль.

Крым
укр. Крим, Кримський півострів, крымска-тат. Qırım, Qırım yarımadası, Къырым, Къырым ярымадасы
Спадарожнікавы здымак Крыма
Спадарожнікавы здымак Крыма
45° пн. ш. 34° у. д.HGЯO
АкваторыяАзоўскае мора
Плошча27 000 км²
Найвышэйшы пункт1 545 м
Краіна
Крым (Украіна)
Крым
Крым
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Карта Крыма

Абмываецца на захадзе і поўдні Чорным морам, на ўсходзе Азоўскім морам і Керчанскім пралівам. 3 мацерыком злучаны вузкім (8 км) Перакопскім перашыйкам. Плошча 27 тыс. км². На ўсходзе знаходзіцца Керчанскі паўвостраў, на захадзе — Тарханкуцкі паўвостраў. Уздоўж паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа цягнецца сістэма неглыбокіх заліваў (Сіваш), якія аддзелены ад мора нізіннай пясчанай Арабацкай Стрэлкай.

З 18 сакавіка 2014 года знаходзіцца пад расійскай акупацыяй.

Прырода

Паўночная частка Крыма — раўніна (т.зв. Стэпавы Крым), паўднёвую (Горны Крым) займаюць Крымскія горы (выш. да 1545 м, г. Раман-Кош). Каля паўднёвай падэшвы гор прыбярэжная паласа Паўднёвага берага Крыма з лакалітамі (г. Аю-Даг) і старажытнымі вулканічнымі масівамі (Карадаг). Сярод далін — Байдарская даліна. Карысныя выкапні: жалезная руда (Керчанскі жалезарудны басейн), газ, нафта, вапнякі, мергелі, соль і лекавыя гразі азёр.

Клімат на поўначы ўмераны, сухі, на поўдні субтрапічны міжземнаморскага тыпу. Сярэднія тэмпературы студзеня ад 1-2 °C на поўначы да 4 °C на поўдні, ліпеня 24 °C. Ападкаў ад 300 мм на поўначы да 1200 мм у гарах за год.

Рэкі малаводныя, найбольшыя — Чорная, Салгір, Кача, Альма. Ліманныя салёныя азёры (Сакскае і інш.). Паўночна-Крымскі канал.

На поўначы характэрны каштанавыя глебы, у цэнтры — пераважна чарназёмы, у гарах бурыя горна-лясныя і чарназёмападобныя горна-лугавыя глебы. Стэпавы Крым амаль поўнасцю ўзараны, зрэдку трапляецца стэпавая расліннасць. У гарах ядлоўцава-дубовыя і букава-грабавыя лясы. На ўзбярэжжы хмызняковая расліннасць з шыбляку. Жывёльны свет: на поўначы стэпавыя грызуны і птушкі, у гарах высакародны алень, муфлон, казуля, каменная куніца, кажан; птушкі — чорнагаловая сойка, дзяцел, чорны грыф, арлы.

На тэрыторыі Крыма знаходзяцца запаведнікі Ялцінскі, Мыс Марцьян, Карадагскі, Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Нікіцкі батанічны сад.

Гісторыя

Пачынаючы з I тысячагоддзя да н. э. Крымскі паўвостраў быў населены плямёнамі таўраў і кімерыйцаў, якіх потым змянілі скіфы. У VI стагоддзі да н. э. на ўзбярэжжы з’явіліся першыя калоніі грэкаў. На працягу I тысячагоддзя н. э. розныя часткі паўвострава траплялі пад уплыў Рыма, Скіфскай дзяржавы, германскіх плямёнаў, Візантыі, Хазарскага каганата[1].

У 988 годзе кіеўскі князь Уладзімір захапіў Херсанес. У Х-ХІ стагоддзях Крым быў заваяваны печанегамі, затым палаўцамі. У XII стагоддзі тут з’явіліся венецыянцы, якіх неўзабаве выціснулі генуэзцы[1].

У 1239 годзе стэпавы Крым быў заваяваны манголамі і ўключаны ў склад Залатой Арды. У 1441 годзе на паўвостраве ўтварылася незалежнае Крымскае ханства. У 1475 годзе Асманская імперыя заваявала генуэзскія ўладанні, а само ханства стала яе пратэктаратам[1].

У выніку Руска-турэцкай вайны 1768–1774 гадоў ханства перайшло пад пратэктарат Расійскай імперыі. У 1783 годзе Крым быў далучаны да Расіі, у тым жа годзе закладзены Севастопаль і заснаваны Чарнаморскі флот. Новыя землі сталі часткай Таўрычнай вобласці, а затым — губерні. Сталіцай губерні стаў горад Сімферопаль[1].

Паўвостраў быў асноўнай арэнай баёў падчас Крымскай вайны 1853—1856 гадоў. У лістападзе 1905 года адбылося Севастопальскае паўстанне на чале з лейтэнантам Шмідтам[1].

У 1917—1920 гадах падчас грамадзянскай вайны ў Крыме некалькі разоў змяняліся розныя ўрады. У 1918 годзе паўвостраў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1921 годзе ён увайшоў у склад РСФСР як аўтаномная рэспубліка. Адным з наступстваў грамадзянскай вайны стаў голад 1921—1923 гадоў, у якім загінула да 100 тысяч чалавек, пераважна з ліку крымскіх татараў[1].

У 1941—1944 гадах Крым быў акупаваны Трэцім рэйхам. Знакамітай была абарона Севастопаля, якая доўжылася 250 дзён[1].

Паўднёвы бераг Крыма стаў месцам правядзення канферэнцыі лідараў трох дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі, якая атрымала назву Ялцінскай. Сустрэча Сталіна, Чэрчыля і Рузвельта фактычна ўстанавіла пасляваенны сусветны парадак[1].

У 1944 годзе ўлады СССР правялі дэпартацыю больш за 183 тысяч крымскіх татараў[1].

У 1946—1954 гадах Крым уваходзіў у склад РСФСР як Крымская вобласць. 19 лютага 1954 года ўказам прэзідыума Вярхоўнага савета СССР вобласць была перададзена Украінскай ССР.

У час перабудовы пачалося масавае вяртанне крымскататарскага народа на паўвостраў з месцаў дэпартацыі.

12 лютага 1991 года па выніках рэферэндуму вобласць была ператворана ў Крымскую АССР у складзе УССР. Прынятая ў 1992 годзе канстытуцыя дазваляла Крыму мець шырокую аўтаномію і пасаду прэзідэнта. У 1994 годзе прэзідэнтам стаў Юрый Мешкаў, які прапаноўваў перадаць Крым пад юрысдыкцыю РФ. У 1995 годзе Вярхоўная рада Украіны скасавала пасаду прэзідэнта Крыма і яго канстытуцыю. Сам Мешкаў быў выдворены на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі[1].

У 1997 годзе Масква і Кіеў дамовіліся аб падзеле Чарнаморскага флоту і яго базіраванні ў Севастопалі да 2017 года. У 2010 годзе дагавор быў падоўжаны яшчэ на 25 гадоў[1].

Насельніцтва

Галоўныя гарады: Сімферопаль, Севастопаль, Керч, Еўпаторыя і інш. У Крыме (уключаючы Севастопаль) станам на 2024 год колькасць насельніцтва склала 2 470 873 чалавек[2]. Паводле звестак перапісу насельніцтва 2014 года, асноўнымі этнічнымі групамі ў Крыме былі рускія (65 %), украінцы (15 %) і крымскія татары (10 %). Агульная колькасць беларусаў, якія пражываюць на паўвостраве, перавышае 21 тысячу чалавек, што складае прыблізна 0,9 % ад агульнай колькасці жыхароў Крыма[3]. З 1991 года дзейнічае арганізацыя «Беларусы Крыма»[4].

Заўвагі

  1. Гэты аб’ект размешчаны на тэрыторыі паўвострава Крым і кантралюецца Расіяй. Міжнародная супольнасць не прызнае ўключэнне Крыма ў склад Расіі і лічыць яго анексіяй часткі тэрыторыі Украіны (гл. Рэзалюцыю 68/262 Генеральнай Асамблеі ААН).

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к КРАТКАЯ ИСТОРИЯ КРЫМА: ОТ ДРЕВНОСТИ ДО НАЧАЛА XXI в. / отв. ред. В.П. Любин ; отв. за выпуск Т.М. Фадеева. — Москва: РАН, ИНИОН, Центр социал.-науч. информ. исследований, отд. истории, 2022.
  2. Оценка численности постоянного населения на 1 января 2024 г. и в среднем за 2023 г. и компоненты её изменения (руск.). Федеральная служба государственной статистики..
  3. Материалы заседания круглого стола, посвящённого предварительным итогам Переписи населения в Крымском федеральном округе по национальному составу, родному языку и гражданству. Перепись населения в Крымском федеральном округе.
  4. О РНКАБ РК «Белорусы Крыма» (руск.). belros.org. Праверана 21 лютага 2025.

Літаратура