Прафесійны саюз

(Пасля перасылкі з Прафсаюз)

Прафесійны саюз (або прафсаюз) — гэта добраахвотнае грамадскае аб’яднанне, якое аб’ядноўвае грамадзян, звязаных агульнымі інтарэсамі па роду дзейнасці, як у вытворчай, так і невытворчай сферах, для абароны працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў.

Першыя прафсаюзы пачалі з’яўляцца ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Брытанскай імперыі. Яны называліся трэд-юніёнамі і аб’ядноўвалі рабочых баваўнянай прамысловасці. У 90-ых гадах XVIII стагоддзя ўтвараюцца прафсаюзы прадзільшчыкаў Ланкашыра, шарсцянікаў Ёркшыра і металістаў Шэфілда. У пачатку XIX стагоддзя прафсаюзы ўтвараюцца і ў іншых дзяржавах — у ЗША (прафсаюз працоўных-шаўцоў у Філадэльфіі), Францыі (клуб друкароў Парыжа), Прусіі (страхавыя касы ткачоў), Бельгіі (саюз капялюшнікаў), Іспаніі (таварыства ўзаемадапамогі ткачоў Барселоны), Італіі, Швейцарыі і Швецыі[1].

Гісторыя

правіць

Беларусь

правіць

Першыя прафсаюзы на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў канцы XIX стагоддзя. У 1894 годзе ўтварыўся прафсаюз шчаціншчыкаў, у 1898 годзе — прафсаюз гарбароў, які аб’ядноўваў працоўных Смаргоні, Ашмянаў, Беластока і Вільні. У 1901 годзе аформіўся прафсаюз друкароў у Гомелі, у 1904 годзе — прафсаюз гарбароў ў Віцебску, ў 1905 годзе — прафсаюз чыгуначнікаў, работнікаў пошт і тэлеграфаў, крэдытных і гандлёва-прамысловых устаноў практычна ва ўсіх гарадах Беларусі.

Рэвалюцыя 1905 года ў Расійскай імперыі прывяла да росту колькасці прафсаюзаў і членаў прафсаюзаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1906 годзе ўтварыліся першыя прафсаюзы настаўнікаў і сялян. У 1907 годзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзейнічаў 101 прафсаюз, у якіх лічылася 14 533 члены. Да пачатку Першай сусветнай вайны практычна ўсе гэтыя прафсаюзы спынілі існаванне.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пачаўся працэс «бальшавізацыі» беларускіх прафсаюзаў. Беларускія прафсаюзы былі падпарадкаваныя кіраўніцтву РСДРП(б). У ліпені 1920 года па прапанове савецкіх уладаў было створана Цэнтральнае бюро прафсаюзаў Беларусі, а праз некалькі дзён яно было пераўтворана ў Савет прафсаюзаў Беларусі. X з’езд РКП(б) ў 1921 годзе зацвердзіў задачу неабходнасці партыйнага кіраўніцтва над прафсаюзным рухам. У Беларусі арганізацыйнае афармленне прафсаюзнага руху ў адпаведнасці з рашэннямі X з’езда РКП(б) было завершана на Першым Усебеларускім з’ездзе прафсаюзаў у маі 1921 года. Паступова прафсаюзы ўсё больш укараняюцца ў сістэму дзяржаўнай улады, і ім надаюць паўнамоцтвы, уласцівыя для выканаўчай улады, такія як арганізацыя культурнага вольнага часу рабочых і сацыяльнае страхаванне. Так, у 1937 годзе ў прафсаюзах знаходзілася 84,1 % усяго працаздольнага насельніцтва БССР.

Вялікая Айчынная вайна цалкам разбурыла дзяржаўную сістэму прафсаюзаў у БССР. Для яе аднаўлення ўжо ў снежні 1944 года ЦК КП(б)Б выпусціла пастанову «Аб аднаўленні прафсаюзных арганізацый у БССР». У выніку гэтага ў 1946 годзе ў прафсаюзы БССР ужо ўваходзіла 64,4 % усяго працаздольнага насельніцтва БССР. Таксама працягваўся працэс цэнтралізацыі прафсаюзаў: у 1948 годзе міжраённая канферэнцыя прафсаюзаў БССР стварыла Беларускі рэспубліканскі савет прафесійных саюзаў, які аб’ядноўваў у сабе ўсе галіновыя прафсаюзы БССР. Гэта структура праіснавала да 1990 года.

Прыналежнасць да прафсаюзаў у пасляваеннай БССР стала практычна абавязковай. Так, у 1980 годзе ў дзяржаўных прафсаюзах знаходзілася 52,3 % усіх жыхароў БССР. Адначасова з гэтым, незалежныя ад дзяржавы прафсаюзы ствараць забаранялася.

З пачаткам Перабудовы ў СССР становішча прафсаюзаў у Беларусі змянілася. Дэмакратызацыя савецкай дзяржавы і легалізацыя незалежных прафсаюзаў разам з абвастрэннем сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў СССР далі штуршок для развіцця незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі. Так, у 1989 годзе пры садзейнічанні сябра Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» Віктара Івашкевіча быў створаны аргкамітэт па стварэнні Працоўнага саюза Беларусі, які аб’ядноўваў працоўных Мінска, Барысава і Салігорска. Пазней на базе аргкамітэта быў створаны першы незалежны ад савецкай улады Незалежны прафсаюз гарнякоў Беларусі, у якім аб’ядналіся салігорскія гарнякі, рабочыя з кар’ераў Мікашэвічаў, Рубы, Крычава, Петрыкаўскага керамзіту і Мінскага метрабуду[2]. Паралельна рабочыя Мінска аб’ядноўваюцца ў Канфедэрацыю працы Беларусі на чале з Міхаілам Собалем і Свабодны прафсаюз Беларускі, які ўзначаліў Генадзь Быкаў. Беларускі рэспубліканскі савет прафсаюзаў, у сваю чаргу, у 1990 годзе правёў свой 17-ы з’езд, на якім прыняў рашэнне дыстанцыявацца ад дзяржавы і перайменавацца ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.

Таксама на тэрыторыі БССР пачаліся забастоўкі рабочых. У 1990 і 1991 гадах страйкавалі шахцёры ў Салігорску, у 1990 годзе забастоўка была аб’яўлена на заводзе «Гомсельмаш», у 1991 годзе забастоўкі перакінуліся на Мінск і Оршу[3].

Пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць, у рэспубліцы ўтварылася два асноўныя прафсаюзныя цэнтры — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Вялікабрытанія

правіць

Брытанія з’яўлялася першай дзяржавай у свеце, дзе пачалі ўтварацца працоўныя саюзы. Яны называліся трэд-юніёнамі (ад англ. trade — прафесія, рамяство і union — саюз)[4].

На ранняй стадыі развіцця брытанскіх прафсаюзаў сярод працоўных Вялікабрытаніі асаблівай папулярнасцю карыстаўся рух лудзітаў. Аднак ужо ў 1790-х гадах рух лудзітаў перарос у страйкавы рух. Страйкавалі ў асноўным рабочыя прадпрыемстваў тэкстыльнай прамысловасці і шахцёры. У гэты ж час пачаліся першыя спробы стварэння прафсаюзных цэнтраў. У 1799 годзе ўтварылася асацыяцыя ланкашырскіх ткачоў, якая аб’яднала 14 мясцовых прафсаюзаў і налічвала каля 10 тысяч сяброў. У ХIХ стагоддзі пачалі ўтварацца нацыянальныя прафсаюзныя цэнтры, напрыклад, такія як Вялікі нацыянальны саюз трэд-юніёнаў, які быў створаны ў 1834 годзе, але спыніў сваё існаванне ўжо ў 1835 годзе.

У 1830-х гадах Вялікабрытанію закрануў эканамічны крызіс. На яго фоне ўтварыўся новы масавы рух працоўнага класа — чартызм. Нягледзячы на тое, што ў выніку рух чартыстаў пацярпеў крах пасля еўрапейскіх рэвалюцый 1848 года, ён меў вялікае гістарычнае значэнне. Так, дзякуючы руху чартыстаў, у Англіі быў уведзены 10-гадзінны працоўны дзень і забаронена праца жанчын і дзяцей на шахтах.

У 1868 годзе ў Манчэстэры быў створаны Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў (БКТ), які існуе да гэтага часу і з’яўляецца асноўным каардынуючым органам прафсаюзнага руху Вялікабрытаніі.

У ХХ стагоддзі прафсаюзы пачынаюць улівацца ў палітычнае жыццё Вялікабрытаніі. У 1900 годзе па ініцыятыве БКТ быў створаны Камітэт працоўнага прадстаўніцтва, які ў 1906 годзе стаў Лейбарысцкай партыяй. Дзейнасць Лейбарысцкай партыі да бягучага моманту цесна звязаная з БКТ.

Англійскія прафсаюзы, акрамя барацьбы за правы працоўных, адыгралі вялікую ролю ў барацьбе за правы ЛГБТ. У 1984—1985 гадах, падчас страйку брытанскіх шахцёраў, брытанскай ЛГБТ-супольнасцю была створана ініцыятыва па збору грошаў для шахцёраў-страйкоўцаў — Lesbians and Gays Support the Miners. У выніку гэтай ініцыятывы групы шахцёраў пачалі падтрымліваць, ухваляць і ўдзельнічаць у розных прайдах па ўсёй Вялікабрытаніі. На канферэнцыі Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі ў Борнмуце ў 1985 годзе ўпершыню была прынята рэзалюцыя аб падтрымцы партыяй правоў ЛГБТ, у значнай ступені дзякуючы галасам Нацыянальнага саюза гарнякоў, які і арганізоўваў забастоўкі шахцёраў.

Зноскі

  1. Пономарев Б.Н. На путях объединения и организации в класс // Международное рабочее движение (Вопросы истории и теории). — М.: Мысль, 1976. — Т. 1. — С. 220-221. — 668 с.
  2. НПГБ: Сборник материалов по истории Независимого профсоюза горняков Беларуси / Довнар А. А., Ерошеня Р. В. — Мн.: «Зималето», 2011. — 340 с. Архівавана 14 мая 2021.
  3. Валентин Голубев, Алексей Хадыка. Профсоюзы Беларуси: трансформация и перспективы. — Мн.: Фонд імя Фрыдрыха Эберта, 2003. — 105 с.
  4. Тред-юнион Архівавана 8 мая 2021. // Вялікая расійская энцыклапедыя

Літаратура

правіць