Інфузорыя-туфелька (Paramecium caudatum) — від інфузорый.
Адзін з найбольш высока арганізаваных гетэратрофных пратыстаў. Памеры звычайна каля 0,2–0,3 мм.
Атрымала сваю назву за пастаянную форму цела, якая нагадвае падэшву туфля. Звычайна інфузорыямі-туфлікамі называюць і іншыя віды роду Paramecium.
Сустракаюцца ў прэсных стаячых водах вадаёмах з вялікай колькасцю гніючых арганічных рэчываў.
Уся клетка інфузорыі-туфелькі пакрыта тонкай і гнуткай абалонкай вельмі складанай будовы. На паверхні клеткі падоўжнымі радамі размешчана велізарная колькасць раснічак. Робячы імі хвалепадобныя рухі, інфузорыя-туфелька перамяшчаецца (плыве тупым канцом уперад, верцячыся вакол сваёй восі). Выгінаючы цела, яна можа змяняць напрамак руху. Яе хуткасць каля 2 мм/с.
На целе інфузорыі-туфелькі ёсць паглыбленне, на дне якога знаходзіцца клетачны рот, які пераходзіць у клетачную глотку. Каля рота размяшчаюцца спецыялізаваныя раснічкі. Яны заганяюць у глотку разам з патокам вады асноўную здабычу інфузорыі — бактэрый. На дне глоткі ежа трапляе ў стрававальную вакуолю, дзе і ператраўліваецца. Пры гэтым пажыўныя рэчывы паступаюць у цытаплазму і выкарыстоўваюцца інфузорыяй. Неператраўленыя рэшткі ежы, што засталіся ўнутры стрававальнай вакуолі, выкідваюцца вонкі праз спецыяльны ўчастак у задняй частцы цела — парошыцу.
Газаабмен у інфузорыі туфелькі, як і ва ўсіх пратыстаў, ажыццяўляецца праз усю паверхню клеткі. Прадукты абмену таксама выводзяцца праз паверхню клеткі і часткова праз дзве скарачальныя вакуолі, якія маюць складаную будову. Асноўная ж функцыя скарачальных вакуоляў — вывядзенне з клеткі лішкаў вады. Скарачаючыся папераменна адзін раз за 10—15 с кожная, за гадзіну вакуолі выкідваюць з клеткі аб’ём вады, роўны аб’ёму самой клеткі.
У інфузорыі-туфелькі ёсць два розныя па будове і функцыях ядры. Вялікае бобападобнае ядро кантралюе жыццёвыя працэсы ў клетцы. Малое ядро акруглай формы рэгулюе працэс размнажэння.
Для інфузорыі туфелькі характэрны бясполае размнажэнне і палавы працэс. Бясполае размнажэнне — гэта папярочнае дзяленне клеткі папалам. Палавы працэс — кан’югацыя. Спачатку малое ядро дзеліцца папалам з падваеннем храмасом, а вялікае ядро раздзяляецца перацяжкай на дзве прыблізна роўныя часткі. Затым пасярэдзіне клеткі таксама з’яўляецца перацяжка. Яна паступова паглыбляецца, і, нарэшце, даччыныя інфузорыі туфелькі разыходзяцца. Пасля гэтага адна з асобін нанова ўтварае клетачны рот, кожная дабудоўвае адсутную скарачальную вакуолю, утварае новыя раснічкі і г. д. Палавы працэс у інфузорыі-туфелькі адбываецца ў форме кан’югацыі. Спачатку дзве клеткі часова злучаюцца ротавымі бакамі. Пры гэтым паміж імі ўтвараецца цытаплазматычны масток. Затым вялікія бобападобныя ядры, якія знаходзяцца ў клетках, разбураюцца. Малыя ядры дзеляцца вельмі складаным чынам, у выніку чаго ў кожнай клетцы ўтвараецца па два ядры з аднолькавым наборам храмасом. Адно з утвораных ядраў застаецца на ранейшым месцы, а другое па цытаплазматычным мастку перамяшчаецца ў клетку партнёра. Так адбываецца абмен спадчыннай інфармацыяй паміж інфузорыямі-туфелькамі. Затым у кожнай інфузорыі «сваё» і «чужое» ядры зліваюцца, і інфузорыі разыходзяцца. У целе кожнай асобіны пачынаюцца складаныя працэсы, у выніку чаго ў клетцы зноў фарміруюцца акруглае малое і бобападобнае вялікае ядры.
- Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў і інш.; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9.