Ядро (лац.: nucleus) — абавязковая частка клеткі ў многіх аднаклетачных і ўсіх шматклетачных арганізмаў. Па наяўнасці або адсутнасці ў клетках аформленага ядра ўсе арганізмы падзяляюць адпаведна на эўкарыётаў і пракарыётаў. Ядро — важнейшая структура клетак эўкарыётаў, што змяшчае генетычную інфармацыю (малекулы ДНК), кіруе сінтэзам бялкоў, фізіялагічнымі і марфалагічнымі працэсамі ў клетцы.

Клеткі HeLa, ДНК якіх афарбавана блакітным фарбавальнікам Хёхста 33258. Цэнтральная і правая клеткі знаходзяцца ў інтэрфазе, таму афарбавана ўсё ядро. Клетка злева знаходзіцца ў стане мітозу (анафаза), таму яе ядро не бачна, а ДНК скандэнсавана так, што бачны храмасомы

Большасць клетак маюць ядро. Зрэдку сустракаюцца двух’ядзерныя (інфузорыя-туфелька) і мнагаядзерныя клеткі (некаторыя пратысты, клеткі грыбоў, папярочнапаласатыя мышачныя валокны). Некаторыя клеткі ў спелым стане не маюць ядра, напрыклад эрытрацыты млекакормячых, клеткі сітападобных трубак кветкавых раслін. Такія клеткі не здольныя да размнажэння.

Будова

правіць
 
Схема будовы тыповай клеткі жывёлы. Адзначаныя арганоіды (арганелы) 1) Ядзерка 2) Ядро 3) Рыбасома 4) Везікула 5) Шурпатая эндаплазматычная сетка 6) Апарат Гольджы 7) Клетачная сценка 8) Гладкая эндаплазматычная сетка 9) Мітахондрыя 10) Вакуоля 11) Цытаплазма 12) Лізасома 13) Цэнтрасома

Памеры клетачнага ядра 1 мкм — 1 мм. Звычайна ядро мае шарападобную форму, але можа быць лінзападобным, верацёнападобным і нават мнагалопасцевым (у клетках зярністых лейкацытаў). У жывёльнай клетцы ядро звычайна размешчана ў цэнтры, а ў расліннай, як правіла, знаходзіцца на перыферыі клеткі (цэнтральную частку часта займае вакуоля).

Агульны план будовы ядра аднолькавы для ўсіх клетак эўкарыётаў. Яно складаецца з ядзернай абалонкі, ядзернага соку, храмаці́на і я́дзерка (аднаго або некалькіх), карыяпла́змы (ці нуклеаплазмы) і ядзернай абалонкі.

Ад цытаплазмы змесціва ядра аддзелена ядзернай абалонкай, якая складаецца з дзвюх мембран. Звонку мембрана мяжуе з цытаплазмай клеткі, у некаторых месцах яна пераходзіць у каналы эндаплазматычнай сеткі. Да вонкавай мембраны ядра прымацоўваюцца рыбасомы. Унутраная мембрана, якая кантактуе з ядзерным сокам, гладкая. Ядзерная абалонка пранізана мноствам пор, праз якія з ядра ў цытаплазму выходзяць субадзінкі рыбасом, малекулы іРНК і тРНК, а ў ядро з цытаплазмы пранікаюць розныя бялкі (у тым ліку ферменты), нуклеатыды, АТФ, неарганічныя іоны і г. д.

Ядзерны сок мае гелепадобную кансістэнцыю, у яго састаў уваходзяць розныя арганічныя і неарганічныя рэчывы. У ядзерным соку размяшчаюцца храмацін і ядзеркі.

Храмацін пад мікраскопам мае выгляд тонкіх цяжаў, дробных гранул або глыбак. Аснову храмаціну складаюць малекулы ДНК, злучаныя са спецыфічнымі бялкамі. У састаў храмаціну ўваходзяць таксама малекулы РНК, сінтэз якіх ажыццяўляецца на ДНК.

Ядзеркі — шчыльныя, акруглыя, не абмежаваныя мембранай участкі ядра. Тут адбываецца сінтэз рыбасомных РНК і аб’яднанне іх з малекуламі бялкоў, што прыводзіць да ўтварэння субадзінак рыбасом. Такім чынам, ядзерка ўяўляе сабой месца сінтэзу рРНК і зборкі асобных субадзінак рыбасом. У пачатку дзялення клеткі ядзеркі разбураюцца, а ў канцы дзялення фарміруюцца зноў у пэўных участках храмасом.

Функцыі

правіць

Важнейшымі функцыямі ядра з’яўляюцца наступныя:

  • Захаванне спадчыннай інфармацыі і перадача яе даччыным клеткам у працэсе дзялення (спадчынная інфармацыя закадзіравана ў малекулах ДНК).
  • Кіраванне працэсамі жыццядзейнасці клеткі.

Функцыі ядра ажыццяўляюцца ў цесным узаемадзеянні з цытаплазмай.

У клетачным ядры адбываецца рэплікацыя (ці рэдупліка́цыя) — падваенне малекул ДНК, а таксама транскрыпцыя — сінтэз малекул РНК на малекуле ДНК. Сінтэзаваныя ў ядры малекулы РНК мадыфікуюцца, пасля чаго выходзяць у цытаплазму. Утварэнне абедзвюх субадзінак рыбасом адбываецца ў адмысловых утварэннях клетачнага ядра — ядзерках. Такім чынам, ядро клеткі з’яўляецца не толькі ўмяшчальняй генетычнай інфармацыі, але і месцам, дзе гэты матэрыял функцыянуе і рэпрадуктуецца.

Дзяленне

правіць

Асноўны спосаб дзялення клетачнага ядра — мітоз, бывае дзяленне простай перашнуроўкай.

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9

Спасылкі

правіць