Аркадзь Антонавіч Смоліч

беларускі палітык, вучоны ў галіне геаграфіі, эканомікі і сельскай гаспадаркі
(Пасля перасылкі з А. Смоліч)

Арка́дзь Анто́навіч Смо́ліч (29 верасня 1891, в. Бацэвічы, цяпер Магілёўская вобласць — 17 чэрвеня 1938, Омск, НКУС) — беларускі палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі. Прафесар (1927), член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук (з 1929).

Аркадзь Антонавіч Смоліч
Дата нараджэння 17 (29) верасня 1891
Месца нараджэння
Дата смерці 17 чэрвеня 1938(1938-06-17) (46 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Жонка Аляксандра Ігнацьеўна Смоліч
Род дзейнасці географ, перакладчык, журналіст, эканаміст, палітык
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Ранні перыяд. Першая сусветная вайна

правіць
 
Аркадзь Смоліч у 1909 г.

Нарадзіўся ў вёсцы Бацэвічы Бабруйскага павета Мінскай губерні ў сям’і святара. Скончыў Мінскае духоўнае вучылішча, а потым Мінскую духоўную семінарыю (1905). Паступіў у Кіеўскі політыхнічны інстытут, аднак перадумаў і перайшоў у Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Нова-Александрыі (Царства Польскае, з 1921 г. Пулавы). З 1910 года сябра Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У лютым 1910 года за арганізацыю дзвюх студэнцкіх дэманстрацый і страйку выключаны з інстытута і высланы з Царства Польскага[1]. Вярнуўся да навучання ў 1913 годзе, па абвяшчэнні амністыі з нагоды 300-годдзя дынастыі Раманавых. З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з інстытутам эвакуяваўся ў Харкаў. Праслухаў тэарэтычны курс і прайшоў у 1916 годзе практыку, аднак не стаў абараняць дыпломную працу. У лісце да Цёткі ён пісаў, што ягоныя сілы «цяпер асабліва патрэбныя ў Менску, каб разгарнуць беларускую палітычную працу».

Пераехаў у 1916 годзе ў Мінск, уладкаваўся статыстам у губернскім земстве. Вёў працу ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка». Узначаліў мінскую арганізацыю БСГ. У сакавіку 1917 года на З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). На канферэнцыі БСГ у чэрвені 1917 года увайшоў ў склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газеты «Грамада». У ліпені 1917 года на З’ездзе беларускіх арганізацый і партый замест БНК была ўтвораная Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ЦРБА) з Выканаўчым камітэтам, у які ўвайшоў Аркадзь Смоліч, стаўшы фактычным кіраўніком камітэта[1]. У кастрычніку 1917 года ЦРБА была рэарганізаваная ў Вялікую беларускую раду, Смоліч абраны намеснікам старшыні яе Выканаўчага камітэта. Дэпутат Мінскай гарадской думы ў 1917—1918 гадах, куды абраўся як сябра БСГ у спісе ад аб’яднанага Блока нацыянальных сацыялістычных партый[2].

Беларуская Народная Рэспубліка

правіць
 
Аркадзь Смоліч у 1918 г.

Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года ў Мінску. Па стварэнні Рады БНР увайшоў у яе склад. У 1918 годзе Аркадзь Смоліч стаў адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1-м урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду народнага сакратара асветы, з 14 траўня па сумяшчальніцтве намеснік старшыні Рады БНР, з 25 траўня таксама народны сакратар нацыянальных спраў. Пасля распаду Беларускай сацыялістычнай грамады разам з іншымі беларускімі дзеячамі ў красавіку 1918 года арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі. Старшыня мандатнай камісіі Рады БНР. 9 кастрычніка накіраваны ў склад Надзвычайнай беларускай дэлегацыі ва Украіне. 22 лістапада 1918 года стаў намеснікам старшыні Рады Народных Міністраў і міністрам земляробства ў кабінеце Антона Луцкевіча. Выехаў у Горадню, дзе 15—16 снежня 1918 года правёў Беларускі сялянскі з’езд Гродзенскага павета, у выніку якога была створаная Гродзенская павятовая рада і арганізацыйны камітэт Беларускага з’езда Гродзеншчыны. Накіраваны ва Украіну дзеля атрымання пазыкі для БНР. З Кіева паехаў у Вінніцу, па выкананні даручэння — праз Вену, Зальцбург, Мюнхен — у Берлін.

 
Дзеячы БНР улетку 1918 года. Злева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Прыехаў у Берлін не пазней за 15 сакавіка 1919 года, дзе заснаваў Дыпламатычную місію БНР. 21 сакавіка Рада народных міністраў БНР прызначыла яго пасланнікам БНР у Берліне і на кароткі час накіравала ў Варшаву. У Варшаве Смоліч сустракаўся з Юзафам Пілсудскім і іншымі польскімі дзеячамі, прадставіў Ігнацыю Падарэўскаму праект беларуска-польскага паразумення, першым пунктам якога было прызнанне ўрадам Польшчы Урада БНР. У канцы траўня ўзяў ўдзел у інаўгурацыйным пасяджэнні Польска-беларускага таварыства, аднак у склад кіраўніцтва не ўвайшоў. Неўзабаве выехаў у Вільню, дзе рыхтаваў да друку «Геаграфію Беларусі». У Вільні палітычную дзейнасць не спыніў, выязджаў у Коўна і Варшаву дзеля перамоў з дзеячамі Літвы Антанасам Смятонай і Юргісам Шаўлісам[1].

Вярнуўся ў Менск. 19 верасня 1919 года браў удзел у сустрэчы дзеячаў БНР з Юзафам Пілсудскім. Сябра Часовага беларускага нацыянальнага камітэта, з 10 сакавіка 1920 года намеснік старшыні. Сябра Менскай беларускай школьнай рады, пераўтворанай у Беларускую цэнтральную школьную раду (намеснік старшыні), сябра Беларускага саюза сельскай гаспадаркі. 28 лютага 1920 года Антон Луцкевіч, інтэрнаваны ў Варшаве, перадаў Аркадзю Смолічу паўнамоцтвы старшыні Рады Народнах Міністраў. 20—24 сакавіка 1920 года польская дэлегацыя на чале з Леанам Васілеўскім правяла перамовы з Найвышэйшай Радай БНР і Аркадзем Смолічам. Палякі адмовіліся прызнаць беларускую незалежнасць, аднак згадзіліся на падтрымку беларускай культуры і асветы[1].

Праз ліпеньскі наступ Чырвонай арміі з’язджае ў Вільню. Тут неўзабаве была ўтвораная марыянеткавая Рэспубліка Сярэдняй Літвы, што паспрыяла ўтварэнню беларускіх арганізацый.

У лістападзе 1920 года падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісчыкаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Жаўрыд, Андрэй Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Цярэшчанка, Лявон Дубейкаўскі, Чэслаў Крупскі, Антон Неканда-Трэпка, Сяргей Баран[3]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[4].

У 1921 годзе Смоліч увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускае навуковае таварыства. Удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынёй, працаваў настаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі. Сябра заснаванага ў красавіку 1921 года Камітэта беларуска-польскага збліжэння і кароткачасовага Дзяржаўнага камітэта БНР, які замяніў Найвышэйшую Раду[1].

Савецкая Беларусь

правіць

У жніўні 1922 года з дазволу ўрада БССР вярнуўся ў Менск. Працаваў загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 года дацэнт, прафесар (1927) і загадчык кафедры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1923 годзе пад кіраўніцтвам Смоліча створаны часопіс «Плуг» і Цэнтральнае Бюро краязнаўства[5]. З 1925 года намеснік старшыні Інбелкульта, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР, быў старшынёй Цэнтральнага Бюро краязнаўства.

У 1928 годзе абраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навуковыя працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Пачынальнік беларускай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 2-е выд. 1922; 3-е выд. 1923), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў». Зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук, быў адным з аўтараў яе першага статута. Член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук з 1929 года. У 1930 годзе ўзнагароджаны Залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства[6].

 
Аркадзь Смоліч, 1935

Арыштаваны 26 чэрвеня 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» сасланы на 5 гадоў у Асу Пермскай вобласці, потым у Ішым Цюменскай вобласці, дзе ён працаваў у педагагічным вучылішчы. Вызвалены ў жніўні 1935 года. Зноў арыштаваны ў ноч з 17 на 18 чэрвеня 1937 года. Паводле рашэння тройкі УНКУС па Омскай вобласці прыгавораны да расстрэлу, расстраляны ў Омскай турме 17 чэрвеня 1938 года.

Па першым прыгаворы пасмяротна рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 10 чэрвеня 1988 года, па другім прэзідыумам Цюменскага абласнога суда 9 лютага 1957 года. Групавая справа Аркадзя Смоліча і іншых № 20951-с з фота­здымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям’я

правіць
 
Аркадзь Смоліч з жонкай Аляксандрай (у дзявоцтве — Каткоўская), 1920-я гг.

Быў жанаты з Аляксандрай (Алесяй) Каткоўскай (12 сакавіка 1897 — 16 жніўня 1974), гадаваў траіх дзяцей (Максім, нар. 1918; Ганна, нар. 1919; Марыя, нар. 1928).

Пляменнік -- Ежы Смоліч, вядомы аўстралійскі сацыёлаг.

Бібліяграфія

правіць

Пісаў пад псеўданімамі Л. Б. (Лаўрэн Будзіловіч), Сымон Бортнік[7].

Памяць

правіць

У Бацэвічах Магілёўскай вобласці ёсць вуліца Смоліча, на будынку сярэдняй школы вісіць памятная дошка[8]. У 2018 годзе вуліца ў Мінску (жылы раён Лошыца) была названая ў гонар Аркадзя Смоліча[9].

Зноскі

  1. а б в г д Анатоль Сідарэвіч. Яны былі першыя. Аркадзь Смоліч (бел. (тар.)). svaboda.org (27 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 3-12-2020. Праверана 25-4-2021.
  2. Сяргей Абламейка. У Менску знойдзены невядомыя дакумэнты пра Аркадзя Смоліча і пляны будынку, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР (бел. (тар.)). svaboda.org (22 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 25-4-2021. Праверана 25-4-2021.
  3. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах 2006, с. 325—326.
  4. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах 2006, с. 17.
  5. БелЭн 2002.
  6. Беларусь 1995.
  7. Смоліч Аркадзь Антонавіч(недаступная спасылка)
  8. Школе ў Бацэвічах не надалі імя Аркадзя Смоліча, якому споўнілася 125 гадоў. svaboda.org (29 верасня 2016). Праверана 25-4-2021.
  9. Аб прысваенні найменняў састаўным часткам г.Мінска № 49/3/28 - 29 мая 2018(недаступная спасылка). minsk.gov.by (29 траўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2018. Праверана 25-4-2021.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць