Палескія чыгункі

Пале́ская чыгу́нка — дзяржаўная сетка чыгунак, пабудаваныя ў 1882—1907 гадах. Праходзіла па тэрыторыі Віленскай, Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай, Валынскай, Магілёўскай, Чарнігаўскай, Арлоўскай губерняў. Знаходзілася пад наглядам МШЗ (управа ў Вільні).

Вакзал станцыі Баранавічы.

Гісторыя правіць

 
Будынак адміністрацыі Палескай чыгункі ў Вільні (цяпер адміністрацыйны будынак ААТ «Літоўская чыгунка»).

Да з’яўлення першай чыгуначнай лініі на тэрыторыі Беларусі група буйных палескіх землеўласнікаў, сярод якіх князі Эдвін Друцкі-Любецкі, Уладзіслаў і Раман Сангушкі, Пётр Вітгенштэйн, графы Іван Тышкевіч, Аўгуст Замойскі, Стэфан і Канстанцін Патоцкія, хадайнічалі пра пракладку чыгункі ад Беластока праз Пружаны ў Пінск і далей на Валынь. Аднак праз падзеі паўстання 1863—1864 гадоў ужо прынятае рашэнне было перагледжана і прызнана неадпаведным мэтам ураду, які мкнуўся звязваць заходнія губерні не з Царствам Польскім, а з цэнтрам імперыі[1].

З пачатку 1880-х гадоў царскі ўрад актыўна заняўся нацыяналізацыяй прыватных чыгунак і пабудовай новых дарог. У 1891—1896 гадах выкуплены Лібава-Роменская, Пецярбургска-Варшаўская, Дзвінска-Віцебская, Арлоўска-Віцебская, Паўднёва-Заходняя і Маскоўска-Брэсцкая чыгункі.

У 1881 годзе падпісана найвышэйшае павяленне пра будаўніцтва 136-вёрставай лініі ЖабінкаПінск, дзе ўпершыню да будаўніцтва чыгунак прыцягнуты чыгуначныя войскі. Лінію пабудавалі за адно лета. Гэтаму спрыялі раўнінная мясцовасць, што амаль не вымагала інжынерных пабудоў. 9 лістапада 1882 года на лініі распачаты пасажырскі і таварны рух. Лінія мела 74 масты, абслугоўвалася 8 паравозамі і 272 вагонамі.

24 студзеня 1883 года ваенны міністр зноў абвясціў пра неабходнасць будаўніцтва стратэгічных чыгунак праз Палессе. Гэтым разам члены Асобай нарады загадалі міністру шляхоў зносін прыняць усе меры для своечасовай будоўлі, не пазней за 3-гадовы тэрмін, Палескай чыгункі. У красавіку пачалося будаўніцтва ўчастку ВільняЛунінец і Лунінец — Пінск даўжынёй 353 вярсты, адкрытага 30 снежня 1884 года, а таксама ўчастку Лунінец — Роўна даўжынёй 182 вярсты, адкрытага 2 жніўня 1885 года. У 1886 годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю ўчасткі Лунінец — Гомель (15 лютага) і БаранавічыБеласток (23 лістапада)[2].

У 1886 годзе Вільня-Ровенская і Пінская чыгункі перайменаваны ў Палескія чыгункі. Пасля адкрыцця 8 жніўня 1887 года лініі Гомель — Бранск агульная іх даўжыня склала 1408 вёрст.

У маі 1918 годзе перададзена НКШЗ. Некаторыя лініі адышлі да Польшчы. Станам на пачатак 1991 года большасць ліній уваходзіла ў склад Беларускай і Прыбалтыйскай чыгунак.

Асноўныя лініі правіць

Даўжыня (станам на 1913 год) — 1904 вярсты (у тым ліку 1039 вёрст — дзвюхкалейных).

Начальнікі правіць

Першым начальнікам Вільня-Ровенскай і Пінскай, а затым Палескай чыгункі быў інжынер шляхоў зносін Іван Іванавіч Хадароўскі. Затым гэтую пасаду займалі інжынер шляхоў зносін Васіль Мікалаевіч Какоўцаў, інжынер шляхоў зносін Аляксандр Юльевіч Фрыдэ, а з 10 жніўня 1901 года інжынер шляхоў зносін Уладзімір Паўлавіч Рэйслер[3][4].

Рухомы склад правіць

У 1885 годзе на Палескай чыгунцы налічвалася 68 паравозаў, 200 пасажырскіх вагонаў і 1511 грузавых вагонаў. У 1905 — 410 пасажырскіх вагонаў і 7927 грузавых[5].

Інфраструктура правіць

На Палескай чыгунцы пабудаваны чыгуначныя майстэрні (Пінск, Вільня, Гомель), узведзены 412 драўляных і 235 металічных мастоў, 6 пуцепровадаў і іншыя пабудовы. Адкрыты шпаланасычальны завод, 72 пакгаўзы. Дзейнічала 17 вучылішчаў і школ (на ст. Баранавічы, Брэст, Пінск, Лунінец), курсы па падрыхтоўцы службоўцаў па камерцыйным і тэхнічным руху.

Значэнне правіць

Палеская чыгунка злучала паўднёвы захад Расіі з прыбалтыйскім, паўночна-заходнім, цэнтральна-прамысловым раёнамі. Мела ваенна-стратэгічнае значэнне, спрыяла распрацоўцы лясных масіваў Палесся, развіццю дрэваапрацоўчай і гарбарнай прамысловасці, росту гарадоў (Вільні, Слуцку, Беластоку, Брэста, Гомеля, Бранску). Адыгрывала значную ролю ў экспарце лесу і яго вывазе на ўнутраны рынак.

Зноскі

  1. Андрей Киштымов, Валентина Яновская. По семи губерниям // Транспортный вестник. — 10 мая 2012.
  2. Будаўніцтва першых дарог на сайце http://history.rw.by, прысвечанаму гісторыі Беларускай чыгункі
  3. Строительство первых дорог (руск.). Сайт «Белорусская железная дорога». Праверана 17 красавіка 2023.
  4. Дмитрий Владимиров. По рельсам истории (руск.). Сайт «Железнодорожник Белоруссии» (19 сакавіка 2022). Праверана 17 красавіка 2023.
  5. Полесские железные дороги (руск.). История строительства железных дорог в Беларуси. Беларуская чыгунка (6 ліпеня 2012).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць