Гле́ба — верхні слой зямной паверхні, які характарызуецца ўрадлівасцю.

Глеба
Выява
Колер карычневы
Вывучаецца ў pedology[d] і глебазнаўства
Процілегла горная парода
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Глеба — асаблівае прыроднае цела, якое ўтворыцца з сумесі мінеральных рэчываў (узніклых пры разбурэнні горных парод) з арганічнымі (прадуктамі жыццядзейнасці жывых арганізмаў). У верхняй частцы глебы з раслінных астаткаў адбываецца утварэнне гумусу, або перагною, арганічнага рэчыва глебы, у якім утрымоўваюцца вуглярод, азот, фосфар, калій і мікраэлементы ў даступнай для раслін форме. Дзякуючы гэтаму глеба валодае ўрадлівасцю — здольнасцю забяспечваць расліны пажыўнымі рэчывамі і вільгаццю. Глеба — прыроднае цела, аднак у выніку апрацоўкі і акультурвання яна падвяргаецца істотным зменам.

Склад і будова глебаў

правіць
 
Глебавы профіль

У залежнасці ад грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя, супясчаныя, суглінкавыя, гліністыя, тарфяныя і іншыя глебы.

Глеба складаецца з асобных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца па складзе, колеру, будове і іншых уласцівасцях.

Разгледзім будову і ўтварэнне глебы на прыкладзе дзярнова-падзолістых глебаў, якія шырока распаўсюджаныя ў зоне змешаных лясоў. Самым верхнім гарызонтам у іх з’яўляецца лясны подсціл (A0) — гарызонт, які складаецца з раслінных астаткаў. Гумусавы гарызонт (A1) утрымоўвае перагной, ад якога залежыць урадлівасць глеб. Падзолісты гарызонт (A2) бедны пажыўнымі рэчывамі, бо яны раскладаюцца пад дзеяннем арганічных кіслот, утвораных пры гніенні рэшткаў хваёвых раслін, і вымываюцца дажджавымі водамі. Калі перагнойны гарызонт мае чорна-буры колер, то колер падзолістага гарызонту — светла-шэры. Гарызонт умывання (B) размяшчаецца пад падзолістым, у ім назапашваюцца рэчывы, вынесеныя з верхніх гарызонтаў. Падсцілае глебу мацярынская парода (C) — гэта пласт, практычна не закрануты глебаўтварэннем.

Асноўныя тыпы глебаў і іх распаўсюджанне

правіць

Можна выдзеліць 5 фактараў глебаўтварэння: мацярынская парода, раслінныя і жывыя арганізмы, клімат, рэльеф мясцовасці і ўзрост глебы. Там, дзе ападкаў выпадае мала і расліннасць бедная, глебавы пласт тонкі і ўтрымоўвае мала перагною. Наадварот, у месцах з дастатковай колькасцю цеплыні, ападкаў і багатай травяністай расліннасцю ўтворацца больш магутныя ўрадлівыя глебы. Таму глебы на зямным шары заканамерна змяняюцца ад экватара да палюсоў.

Глебы экватарыяльных лясоў фарміруюцца ва ўмовах вільготнага і гарачага клімату. Арганічнае рэчыва ў такіх умовах хутка раскладаецца і вымываецца дажджавымі водамі, так што на паверхні назапашваюцца толькі цяжкарастваральныя злучэнні — вокіслы жалеза і алюмінію, якія надаюць глебе чырвона-жоўты колер. Глебы экватарыяльных лясоў — чырвона-жоўтыя фералітныя.

У саване з-за недахопу вільгаці жыццядзейнасць мікраарганізмаў запавольваецца і раслінны апад багатага расліннага полага раскладаецца не цалкам. Таму ў глебе назапашваецца перагной, які надае глебе больш цёмны колер. Тут утворацца чырвона-бурыя глебы.

У стэпах умеранага пояса ва ўмовах гарачага і сухога лета, сухой і параўнальна халоднай зімы пераважаюць багатыя перагноем, урадлівыя чарназёмы.

У зоне тайгі пераважаюць падзолістыя глебы. Яны ўтворацца ва ўмовах вільготнага і прахалоднага лета; з-за нізкіх тэмператур небагаты раслінны апад павольна раскладаецца і дае невялікую колькасць перагною. Пад ім ляжыць бялявы пласт з нерастваральнымі часціцамі пароды, па колеры які нагадвае попел. За колер гэтага гарызонту такія глебы названыя падзолістымі. Ва ўтварэнні дзярнова-падзолістых глебаў змешаных лясоў удзельнічае не толькі дрэвавая расліннасць, але і травяная.

Бурыя лясныя глебы пад шырокалістнымі лясамі ўтрымоўваюць больш перагною, чым глебы тайгі і змяшаных лясоў. Асноўны глебаўтваральны працэс у шэрых лясных глебах — назапашванне гумусу.

У тундры ва ўмовах халоднага лета і шматгадовай мерзлаты ўтворацца тундрава-глеевыя глебы, у якіх раслінныя астаткі раскладаюцца павольна. Да таго ж пласт вечнай мерзлаты перашкаджае прасочванню вільгаці, што вядзе да забалочвання глеб.

Высокай урадлівасцю адрозніваюцца глебы рачных далін. Чыннікам урадлівасці з'яўляецца іл, які штогод прыносіцца і асядае. У пойме ракі за доўгія сотні гадоў утворацца магутныя адклады ўрадлівага ілу ў некалькі дзясяткаў метраў таўшчынёй. Такія глебы называюцца алювіяльнымі.

Праблемы выкарыстання і аховы глебавага покрыва

правіць

Глебы моцна забруджаныя сцёкамі селішчаў і жывёлагадоўчых комплексаў, нафтапрадуктамі. Велізарную небяспеку ўяўляюць адыходы хімічных прадпрыемстваў. Небяспеку выклікае ўнясенне ў глебу вялікай колькасці мінеральных угнаенняў і ядахімікатаў.

На асушаных тарфянішчах ідзе эрозія глеб, узнікаюць «чорныя буры», урадлівы пласт хутка губляецца. У пагорыстых і горных раёнах дзейнасць чалавека правакуе рост яраў, можа выклікаць апоўзні.

Следствам няправільных і экстэнсіўных метадаў эксплуатацыі глебаў ва ўмовах засушлівага клімату з’яўляецца працэс апустыньвання, які штогод адбірае з сельскагаспадарчай вытворчасці каля 6 млн га земляў. Негатыўную ролю адыграў таксама залішні евыпас быдла і знішчэнне і без таго беднай расліннасці з мэтай нарыхтоўкі дроў.

Глеба — адзін з галоўных рэсурсаў прыроды, крыніц жыцця. Нерацыянальнае гаспадарчае выкарыстанне глебаў, іх забруджванне, можа паставіць пад пытанне забяспечанасць людзей харчом, пагражаць самому існаванню чалавецтва.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць
  • Мінералы, горныя пароды і глебы роднага краю: Кн. для настаўніка / У. Фядотаў, А. Цытленак. - Мн.: Нар. асвета, 1987. - 109, [2] c.
  • Геаграфія глебаў з асновамі глебазнаўства: падручнік для студ. геагр. спец. ВНУ/ В. С. Аношка, Н. А. Гецэвіч, М. К. Чартко, А. Ф. Чарныш; пад рэд. В. С. Аношкі. Мн., 2000. 329 с.
  • Глебавая карта свету: для агульнаадукацыйнай школы / састаўлена ВКА "Картаграфія" ГУГК СССР у 1991 г.; рэдактары: В. Шчарбакова, Т. Мальчыкава; навуковы кансультант В. Аношка. - Мн.: Белкартаграфія, 2002.