Геаграфія (ад грэч. γῆ (ге) — Зямля і грэч. γράφω (графо) — пішу) — комплексная навука аб прычынах, заканамернасцях і рэаліях тэрытарыяльных адрозненняў прыроды, насельніцтва і гаспадаркі планеты Зямля.

Фізічная карта свету

Сучасная геаграфія ўяўляе сабой сістэму прыродазнаўчых і грамадскіх навук аб прыродных, сацыяльна-эканамічных і прыродна-гаспадарчых тэрытарыяльных комплексах (сістэмах) і іх кампанентах. Фізічная геаграфія вывучае прыродныя тэрытарыяльныя комплексы, сацыяльна-эканамічная геаграфія — навука аб тэрытарыяльных сацыяльна-эканамічных сістэмах. У сувязі з гэтым геаграфія адносіцца адразу да двух цыклаў навук: фізічная геаграфія — прыродазнаўчая навука, сацыяльна-эканамічная геаграфія — навука грамадская.

Развіццё і важнейшыя адкрыцці

правіць

Некаторыя ўяўленні аб геаграфічных аб'ектах і з'явах меліся ў чалавека ўжо ў глыбокай старажытнасці. Сведчанні гэтага — малюнкі з'яў прыроды, значковыя карты-схемы, створаныя першабытнымі людзьмі. Але геаграфіі, як навукі, у тыя часы яшчэ не існавала.

Радзімай геаграфіі можна лічыць Старажытную Грэцыю. Іменна тут з'явіліся першыя ўяўленні аб шарападобнасці Зямлі (Платон), аб існаванні геаграфічных паясоў (Арыстоцель), былі створаныя першыя карты свету, сабраныя геаграфічныя звесткі аб Еўропе, Блізкім Усходзе і Лівіі (Паўночнай Афрыцы). Эратасфен, які жыў у III ст. да н. э. у Александрыі ўпершыню даволі дакладна вылічыў радыус Землі, ён жа прапанаваў назваць навуку аб Зямлі «геаграфіяй». Страбон на мяжы нашай эры ў 17-томнай працы «Геаграфія» абагульніў веды старажытнагрэчаскіх навукоўцаў. Старажытнарымскі вучоны Пталемей у II ст. стварыў першую карту свету з выкарыстаннем сеткі геаграфічных каардынат.

Аднак у сярэдневяковай Еўропе стала панаваць біблейская карціна свету. Веды антычных навукоўцаў былі незапатрабаванымі, увесь светапогляд засноўваўся на Бібліі. Толькі асобныя падарожнікі пашыралі геаграфічны далягляд еўрапейцаў. Сярод іх: венецыянец Марка Пола, які здзейсніў у другой палове XIII ст. падарожжа ў Кітай; Афанасій Нікіцін першы рускі падарожнік па Індыі (XV ст.).

Прарыў у адкрыцці еўрапейцамі новых зямель быў зроблены ў канцы XV ст. З гэтага часу пачалася эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Вось найбольш важныя з іх: дасягненне X. Калумбам берагоў Амерыкі (1492), плаванне В. да Гамы вакол Афрыкі да берагоў Індыі (1497-99), першае кругасветнае плаванне экспедыцыі Ф. Магелана (1519-22), адкрыццё галандцамі берагоў Аўстраліі (пач. XVII ст.), адкрыццё рускімі землепраходцамі Сібіры і Далёкага Усходу (кан. XVI—XVII стст.). Аднак у той час географы абмяжоўваліся толькі зборам інфармацыі аб краінах і морах.

У Новы час (XVII—XIX стст.) геаграфія стала развівацца, як навука аб тэрытарыяльных заканамернасцях. Нямецкі навуковец Б. Варэн прапанаваў падзяліць геаграфію на спецыяльную (занятую апісаннем асобных краін) і агульную (мае вывучаць агульныя геаграфічныя заканамернасці). Яго суайчыннік А. Гумбальт заснаваў вучэнне аб прыродных комплексах (ландшафтах) і вылучыў ландшафтныя зоны на Зямлі. Немец К. Рытэр прапанаваў падзяліць геаграфію на прыродазнаўчую і грамадскую галіны. У Новы час з'явіліся паняцці «фізічная геаграфія» (А. Гумбальт) і «эканамічная геаграфія» (М. Ламаносаў). Географ і падарожнік XIX стагоддзя П. П. Сямёнаў-Цян-Шанскі казаў, што прадмет вывучэння геаграфіі — прырода і дзейнасць чалавека, які змяняе прыроду.

Выбітныя падарожнікі Новага часу: брытанец Дж. Кук, які паўторна адкрыў Аўстралію і здзейсніў шматлікія адкрыцці ў Акіяніі; расійскія мараплаўцы М. П. Лазараў і Ф. Ф. Белінсгаўзен, якія адкрылі Антарктыду; шатландзец Д. Лівінгстан — даследчык Афрыкі; выхадцы з Беларусі — даследчыкі далёкіх краін: І. Д. Чэрскі (Сібір), І. Дамейка (Анды); нарвежац Р. Амундсен, які першым дасягнуў Паўднёвага полюса.

К пачатку XIX ст. геаграфія ператварылася ў сістэму навук. Расійскі навуковец В. В. Дакучаеў заклаў асновы глебазнаўства і геаграфіі глебаў, А. І. Ваейкаў — кліматалогіі, У. І. Вярнадскі — біягеаграфіі, амерыканец У. Дэвіс — геамарфалогіі (навукі аб рэльефе). Савецкі навуковец-географ Л. С. Берг стварыў сучаснае вучэнне аб ландшафтах, М. М. Баранскі сфармуляваў важныя канцэпцыі эканамічнай геаграфіі. А. А. Грыгор'еў упершыню акрэсліў паняцце геаграфічная абалонка, як планетарны комплекс, кампаненты якога знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні. Геаграфічная абалонка і яе састаўныя часткі — гэта і ёсць аб'ект вывучэння сучаснай геаграфіі.

Раздзелы

правіць

У цыкл прыродазнаўчых навук уваходзяць фізічная геаграфія (уключае агульнае землязнаўства і ландшафтазнаўства), геамарфалогія, кліматалогія, метэаралогія, акіяналогія, гляцыялогія, гідралогія сушы (азёразнаўства і гідралогія рэк), геаграфія глеб, біягеаграфія (геаграфія жывёл і геаграфія раслін), палеагеаграфія і інш.

У цыкл грамадскіх навук уваходзяць сацыяльна-эканамічная геаграфія (уключае эканамічную геаграфію), сацыяльная геаграфія, геаграфія насельніцтва, рэкрэацыйная геаграфія, палітычная геаграфія.

Асобнае месца займае картаграфія.

Да геаграфіі адносяцца краіназнаўства (абагульняе звесткі аб прыродзе, насельніцтве і гаспадарцы асобных краін) і краязнаўства.

Да геаграфіі прымыкаюць дысцыпліны прыкладнога кірунку (напрыклад, медыцынская геаграфія, ваенная геаграфія і інш.).

Крыніцы геаграфічных ведаў

правіць

На цяперашні час добра вывучаныя многія рэгіёны Землі, таму важнай крыніцай геаграфічных ведаў з'яўляецца геаграфічная літаратура. Нараўне з гэтым, геаграфічныя даследаванні працягваюцца. Пры палявых даследаваннях вывучэнне геаграфічных аб'ектаў вядзецца непасрэдна на мясцовасці. Экспедыцыі таксама з'яўляюцца важнай крыніцай геаграфічнай інфармацыі. У сучаснай геаграфіі замест кароткатэрміновых экспедыцый сталі арганізоўваць комплексныя стацыянары і пастаянна дзеючыя станцыі і лабараторыі. Дзякуючы гэтаму, створана сістэма маніторынгу навакольнага асяроддзя. Гэта інфармацыйная сістэма, задача якой складаецца ў назіранні за станам прыроднага асяроддзя і зменамі, якія адбываюцца ў ім пад уплывам дзейнасці чалавека.

Акрамя таго, у геаграфіі знайшлі ўжыванне і дыстанцыйныя метады даследаванняў, у прыватнасці: вывучэнне аэрафотаздымкаў і даследаванне Зямлі з космасу. Пры выкарыстанні дыстанцыйных метадаў даследаванняў значна павялічваецца тэрыторыя, ахопленая назіраннем.

Велізарнае значэнне, як крыніцы геаграфічнай інфармацыі, маюць геаграфічныя карты. Не выпадкова карту завуць «другой мовай» геаграфіі, бо любое геаграфічнае даследаванне пачынаецца з вывучэння карт і заканчваецца складаннем новых геаграфічных карт.

Для вывучэння працэсаў і з'яў у геаграфіі ў цяперашні час шырока ўжываюцца метады эксперыментальных даследаванняў, мадэляванне разнастайных геаграфічных працэсаў і з'яў.

Вынікі геаграфічных даследаванняў ужываюцца для планавання развіцця тэрыторый, прагназавання працэсаў і з'яў, якія адбываюцца ў прыродзе.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць
  • Геаграфія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. С. 113.
  • Геаграфічныя паняцці i тэрміны: Энцыклапед. слоўнік. — Мн., 1999.
  • Геаграфія ў тэрмінах і паняццях: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — 352 с.: іл. ISBN 985-11-0262-8.