Нарвежцы
Нарве́жцы (нарв.: nordmenn) – народ у Паўночнай Еўропе, асноўнае насельніцтва Нарвегіі і Шпіцбергена. Жывуць таксама ў іншых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе, Эквадоры і г. д.. Агульная колькасць (2012 г.) - 4784 тыс. чал.[1]
Нарвежцы (Nordmenn) | |
Агульная колькасць | 4 784 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Нарвегія — 4 632 тыс. ЗША — 57 тыс. Канада — 49 тыс. Эквадор — 14 тыс. Данія — 11 тыс. Вялікабрытанія — 7,5 тыс. |
Мова | Нарвежская |
Рэлігія | пратэстантызм, пераважна лютэранства |
Блізкія этнічныя групы | фарэрцы, ісландцы, шведы, датчане |
Гісторыя
правіцьНарвежцы паходзяць ад германскіх плямёнаў, якія перасяліліся ў Скандынавію нў 3 тысячагоддзі да н. э. Першапачаткова яны займалі ўсяго некалькі прыморскіх далін на поўдні сучаснай Нарвегіі і ў раннім сярэднявеччы падзяляліся на роднасна-тэрытарыяльныя групы ранрыкіі, раумы, аўгандыі, граніі, ругіі і халмругіі. Перасечанасць краіны гарамі спрыяла захаванню асобных аб’яднанняў фюльке, кожны з якіх меў свае органы самакіравання і суд. Агульная назва "нарвежцы" або "нарманы" (нарв.: nordmenn, літаральна "паўночныя людзі") з’явілася толькі ў канцы 1 тысячагоддзя н. э. і было зафіксавана ў заходнееўрапейскіх хроніках[2]. На поўнач ад нарвежцаў жылі квены і саамы, аднак, як паказваюць генетычныя даследаванні, змяшэння паміж імі не адбывалася[3]. Старажытныя нарвежцы карысталіся рунічнай пісьмовасцю і спавядалі палітэістычную паганскую рэлігію.
У VIII - IX стст. у нарвежцаў вылучыўся пласт правадыроў-конунгаў і спадчынных арыстакратаў ярлаў. У гэты перыяд пачынаюцца паходы нарвежскіх вікінгаў на іншыя краіны Еўропы, якія часта суправаджаліся перасяленнямі або вяртаннем удзельнікаў паходаў з нарабаванымі скарбамі і рабамі. У канцы IX ст. конунг Гаральд Рудавалосы аб’яднаў нарвежцаў у адзіную дзяржаву. Рэпрэсіі супраць незадаволеных, падаткі і адпрацоўкі, накладзеныя Гаральдам на простых абшчыннікаў прывялі да масавай эміграцыі ў Ісландыю, Грэнландыю, Фарэрскія, Шэтландскія, Гебрыдскія і Аркнейскія астравы. Пасля смерці манарха сяляне пазбавіліся ад прамых павіннасцяў. Але амаль усе землі Нарвегіі аказаліся занятымі, таму нарвежцы пачалі асвойваць тэрыторыі на поўнач. Гэтаму спрыяла пацяпленне клімату[4]. У выніку, да XIII ст. тэрыторыя, населеная нарвежцамі, значна павялічылася.
У X - XI стст. у Нарвегіі распаўсюдзіўся каталіцызм. Прыняцце хрысціянства спрыяла распаўсюджанню лацінскай мовы як афіцыйнай[5]. Падобна іншым еўрапейскім краінам, у сярэднявечнай Нарвегіі распаўсюдзіліся феадальныя адносіны. Але яны не былі трывалымі, захоўваліся шматлікія прывілегіі простых абшчыннікаў. Канчаткова феадальныя адносіны былі ліквідаваны да пачатку XVII ст.
У 1319 г. памёр апошні прамы нашчадак Гаральда Рудавалосага, і прастол быў перададзены каралям суседняй Швецыі. У 1397 г. была заключана Кальмарская унія, пасля чаго Нарвегія апынулася ў залежнасці ад дацкіх манархаў, хаця да 1536 г. захоўвала асабістыя органы кіравання, урад, армію і флот. З 1370 г. таксама адчуваўся моцны нямецкі ўплыў, які ішоў праз ганзейскі гандлёвы саюз. У 1536 г. адбылася Рэфармацыя[6].
З канца XVIII ст. Данія цярпела паражэнні ў войнах з Вялікабрытаніяй, што прывяло да імкнення нарвежцаў адасобіцца. У 1809 г. было створана Дабрадзейнае таварыства Нарвегіі, якое выступала за стварэнне нарвежскага універсітэта і распаўсюджванне нацыяналістычных настрояў. У 1814 г. Нарвегія была перададзена пад кантроль Швецыі. У Нарвегіі была ўведзена абмежаваная Канстытуцыя і створаны мясцовы парламент стуртынг. Значная частка выбраных прадстаўнікоў з’яўлялася сялянамі, што абумовіла прыняцце ліберальных законаў і далейшыя рэформы. 13 жніўня 1905 г. на рэферэндуме было прынята рашэнне аб абвяшчэнні незалежнасці Нарвегіі.
У наш час Нарвегія – адна з найбольш развітых дзяржаў свету. Разам з нарвежцамі ў Нарвегіі зараз жыве і працуе шмат імігрантаў з іншых краін свету.
Традыцыйная культура
правіцьАсноўныя заняткі
правіцьДа першай трэці XX ст. галоўнай эканамічнай галіной у Нарвегіі была сельская гаспадарка. Толькі 2,6% зялі прыдатныя для занятку земляробствам. Раней вырошчвалі пераважна збожжавыя культуры і карняплоды. У наш час сяляне аддаюць перавагу бульбе і гародніне. Асноўны прыбытак дае малочная жывёлагадоўля. Сельская гаспадарка ніколі не магла цалкам забяспечыць нарвежскіх сялян, таму важную ролю здаўна адыгрывалі эксплуатацыя лесу, рыбалоўства і паляванне на марскіх звяроў.
Дзякуючы багаццям прыбярэжных вод, рыбу ловяць пераважна ў фіёрдах і на паўночных астравах. Траска і селядзец — асноўная здабыча. Узімку, калі пачынаецца рух траскі на нераст, рыбакі з усёй краіны едуць на астравы, дзе жывуць у часовых хацінах. Са студзеня да сакавіка здабываецца асноўны ўлоў за год. У мінулым папулярнай рыбай таксама быў ласось. Рыбакі звычайна самі з’яўляліся гаспадарамі лодак і прыладаў працы, у мора выходзілі сем'ямі. Да канца XVIII ст. улоў сушылі без солі. На беразе вертыкальна ўсталёўвалі драўляныя жэрдкі, да якіх чаплялі ніткі з рыбінамі. Высушаная рыба нагадвала цвёрдую палку і звалася стокфіск ("палка-рыбіна"). Распаўсюджанне таннай солі прывяло да з’яўлення кліпфіск, салёнай рыбы, высушанай на скалах.
Здабыча кітоў стагоддзямі мела дапаможнае значэнне. На кітоў палявалі дзеля вусу і тлушчу. Астатнія часткі тушы выкідвалі на бераг і выкарыстоўлі як натуральнае ўгнаенне. У XIX - першай палове XX стст. у свеце ўзрос попыт на тлушч, што прывяло да хуткага развіцця промысла і скарачэння пагалоўя кітоў у паўночным Атлантычным і Паўночным Ледавітым акіянах. Нарвежцы сталі плаваць за імі на поўдзень Атлантыкі. У сярэдзіне XX ст. у Нарвегіі меўся найвялікшы па танажы кітабойны флот. Нарвегія не адмовілася да нашых дзён ад дазволу на забойства кітоў, што тлумачыць традыцыямі саміх нарвежцаў.
Жытло
правіцьАсноўны тып паселішчаў да канца XIX ст. — хутар горд, які звычайна будаваўся на схіле гары, меў даволі разнастайны план размяшчэння, але жытло звычайна рабілі вышэй за астатнія пабудовы. У XVIII - XIX ст. распаўсюдзіўся тып сялянскай сядзібы ildhus, які ўключаў да 10 - 15 пабудоў, у тым ліку месца для выпечкі хлеба, бровар і баня. Найбольш распаўсюджаны будаўнічы матэрыял - драўніна. Дах пакрывалі дзёрнам, прычым гэты звычай захаваўся і ў наш час.
Вёскі існавалі толькі на поўдні краіны. Паселішчы больш за 2 тысячы жыхроў у Нарвегіі лічацца гарадамі. Найбольш значным гандлёвым і рамесным горадам з канца XIII ст. быў Берген.
Сяляне самі ладзілі мэблю і многія прылады працы. Ложкі ў сельскай мясцовасці з’явіліся адносна нядаўна. Распаўсюджаным месцам для сну быў алькоў. Ён нагадваў вялікую скрыню з прыробленымі да сцяны шмат'яруснымі лавамі. На ніжняй лаве спаў гаспадар з гаспадыняй, вышэй - сыны з жонкамі і дзеці. Алькоў зачыняўся дзвярамі. У раннім сярэднявеччы карысталіся адкрытым агменем. Яго рабілі з дошак, напаўнялі камянямі і размяшчалі ў цэнтры жытла. Над агменем у даху свідравалі дзірку для выхаду дыму. Пазней сталі выкарыстоўваць прысценныя печы або печы з плітамі. Адкрыты агмень захоўваўся ў банях.
Народная вопратка
правіцьДзякуючы ізаляванасці розных рэгіёнаў краіны ў мінулым існавала вялікая колькасць розных форм народнай вопраткі. З часоў позняга сярэднявечча і Рэфармацыі дамінавала агульнаеўрапейская мода, якая прыходзіла праз Берген, куды прыязджалі іншаземныя гандляры.
У XIX ст. пад уплывам нацыяналізму цікавасць да народных строяў адрадзілася, і з’явіўся новы "народны" від строю – бунад. Ён уключае некалькі тыпаў мужчынскага адзення і да 150 жаночага. Для бунада характэрна наяўнасць белых кашуль і каляровага гафту. Найбольш арыгінальна выглядае мужчынскі строй паўднёва-заходняй Нарвегіі, які складаўся з доўгіх да да грудзей штаноў, кашулі і курткі са стаялым каўняром. У раёне Осла папулярны кароткія штаны. Звычайна бунад апранаюць на святы.
Кухня
правіцьУ мінулым нарвежцы звычайна сілкаваліся толькі два разы на дзень, з раніцы і ўвечар. Сяляне і рыбакі імкнуліся паснедаць як мага лепей, каб не перарываць дзённую працу. Папулярныя традыцыйныя стравы: розныя віды варанай рыбы і мяса, малочныя супы, вараны тварог, салодкія супы з садавіны, пшанічная каша з малочнымі вяршкамі флёцегрод, разнастайныя бутэрброды і г. д. У некаторых кутах Нарвегіі захавалася традыцыя выпякання флатброд, плоскіх прэсных аладак з жытняй і ячнай мукі з дзіркай пасярэдзіне. У даўнія часы флатброд быў асноўным відам хлеба.
Сям'я і іншыя сацыяльныя інстытуты
правіцьУ часы вікінгаў мужчыны лічыліся вышэйшымі на сацыяльнай лесвіцы, чым жанчыны, што, аднак не азначала поўнай падначаленасці жонкі свайму мужу. Згодна сярэднявечнаму эпасу, сексуальныя паводзіны маладых людзей, былі даволі шырокімі. Хаця ідэалам нявесты лічылася цнатлівая дзяўчына, былі распаўсюджаны дашлюбныя і пазашлюбныя адносіны, інцэст[7]. Галоўнай функцыяй шлюбу было заключэнне саюзу з іншай сям'ёй. Лічылася, што нявеста павінна быць дужай, каб нараджаць дзяцей. Таму жонку для сына маглі шукаць бацькі або іншыя сваякі. Часцяком самі маладыя мужчыны выбіралі нявесту сярод тых, хто меў уплывовых сваякоў. Практыкаваліся вусныя шлюбныя дамовы[8]. Існавалі і шлюбы па каханню. Закаханыя хлопцы заляцаліся, хаця самі саромеліся сваіх пачуццяў і адкрыта смяяліся з закаханых сяброў. Толькі дзеці, народжаныя ў шлюбе, лічыліся паўнавартымі спаткаемцамі. Дзеці, народжаныя жонкай падчас доўгатэрміновай адсутнасці мужа або ад мужам ад рабыні (рабыні-наложніцы заўсёды мелі вельмі нізкі сацыяльны статус), маглі быць прызнанымі гаспадаром сям'і, і толькі ў гэтым выпадку ім належала частка спадчыны (але не болей за траціну).
У сялянскім асяроддзі XIX - першай паловы XX стст. статус жонкі і мужа не адыгрываў значнай ролі, паколькі большасць сялян была прыкладна роўная. Шлюбы заключаліся па дамове паміж маладымі. Вяселлю папярэднічалі заручыны, на якіх з’ядалі заручынны торт. Вяселле суправаджалася гаманлівай працэсіяй, пасля чаго пачынаўся пір. Ім распараджаўся к'ёкеместэр, сваяк жаніха або нявесты. Нерухомую маёмасць звычайна перадавалі па спадчыне старэйшаму сыну. Малодшыя сыны маглі разлічваць на хатнюю жывёлу і грашовы ўнёсак, дочкі — на пасаг. Пасля смерці бацькі старэйшы сын абавязваўся клапаціцца пра братоў і сясцёр да іх паўналецця. У нарвежцаў не было прынята абражаць дзяцей. З 11 - 12 гадоў дзеці ўжо працавалі не толькі ў бацькоўскай гаспадарцы, але і за яе межамі. Заробленыя грошы траціліся па ўласным меркаванні дзяцей. Заахвочвалася зносіны з іншымі дзецьмі. Было прынята прымаць дзяцей знаёмых у сям'ю на лета, каб яны маглі бавіць час з аднагодкамі.
На хутарах фактычна існавалі пашыраныя сем'і, якія складалі малую роднасную абшчыну. З часоў сярэднявечча таксама існавала суседская абшчына гранелаг, якая кантралявала супольныя пашы і лясы, аказвала дапамогу. У нарвежцаў існаваў звычай дзюгнат, падобны на беларускую талаку.
У сучаснай Нарвегіі больш за палову пар не рэгіструюць шлюбы. Папулярны шлюбныя адносіны з іншаземкамі. З 2009 г. дазволены гомасексуальныя шлюбы. Месца суседскай абшчыны саступілі сучасныя формы грамадскіх аб’яднанняў. У гарадах значную ролю адыгрываюць прафсаюзы.
Фальклор
правіцьАд эпохі сярэднявечча да нас дайшлі ісландскія сагі, якія апавядаюць пра падзеі ў розных кутах скандынаўскага свету, у тым ліку ў Нарвегіі. У асноўным народная творчасць захоўваецца ў выглядзе шматлікіх чароўных казак і харавых і сольных песень. Папулярныя музычныя інструменты — скрыпка, арфа, рог, акардэон.
У старажытнасці танец лічыўся часткай рытуальнага рэлігійнага вопыту. Але ўжо ў сярэднявеччы з Англіі і Францыі ў Нарвегію трапілі танцы, якія дазвалялі супольна бавіць час і з’яўляліся прыемнай формай сацыяльных кантактаў. У Нарвегіі шырока распаўсюджаны парныя танцы і карагод рынгданс. Парныя народныя танцы: кадрыль рэлендэр, танец-гульня халінг і запаволеная нарвежская форма мазуркі.
Мова
правіцьУ нарвежскай мове, што належыць да скандынаўскай падгрупы германскай групы індаеўрапейскай моўнай сям'і, значны дыялектны падзел. Існуюць дзве літаратурныя нормы.
Рэлігія
правіцьВернікі спавядаюць пераважна лютэранства. Ёсць прадстаўнікі іншых плыняў пратэстантызму і каталікі.
Вядомыя нарвежцы
правіцьСярод выдатных нарвежцаў былі:
- класік нарвежскай літаратуры Бьёрнсцьернэ Бьёрнсан
- матэматык Нільс Хенрык Абель
- кампазітар Эдвард Грыг (Edvard Grieg)
- даследчыкі Руаль Амундсен (Roald Amundsen)
- Фрыцьёф Нансен (Fridtjof Nansen) і Тур Хеердал (Thor Heyerdahl)
- пісьменнік, класік нарвежскай літаратуры Кнут Гамсун (Knut Hamsun)
- паэт і драматург Генрык Ібсен (Henrik Ibsen)
- пісьменнік Нурдаль Грыг
- мастак Эдвард Мунк
- даследчык Антарктыды Яльмар Рысер-Ларсен
- Тругве Лі - Першы абраны Генеральны сакратар ААН.
- Эрленд Лу - пісьменнік
- шмат спартсменаў, ў прыватнасці зімовых відаў спорту, і зорак шоў-бізнеса.
Зноскі
- ↑ Norwegian
- ↑ Народы зарубежной Европы. Т. 2. - М.:Наука, 1965. С. 35
- ↑ Norwegian DNA Results
- ↑ Can Medieval Heat Cool Warming Worries?
- ↑ Aleksandr Busygin, 'Christian Laws' of Medieval Norway: Their Sources, Textual History and Place in Legal History(недаступная спасылка)
- ↑ Middle Ages
- ↑ COURTSHIP, LOVE AND MARRIAGE IN VIKING SCANDINAVIA
- ↑ Diana Cosby, A Vikings Marriage - No Light-Hearted Affair!
Спасылкі
правіць- scandinavian-museum.org Архівавана 22 лістапада 2010.
- Countries and Their Cultures: Norway
- Bunad – Norwegian Traditional Costumes
- Coastal and maritime Norway
- When Norway became part of Europe(недаступная спасылка)
- Ingvild Øye, Settlement patterns and field systemsin medieval Norway
- Ingvild Øye, Norway in the middle ages: farms or hamlets
- What Scandinavian Folk Dance Is
- Norwegian Folktales