Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч
Бранісла́ў Ада́мавіч Тарашке́віч (20 студзеня (1 лютага) 1892, Мацюлішкі, цяпер Віленскі раён, Літва — 29 лістапада 1938, Менск, НКУС) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнавец, пісьменнік-перакладчык. Кандыдат філалогіі (1916). Акадэмік АН Беларусі (1928).
Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 20 студзеня (1 лютага) 1892 |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 29 лістапада 1938 (46 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання |
|
Грамадзянства | |
Жонка | Вера Андрэеўна Снітка[d] і Ніна Аляксандраўна Палянская[d] |
Дзеці | Радаслаў Браніслававіч Тарашкевіч[d] |
Род дзейнасці | палітык, перакладчык, пісьменнік, мовазнавец, грамадскі дзеяч |
Навуковая сфера | мовазнаўства[1], палітычная дзейнасць[d][1] і перакладніцтва[d][1] |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у | |
Цытаты ў Вікіцытатніку | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аўтар першай агульнапрынятай[2][3] граматыкі беларускай мовы (Беларуская граматыка для школ, 1918).
Біяграфія
правіцьПрозвішча
правіцьПрозвішча Тарашкевіч (Taraszkiewicz) фіксуецца ў мясціне паходжання Браніслава Тарашкевіча, у запісах касцёла ў Цудзенішках, але сустракаецца яно вельмі шырока ў паласе ўздоўж сучаснай літоўскай граніцы[4] і па ўсёй паўночна-заходняй Беларусі[5].
З розных мясцін Літвы вядомыя прозвішчы Taraškus, Taraška, Taraškevičius. Іменнага паходжання і літоўскі тапонім Tarašiškiai (Тарашы́шкі) каля Марыямпаля.
Дзяцінства, Віленская гімназія
правіцьНарадзіўся 20 студзеня (1 лютага)[6] у засценку Мацюлішкі (цяпер літ.: Mačiuliškės паблізу Лава́рышак , каля беларуска-літоўскай граніцы), у сям’і каталіцкага селяніна-серадняка Адама Тарашкевіча і яго жонкі Алены Чарняўскай.
З сямі гадоў Браніслаў дапамагае бацьку з гаспадаркай, працуе пастухом. У народным вучылішчы Браніслаў паказвае выдатныя вынікі. Вестка пра гэта дайшла да маладой памешчыцы Гелены Стамброўскай. У 1906 годзе яна забрала Браніслава да сябе, апекавала яго і дапамагла паступіць у трэці клас 2-й Віленскай гімназіі.
У асяроддзі гімназістаў карыстаўся павагай. У 16-гадовым узросце Браніслаў пачынае зарабляць сабе на жыццё рэпетытарствам. У гімназіі паказвае сябе добрым вучнем, мае сярэдні бал 4,3[7], у праграму ўваходзіла вывучэнне чатырох сучасных моў (рускай, польскай, французскай, нямецкай) і дзвюх класічных (грэчаскай, лацінскай).
У гімназіі Тарашкевіч трапляе ў студэнцкія згуртаванні, адным з такіх згуртаванняў была патрыятычна-незалежніцкая арганізацыя з клерыкальным адценнем Вызваленне (польск.: Wyzwalenie). Дзейнічала яна пад лозунгам: «Навука, Цнота, Айчына», мела мэтай працяг традыцый філаматаў і філарэтаў. Да гэтай арганізацыі належалі самыя перадавыя вучні гімназіі, але з рознымі жыццёвымі крэда, з рознымі, але талерантнымі поглядамі на нацыянальнае пытанне. Тарашкевіч трапляе ў левае адгалінаванне гуртка, там цікавяцца палітычнай філасофіяй і эканомікай.
Тым часам Тарашкевіч канчаткова самавызначаецца як беларус, перастае хадзіць у касцёл, становіцца атэістам. У часе навучання ў Вільні знаёміцца з беларускай інтэлігенцыяй, наведвае выдавецтва Нашай Нівы, органа Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1911 годзе скончыў 2-ю Віленскую гімназію з срэбным медалём.
Пецярбургскі перыяд
правіцьУ жніўні 1911 года Браніслаў Тарашкевіч прыехаў у Санкт-Пецярбург, прыняты на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Тут на працягу чатырох гадоў вучыўся пад кіраўніцтвам вядомых мовазнаўцаў: Яна Бадуэна дэ Куртэнэ, Яўхіма Карскага. Навуковым кіраўніком Тарашкевіча быў акадэмік Аляксей Шахматаў. У Пецярбургу Браніслаў Тарашкевіч жыў па адрасе Англійскі праспект 30, кв. 21[8].
У Пецярбургу пачынае стварэнне навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Піша статут да яго. Пазней становіцца старастам гуртка[9].
У Пецярбургу Тарашкевіч даволі блізка сышоўся з Янкам Купалам, які ў той час пашыраў сваю адукацыю. Купала хоць і быў старэйшы на 10 гадоў, вельмі цаніў Тарашкевіча. Вось такі ліст атрымлівае пазней Тарашкевіч ад Янкі Купалы:
«Дзядзька Тарас, што чуваць у Вас з беларускай граматыкай? Ці зрабілі што-небудзь у гэтым напрамку? Калі маеце ўжо яе накід, то будзьце ласкавы прыслаць яго нам, калі не — то ўпэўніце ў сваёй добрай волі і спрыце і зрабіце гэта як найхутчэй. Просіць аб гэтым Вас п. Іваноўскі, старшыня Беларускага Выдавецкага Таварыства ў Вільні. Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусціць у свет у „назіданіе“ маладому беларускаму пакаленню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку не спіце. Чакаем хутка ад вас адказу. Шчыра вам адданы.»[10]
У Санкт-Пецярбургу Тарашкевіч трапляе ў розныя колы нацыянальных рухаў, прыхільна ставіцца да польскага нацыянальнага руху. Працуючы хатнім настаўнікам, Тарашкевіч пазнаёміўся з сям’ёй Зябіцкіх. Вось што піша Юзаф Зябіцкі ў сваім дзённіку:
«Гэты сын селяніна з-пад Вільні садзейнічае далейшаму ўмацаванню польскасці ў нашым доме… Неўзабаве пачаў дастаўляць жонцы польскую літаратуру, падабраную так, каб даць ёй магчымасць пазнаць жыццё і імкненні польскага народа, у духу якога павінна выхоўваць сыноў.»
У траўні 1916 года скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта і быў пакінуты там пры кафедры рускай мовы і літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт старажытнагрэчаскай і лацінскай моў.
Вяртанне ў Беларусь. Пачатак палітычнай дзейнасці.
правіцьУ 1917 годзе становіцца актыўным удзельнікам і адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). На ІІІ з’ездзе БСГ, які адбыўся 14 кастрычніка 1917 года ў Мінску ў «Беларускай хатцы», прысутнічаў як адзін з прадстаўнікоў Грамады ад Петраграда, дзе быў абраны членам Цэнтральнага камітэта і членам рэдакцыйнай камісіі па выпрацоўцы аграрнай праблемы БСГ. Пасля рэарганізацыі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый у Вялікую беларускую раду (28 кастрычніка — 6 лістапада 1917 года) заняў там пазіцыю камісара асветы.
У лютым 1918 года браў удзел у заснаванні Петраградскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкам), дзе ўзначальваў культурна-асветніцкі аддзел і быў сакратаром статыстычнага аддзела. Паводле справаздачы Тарашкевіча, культурна-асветніцкі аддзел Белнацкама займаўся падрыхтоўкай школьных падручнікаў, таксама быў распрацаваны праект беларускіх педагагічных курсаў[11].
Улетку 1918 года пакінуў Петраград і накіраваўся праз Фінляндыю на Віленшчыну. Некалькі месяцаў прабыў у бацькоў і ў Вільні, у час гэтага побыту выдаў у Вільні «Беларускую граматыку для школ».
Па запрашэнні аддзела асветы Народнага сакратарыята Беларусі (выканаўчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі) выехаў у Менск для працы ў Менскім педагагічным інстытуце, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру, агульнае мовазнаўства і гісторыю літаратуры. На пасяджэнні Рады Менскага педагагічнага інстытута ад 3 лютага 1919 года быў назначаны бібліятэкарам Інстытута.
У красавіку 1919 года перабіраецца ў Варшаву, дзе разам з Паўлам Алексюком выступаў як адзін з галоўных прыхільнікаў супрацоўніцтва з Польшчай[12]. Арганізатар Беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны[13], у чэрвені быў выбраны ў прэзідыум Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, а пасля таго як 16 ліпеня Клаўдзій Дуж-Душэўскі быў вымушаны адмовіцца ад пасады старшыні, заняў яго месца. Рада пры пасярэдніцтве польскай прэсы звярнулася да польскага народа, у апублікаванай адозве гаварылася пра права беларускага народа на самастойнасць і дзяржаўную незалежнасць, а таксама пра супольныя з польскім народам інтарэсы, якімі была барацьба з «маскоўскімі захопнікамі». Гэтая супольная справа станавілася платформай для выгаднага абодвум народам пагаднення, якое павінна было быць заключана ў імя супольнай абароны на падставе «прызнання польскім народам незалежнасці і непадзельнасці Беларусі, звязанай з Польскай Рэспублікай»[12].
Дзейнасць у Заходняй Беларусі
правіцьЗ восені 1920 года — загадчык беларускага сектара дэпартамента асветы Сярэдняй Літвы. У выніку актыўнасці сектара пад кіраўніцтвам Тарашкевіча на тэрыторыі Сярэдняй Літвы дзейнічала 186 пачатковых беларускіх школ, беларуская гімназія ў Вільні і настаўніцкая семінарыя ў Барунах. Але з 1 студзеня 1922 года дэпартамент па справах беларускага школьніцтва быў ліквідаваны, што павінна была спрыяць узмацненню польскасці ў Сярэдняй Літве.
Непрацяглы перыяд уваходзіць у віленскую масонскую ложу «Праўда».
У 1922 годзе становіцца дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі (да гэтага ён быў выкладчыкам лацінскай мовы і гісторыі беларускай мовы і членам школьнага савета гімназіі). Быў ініцыятарам утварэння Таварыства беларускай школы.
У 1922—1927 гадах — пасол сойма Польскай Рэспублікі, у 1922—1924 гадах быў старшынёй Беларускага пасольскага клуба. У першы перыяд сваёй парламенцкай працы трымаўся ў цэлым паланафільскай арыентацыі, хоць востра крытыкаваў з соймавай трыбуны нацыянальную і сацыяльную палітыку польскіх урадаў. Спрабаваў знайсці вектар аб’яднання для польскага і беларускага народаў.
«…Добра разумеем, што польскія войскі прыбылі на нашую бацькаўшчыну з мэтай ператварэння земляў былога Вялікага Княства Літоўскага ў крэпасць для абароны Рэчы Паспалітай Польскай… З гэтага вынікае, што… інтарэсы Польшчы ёсць і нашымі інтарэсамі. Таму гэтая супольнасць інтарэсаў дае нам магчымасць будучую работу па адбудове незалежнай Беларусі весці на грунце згоды з польскім народам. Узаемаразуменне на аснове прызнання польскім народам незалежнасці і цэльнасці Беларусі, звязанай з Рэччу Паспалітай сумеснай абаронай свайго незалежнага існавання, лічым за пажаданае і карыснае для абодвух народаў. Польская акупацыя пакінула пасля сябе справядлівы горыч і расчараванне ў шчырасці палітыкі Польшчы, якая аднеслася да Беларусі толькі як да сваіх крэсаў усходніх. Аднак свядомая беларуская народная думка не перастала шукаць падтрымкі Польшчы, верачы, што прынцыпы сапраўднай дэмакратыі павінны ўрэшце перамагчы»[14].
У 1923 годзе Беларускі пасольскі клуб, а менавіта, Тарашкевіч распрацоўвае праект аўтаноміі Беларусі. Юрыдычны бок кансультуе і ўхваляе вядомы адвакат Тадэвуш Урублеўскі. Але праект так і не быў заслуханы ў сейме[15]. У лютым 1924 года разам з Радаславам Астроўскім і Аляксандрам Уласавым прыняў удзел у стварэнні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клубе і заменены на Васіля Рагулю.
Паступова мяняе свае погляды і на магчымасць дэмакратычных змен у Польшчы. У прамове ў сейме 25 сакавіка 1925 года Тарашкевіч гаварыў:
«Абвінавачваеце нас у камунізме, у распальванні дыверсійнага руху, бандыцкага, як вы кажыце, а паводле сутнасці руху паўстанцкага, абвінавачваеце нас у тым, што не хочам быць лаяльнымі ў адносінах да польскай дзяржавы, але прыгадайце, што прыйшлі мы ў гэты сойм менавіта дзеля таго, каб знайсці тут прававую аснову; былі мы, праўда, на кароткі час, наіўнымі, мы паддаліся канстытуцыйным ілюзіям, мы спадзяваліся, што законы і канстытуцыя надзейна гарантуюць палітычныя і нацыянальныя правы. Мы прыйшлі ў гэты сойм, каб змагацца за аўтаномію. Мы выбралі прэзідэнта, мы галасавалі за ўрад Сікорскага, каб падкрэсліць сваю лаяльнасць. А што сталася? За тое, што мы набраліся смеласці выбраць прэзідэнта, вы яго забілі»[16].
Пасля гэтага зблізіўся з левым крылом Беларускага пасольскага клуба. 24 чэрвеня 1925 года разам з Сымонам Ракам-Міхайлоўскім, Паўлам Валошыным і Пятром Мятлой выйшаў са складу Беларускага пасольскага клуба і заснаваў пасольскі клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Стаў старшынёй клубу, а пасля старшынёй ЦК створанай на яго аснове масавай палітычнай партыі. Напісаў праграму БСРГ, якая была прынята 12 мая 1926 года.
Зблізіўся з лідарамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), і ў снежні 1925 года прыняты ў партыю. Таемна ўдзельнічаў у III канферэнцыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (студзень 1926 года). У студзені 1927 года арыштаваны польскімі ўладамі падчас рэпрэсіўнай акцыі супраць кіраўніцтва і актывістаў БСРГ.
У сваім апошнім слове ў судзе Тарашкевіч тлумачыў прычыны стварэння БСРГ:
«Толькі жыццё, лёгіка давяла да з’арганізаваньня Грамады… Народ сам сабе, народ уласнай працай і ахвярнасцяй здабудзе сабе рэалізацыю загартваных канстытуцыяй правоў. Вось тактыка здабыць правоў гэткай дарогай прадбачыў яшчэ ў 1906 годзе гэній Янкі Купалы, калі спяваў: „А хто там ідзе, у вагромністай такой грамадзе. Беларусы“. Ён прадбачыў, што толькі высілкам усяго народу „грамадой“ народ здабудзе правы. Крыўды, аб якіх спяваў Купала, стварылі Грамаду»[11].
У траўні 1928 года асуджаны на 12 гадоў зняволення. Быў высланы ў Грудзёнз. Тым самым часам у Беларускай акадэміі навук у Беларускай ССР павінны былі адбыцца выбары правадзейных членаў акадэміі, 26 снежня 1928 года быў зацверджаны склад правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук, сярод іх быў і Браніслаў Тарашкевіч.
У 1929 годзе тэрмін зняволення зменшаны да 8 гадоў. Пераведзены ў Лукішкскую турму у 1929 годзе Тарашкевіч чытае «Капітал» Карла Маркса, «Развіццё капіталізму ў Расіі» Леніна, «Фінансавы капітал» Гільфрэндынга. 24 студзеня 1930 года акруговы суд у Вільні разглядаў справу Тарашкевіча, якая тычылася яго выступлення на мітынгу, арганізаваным Грамадой у кінатэатры «Геліос» у Вільні ў 1926 годзе, які завяршыўся дэманстрацыяй. Суд справу спыніў, зыходзячы з таго, што за гэта выступленне абвінавачаны панёс адказнасць за ўдзел у змове пад назвай Грамада.
26 ліпеня 1930 года Тарашкевіч быў датэрмінова выпушчаны з турмы. Пасля вызвалення быў адкліканы ў распараджэнне ЦК КПЗБ. Актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парламент, з восені 1930 года ўзначаліў пракамуністычны Цэнтральны сялянска-работніцкі выбарчы камітэт «Змаганне», даў згоду балатавацца ў дэпутаты. Пад ціскам польскіх улад перабраўся ў вольны горад Данцыг, адкуль пры дапамозе сувязных кіраваў выбарчай кампаніяй і жыў ва ўмовах канспірацыі. 5 лютага 1931 года арыштаваны на польскай тэрыторыі пры спробе праехаць з Данцыга ў Берлін з пашпартам на чужое імя і з дакументамі аб выбарчай кампаніі ў Заходняй Беларусі. Пачынаючы з красавіка 1931 года і да суда, які адбыўся ў Вільні 28—29 лістапада 1932 года, быў ў Гарадзенскай турме. 28—29 лістапада 1932 года акруговым судом у Вільні асуджаны на 8 гадоў турмы і 10 гадоў пазбаўлення палітычных правоў. Быў высланы ў турму горада Плоцка.
Абмен у СССР і смерць
правіць6 верасня 1933 года абмяняны паміж польскім і савецкім урадамі каля прыгранічнай станцыі Коласава на вязня Салавецкага лагера беларускага драматурга і публіцыста Францішка Аляхновіча. З пашанай быў сустрэты ў Менску, у клубе імя К. Маркса выступіў з дакладам аб вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі і Польшчы, аб становішчы палітычных зняволеных, аб толькі што зацверджаным урадам БССР новым беларускім правапісе.
У Менску прабыў усяго некалькі дзён, быў выкліканы ў Маскву ў распараджэнне Камінтэрна. У СССР вымушаны быў працаваць загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква), хоць быў правадзейным членам Акадэміі навук Беларусі. Выпусціў брашуру «Як сяляне жывуць за мяжой» (1930). У друкаваным органе інстытута «Аграрные проблемы» публікаваў артыкулы пра становішча аграрнага сектара сумежных з СССР краін.
5 мая 1937 года арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Яму інкрымінавалася змова дзеля звяржэння савецкай улады і ўтварэнне пад апекай Польшчы буржуазнай Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам. У спісе членаў выдуманага ўрада, нібыта сфармаванага членамі БНЦ, быў і Тарашкевіч. 5 студзеня 1938 года «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Паводле афіцыйнай версіі, расстраляны 29 кастрычніка 1938 года ў Менску[17]. Даследчык Леанід Маракоў выказаў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў праз катаванні, якія цягнуліся дзевяць месяцаў[18]. Пасмяротна рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 31 студзеня 1957 года.
Сям’я
правіцьУ 1923 годзе ажаніўся з Верай Сніткай (1901—1998)[19], праваслаўнай беларускай з-пад Радашковічаў, у 1925 годзе у іх нарадзіўся сын[20]. Сына назвалі Радаслаў, у сям’і яго звалі Славікам. Радаслаў Тарашкевіч загінуў 15 чэрвеня 1944 года ў баі каля вёскі Гарэлы Луг (Бягомльскі раён), быў савецкім партызанам, пазней перапахаваны ў брацкай магіле ў Бягомлі[21].
У 1933 годзе Браніслаў Тарашкевіч назаўсёды развітваецца з першай сям’ёй праз палітычны абмен у СССР, жонка і сын мелі права паехаць за ім і намерваліся гэта зрабіць, але з невядомых прычын засталіся ў Польшчы[22].
У 1934 годзе ў Маскве ўзяў другі шлюб, з выпускніцай вышэйшых літаратурных курсаў Нінай Палянскай. Пазней Ніна Палянская рупліва змагалася за рэабілітацыю мужа.
Навуковая і літаратурная дзейнасць
правіцьУ 1913 годзе пачынае працаваць над граматамі XII ст. Загадам Шахматава едзе ў Рыжскі архіў старажытных грамат. Працуе над гістарычнай граматыкай беларускай мовы.
Пэўна не вядома навуковыя ступень Браніслава Тарашкевіча. Не знойдзены дакументы пра атрыманне ім звання прафесара, але пра гэта ёсць ускосныя сведчанні[23].
Выступаў у беларускім друку з 1914 года. У 1918 годзе, як загадчык культурна-асветнага аддзела Белнацкама, падрыхтаваў і выдаў у Вільні першую «Беларускую граматыку для школ». У Тарашкевіч абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся тым часам у выданні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, агулам у друку; улічыў здабыткі тагачаснай лінгвістычнай навукі (даследаванні Аляксея Шахматава, Яўхіма Карскага) і досвед папярэднікаў. Граматыку пасля 6 разоў перавыдавалі, працяглы час яна была галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва падчас беларусізацыі 1920-х гадоў у БССР.
Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.
Псеўданімы: Адам Навука, «Тарас на Парнасе», Я. Тарас, Тарас Язычнік, Тарас Навіна.
Творы
правіць- Заходняя Беларусь — плацдарм імперыялістычнай інтэрвенцыі. — Менск: Беларуская акадэмія навук, Камісія па вывучэньні Заходняй Беларусі, 1931. — 20 с.
- Сьцежкай двурушніцтва і здрады // Супроць контррэволюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму. — Мн.:Белдзяржвыдавецтва, 1931.
- Как живут крестьяне за границей. — Москва-Ленинград: Леноблиздат, 1935. — 82 с.
- Дифференциация крестьянства в Польше во время кризиса // Польская деревня во время кризиса. — Москва, 1935. С. 3—80.
- Выбранае: крытыка, публіцыстыка, пераклады / Б. Тарашкевіч // Укладанне, уступ, каментарыі А. Ліса. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. — 319 с.
Ушанаванне памяці
правіцьІмем Браніслава Тарашкевіча названы вуліцы ў горадзе Маладзечне і ў гарадскім пасёлку Радашковічы. У 1969 годзе імя Тарашкевіча нададзена ліцэю з беларускай мовай навучання ў польскім Бельску Падляскім. У 2003 годзе імем Тарашкевіча названа вуліца жылога раёна Сцяпянка ў Мінску.
У Вільнюсе на будынку колішняй штаб-кватэры заходнебеларускіх арганізацый усталяваная памятная дошка Браніславу Тарашкевічу.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Czech National Authority Database Праверана 24 сакавіка 2024.
- ↑ Беларуская мова: энцыклапедыя 1994, с. 82.
- ↑ ЭГБ 1993, с. 371.
- ↑ Geneteka baza Polskiego Towarzystwa Genealogicznego . geneteka.genealodzy.pl. Праверана 30 красавіка 2024.
- ↑ Дапаможнік . helper.archonline.by. Праверана 30 красавіка 2024.
- ↑ Метрычны запіс аб нараджэнні Браніслава Тарашкевіча . www.facebook.com. Праверана 14 кастрычніка 2023.
- ↑ Дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва РБ, Фонд 3, Вопіс 1, справа 225, старонка 3 // Сведчанне аб паспяховасці 1910/1911 год.
- ↑ Асабістая справа: ЦГИА СПб. Ф. 14, оп. 3, д. 58823, л. 15
- ↑ Справаздача пра дзейнасць гуртка з 1912 °C. 92-115// Бібліятэка літоўскай акадэміі навук у Вільні.
- ↑ В. Рагойша Народныя песняры Мн. 1972. — C. 254.
- ↑ а б Жыццёвы лёс Браніслава Тарашкевіча. — Мінск: Беларуская навука, 2023.
- ↑ а б Міхалюк Дарота. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918-1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск, 2015.
- ↑ Pawet: Аўтабіяграфія Браніслава Тарашкевіча . pawet.net. Праверана 13 верасня 2023.
- ↑ B. Taraszkewicz, Białoruskie postułaty polityczne, «Przymierze», 1920. — C. 6.
- ↑ Рагуля В. // Успаміны; Нью Ёрк, 1957 °C. 41.
- ↑ Sprawozdania stenograficzne, okres I, posiedzenie 129; 13.06.1924
- ↑ Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; под ред. А. С. Махнача.. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1992. — С. 104-106.
- ↑ http://news.tut.by/culture/261187.html Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Вера Андрэеўна Снітка, дачка беларускага археолага і краяведа Андрэя Сніткі і пляменіца па матчынай лініі Аляксандра Уласава.
- ↑ Пецюкевіч М. // Успаміны; Бергман. А // Слова аб Браніславе Тарашкевічы. — Мн. 1992. С. 56.
- ↑ Сын Браніслава Тарашкевіча пахаваны ў брацкай магіле ў Бягомлі(недаступная спасылка). westki.info (7 верасня 2015). Архівавана з першакрыніцы 22 красавіка 2019. Праверана 23-4-2019.
- ↑ Бергман А. // Слова аб Браніславе Тарашкевічы. — Мн. 1992. — С. 93.
- ↑ Бергман А. // Слова аб Браніславе Тарашкевічы, Мн. 1992. С. 25.
Літаратура
правіць- Ліс А. С. Тарашке́віч Браніслаў Адамавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 439. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Ліс А. Тарашке́віч Браніслаў Адамавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 504. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэдакцыяй А. Я. Міхневіча. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — 653 с. — ISBN 5-85700-126-9. — С. 558.
- Тарашкевіч Браніслаў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — С. 69. — 684 с.; іл.. — ISBN 985-11-0022-6.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Ліс А. С. Браніслаў Тарашкевіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1966. 167 с.
- Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. — 192 с.
- Валахановіч А. І., Міхнюк У. М. Споведзь у надзеі застацца жывым. — Мінск: БелНДІДАС, 1999. — 197 с.
- Семашкевіч Р. М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе. — Мн, 1971.
- Клейн Б. Старонкі палымянага жыцця // Полымя. 1963. № 10. С. 141—153.
- Марціновіч А. Быў. Ёсць. Будзе (100 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча) // Літаратура і мастацтва. 1992. 7 лютага. № 6. С. 12.
- Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч: трагічны пошук свабоды // Назаўсёды разам: да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мінск, 2001. С. 47—53.
- Гарматны В. П. Браніслаў Тарашкевіч і аграрнае пытанне ў Сейме ІІ Рэчы Паспалітай (1922—1927 гг.) / Веснік Брэсцкага універсітэта. Серыя 2. Гісторыя. — 2010. — № 2. — С. 56—62.
- Беларуская мова: энцыклапедыя / пад. рэд. А. Міхневіча. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1994. — 653 с. — ISBN 978-5-85700-126-4.
- І. У. Саламевіч. Беларуская граматыка для школ // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 370—317. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
Спасылкі
правіцьБраніслаў Адамавіч Тарашкевіч у Вікіцытатніку | |
Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч у Вікікрыніцах | |
Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч на Вікісховішчы |
- Біяграфія на Slounik.org
- ТАРАШКЕВІЧ Браніслаў Адамавіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ТАРАШКЕВИЧ Бронислав Адамавич Архівавана 31 жніўня 2021. // Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; под ред. А. С. Махнача. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1992. — 120 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-343-01246-9.
- Імя ў гісторыі — Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч
- Браніслаў Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школаў Архівавана 12 мая 2006.
- Луцкевіч Антон. Тарашкевіч і Аляхновіч // НАША СЛОВА. № 37 (1448), 11 верасня 2019. Архівавана 26 лютага 2020. // на pawet.net
- Талочка Ул. Беларускі Гандзі // Наша Слова. № 34 (1497), 26 жніўня 2020 // на pawet.net
- Успаміны сеймавага аглядальніка пра беларускі клуб // Наша Слова. № 34 (1497), 26 жніўня 2020 // на pawet.net
- Валахановіч А. І., Міхнюк У. М. Споведзь у надзеi застацца жывым: Аўтабiягр. Б. Тарашкевiча. / Рэд. А. С. Ліс. — Мн.: БелНДІДАС, 1999. // на pawet.net
- Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Біябібліаграфічны паказальнік(недаступная спасылка) у рэпазіторыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)