Беларускае навуковае таварыства (1918)
Беларускае навуковае таварыства (БНТ) — існавала ў Вільні ў 1918—1939 гадах.
Паводле статута, таварыства мела на мэце «рознабаковую навуковую працу, развіццё любові да навуковых доследаў і пашырэнне ведаў». Свае задачы бачыла ў заснаванні і ўтрыманні музеяў, бібліятэк, навуковых устаноў, арганізацыі выстаў, лекцый, курсаў і навуковых з’ездаў, выдавецкай работы, выпуску перыядычных выданняў.
Германскія акупацыйныя ўлады 23 студзеня 1918 г. далі дазвол на адкрыццё БНТ і зацвердзілі яго Статут, бо разлічвалі на практычную дапамогу таварыства нямецкім вучоным у іх даследаваннях па беларусазнаўству і на заваяванне даверу з боку беларускай інтэлігенцыі.
Аб заснаванні БНТ было абвешчана 26 студзеня 1918 г. на Беларускай канферэнцыі ў Вільні[1]. Паводле Статута, БНТ мела права ствараць і ўтрымліваць на свой кошт музеі, бібліятэкі, навуковыя ўстановы, наладжваць выстаўкі, экскурсіі, лекцыі, курсы, сходы праводзіць конкурсы, займацца выдавецкай справай[2].
Сярод заснавальнікаў БНТ былі В. Ластоўскі, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, В. Святаполк-Мірскі, Я. Станкевіч, У. Талочка і інш. У пачатку дзейнасці БНТ засяродзілася на выпрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі, праблемах перакладу на беларускую мову педагагічнай і метадычнай літаратуры. Пры таварыстве былі арганізаваны Беларускі музей імя І. Луцкевіча і бібліятэка, аснову якой склаў кнігазбор Б. Даніловіча. Дзейнічалі гістарычная, літаратурна-мастацкая і краязнаўча-экскурсійная секцыі. На пасяджэннях члены БНТ выстуалі з дакладамі і паведамленнямі па гісторыі, літаратуры, мове, фальклоры і этнаграфіі Беларусі. У 1925 таварыства правяло святкаванне 400-годдзя беларускага кнігадрукавання, у 1929 — 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 і інш. БНТ выдала навуковыя зборнікі «Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» (1933), «Запісы Беларускага навуковага таварыства» (1938), кнігу А. Станкевіча «Доктар Францыск Скарына — першы друкар беларускі, 1525—1925» (1925) і інш. Частка навуковых прац і паведамленняў пра дзейнасць БНТ змешчана на старонках часопісаў «Калоссе», «Нёман», «Шлях моладзі».
На працягу існавання Беларускага навуковага таварыства склад яго мяняўся. Адны члены эмігравалі ў БССР (Г. Багдановіч, М. Гарэцкі, А. Грыневіч, І. Дварчанін, М. Кахновіч, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Смоліч, С. Чыжэўскі), іншыя ўключаліся ў палітычную дзейнасць, былі арыштаваныя польскімі ўладамі (Я. Лагіновіч, Б. Тарашкевіч і інш.). Таварыства папаўнялася, асабліва ў 1930-я г., творчай моладдзю з Віленскага і Пражскага ўніверсітэтаў. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х г. у БНТ прыйшлі В. Грышкевіч, М. Ільяшэвіч, Б. Кіт, М. Пецюкевіч, С. Станкевіч, М. Чарнецкі, М. Шкялёнак, Р. Шырма і інш. Пастаянна ў рабоце таварыства ўдзельнічалі А. Луцкевіч, С. Паўловіч, У. Самойла, А. Станкевіч, А. Трэпка; з перапынкамі — В. Багдановіч, А. Більдзюкевіч, Э. Будзька, Л. Дубейкаўскі, Г. Душэўская, Р. Зямкевіч, В. Іваноўскі, М. Касцевіч, І. Катовіч, Б. Пліс, А. Сакалова, Я. Салавей, Ф. Умястоўскі, Л. Чарняўская, К. Шафнагель і інш.
БНТ спыніла сваю дзейнасць пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР.
Зноскі
- ↑ Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства. Кн. 1. — Вільня, 1933. — С. 5.
- ↑ Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі. Аддзелд рэдкіх кніг і рукапісаў (далей ЦНБ НАНБ). Ф. 23. воп. 1. спр. 67. арк. 2; Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛіМ). Ф. 3. воп. 1. спр. 3. арк. 2; НАцыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 883. воп. 1. спр. 25. арк. 6—12.
Літаратура
правіць- Ліс, А. С. Беларускае навуковае таварыства / А. С. Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 355.
- Юркевіч, А. Беларускае навуковае таварыства ў Вільні: хроніка дзейнасці ў 1918—1944 гг. // ARCHE Пачатак. № 7-8. 2014. — С. 195—220.
- Беларуская праца на навуковай ніве. Інтэрв'ю са сп. А. Луцкевічам // Наша слова.pdf № 12 (116), 20 сакавіка 2024. // на pawet.net