Бактэрыі
Бактэрыі (Bacteria або Eubacteria) — царства пракарыятычных арганізмаў. Вывучэннем бактэрый займаецца навука бактэрыялогія.
Бактэрыі | ||||||||||||
Escherichia coli | ||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| ||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||
Bacteria | ||||||||||||
Надтыпы і тыпы | ||||||||||||
| ||||||||||||
|
Вядома больш за 2000 відаў, якія належаць да пракарыётаў, што не маюць аформленага клетачнага ядра. У сучаснай класіфікацыі на аснове сукупнасці марфалагічных, культуральных і фізіёлага-біяхімічных прыкмет усіх бактэрый падзяляюць на эўбактэрыі (сапраўдныя бактэрыі) і архебактэрыі.
Будова бактэрый
правіцьГэта мікраскапічныя, часцей за ўсё аднаклетачныя арганізмы, якія маюць клеткі рознай формы і памераў. Вядома некалькі асноўных форм бактэрыяльных клетак. Акруглыя або авальныя клеткі — гэта кокі. Кокі могуць быць злучаны папарна або ў ланцужкі, а іх групы могуць мець выгляд шчыльных пачкаў або вінаграднай гронкі. Прамыя, выцягнутыя ў даўжыню бактэрыі — палачкі, бацылы, кластрыдыі, псеўдаманады. Падобныя на палачкі, але з адным выгнутым канцом — гэта вібрыёны, а выгнутыя па ўсёй даўжыні — спірылы, спірахеты. Дыяметр бактэрый 0,1—10 мкм, даўжыня 1—20 мкм, а ніткаватыя шматкяетачныя бактэрыі дасягаюць 50—100 мкм.
Клетка бактэрый складаецца з абалонкі і ўнутрыклетачнага змесціва. Абалонку клетак бактэрый складаюць цытаплазматычная мембрана і клетачная сценка. Галоўным умацавальным рэчывам клетачнай сценкі бактэрый з’яўляецца мурэін. Дзякуючы клетачнай сценцы клеткі бактэрый захоўваюць сваю форму і вытрымліваюць высокі асматычны ціск.
У некаторых відаў бактэрый звонку ад клетачнай сценкі можа быць яшчэ адзін слой абалонкі, які называецца капсулай. Рэчывы капсулы злучаны менш трывала, чым у клетачнай сценцы, і ўтвараюць слізістую масу. Капсула ахоўвае клетку ад высыхання або (у хваробатворных бактэрый) ад згубнага ўздзеяння клетак крыві чалавека і жывёл.
Бактэрыі бываюць рухомыя і нерухомыя. У рухомых бактэрый ёсць адзін або некалькі жгуцікаў. Жгуцік уяўляе сабой тонкую ніць, ніжняя частка якой замацавана ў цытаплазматычнай мембране і клетачнай сценцы. Тая частка жгуціка, якая выступае вонкі, па даўжыні перавышае даўжыню ўсёй клеткі. Яна можа вельмі хутка круціцца і адштурхоўваць вадкасць так, каб клетка магла плысці.
У састаў бактэрыяльнай клеткі таксама ўваходзяць цытаплазма, арганоіды і адна храмасома, якія знаходзяцца пад абалонкай.
Цытаплазма ўяўляе сабой вязкую вадкасць, якая складаецца з вады і раствораных у ёй рэчываў. У ёй адсутнічаюць арганоіды, у састаў якіх уваходзяць мембраны. Ёсць толькі дробныя немембранныя арганоіды, якія служаць месцам утварэння найбольш важных для жыцця клеткі рэчываў — бялкоў. У адной бактэрыяльнай клетцы знаходзіцца некалькі дзясяткаў тысяч такіх арганоідаў.
У бактэрый адсутнічае клетачнае ядро. Таму адзіная храмасома бактэрый размяшчаецца непасрэдна ў цытаплазме.
Жыццядзейнасць бактэрый
правіцьПаводле спосабу жыўлення вылучаюць аўтатрофы і гетэратрофы. Большую частку вядомых навуцы відаў бактэрый складаюць гетэратрофы. Частка гетэратрофных бактэрый селяцца побач і выкарыстоўваюць арганічныя рэчывы, якія яны выдзяляюць. Калі такое сумеснае пражыванне пэўнага віду бактэрый з арганізмамі іншых відаў з’яўляецца пастаянным, яно называецца сімбіёзам. Бактэрыі-сімбіёнты могуць выкарыстоўваць арганічныя рэчывы іншых арганізмаў і наносіць ім шкоду. Такія бактэрыі называюцца паразітамі. Прыкладамі бактэрый-паразітаў з’яўляюцца ўсе віды хваробатворных бактэрый. Часам абодва ўзаемадзейныя арганізмы могуць атрымліваць карысць ад сімбіёзу. Прыкладам гэтаму могуць быць узаемаадносіны бактэрый з некаторымі раслінамі. Бактэрыі, якія жывуць у каранях гароху або канюшыны, атрымліваюць ствараемыя гэтымі раслінамі арганічныя рэчывы; у сваю чаргу, бактэрыі ператвараюць атмасферны азот у рэчывы, карысныя для раслін.
Большая частка бактэрый спажываюць арганічныя рэчывы адмерлых арганізмаў або іх частак. Выкарыстоўваючы арганічныя рэчывы, якія ў іх утрымліваюцца, як пажыўныя, бактэрыі ператвараюць гэтыя рэчывы ў неарганічныя. Такія мікраарганізмы называюцца сапратрофамі.
Некаторыя аўтатрофы выкарыстоўваюць энергію, што вызваляецца пры акісленні неарганічных рэчываў. Такія бактэрыі насяляюць глебу, дно балот, азёр і мораў, а таксама гарачыя крыніцы, якія б’юць з-пад зямлі побач з вулканамі. Значна шырэй распаўсюджаны ў прыродзе аўтатрофныя бактэрыі, якія, падобна да раслін, выкарыстоўваюць для свайго існавання сонечнае святло. Таму яны насяляюць не дно, а верхнія слаі вадаёмаў. Найбольш распаўсюджанымі сярод іх з’яўляюцца цыянабактэрыі.
Залежна ад тыпу дыхання бактэрый падзяляюць на аэробы і анаэробы. Для некаторых відаў бактэрый неабходны кісларод. Аднак вядомы і такія віды, для якіх прысутнасць кіслароду згубная. Яны пасяляюцца на вялікіх глыбінях у акіянах або глыбока пад зямлёй у нафтавых і газавых радовішчах. Але больш за ўсё ў прыродзе такіх відаў бактэрый, якія могуць у залежнасці ад умоў выкарыстоўваць для дыхання кісларод або абыходзіцца без яго.
Размнажаюцца бактэрыі пры дапамозе бінарнага дзялення. Клеткі бактэрый вельмі маленькія і маюць простую будову, таму яны размнажаюцца хутчэй за ўсіх арганізмаў. Калі неабходныя для жыцця ўмовы максімальна спрыяльныя, кожная бактэрыя можа ператварацца ў дзве такія ж клеткі кожныя 20 мін. За гэты час клетка дасягае сваіх максімальных памераў, і ў ёй падвойваецца храмасома. Адначасова з гэтым у клетцы назапашваюцца рэчывы, неабходныя для фарміравання перагародкі ў цэнтральнай частцы.
Некаторыя бактэрыі ўтвараюць споры, калі ўмовы для жыцця бактэрый у месцах іх рассялення пагаршаюцца (становіцца занадта холадна або суха ці расходуюцца ўсе пажыўныя рэчывы). Для гэтага ўнутры іх клетак вакол храмасомы і невялікай колькасці цытаплазмы, якая да яе прылягае, утвараецца вельмі тоўстая абалонка. Пасля гэтага клетка разбураецца, а пакрытая абалонкай храмасома застаецца. У стане споры бактэрыі не дыхаюць і не жывяцца, але пры гэтым застаюцца жыццяздольнымі сотні гадоў. Трапіўшы ва ўмовы, спрыяльныя для жыцця бактэрый, такія споры зноў становяцца звычайнымі клеткамі. Бактэрыяльныя споры (гл. таксама споры) не з’яўляюцца прыстасаваннем для размнажэння: з адной актэрыяльнай клеткі атрымліваецца адна спора, а з адной споры — толькі адна бактэрыяльная клетка. Спораўтварэнне ў бактэрый — гэта спосаб выжывання ў неспрыяльных умовах і адзін са спосабаў рассялення.
Распаўсюджанне бактэрый
правіцьБактэрыі — гэта вельмі старажытныя арганізмы. Яны, напэўна, з’явіліся на Зямлі каля 3 млрд гадоў таму.
Часцей за ўсё бактэрый можна сустрэць там, дзе многа адмерлага арганічнага рэчыва. Узровень кіслароду ў такіх месцах можа быць вельмі нізкім або ўвогуле нулявым. Перш за ўсё гэта глеба. Бактэрыям для жыцця падыходзіць толькі вільготная глеба. Дзякуючы малым памерам бактэрыі могуць існаваць у найтанчэйшых плеўках вады, якія пакрываюць камячкі глебы. Менавіта тут умовы для жыцця бактэрый-сапратрофаў найбольш спрыяльныя. У некаторых выпадках колькасць бактэрый можа дасягаць 100 млн клетак у 1 г глебы.
Вельмі многа бактэрый у вадаёмах, куды з патокамі дажджавой вады трапляюць арганічныя рэчывы з глебы. Тут таксама назапашваюцца арганічныя рэчывы водных арганізмаў. У вадаёмах колькасць гетэратрофных бактэрый залежыць ад колькасці пажыўных рэчываў, а аўтатрофных цыянабактэрый — ад колькасці святла, якое пранікае ў ваду. Як правіла, у вадзе адкрытага прыроднага вадаёма бактэрый у 10—100 разоў менш, чым у глебе.
Бактэрыі-сімбіёнты, што жывуць на паверхні або ўнутры іншых арганізмаў, выкарыстоўваюць вільгаць, якая заўсёды ў іх ёсць. Таму і тут колькасць бактэрый можа быць вельмі вялікай. Напрыклад, у тоўстым кішэчніку чалавека і жывёл, куды трапляюць не да канца ператраўленыя часцінкі ежы, колькасць мікраарганізмаў можа быць у 10 разоў большай, чым у глебе.
Значэнне ў прыродзе
правіцьБактэрыі ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, ачышчэнні асяроддзя ад арганічных рэшткаў, фарміраванні структуры і ўрадлівасці глебы; падтрымліваюць запасы вуглякіслага газу ў атмасферы. Выкарыстоўваюцца ў харчовай, мікрабіялагічнай, хімічнай і іншых галінах прамысловасці. Патагенныя (хваробатворныя) бактэрыі — узбуджальнікі хвароб раслін, жывёл і чалавека.
Літаратура
правіць- Бактэрыі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Вікторчык І., Нарбутовіч В. Эўбактэрыі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с. : іл. ISBN 978-985-03-1340-9