Лібава-Роменская чыгунка
Лібава-Роменская чыгунка — чыгуначная лінія, якая ў 1877—1919 гады звязвала беларускія губерні Расійскай імперыі з партамі Балтыйскага мора і Украінай.
Лібава-Роменская чыгунка | |
---|---|
Гады працы: | 1876—1918 |
Краіна: | Расійская імперыя |
Горад кіравання: | Мінск |
Стан: | увайшла ў склад Заходніх чыгунак |
Канцэсія на пабудову дарогі была перададзеная Галоўнаму таварыству расійскіх чыгунак у 1856 годзе, але тады яна не была пабудавана праз адсутнасць капіталу. Потым дамова была перададзеныя інжынеру фон Меку. Казной чыгунка выкуплена 1 мая 1891 года.
Агульная працягласць дарогі склала 1275 вёрст. Чыгунка ўводзілася ў эксплуатацыю асобнымі дзялянкамі: Лібава (Ліепая) — Кашадары, 294 вярсты, у верасні 1871 года; Новая Вільня (цяпер гарадскі раён Вільні) — Мінск, 173 вярсты, у студзені 1873 года; Мінск — Бабруйск, 139,5 вярсты, у верасні 1873 года; Бабруйск — Гомель, 141,8 вярсты, у лістападзе 1873 годзе; Гомель — Бахмач, 184 вярсты ў студзені 1874 годзе. Дарога ўлучала таксама дзялянку Кашадары — Вільня Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.
Скразны рух цягнікоў ад Лібавы да места Ромны пачаўся 15 ліпеня 1874 года. На тэрыторыі Беларусі дарога перакрыжоўвалася ў Мінску з Маскоўска-Брэсцкай, у Жлобіне з Пецярбургска-Адэскай, у Гомелі з Палескімі чыгункамі. Буйнымі чыгуначнымі станцыямі на Беларусі з'яўляліся Беразіна, Бабруйск, Гомель, Жлобін, Мінск, Маладзечна.
Важнае значэнне ў перавозках па чыгунцы адводзілася хлебным грузам. Сярэдняя загрузка таварнага вагона складала 600 пудоў. Па Лібава-Роменскай чыгунцы ў 1890 годзе было перавезена 1 085 019 пасажыраў. Збор з іх склаў 1 281 144 руб. У 1896 годзе было ўжо перавезена 1 516 000 пасажыраў, а грузаў — 185 623 пуды. Агульная сума валавога даходу склала 14 966 719 руб. У 1910 годзе было перавезена 3,5 млн пасажыраў і 355 млн пудоў грузаў.
Лібава-Роменская чыгунка ў 1911 годзе налічвала 444 паравозы, 439 пасажырскіх і 11 632 грузавыя вагоны. Разам з Маскоўска-Брэсцкай, Рыга-Арлоўскай і Палескімі чыгункамі яна садзейнічала развіццю прамысловасці, гарадоў, рыначных адносін на Беларусі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года дарога была нацыяналізавана і падпарадкавана Наркамату шляхоў зносін РСФСР. У 1920—1921 гадах частка Лібава-Роменскай чыгункі адышла да Латвіі, Літвы і Польшчы.[1]
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Памяць. Мінск 2002, с. 41—42.
Літаратура
правіць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 714 с.: іл. — ISBN 985-6302-46-3.