Гомель

горад у Беларусі

Го́мель[5] (трансліт.: Homieĺ) — горад абласнога падпарадкавання на паўднёвым усходзе Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Гомельскай вобласці і Гомельскага раёна. За 301 км ад Мінска, 609 км ад Гродна, 222 км ад Кіева. Размешчаны недалёка ад мяжы з Украінай. Горад пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986), тэрыторыя горада і ваколіц забруджана радыяцыйнымі выкідамі. Другі паводле колькасці насельніцтва горад краіны. Насельніцтва 501 802 чал. (2023).

Горад
Гомель
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Каардынаты
Кіраўнік
Заснаваны
1142
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Гомій
Горад з
Плошча
  • 135 ± 1 км²
Вышыня цэнтра
138 ± 1 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 501 802 чал. (1 студзеня 2023)[2]
Нацыянальны склад
беларусы — 83,42 %,
рускія — 10,85 %,
украінцы — 3,11 %,
іншыя — 2,62 %[3]
Канфесійны склад
праваслаўныя
Этнахаронім
гамяльчане, гамяльчанін, гамяльчанка
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 23 2
Паштовыя індэксы
246000–246145[4] і 247000–247999
Аўтамабільны код
3
СААТА
3401000000
Афіцыйны сайт
Гомель на карце Беларусі ±
Гомель (Беларусь)
Гомель
Гомель (Гомельская вобласць)
Гомель

Назва правіць

 
Сажалка на ручаі Гамяюк, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль

Эвалюцыя форм правіць

Найбольш старажытнай версіяй назвы лічыцца «Гомій», хаця ў абедзвюх першых вядомых летапісных згадках Гомеля яго назва не падавалася ў пачатковай форме: «около Гомия» (1142 г.), «в Гомью», «до Гомьа» (1158 г.). Іншых пісьмовых згадак Гомеля невядома аж да канца XIV ст., калі ён патрапіў у так званы «Спіс гарадоў рускіх» акурат як «Гомій» («Гомий»). Канцом XV ст. датуюцца дакументы, што фіксуюць форму «Гомей» (або «Гомеи»)[6], якая ў XVI ст. робіцца асноўнай[7].

Пачатак выкарыстання формы «Гомель» прасачыць праблематычна з прычыны спецыфікі публікацыі некаторых гістарычных крыніц. Апублікаваная ў так званым «Зборніку Муханава» (1858 г.) грамата вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка 1499 г. утрымлівае менавіта форму «Гомель», што фоне іншых дакументальных сведчанняў той эпохі выглядае анахранізмам і можа тлумачыцца «мадэрнізацыяй» з боку публікатара[7][8]. «Рэестр рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці» 1560 г. (публікацыі 1853 і 1886 гг.), не ўтрымліваючы пачатковай формы назвы, паслядоўны ва ўжыванні вытворных формаў кшталту «Гомельскій», якія нібыта выводзяцца ад назвы «Гомель»[9][10]. Аднак гісторыя гэтага дакумента настолькі спецыфічная, што немагчыма адназначна сцвярджаць, ці ўжываліся такія ж формы ў страчаным арыгінале — нам вядомы актуалізаваны ў 1752 г. «экстракт» (вынятак), які быў зроблены ў 1640 г. з транслітэрацыяй арыгінальнага кірылічнага старабеларускага тэксту ў лацінку, тады як публікатары XIX ст. зрабілі зваротную транслітарацыю ў кірыліцу[11]. Нельга выключаць, што на нейкім этапе згаданых відазмяненняў маглі адбыцца скажэнні пачатковага дакумента. Паказальна, што ў прывілеі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста аб наданні Гомелю герба (той жа 1560 г.) выкарыстоўвалася вытворная форма «Гомеиского» («мещане места Гомеиского»)[12].

У гістарычных крыніцах зафіксаваныя іншыя версіі назвы: Гомь, Гом’е, Гом’і[13]. На многіх еўрапейскіх картах XVII — пачатку XX стст. назва горада перадавалася лацініцай як Homel. Краязнавец Л. А. Вінаградаў (1900 г.) меркаваў, што менавіта пад уплывам лацінкавага напісання паступова і пашырылася форма «Гомель» кірыліцай[13]. Пры адсутнасці грунтоўных даследаванняў на гэты конт падобнае меркаванне ўспрымаецца і сёння як праўдападобнае[7].

Паходжанне правіць

Найбольш імаверна, што назва Гомеля пайшла ад гідроніма «Гамейка», «Гамяюк» або звязаная з ім. Рачная назва балцкага паходжання.

Больш аўтэнтычны варыянт той, што засведчаны найраней, — «Гаме́йка», Homéjkaod Homejki», «w Homejku»[14][15]). Канчатак -ейка часта ўзнікаў на месцы ранейшага балцкага -ēja, як у падняпроўскіх гідронімах Вядзейка — Vedēja, Мярэйка — Merēja, Рыпейка — Rupēja, але мог дадавацца і да бессуфіксальнай асновы[16].

Корань такі ж, што і ў літоўскіх гідронімах Gamė, Gamenta, Gamena, Gomerta. Ён звязаны з літоўскім gamalas «камяк», gomulti «камячыць» з семантыкай сціскання[17][18], далей да індаеўрапейскага *gem- «хапаць, сціскаць»[19]. Адпачатная балцкая форма мела быць *Gamēja або блізкая да літ. Gamė.

Гідронім з таго ж семантычнага шэрагу, што і балцкія назвы рэк тыпу Горадзен (> Гараднічанка), Жлобін, якія ўрэшце ўзыходзяць да каранёў *gher(d)- «ахопліваць; агароджваць», *gleb(h)- «сціскаць». Такія назвы адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера[20].

Існуюць і іншыя версіі. Корань «гом» інтэрпрэтуюць як праславянскі са значэннем «узвышша над ярам, нізінай» (звязаны з тым жа індаеўрапейскім *gem-), а суфікс «-юк» як сцёрты да непазнавальнасці або вельмі старажытны інтэрнацыянальны геаграфічны тэрмін са значэннем «вада», «рака»[21][22]. Згодна з народна-этымалагічнай версіяй, назва Гомеля ўзнікла, калі плытагоны выкрыквалі «Го! Мель!», бо на Сажы было намыта шмат пяску[23].

Герб правіць

 
Гербы Гомеля

21 сакавіка 1560 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст надаў гораду «печать местьскую з гербом Крыжа».

Сучасны герб зацверджаны рашэннем Гомельскага гарвыканкама ад 16 ліпеня 1997 г., уяўляе сабой французскі шчыт, з выявай на блакітным полі залатой рысі.

Гісторыя правіць

Старажытнасць правіць

Дакладная дата заснавання Гомеля невядома. Горад узнік у канцы І тыс. н.э. на землях радзімічаў, у сутоках ракі Сож і ручая Гомій (Гамяюк). Дзядзінец старажытнага Гомеля размяшчаўся на мысе паміж правым берагам ракі і левым берагам ручая. Археалагічнымі раскопкамі і даследаваннямі, праведзенымі ў 1926 І. Юшчанкам, у 1975 М. Ткачовым, у 1986—1992 А. Макушнікавым, выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, рэчы X—XIII ст. Самыя старажытныя гарадскія ўмацаванні датуюцца IX—XI ст. Першапачаткова частку мысавай тэрасы плошчай каля 1 га ахоўваў глыбокі роў. У XI—XII ст. дзядзінец з боку Сажа ўмацаваны абарончым земляным валам і драўляным частаколам. Надвальныя драўляныя канструкцыі ў XIII ст. згарэлі. У XII ст. плошча дзядзінца каля 1,4 га, на ім вялося каменнае будаўніцтва. З поўначы і захаду да дзядзінца прымыкаў умацаваны ровам вакольны горад, які размяшчаўся паміж ярамі Гаміюк і Кіеўскі спуск; у X ст. яго плошча 3—8 га, у XI—XIII ст. больш за 12 га. За вакольным горадам развіваліся пасады. У XII—XIII ст. агульная плошча горада не менш за 40 га. Насельніцтва жыло ў наземных і заглыбленых у зямлю пабудовах зрубнай і слупавой канструкцыі, займалася рамёствамі, гандлем, промысламі, земляробствам, жывёлагадоўляй. Верагодна, з XII ст. развіваліся апрацоўка бурштыну, паліванай керамікі.

Першая пісьмовая згадка пра Гомель датуюцца 1142 г., калі ён уваходзіў у Чарнігаўскае княства. У 1157 быў далучаны да Смаленскага княства, з 1161 зноў уладанне чарнігаўскіх Ольгавічаў.

Напэўна ў 1239—1240 гадах Гомель быў разбураны і спалены мангола-татарскімі заваёўнікамі. Пры археалагічных раскопках устаноўлена, што ўсе драўляныя пабудовы ў вакольным горадзе і на дзядзінцы загінулі ў вялікім пажары, у тым ліку майстэрня па вырабе зброі. У памяшканнях знойдзены схаваныя каштоўныя рэчы, за якімі іх уласнікі ўжо ніколі не вярнуліся. Наяўнасць у слаях абарончага вала крэпасці тыповых манголата-тарскіх стрэл-зрэзняў пераконвае, што горад быў узяты мангола-татарамі штурмам пасля адчайнага супраціўлення яго абаронцаў і зруйнаваны дашчэнту[24].

У Вялікім Княстве Літоўскім правіць

Каля 1335 года Гомель увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У канцы 14 ст. згадваецца сярод кіеўскіх гарадоў у «Спісе гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх». У 14—18 ст. існаваў Гомельскі замак. У 1446 годзе быў нададзены вялікім князем Казімірам Ягелончыкам уцекачам з Масквы Васілю Яраславічу Бароўскаму, потым князю Івану Мажайскаму. У 1500 годзе сын апошняга — Сімяон зноў вярнуўся ў Маскву, што стала падставай для актыўных ваенных дзеянняў паміж дзяржавамі. Заняты маскоўскімі войскамі, вызвалены войскамі ВКЛ 17 ліпеня 1535, цэнтр Гомельскага староства. Пасля заключэння міру (1537) Гомель застаўся ў ВКЛ, у горадзе пабудаваны новы моцны дубовы замак, абнесены драўлянай сцяной і ровам з пад’ёмнымі мастамі. 21 сакавіка 1562 года атрымаў магдэбургскае права і пячатку з выявай крыжа. Рэканструкцыя тагачаснага герба Гомеля ўяўляе сабой у чырвоным полі сярэбраны кавалерскі крыж. Колер поля і крыжа на самай справе невядомыя, магчыма, поле было блакітным, а крыж — залатым. На італьянскай карце Азіі, надрукаванай (1565) Дж. Гастыльды горад называецца Homia, на карце Еўропы галандца П. Планцыя (Амстэрдам, 1594) — Homei. З 1565 у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства. Гомель — старажытны цэнтр праваслаўя, найстаражытнейшая вядомая па пісьмовых крыніцах праваслаўная царква (15 ст.) асвечана ў імя Міколы Цудатворца.

Падчас паўстання С. Налівайкі (1595) Гомель быў захоплены паўстанцамі і спалены. Падчас войнаў 1648—1667 гадоў моцна пацярпеў, некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. У Паўночную вайну 1700—1721 у Гомелі размяшчаліся расійскія войскі пад камандаваннем А. Д. Меншыкава (1706), пасля перамогі ў бітве пры Лясной (1708) яны праходзілі праз горад і разбурылі яго. У першай чвэрці 18 ст. у горадзе быў пабудаваны першы касцёл.

У Расійскай імперыі правіць

 
Будынак Гомельскага філіяла РУП «Белпошта». Былы даходны дом купца Лейбы Маянца. Помнік архітэктуры. Вуліца Савецкая 8.
 
Помнік М. П. Румянцаву
 
Будынак Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці. Былы Руска-Азіяцкі банк камерцыйнага крэдыту. Будынак 1910—1912 гг. пабудовы, помнік архітэктуры. Арх. Оскар Р. Мунц. Выкананы ў стылі неакласіцызму. Вуліца Савецкая 9.

У склад Расійскай імперыі Гомель увайшоў пры першым падзеле Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, і быў канфіскаваны ў імператарскую казну. У 1775 годзе імператрыца Кацярына II падарыла Гомель і Гомельскае староства ў вечнае спадчыннае валоданне вядомаму рускаму палкаводцу П. А. Румянцаву-Задунайскаму «для забавы». У 1779 годзе староства ўключала 82 вёскі з 12 665 дварамі. Румянцаў, не жадаючы прысутнасці ў сваім горадзе павятовых чыноўнікаў, дамогся ператварэння Гомеля ў прыватнаўласніцкае мястэчка пры ўмове пабудовы ім новага горада, дзе б размясціўся павятовы цэнтр. У 1796 годзе была створана Беларуская губерня. Горад стаў павятовым горадам Рагачоўскай правінцыі. Затым (1802) губерню падзялілі на дзве — Віцебскую і Магілёўскую. Значная частка Гомельскай вобласці і Гомель былі ўключаныя ў Магілёўскую губерню. Пры ўтварэнні ў складзе Магілёўскай губерні паветаў, Гомель увайшоў у Беліцкі павет; яго адміністрацыя часова размясцілася ў мястэчку Беліца, што ў 20 км на паўночны захад ад Гомеля (цяпер вёска Старая Беліца Гомельскага раёна). Будаўніцтва Румянцавым новага павятовага цэнтра — Новай Беліцы — ажыццяўлялася ў 1777—1786 гадах на левым беразе ракі Сож у 3 вярстах ад Гомеля. У 1805—1826 гадах у вёсцы Студзёная Вада (цяпер у межах горада) дзейнічаў шклозавод[25]. У 1852 годзе новы ўладальнік Гомеля князь І. Ф. Паскевіч перавёў павятовы цэнтр у Гомель з перайменаваннем павета ў Гомельскі, абвясціўшы Новую Беліцу заштатным горадам, а затым (1854) яна была далучаная да Гомеля ў якасці прадмесця (цяпер — Навабеліцкі раён Гомеля). На аснове герба Новай Беліцы (1781) быў распрацаваны герб Гомеля (1856).

Перыяд знаходжання Гомеля ў складзе Расійскай імперыі адзначыўся бурным ростам насельніцтва, гарадской інфраструктуры, прамысловага патэнцыялу. П. А. Румянцаў замест драўлянага замка Чартарыйскіх у 1785—1793 гадах пабудаваў каменны палац, які затым неаднаразова дабудоўваўся наступнымі ўладальнікамі Гомеля. У 1809—1819 гадах па праекце архітэктара Джона Кларка (жыў і працаваў у Гомелі ў 1800—1826 гадах) быў узведзены Петрапаўлаўскі сабор. 8 лістапада 1819 года ў Гомелі адкрылася першая ў Расіі ланкастэрская школа. Яна была пабудаваная на цэнтральнай вуліцы Гомеля па праекце таго ж Джона Кларка. Гэта быў цэлы комплекс будынкаў (галоўны корпус і чатыры флігелі, лазні, гумно, стайні) з зямельнымі ўгоддзямі, узорнай фермай і майстэрнямі. Гэта была першая навучальная ўстанова такога тыпу ў Расійскай імперыі.

У горадзе сталі праводзіцца два штогадовыя кірмашы — студзеньскі (Васільеўскі) і вераснёвы (Узвіжанскі), у 1840-х гадах да іх дадаўся гадавы (Траецкі). У снежні 1796 года пасля смерці П. А. Румянцава-Задунайскага ўладальнікам Гомеля стаў яго сын М. П. Румянцаў. Пры ім у Гомелі адкрыліся першая гімназія (1797), Гасціны двор, шкляны, кафляны, спіртавы заводы, ткацкая і прадзільная фабрыкі, пабудаваны пастаянны драўляны мост праз Сож. У 1822 годзе было скончана будаўніцтва касцёла. Пры М. П. Румянцаве таксама адбылося ўмацаванне стараверскай абшчыны, пабудавана сінагога, аптэка і багадзельня. У 1793 годзе на беразе Сожа была пабудаваная Ільінская царква, якая ўяўляе сабой 3 пастаўленыя адзін на другі зрубы. У цяперашні час прызнаная помнікам драўлянага дойлідства.

Пасля смерці М. П. Румянцава (1827) уладальнікам горада стаў яго брат С. П. Румянцаў. Пры ім былі пабудаваныя Траецкая царква і будынак духоўнага вучылішча. З прычыны безграшоўя С. П. Румянцаў заклаў Гомель у дзяржаўную казну Расійскай імперыі (1827) за 401,1 тыс. рублеў, а ў 1834 годзе, не маючы магчымасці пагасіць доўг, прадаў маёнтак казне. Палацавую частку горада набыў у яго князь І. Ф. Паскевіч-Эрыванскі, якому Мікалай I падарыў (1838) астатнюю частку горада.

Пры І. Ф. Паскевічу былі адкрытыя шкляная мануфактура, цукравы завод (1832), свечачны завод (1840), крупадзёрка (1853), некалькі лінна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў, царкоўна-прыходскае аднакласнае вучылішча (у Новай Беліцы, 1835) народнае вучылішча (1841). У сярэдзіне XIX стагоддзя на тры гомельскія кірмашы штогод прывозілася тавару больш чым на 1 млн рублёў (39 % прывозу і 38 % рэалізацыі ўсіх тавараў Магілёўскай губерні). Гомельскі маёнтак І. Ф. Паскевіча складаўся з 8 эканомій з 209 662 дзесяцінамі зямлі. Выгаднае транспартна-геаграфічнае становішча спрыяла развіццю транспартнай сістэмы і далейшаму росту Гомеля як прамысловага цэнтра. У 1850 годзе праз Гомель прайшла шасейная дарога Санкт-Пецярбург — Адэса і першая ў Расіі тэлеграфная лінія Санкт-Пецярбург — Севастопаль, у 1873 — Лібава-Роменская чыгунка, у 1888 — Палеская чыгунка. На 1854 год у горадзе пражывала 10,1 тыс. насельніцтва і налічвалася 1219 будынкаў. Горад моцна пацярпеў ад пажару 1856 года, калі згарэла 540 дамоў. У сярэдзіне XIX стагоддзя склалася планіровачная схема горада, якая захавалася да нашага часу, з кампазіцыйным цэнтрам — палацам, паркам і цэнтральнай Саборнай плошчай з двух’ярусным гасціным дваром, гандлёвымі радамі, каталіцкім касцёлам, ратушай. Дзве просталінейныя вуліцы Румянцаўская (у цяперашні час Савецкая) і Замкавая (цяпер праспект Леніна) стваралі двухпрамянёвую планіровачную сістэму. Праз Сож дзейнічаў 175-сажнёвы мост на плытах. На левым беразе знаходзілася насыпная плаціна з 9 драўлянымі мастамі (разбурана вясновай паводкай 1845 года). 25 верасня 1852 года Гомель атрымаў статус горада, ён стаў цэнтрам павета Магілёўскай губерні. У 1854 годзе да яго быў далучаны горад Новая Беліца з 1646 жыхарамі (3 цагляныя, 302 драўляныя дамы, 2 драўляныя царквы, 2 габрэйскія малітоўныя школы, царкоўна-прыходская школа, крупяны завод, запалкавы завод, 4 ветраныя млыны). У 1857 годзе праз раку быў пабудаваны арачны мост.

І. Ф. Паскевіч заснаваў вакол палаца парк, які стаў унікальным прыродным аб’ектам (цяпер Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), тэатр.

Пасля смерці І. Ф. Паскевіча ў 1856 годзе маёнтак перайшоў да яго сына Ф. І. Паскевіча. Пры ім былі заснаваныя 3 чугуналіцейныя прадпрыемствы, 2 цагляныя заводы, запалкавая фабрыка «Везувій», вуліцы пачалі асвятляцца газам (1873) і брукавацца (з 1879). Жонкай Фёдара Іванавіча Паскевіча Ірынай Іванаўнай у Гомелі быў заснаваны прытулак для малалетніх дзяўчынак, грамадства дапамогі навучэнцам (1878), пабудаваны будынак Гомельскага прытулку, мужчынская класічная гімназія, вочная лякарня. Княгіня спрыяла пабудове водаправода, утрымлівала іншыя ўстановы адукацыі і аховы здароўя. У 1912 годзе выдавалася газета «Отклики».

У 1913 годзе Гомель быў буйным прамысловым цэнтрам і налічваў 104,5 тысячы чалавек насельніцтва. Найбуйнейшымі прадпрыемствамі з’яўляліся механічныя майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі і запалкавая фабрыка «Везувій». Падчас Першай сусветнай вайны ў Гомелі створана 8 шпіталяў і тылавая гаспадарка Варшаўскай ваеннай акругі, Гомельскі перасыльны пункт, франтавыя майстэрні. Працавалі эвакуіраваныя з іншых гарадоў прадпрыемствы.

У савецкі перыяд правіць

 
Вежа са шпілем, увенчанным зоркай у лаўровым вянку. Помнік архітэктуры. 1954 год пабудовы. Вуліца Савецкая 41
 
Мемарыальная пліта на магіле камунарам-чэкістам у скверы імя Ф. Э. Дзяржынскага

Падчас Грамадзянскай вайны асноўнымі падзеямі сталі акупацыя Гомеля германскімі войскамі (1 сакавіка 1918 г.), установа Гомельскай дырэкторыі (17 снежня 1918 г.) і ўвод у Гомель войскаў Украінскай Народнай Рэспублікі, уваходжанне горада ў склад Украінскай дзяржавы і адкрыцце ўкраінскага тэатра, адступленне немцаў і захоп горада войскамі Чырвонай арміі (14 студзеня 1919 г.). Найбуйнейшым у Гомелі выступам супраць бальшавікоў стала Стракапытаўскае паўстанне: паўстанцы захапілі стратэгічныя аб’екты і расстралялі членаў савецкага кіраўніцтва горада, але самі былі разбіты Чырвонай арміяй[26].

У 1919 годзе Гомель стаў цэнтрам створанай Гомельскай губерні РСФСР. Пасля заканчэння ваенных дзеянняў пачалося аднаўленне прамысловасці і транспарту. У ліпені 1920 года пачалі працу суднарамонтныя майстэрні (з 1935 г. суднарамонтны завод). У 1921 годзе ўступіла ў строй фабрыка «Палесдрук» (створана на базе некалькіх дробных паліграфічных майстэрняў). У 1922-1924 створана фабрыка «Труд», хлебакамбінат. 29 красавіка 1923 года пачала работу 1-я чарга гарадской электрастанцыі. 4 лістапада 1928 года адкрыт рух на чыгуначнай лініі Навабеліца — Прылукі. У 1928 годзе пачалося будаўніцтва завода «Гомсельмаш», у 1929 годзе — мясакамбіната, у 1930 годзе — тлушчавага камбінату, у 1929-1932 гадах пабудаваны дрэваапрацоўчы камбінат. У 1933 годзе заснаваны рачны порт.

 
10 рублёў Гомельскага гарадскога самакіравання, 1918

У 1926 годзе на Гомельшчыне працавала камісія Палітбюро ЦК ВКП(б), якая прызнала беларускі характар насельніцтва губерні, хаця і адзначала нізкі ўзровень яго самасазнання і адмоўныя адносіны да беларусісацыі. Згодна з прынятым раней рашэннем аб далучэнні да БССР раёнаў з пераважна беларускім насельніцтвам 18.11.1926 Палітбюро ЦК ВКП(б) пастанавіла далучыць Гомельскі і рэчыцкі паветы Гомельскай губерні ў склад БССР[27][28]. 1 — 2.12.1926 гэту прапанову адобрыў аб’яднананы пленум Гомельскага губкама і гаркама ВКП(б)[28].

У перыяд індустрыялізацыі створана фабрыка «Камінтэрн», паравоз-вагонарамонтны завод, завод «Гомсельмаш», іншыя прадпрыемствы. Да 1940 года ў горадзе налічвалася 264 прамысловых прадпрыемствы, па аб’еме прадукцыі Гомель займаў 3-е месца ў БССР пасля Мінска і Віцебска, яго ўдзельная вага складала 16,6 % прамысловасці БССР. Функцыянавалі настаўніцкі і лесатэхнічны інстытуты, 2 НДІ.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны горад быў акупаваны Нямеччынай 19 жніўня 1941 года . Разгарнулася партызанскі і падпольны рух. Горад быў вызвалены 26 лістапада 1943 года войскамі Беларускага фронту пад камандаваннем К. Ракасоўскага ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі. Горад быў разбураны больш чым на 80 %, знішчаны амаль усе прамысловыя вытворчасці.

Не паспелі эвакуіравацца яўрэі Гомеля, якія складалі да вайны 29,38 % ад агульнай колькасці жыхароў[26], практычна цалкам былі знішчаны ў Гомельскім гета.

Пасля вайны пачалося імклівае аднаўленне горада. Да 1950 года аднавілі сваю працу амаль усе прадпрыемствы даваеннага часу[26].

7 кастрычніка 1957 года ў склад горада ўключаны вёскі Прудок Пакалюбіцкага сельсавета, вёска Якубаўка і пасёлак імя Чапаева Улукаўскага сельсавета[29], 25 чэрвеня 1960 года — вёска Ляшчынец Давыдаўскага сельсавета[30], 25 чэрвеня 1963 года — вёска Паўлава Давыдаўскага сельсавета, пасёлкі Масцішча і Хутар Сеўрукоўскага сельсавета[31], 19 мая 1965 года — вёска Ніжні Брылёў Красненскага сельсавета[32], 29 красавіка 1968 года — пасёлак Сонечны і вёска Падгорная Давыдаўскага сельсавета[33], 6 красавіка 1972 года — пасёлак Чырвоны Кастрычнік Пакалюбіцкага сельсавета[34], 1 жніўня 1974 года — вёска Валатава Пакалюбіцкага сельсавета[35], 23 лютага 1983 года — пасёлак Спадарожнік Міру, вёска Старая Мільча і большая частка вёскі Новая Мільча Красненскага сельсавета[36], 12 мая 1983 года — пасёлак Будзёнаўскі Пакалюбіцкага сельсавета[37]

У 1970 годзе Гомель узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Вялікую шкоду гораду нанесла аварыя на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Гомель апынуўся ў зоне радыеактыўнага заражэння. Экалагічную сітуацыю пагоршыў глыбокі эканамічны крызіс, які пачаўся ў канцы 1980-х гадоў. Гэта паслужыла прычынай рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця і дэпапуляцыі на працягу 1990-х гадоў. У 1991 годзе Гомель стаў часткай якая абвесціла незалежнасць Беларусі[26].

У Рэспубліцы Беларусь правіць

 
Дом у новым мікрараёне Гомеля

У першую палову 1990-х гадоў Гомель, як і ўся Беларусь, быў ахоплены вострым эканамічным крызісам, смяротнасць стала перавышаць нараджальнасць, аб’емы эканамічнага вытворчасці рэзка знізіліся. З 1996 года пачалося паступовае адраджэнне. Пабудаваны новыя аб’екты (Прыгарадны чыгуначны вакзал, Лядовы палац, тры вяслярных базы, рэканструяваны Цэнтральны стадыен, палац гульнявых відаў спорту, Палац водных відаў спорту і інш.), рэканструяваны асноўныя славутасці, адкрываюцца новыя тралейбусныя лініі, устаноўлены помнікі М. П. Румянцаву, Кірыле Тураўскаму, Янку Купалу, пабудаваныя новыя жылыя мікрараёны.

У цяперашні час Гомель па колькасці насельніцтва (530,7 тысячы чалавек), плошчы тэрыторыі (135,4 км²) і прамысловай вытворчасці з’яўляецца другім горадам Беларусі пасля сталіцы. У горадзе налічваецца 795 вуліц, працягласцю 478,4 км, 26 транспартных пуцеправодаў і мастоў. Неад’емнай часткай аблічча сучаснага горада стаў пешаходны мост праз раку Сож даўжыней 243 м, які злучыў адміністрацыйны цэнтр горада і выдатную левабярэжную зону адпачынку гамяльчан. Горад па праву лічыцца адным з самых зяленых у рэспубліцы. Дрэвы, хмызнякі і кветкі займаюць больш за 660 га.

Будынкі савецкага перыяду
     

Насельніцтва правіць

Пасля далучэння Гомеля да Расійскай імперыі і стварэння рысы аселасці, Гомель паступова становіцца адным з цэнтраў рассялення яўрэйскага насельніцтва Расіі. Паводле перапісу 1897 гады ў Гомелі пражывала каля 25 %. У 1903 годзе ў Гомелі адбыўся яўрэйскі пагром. У 1926 годзе яўрэі складалі каля 35 % насельніцтвы Гомелю. Масавая эміграцыя яўрэяў з Гомеля прыйшлася на канец 1980 — пачатак 1990 гадоў, у выніку чаго яўрэйскае насельніцтва горада ў 1999 годзе ў параўнанні з 1979 годам скарацілася ў 6,5 разоў, дасягнуўшы адзнакі 4029 чалавек.

Колькасць працаўнікоў, занятых у народнай гаспадарцы, складае каля 192 тыс. чалавек, у тым ліку ў прамысловасці — каля 69 тыс. чалавек. Нацыянальны склад: беларусы — 76,7 % ад агульнай колькасці, рускія — 16,9 %, украінцы — 5,1 %. У агульнай колькасці насельніцтва 55 % складаюць жанчыны і 45 % — мужчыны.

  • XXI стагоддзе: 2009 год — 477 079 чал.; 2009 год — 482 652 чал. (перапіс)[3]; 2010 год — 484 466 чал.; 2011 год — 491 790 чал.; 2012 год — 498 075 чал.; 2013 год — 505 362 чал.; 2014 год — 512 314 чал.; 2015 год — 516 976 чал.[38]; 2016 год — 521 452 чал.[39]; 2017 год — 535 229 чал.[40], 2023 год — 501 802 чал.

У зборніку Demographia World Urban Areas за 2023 год, сярод 1000 найбуйнейшых агламерацый свету Гомельская агламерацыя 758-я па колькасці насельніцтва.[41]

Эканоміка правіць

 
Чыгуначны вакзал

Буйны прамысловы цэнтр Беларусі. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (радыёзавод, завод станочных вузлоў, станкабудаўнічы імя Кірава («СтанкаГомель»), Гомсельмаш, пускавых рухавікоў, Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт»), хімічнай (хімічны завод), лясной, электратэхнічнай (ААТ «Ратон»), цэлюлозна-папяровай, лёгкай («Камінтэрн»), харчовай прамысловасці (кандытарская фабрыка «Спартак», «Малочныя прадукты», Гомельскі мясакамбінат), будаўнічых матэрыялаў («Гомельбудматэрыялы»), Гомельскі лікёра-гарэлачны завод. Гомель — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы: «Гомель», «Верас», «Дынама», «У палёт», «Кастрычніцкая», «Сож», «Турыст», гасцінічны комплекс «Уют», Гомельскага дзяржаўнага цырка, «Навучальна-метадычны цэнтр прафсаюзаў» («Надзея»).

Транспарт правіць

 
Аўтобус МАЗ-215 на вуліцы Гомеля
 
Тралейбус БКМ-321D на вуліцы Гомеля

Вузел чыгунак і аўтадарог. Чыгуначны вузел з напрамкамі на Жлобін, Калінкавічы, Бабруйск, Чарнігаў. Порт на рацэ Сож. Недалёка ад горада размешчаны Аэрапорт Гомель (пагранічны пункт пропуску).

Грамадскі транспарт у Гомелі прадстаўлены тралейбусамі, аўтобусамі, маршрутнымі таксі.

Тралейбусны рух у Гомелі адкрыты 20 мая 1962 года і налічвае 29 маршрутаў. Працягласць вулічнай сеткі з транспартнымі лініямі складае каля 74 км, а агульная працягласць тралейбусных шляхоў — 475 км. Рухомы састаў прадстаўлены машынамі АКСМ-201, АКСМ-321, АКСМ-213. Лік аўтобусных маршрутаў больш за 70 агульнай працягласцю каля 670 кіламетраў, для шэрага маршрутаў існуюць экспрэс-варыянты. Рухомы састаў — у асноўным аўтобусы МАЗ-105, МАЗ-107, МАЗ-103, меней прадстаўлены МАЗ-203,МАЗ-206, з 2014 года актыўна закупляюцца аўтобусы асабліва вялікай умяшчальнасці, нізкападлогавыя МАЗ-215. На экспрэс-маршрутах выкарыстоўваюцца аўтобусы Радзіміч-А092. Дзейнічае 24 лініі маршрутных таксі, на лініях працуюць пераважна мікрааўтобусы Ford Transit, Газэль, Mercedes-Benz, Peugeot.

Культура правіць

Дзейнічаюць 4 творчыя саюзы, 3 тэатры (Абласны драмтэатр, тэатр лялек, маладзёжны тэатр), 3 кінатэатры, філармонія, цырк, 3 выставачныя залы, шэраг іншых музеяў, помнік архітэктуры 18-19 стст. палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў, каледж мастацтваў, мастацкая галерэя, мастацкае вучылішча, гарадскія сімфанічны і духавы аркестры, 7 дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, адна харэаграфічная і адна мастацкая школы, шэраг цэнтраў і палацаў культуры, бібліятэк (у тым ліку самая вялікая ў Гомельскай вобласці Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна). Штогод праводзіцца каля 20 фестываляў, у тым ліку міжнародныя: фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», тэатральны фестываль «Славянскія тэатральныя сустрэчы», маладзёжныя музычныя — «Арт-сесія», «Рэнесанс гітары», фестываль рок-музыкі «Go-Fest», адкрытыя міжнародныя турніры па спартыўных танцах. Арганізуюцца дзясяткі выставак.

У горадзе існуюць клубы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Высокага Сярэдневякоўя, Позняга Сярэдневякоўя і Другой сусветнай вайны. Дзейнасць клубаў падтрымліваецца інтэрнэт-форумам «Гомельскі Гістарычны Форум. Метады прыкладнай гісторыі»[42].

Гомельскія клубы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Сярэдневякоўя (у парадку ўзнікнення)[43]

  • «Сцяг Алега Святаславіча». Год заснавання — 1998. Кірунак дзейнасці — Паўднёва-Рускія княствы ў 12—13 стагоддзях. У цяперашні час існуюць у выглядзе кампаніі сяброў. Працягваюць займацца гістарычнай рэканструкцыяй і бяруць удзел у фестывалях.
  • «Старая Вежа». Год заснавання — 2001. Кірунак дзейнасці — матэрыяльная культура і духоўныя каштоўнасці Свяшчэннай Рымскай імперыі канца 13 — пачатку 16 стагоддзяў. Праводзіць жнівеньскія рыцарскія пешыя турніры. У 2008 годзе — чацвёрты. Мае статус «закрытага» (толькі для ўдзельнікаў) рэгіянальнага мерапрыемства[44].
  • «Грыдні Мсціслава Глебавіча». Дата заснавання — 21 лютага 2004. Кірунак дзейнасці — гарадская культура Паўднёва-Рускіх княстваў у 13 стагоддзі («ад Калкі да Нашэсця»)[45].
  • Клуб старадаўняга танца «Турдыён». Дата заснавання — 17 верасня 2006. Кірунак дзейнасці — вывучэнне еўрапейскіх танцаў эпохі Сярэдневякоўя, Адраджэння і інш. аж да 17 стагоддзя (контрдансы).
  • «Morgenstern» (Ранішняя Зорка). Год заснавання — 2007. Кірунак дзейнасці — матэрыяльная культура Вялікага Княства Літоўскага 14-15 стагоддзяў.
  • «Залатая рысь». Год заснавання — 2007. Кірунак дзейнасці — матэрыяльная культура Польскага Каралеўства 14—16 стагоддзяў.

Рэканструкцыя эпохі Другой сусветнай вайны ў Гомелі прадстаўлена падраздзяленнем «Пошук» ваенна-патрыятычнага клуба «Гонар» і прыватнымі асобамі.

Клімат правіць

Клімат Гомеля
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 9,6 15,8 21,5 29,3 32,5 36,2 37,9 38,9 34,9 27,5 18,0 11,6 38,9
Сярэдні максімум, °C −2 −1,2 4,6 13,2 20,2 23,2 25,2 24,3 18,1 11,3 3,6 −1 11,6
Сярэдняя тэмпература, °C −4,2 −3,5 1,3 9,0 15,0 18,6 20,4 19,3 13,7 7,4 1,6 −2,7 8,0
Сярэдні мінімум, °C −6,9 −7,1 −2,8 4,1 9,6 12,9 14,8 13,6 8,7 3,7 −1,4 −5,6 3,6
Абсалютны мінімум, °C −35 −35,1 −33,7 −13,6 −2,5 −0,2 6,0 1,2 −3,6 −12 −21,7 −30,8 −35,1
Норма ападкаў, мм 36 35 36 35 64 73 100 56 52 58 45 42 632
Крыніца: Надвор'е і клімат

Найвялікшая месячная колькасць ападкаў — 236 мм (ліпень 2000 г), найменшая месячная колькасць ападкаў — 0,8 мм (кастрычнік 2021 г).

Адміністрацыйны падзел правіць

 
Раёны Гомеля і іх насельніцтва.

Горад падзяляецца на 4 раёны:

Па меры разрастання горада Гомеля, у яго склад былі ўключаны некаторыя населеныя пункты:

Славутасці правіць

 
Палац Румянцавых і Паскевічаў
 
Вежа агляду

За больш чым восем стагоддзяў гісторыі славутасцей у Гомелі захавалася досыць шмат. Асноўная іх частка адносіцца да канца XVIII—XIX стагоддзяў. Усе яны сканцэнтраваны ў цэнтральнай частцы горада. Асноўныя славутасці:

Для агляду горада папулярны кола агляду і вежа агляду, размешчаныя ў парку ў некалькіх сотнях метраў ад палацавага комплексу і якія зараз знаходзіцца на рамонце (дадзеныя на 10/05/10). Паколькі рэльеф Гомеля адносна раўнінны, вышыні будынкаў цалкам хапае для агляду горада.

З новых — будынак стацыянарнага цырка, пабудаванага ў 1972 годзе, мае форму лятаючай талеркі, адзін з самых скандальных у той час будынкаў краіны, які не ўпісваецца ў стандартныя праекты сацрэалізму; брацкая магіла савецкіх воінаў з Вечным агнём і статуяй салдата на плошчы Працы і іншыя помнікі.

Старшыні гарвыканкама правіць

Вядомыя асобы правіць

Сярод знакамітых людзей, чый жыццёвы шлях пачынаўся ў Гомелі, можна назваць такіх выдатных дзеячаў, як Андрэй Андрэевіч Грамыка (Міністр замежных спраў СССР) і Павел Восіпавіч Сухі (савецкі авіяканструктар), якім у Гомелі ўсталяваныя бронзавыя бюсты (як двойчы героям сацыялістычнай працы), І. Д. Чарняхоўскі. Адна з вуліц горада названа ў гонар братоў Герояў Савецкага Саюза Пятра і Аляксандра і камандзіра партызанскага атрада Яўгена Лізюковых, якія нарадзіліся ў Гомелі.

У Гомелі нарадзіўся вядомы савецкі матэматык Леў Генрыкавіч Шнірэльман і географ А. Г. Ісачэнка. У 1888 годзе ў Гомелі нарадзіўся выдатны савецкі геолаг, геахімік і мінералог, акадэмік АН УЗССР Аляксандр Сяргеевіч Уклонскі. У 1920-я гады ў Гомелі таксама жыў і працаваў выдатны псіхолаг Леў Сямёнавіч Выгоцкі.

З сучасных знакамітасцей, якія нарадзіліся ў Гомелі, — папулярны рэп-спявактСерёга. У 1981 годзе ў Гомелі нарадзіліся сучасныя беларускія пісьменніцы Аксана Бязлепкіна і Югася Каляда. Да Чарнобыльскай аварыі ў 1986 годзе ў Гомелі пражывалі бацькі тэнісісткі Марыі Шарапавай.

У 1986 годзе ў Гомельскім цырку падчас выступлення трагічна загінула цыркавая артыстка Ірына Асмус, вядомая ўсёй краіне па ролі Ірыскі ў «Абвгдэйцы» (16 сакавіка 1986 гады). Іншы вядомы чалавек, які памёр у Гомелі, — акцёр Уладзіслаў Вацлававіч Дваржэцкі, вядомы па ролях Ільіна з фільма «Зямля Саннікава» і прынца Дакара ў «Капітане Нэма».

Гл. таксама

Гарады-пабрацімы правіць

Спіс гарадоў-пабрацімаў Гомеля[49][50]:

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

  1. https://blr.belta.by/president/view/kadravy-dzen-u-lukashenki-novyja-kirauniki-u-raenah-i-inshyja-naznachenni-122560-2022/
  2. Численность населения на 1 января 2023 г. и среднегодовая численность населения за 2022 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2023.
  3. а б Перепись населения Республики Беларусь 2009 года. Национальный состав населения Гомельской области. (руск.)
  4. (unspecified title)Белпошта.
  5. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  6. Языком документов [падборка гістарычных крыніц па гісторыі Гомеля] // Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 181—184.
  7. а б в Темушев, В. Н. Гомельская земля в конце XV — первой половине XVI в. : территориальные трансформации в пограничном регионе / В. Н. Темушев. — Москва : Квадрига, 2009. — С. 7.
  8. Языком документов [падборка гістарычных крыніц па гісторыі Гомеля] // Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 184—185.
  9. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. — Санкт-Петербург : В тип. Э. Праца, 1853. — Т. 5. — С. 37—67.
  10. Акты, издаваемые Комиссиею, высочайше учрежденною для разбора древних актов в Вильне : Акты Главного литовского трибунала. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. 13 — С. 343—377.
  11. Темушев, В. Н. Гомельская земля в конце XV — первой половине XVI в. : территориальные трансформации в пограничном регионе / В. Н. Темушев. — Москва : Квадрига, 2009. — С. 15—18.
  12. Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 37 (1552—1561) / Parengė D. Baronus. — Vilnius : Lietuvos istorijos instituto leidykla, 2011. — С. 341.
  13. а б Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 6.
  14. 1649, липня 10. — Під Гомелем. — Конфесати чотирьох полонених повстанців, в тому числі і фрагмент конфесати військового писаря // Мицик, Ю. Albaruthenica / о. Юрій Мицик. — Київ : Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Гру­шевського НАН України, 2009. — С. 176.
  15. Документы об освободительной войне украинского народа. 1648—1654 гг. / Ин-т истории Акад. наук УССР. Архивное упр. при Совете Министров УССР. — Киев : Наукова думка, 1965. — С. 520.
  16. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 165, 178, 195, 206.
  17. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 106, 119.
  18. V. Urbutis. Liet. gomus, -i «norus, noringas, linkęs», la. gama «kas pernelyg daug valgo» ir kiti giminiški žodžiai // Baltistica, 1973, t. 9(2). С. 183—188.
  19. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 368—369.
  20. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 118.
  21. Гомель: Энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Минск: БелСЭ, 1990. — С. 191.
  22. Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 65.
  23. Легенды і паданні. Мінск, 1983. № 356. С. 269.
  24. Макушников О. В поисках древнего Гомия. — Гомель, 1994. С. 54.
  25. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 219. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  26. а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632 с.
  27. Сяргей Хоміч. Узбуйненне БССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / Рэдкал.: Г. п. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны—Усая. — С. 566-567. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0241-8.
  28. а б Н. И. Каминский. Укрупнение БССР // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. Т. 1. История. Общественный и государственный строй. Законодательство и право. Административно-территориальное деление. Населенные пункты. Международные связи / Ред. кол.: П. У. Бровка и др. Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. - С. 705. - 768 с. - 50 000 экз.
  29. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Гомеля вёсак Прудок, Якубаўка і пасёлка імя Чапаева, Гомельскага раёна ад 7 кастрычніка 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 10.
  30. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 25 чэрвеня 1960 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Гомеля вёскі Ляшчынец Гомельскага раёна // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 16.
  31. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 25 чэрвеня 1963 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Гомеля населеных пунктаў Паўлава Давыдаўскага сельсавета, Масцішча і Хутар Сеўрукоўскага сельсавета Гомельскага раёна // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1963, № 21 (1021).
  32. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 19 мая 1965 г. Аб уключэнні населеннага пункта Ніжні Брылёў Красненскага сельсавета Гомельскага раёна ў мяжу горада Гомеля // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1965, № 19 (1099).
  33. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 29 красавіка 1968 г. Аб уключэнні ў мяжу горада Гомеля пасёлка Сонечны і вёскі Падгорная Давыдаўскага сельсавета Гомельскага раёна // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1968, № 13 (1207).
  34. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 6 красавіка 1972 г. Аб уключэнні ў састаў горада Гомеля пасёлка Красны Акцябр Пакалюбіцкага сельсавета Гомельскага раёна // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 11 (1349).
  35. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР № 389—VIII ад 1 жніўня 1974 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада горада Гомеля вёскі Валатова Пакалюбіцкага сельсавета Гомельскага раёна // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 23 (1433).
  36. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 23 лютага 1983 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Гомеля пасёлка Спадарожнік Міру, вёскі Старая Мільча і часткі вёскі Новая Мільча Красненскага сельсавета Гомельскага раёна Гомельскай вобласці // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1983, № 6 (1740).
  37. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 12 мая 1983 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Гомеля пасёлка Будзёнаўскі Пакалюбіцкага сельсавета Гомельскага раёна Гомельскай вобласці // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1983, № 14 (1748).
  38. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  39. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  40. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  41. "World urban areas" (PDF)(нявызн.).
  42. Гомельскі Гістарычны Форум. Метады прыкладнай гісторыі. Архівавана 1 лютага 2011.
  43. Гомельскі Гістарычны Форум. Клубы Архівавана 18 студзеня 2012.
  44. Рыцарский фест «Старая вежа» открылся под Гомелем Архівавана 8 красавіка 2009.
  45. «Грыдні Мсціслава Глебавіча» — гомельскі клуб гістарычнага мадэлявання Архівавана 30 снежня 2010.
  46. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2010 г. № 123(недаступная спасылка)
  47. Государственное историко-культурное учреждение «Гомельский дворцово-парковый ансамбль»
  48. Кадравы дзень у Лукашэнкі. Новыя кіраўнікі ў раёнах і іншыя назначэнні // БелТА. 12 снежня 2022
  49. Города-побратимы Гомеля
  50. Шатландскі і польскі гарады разарвалі ўсе сувязі з беларускім Гомелем Архівавана 16 сакавіка 2022.

Памылка ў зносках: тэг <ref> з імем "gki", вызначаны ў <references>, не згадваецца ў папярэднім тэксце.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць