Латвія

краіна на паўночным усходзе Еўропы

Ла́твія (лат.: Latvija, ліў.: Leţmō) — дзяржава ў Паўночнай Еўропе. Другая паводле плошчы і колькасці насельніцтва з трох балтыйскіх краін — меншая за Літву, большая за Эстонію. На поўдні Латвія мяжуе з Беларуссю і Літвой, на ўсходзе — з Расіяй, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна абмываецца Балтыйскім морам.

Латвійская Рэспубліка
Latvijas Republika
Герб Латвіі
Сцяг Латвіі Герб Латвіі
Дэвіз: «Dievs, Svētī Latviju»
«Божа, дабраславі Латвію»
Гімн: «Dievs, Svētī Latviju»
Дата незалежнасці 18 лістапада 1918 (ад Расійскай імперыі)
Афіцыйная мова Латышская
Сталіца Рыга
Найбуйнейшыя гарады Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая, Елгава, Юрмала
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм’ер-міністр
Эдгарс Рынкевічс
Артурс Крыш’яніс Карыньш
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні

64 589 км²
1,5
Насельніцтва
• Ацэнка (2023)
• Перапіс (2011)
Шчыльнасць

1 891 000 чал. (147-я)
2.070.371 чал.
30,1 чал./км²  (167-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$53.467 млрд[1]
$29.489  (49-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2012)
  • На душу насельніцтва

$28.324 млрд
$13.984
ІРЧП (2015) 0,830 (вельмі высокі) (44-ы)
Этнахаронім Латышы
Валюта еўра
Інтэрнэт-дамен .lv
Код ISO (Alpha-2) LV
Код ISO (Alpha-3) LVA
Код МАК LAT
Тэлефонны код +371
Часавыя паясы UTC+2 і UTC+03:00

Латвія складзена з чатырох гістарычных краёў — Курляндыі (лат.: Kurzeme) на паўднёвым захадзе, Відзэмэ (лат.: Vidzeme) на паўночным захадзе, Семігаліі (лат.: Zemgale) на паўночным усходзе і Латгаліі (лат.: Latgale) на паўднёвым усходзе. Законам 2021 года створаны пяты рэгіён — Сэлія.

Да стварэння ў 1918 годзе незалежнай латышскай дзяржавы, тэрыторыя сучаснай Латвіі ўваходзіла ў склад дзяржаўных утварэнняў нямецкіх Ордэнаў, Рэчы Паспалітай, Швецыі, Расійскай імперыі пры панавальнай ролі нямецкай арыстакратыі. У 1940—1990 гадах Латвійская ССР уваходзіла ў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Латвія — адна з краін з невялікай колькасцю насельніцтва, што працягвае скарачацца. Тэмпы скарачэння колькасці насельніцтва — адны з найвышэйшых у свеце. Дзяржаўная мова — латышская, адна з дзвюх жывых балтыйскіх моў. Сталіца Латвіі — Рыга, найбуйнейшы балтыйскі горад. Іншыя вялікія гарады — Даўгаўпілс і Вэнтспілс.

Латвія — член НАТА і Еўрапейскага Саюза, таксама ўваходзіць у Еўразону і Шэнгенскую зону. Пра эканамічныя поспехі Латвіі сведчыць яе членства ў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, а Сусветны банк адносіць яе да краін з высокім даходам.

Назва Латвія паходзіць ад назвы балцкага племені латгалаў, якое жыло на ўсходзе сучаснай Латвіі. Пісьмовыя крыніцы XI—XIII стагоддзяў называюць гэтае племя летьгола, Lethigalli, Лотыгола. Другая аснова ад агульнабалцкага *galas «канец, край».

Першая аснова, якая і дала назву латышам і Латвіі, гідранімічнага паходжання, ад напэўна не ідэнтыфікаванай ракі з назвай накшталт *Lata / *Leta, якую параўноўваюць з літоўскімі гідронімамі Latava, Latuva, Lat-upis (рэкі), Lat-ežeris (возера), латышскімі (у задзвінскім Відзэмэ) Late, Lat-upe. Далей да індаеўрапейскага *lat- «цячы»[2].

Назвы многіх рэгіёнаў, утвораныя ад назваў балцкіх плямёнаў, звязаныя менавіта з гідронімамі, якія найчасцей таксама не захаваліся і не ідэнтыфікуюцца. Назвы Галіндыя, Натангія (прускія землі), Яцвязь або Судовія[3], Селія[4], Нальшаны, імаверна і Літва, звязваюцца з гідронімамі з асновамі Gal-ind-, Nat-ang-, Jat-(а)v-, Sūd-(а)v-, Sel-, Nal-š-, Liet-(u)v-[5]. Існуе думка, што на адпаведных рэчках маглі знаходзіцца сакральна-рэлігійныя цэнтры пэўнага рэгіёна (племені).

Геаграфічнае становішча

правіць

Латвія — еўрапейская дзяржава, што мае выхад да Балтыйскага мора. Адзінай думкі аб рэгіянальнай прыналежнасці Латвіі вучоныя не маюць: краіну адносяць як да Усходняй, так і да Паўночнай Еўропы. Агульная працягласць латвійскай мяжы складае 1866 кіламетраў (з іх 1368 — сухапутная мяжа). На поўдні Латвія мяжуе з Беларуссю і Літвой на ўсходзе — з Расіяй, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна абмываецца Балтыйскім морам, у тым ліку даволі глыбока ўрэзаным у сушу мелкім Рыжскім залівам на паўночным захадзе. У Балтыйскім моры Латвія мае марскую мяжу са Швецыяй, Літвой і Эстоніяй. Заходняя тэрыторыя, што выступае ў Балтыйскае мора, разглядаецца некаторымі географамі як Курляндскі паўвостраў.

Прырода

правіць
 
Карта
 
Агляд з узгорка Гайзінькалнс

Латвія размешчана на заходняй ускраіне Усходне-Еўрапейскай раўніны. Нягледзячы на нязначныя абсалютныя вышыні, латвійскія краявіды багатыя на ўзгоркі і азёры, што абумоўлена стваральнай працай старажытнага ледавіка, паходжаннем якому абавязаны ўзвышшы: Курземскае на захадзе, Латгальскае на ўсходзе і Відземскае ў цэнтральнай частцы. Да апошняга належыць найвышэйшы пункт краіны — узгорак Гайзінькалнс (312 м). Узбярэжжа ж Балтыйскага мора нізіннае і (нешырокая Прыморская нізіна) аднастайна пакатае. Іншыя нізіны разлегліся па берагах буйных рэк і на поўначы краіны.

Латвія знаходзіцца ў пераходнай зоне паміж марскім і кантынентальным кліматам. На Курземскім паўвостраве пераважаюць рысы марскога клімату, кантынентальнасць расце на ўсход не толькі ў сувязі з павелічэннем аддаленасці ад мора, але і з ростам вышыні над яго ўзроўнем. Так на ўзгорак Гайзінькалнс снегавое покрыва кладзецца на 10-15 дзён раней за яго больш нізкія ваколіцы.

Найбуйнейшая рака Латвіі — Даўгава, так латышы называюць Заходнюю Дзвіну. Латвіі належаць 352 км яе ніжняга цячэння. Найбольшую працягласць на тэрыторыі Латвіі мае рака Гаўя (452 км). Азёры пераважна ледавіковага паходжання. Самае буйное возера Латвіі — Лубанс (80,7 кв.км.).

Лясы займаюць 52 % тэрыторыі Латвіі.[6] У тыповым латышскім пейзажы, пушчы чаргуецца з палямі, сядзібамі і лугамі. Плямы раллі перамяжаюцца бярозавымі гаямі. У Латвіі сотні кіламетраў неасвоенага марскога ўзбярэжжа, парослага сасновым лесам, аздобленага нізкамі выдмаў ды белых пясчаных пляжаў. Каля 9 % тэрыторыі занята балотамі, 70 % з якіх не крануты чалавекам. З фаўны распаўсюджаныя алені, лісы, ласі, ваўкі, бабры. Рэкі Латвіі — дом для буйнейшай ва ўсходняй Балтыі папуляцыі ласосевых рыб.

Прырода краіны захоўваецца ў нацыянальных парках. У кожным з чатырох рэгіёнаў Латвіі створаны адзін парк: Гаўя ў Відземе, Кемеры ў Земгале, Слітэрэ ў Курземе і Разнас у Латгале. У 2012 Латвія была другой у свеце пасля Швейцарыі паводле індэксу экалагічнай эфектыўнасці[7], што азначае як высокую ступень захаванасці экасістэм, так і беражлівае стаўленне да прыроды ў наш час.

Гісторыя

правіць

Усходні бераг Балтыйскага мора быў заселены пратабалцкімі плямёнамі ў III тыс. да н.э. Старажытныя балты прадавалі металы і бурштын у Рым і Візантыю. У IX ст н.э. галоўнымі балцкімі плямёнамі былі: куршы, латгалы, селы, земгалы, на тэрыторыі сучаснай Латвіі існавала 14 асобных княстваў.

 
Сярэднявечная Лівонія, 1260

У высокім Сярэднявеччы вядомыя як Ліфляндыя або Інфлянты, землі сучаснай Латвіі трапілі спачатку пад нямецкі ўплыў, а пасля — уладу[што гэта?]. У XII ст. уверх па Даўгаве актыўна падымаюцца місіянеры, пасланыя Папскім прастолам, але паганцы-балты не спяшаюцца прымаць хрысціянства. Тады Папы натхняюць нямецкіх рыцараў на крыжовы паход ва ўсходнюю Балтыю (1193). У пачатку XIII ст. крыжакамі заснавана Рыга, а ў пачатку XIII ст. на тэрыторыі сучасных Латвіі і Эстоніі створаны Лівонскі ордэн. У 1282 Рыга становіцца ўсходнім фарпостам гандлёвага Ганзейскага саюза.

Пасля заняпаду ордэна Інфлянты ў 1562 годзе трапілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а пазней — Рэчы Паспалітай, пры гэтым усходняя латгальская зямля засталася ў складзе ВКЛ пад назвай Інфлянцкага ваяводства. У складзе Рэчы Паспалітай Лівонія мела значную аўтаномію. У пачатку XVII ст. паўночная Латвія была заваявана Швецыяй. Латвійскія гісторыкі пазітыўна ацэньваюць шведскі перыяд, у гэты час была створана сетка школаў, абмежавана ўлада мясцовых магнатаў. Да XVII ст. сфарміравалася сучасная латышская нацыя. Ад нямецкага і шведскага панавання Латвія атрымала ў спадчыну і лютэранства як нацыянальную рэлігію.

У XVIII ст. тэрыторыя Латвіі была паступова далучана да Расійскай імперыі: паводле Ніштацкага міру Расіі дасталіся Відзэмэ з Рыгаю і Зэмгалэ; у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай — Латгалія і Курляндыя. Новадалучныя тэрыторыі мелі вялікую аўтаномію: урад, законы, нямецкую мову як дзяржаўную. У Балтыі раней за астатнюю Расію быў адменены прыгон — у 1818—1819 гадах. У сярэдзіне XIX ст. шырока разгарнуўся латышскі нацыянальны рух, накіраваны супраць нямецкага засілля; была створана арганізацыя «Маладая Латвія». Паўстанне 1863 года Латвію практычна не закранула, але да краіны дакацілася хваля русіфікацыі. Зрэшты, нацыяналісты таго часу не бачылі ў ёй зла і асноўнае, што можна сказаць аб нацыянальным руху канца стагоддзя: ён моцна палявеў. Два стагоддзі Расійскай Імперыі былі адзначаны неверагодным эканамічным бумам: развівалася прамысловасць, будаваліся чыгункі, пашыраўся гандаль. А Рыга стала найбуйнейшым портам імперыі.

 
Чырвоная Армія ўваходзіць у Рыгу, 1940

Падчас Першай Сусветнай вайны латвійская зямля стала арэнай баявых дзеянняў. 18 лістапада 1918 года Латвія абвясціла незалежнасць ад ахопленай рэвалюцыяй Расіі. У 1920 годзе Савецкая Расія прызнала незалежнасць Латвіі. У 1934 годзе Латвія стала аўтарытарнай дзяржавай пад уладай прэзідэнта Карліса Улманіса. 17 ліпеня 1940 года Латвія згодна з Пактам Молатава-Рыбентропа была ўключана ў склад СССР на правах рэспублікі.

З 1941 па 1945 гады, падчас Другой сусветнай вайны, нямецкі вермахт акупаваў Латвію, якая стала Генеральнай акругай Латвіяй у складзе Рэйхскамісарыята Остланд. Пачаліся акцыі знішчэння нямецкімі акупантамі яўрэяў, пры ўдзеле добраахвотнікаў з латышоў (у прыватнасці, каманды Арайса), што прывяло да амаль поўнага знішчэння яўрэйскай грамады Латвіі. У 1944—1945 гадах краіна была зноў занята савецкімі войскамі. За гэтым адбылася новая хваля дэпартацый латышоў углыб СССР.

21 жніўня 1991 года Латвія аднавіла незалежнасць. Урад дзяржавы ўзяў курс на еўраінтэграцыю, не стаў далучацца да пост-савецкага аб’яднання СНД. На працягу 1990-х гадоў краіна прайшла праз шэраг маштабных дэмакратычных і рыначных рэформ. 20 верасня 2003 года на рэферэндуме 67 % латвійцаў выказаліся за ўступленне краіны ў Еўрапейскі Саюз з 1 мая 2004 года (супраць — 32 %, устрымаліся — 0,7 %, прагаласавала 72,5 % выбаршчыкаў). 29 сакавіка 2004 года Латвія стала членам НАТА.

Дзяржаўны лад і палітыка

правіць

Латвія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1922 года, адноўленая і мадыфікаваная 6 ліпеня 1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 4 гады.

Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сейму (100 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гады.

Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Адміністрацыйны падзел

правіць

Да 2009 Латвія мела двухузроўневы падзел, па вышэйшым узроўні яна падзялялася на 26 раёнаў і 7 гарадоў асаблівага статусу. У выніку рэформы ўтвораны адзін узровень адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу: 109 муніцыпалітэтаў (лат. novadi) і 9 рэспубліканскіх гарадоў (лат.: republikas pilsētas). Пасля рэформы 2021 года ў краіне 33 муніцыпалітэты, якія часта супадаюць з былымі раёнамі, і 10 дзяржаўных гарадоў (лат.: valstspilsētas).

Адносіны з Беларуссю

правіць
 
Паштовая марка Беларусі, прысвечана 25-годдзю беларуска-латвійскіх адносін, 2017 год.

У снежні 1991 года Рэспубліка Беларусь і Латвійская Рэспубліка падпісалі Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін. У 1993 годзе ў Мінску адкрылася латвійскае пасольства, а ў Рызе — беларускае. У 1994 годзе Беларусь адкрыла генеральнае консульства ў Дзвінску, а Латвія — у Віцебску[8].

У 1993 годзе Латвію наведаў з візітам міністр замежных спраў Беларусі Пётр Кузьміч Краўчанка. У 1995 годзе ў Мінску двойчы пабываў прэм’ер-міністр Латвіі Марыс Гайліс. У тым жа годзе ўпершыню адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі латвійскага парламента. У верасні 1997 года на міжнароднай нарадзе ў Вільнюсе адбылася сустрэча прэзідэнтаў. У 2006 годзе Латвія аб’явіла, што не дапусціць на сваю тэрыторыю вышэйшых службовых асоб Беларусі, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека і дэмакратычных норм.

Латвія з’яўляецца адной з нешматлікіх краін Еўрасаюза, у якія ў XXI стагоддзі здзейсніў візіт прэм’ер-міністр Беларусі.[9]

У жніўні 1993 года Беларусь і Латвія падпісалі пагадненне аб прыгранічных пунктах пропуску, у лютым 1994 года — пагадненне, якое спрашчае працэдуру пропуску праз мяжу жыхароў прыгранічных тэрыторый. 21 лютага 1994 года ўрады падпісалі Дамову аб мяжы. За аснову мяжы была прынята лінія, якая склалася да моманту ўключэння Латвіі ў склад СССР у 1940 годзе. У маі 1998 года бакі пачалі працэс дэмаркацыі і ў кастрычніку 2006 года завяршылі яго, устанавіўшы апошні памежны знак ля вёскі Карасіна ў Браслаўскім раёне.[8].

Узброеныя сілы

правіць

Насельніцтва

правіць
 
Дынаміка колькасці насельніцтва, 1920—2015

У канцы 2010-х у Латвіі пражывае каля 2 млн чалавек, гэта больш за Эстонію, але менш за Літву. Да пачатку 1990-х насельніцтва краіны павялічвалася і на сваім піку (1990) дасягнула 2,67 млн чал. Пасля распаду СССР і ўступлення Латвіі ў ЕС колькасць насельніцтва краіны паменшылася на 0,7 млн чал. або на 27 % і працягвае памяншацца. У 2017 годзе ў Латвіі жыло столькі ж народу, колькі ў 1950-м. Падобныя тэмпы дэпапуляцыі ў свеце толькі ў Літвы і Балгарыі. Скарачэнне колькасці насельніцтва мае пад сабою два складнікі: перавышэнне смяротнасці (14,5 на адну тысячу) над нараджальнасцю (9,7) і міграцыйны адток у краіны Заходняй Еўропы (-6). Такім чынам, тэмп змяншэння насельніцтва Літвы ў 2017 склаў −1,08 %[10].

 
Сукупная доля рускіх, беларусаў, украінцаў у землях Латвіі, перапіс 2011

Латвія — шматнацыянальная дзяржава з перавагай тытульнай нацыі. Дадзеныя аб нацыянальным складзе ўзятыя з апошняга перапісу (2011): з двухмільённага насельніцтва краіны 62,1 % складаюць латышы, 26,9 % — рускія, 3,3 % — беларусы, 2,2 % — украінцы, 2,2 — палякі, 1,2 % — літоўцы, 2,1 % — іншыя этнічныя групы (сярод іх эстонцы, немцы, лівы, яўрэі)[11]. Для параўнання: перапіс 1935 года зафіксаваў долю латышоў, роўную 76,9 %, а рускіх — 8,8 %; да Другой Сусветнай вайны вялікую этнічную меншасць складалі прыбалтыйскія немцы, амаль цалкам прымусова рэпатрыяваныя ў Германію ў 1939—1941. Пасля вайны адбываўся магутны прыток працоўных мігрантаў з іншых рэспублік СССР, у асноўным славян, і апошні савецкі перапіс (1989) адзначыў долю латышоў у 52,05 %, а рускіх — 33,96 %, у час незалежнасці рост удзельнай вагі тытульнай нацыі суправаджаецца змяншэннем долі астатніх меншасцей. Латышы абсалютна пераважаюць у сельскай мясцовасці, у вялікіх гарадах (Рыга, Даўгаўпілс) іх доля меншая за сукупную долю прадстаўнікоў іншых нацый.

У Латвіі дагэтуль здараюцца канфлікты вакол рускай меншасці, прадстаўнікі якой часта адмаўляюцца атрымліваць латышскае грамадзянства па ўстаноўленай працэдуры, якая прадугледжвае іспыт па латышскай мове, а латышскія ўлады парушаюць правы рускіх на навучанне на роднай мове. Прыкладна траціна рускамоўных мае статус неграмадзян і не мае права голасу на выбарах і некаторых іншых правоў і свабод грамадзян. На 2022 год 9,7 % насельніцтва краіны не мае ніякага грамадзянства.[12]

Паводле некаторых дадзеных[10], Латвія адносіцца да самых нерэлігійных краін свету. Каля 64 % насельніцтва не атаясняе сябе ні з якой рэлігіяй. Лютэранства, традыцыйную веру латышоў, спавядае каля 19 % насельніцтва (паводле іншых дадзеных — 34,2 %), яшчэ 15-17 % адносяць сябе да праваслаўных, гэта ў асноўным рускамоўнае насельніцтва. Палякі і літоўцы, а таксама частка латгальскіх латышоў — каталікі (па некаторых дадзеных — да 20 %).[10]

Насельніцтва размешчана па тэрыторыі краіны даволі раўнамерна пры сярэдняй шчыльнасці каля 30 чалавек на кв.км. У 2018 годзе крыху больш за дзве траціны латышоў (68,1 %) жыло ў гарадах. Буйнейшы горад Латвіі і ўсёй Балтыі — Рыга (637 тыс. у 2018)[10]. Наступныя буйныя гарады на парадак меншыя за сталіцу: Даўгаўпілс, 93 тыс.; Ліепая, 76 тыс.; Елгава, 59 тыс.; Юрмала, 50 тыс.[13]

Адукацыя і навука

правіць

Далучэнне Латвіі да СССР змяніў усе сферы культурнага жыцця, уключаючы сістэму адукацыі. Усе ўзроўні сістэмы адукацыі развіваліся па двух моўных кірунках — латышскім і рускім, латышы знаёміліся з інтэрнацыянальнай культурай народаў СССР і іншых краін.

З пачатку XXI ст. у краіне праводзяць палітыку дэрусіфікацыі сістэмы адукацыі.

Эканоміка

правіць

Эканоміка сучаснай Латвіі, як і яе балтыйскіх суседзяў, сфарміравалася ў выніку перабудовы гаспадаркі з планавага ўзору на рынкавы пасля распаду СССР і наступнай еўраінтэграцыі. Гэтыя працэсы прывялі да скарачэння ўдзельнай вагі галін цяжкай прамысловасці, павелічэння ролі і долі сферы паслуг у ВУП да 75 %[10], імклівага росту агульнага дабрабыту. ВУП на душу насельніцтва па ППЗ у 2018 складае амаль 30000, што крыху меней за Эстонію і Літву. З 2014 Латвія з’яўляецца часткай еўразоны, з 2016 — Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.

Асабліва хуткімі тэмпамі латвійская эканоміка развівалася ў 2000—2007 гадах, за што Латвія разам з Літвой і Эстоніяй былі названыя «Балтыйскімі тыграмі». Сусветны крызіс 2008—2009 негатыўна паўплываў на гаспадаркі «тыграў». У 2009 годзе ВУП Латвіі скараціўся на 14 %, і, нягледзячы на ўстойлівы рост эканомікі пачынаючы з 2011, толькі да 2017 года краіна здолела вярнуцца на дакрызісны ўзровень. Да сур’ёзных выклікаў, з якімі прыходзіцца змагацца сучаснай латвійскай эканоміцы, адносяцца высокі ўзровень карупцыі, што дасюль адпужвае інвестараў[10]; а таксама дэпапуляцыя і эміграцыя, што адмоўна адбіваюцца на колькасці і якасці працоўнай сілы. У Латвіі адзін з найвышэйшых у ЕС паказчыкаў эканамічнай няроўнасці.

 
Плявіньская ГЭС

У складзе СССР Латвія вылучалася развітым цяжкім машынабудаваннем, тут збіраліся электрацягнікі (Рыга), мікрааўтобусы (Елгава). Сённяшняя Латвія — невялікая краіна з адкрытай эканомікай, інтэграванай у агульнаеўрапейскую гаспадарку, з коштам экспарту большым за палову ВУП[10]. Найважнейшай галіной прамысловасці Латвіі застаецца машынабудаванне, прычым, на першае месца ў складзе галіны ў XXI стагоддзі высунулася электроніка; ажыццяўляецца зборка аўтамабіляў. Іншыя галіны прамысловасці: фармацэўтыка, вытворчасць мэблі і тэкстыльная прамысловасць. Апроч таго, важную ролю маюць марское рыбалоўства, сельская гаспадарка і звязаная з імі харчовая прамысловасць. Латвія мае тры вялікіх гідраэлектрастанцыі на Даўгаве: Плявіньская ГЭС (825 МВт), Рыжская ГЭС (402 МВт) і Кегумская ГЭС (192 МВт). У апошнія гады пабудавана некалькі дзясяткаў ветраных электрастанцый рознага маштабу.

Выгаднае эканоміка-геаграфічнае становішча дазваляе зарабляць на транзіце нафты і нафтапрадуктаў з Расіі і Беларусі. Традыцыйна вялікае значэнне мае турызм, што зноў перажывае рост пасля атрымання незалежнасці.

У знешнім гандлі для Латвіі характэрны ўстойлівы адмоўны баланс (-7 млрд долараў у 2016). Аснову экспартнай прадукцыі складаюць драўніна і вырабы з яе, прадукцыя харчовай прамысловасці і машынабудавання. Найважнейшыя гандлёвыя партнёры Латвіі — краіны Паўночнай Еўропы (безумоўна, у першую чаргу тут вылучаюцца балтыйскія суседзі (28 % экспарту і 18 % імпарту ў 2016)); Расійская Федэрацыя (24 % імпарту, у першую чаргу, вуглевадародаў), Польшча, Германія[14]. Доля Беларусі ў латвійскім экспарце складае 0,94 %, у імпарце — 1,23 %.

Транспарт

правіць

Транспартная інфраструктура Латвіі добра развітая. Цэнтр транспартнай сеткі — сталіца Рыга.

Чыгунка

правіць

За апошнія 10 гадоў чыгунка перажыла вялікае зніжэнне пасажырапатоку. Найбуйнейшае прадпрыемства чыгункі — LDZ (Latvijas dzelzceļš). Важнымі застаюцца таварныя перавозкі да балтыйскіх портаў, прыгарадныя электрычкі ў Рыжскай агламерацыі, пасажырскія перавозкі з Рыгі ў Даўгаўпілс, а таксама з Рыгі ў Вільнюс, Каўнас, Мінск, Маскву і Санкт-Пецярбург.

Авіяцыйны транспарт

правіць

Буйнейшы аэрапорт краіны знаходзіцца ў Рызе. Таксама там размешчана найбуйнейшая авіякампанія Латвіі — airBaltic, што ажыццяўляе рэйсы ў Скандынавію, краіны Цэнтральнай Еўропы і іншыя краіны Прыбалтыкі.

 
Вентспілскі свабодны порт

Аўтамабільны транспарт

правіць

Латвія мае прамянёвую сістэму шашэй з цэнтрам у Рызе. Важнае значэнне мае аўтастрада Via Baltica, што ідзе праз усю краіну з поўначы на поўдзень праз Рыгу.

Марскі транспарт

правіць

Марскі транспарт на Балтыцы — важны складнік транспартнай сістэмы рэгіёна з Сярэднявечча. Марскія парты Латвіі — Рыга, Вентспілс і Ліепая. Паромныя маршруты злучаюць Латвію з краінамі Скандынавіі, Польшчай, Германіяй. Апроч таго, багата марскіх камунікацый ідуць уздоўж латышскага ўзбярэжжа.

Культура і грамадства

правіць

За сваю гісторыю Латвія трапляла пад культурныя ўплывы розных краін. Найбольш яскравы ўплыў краін Паўночнай Еўропы. Архітэктура старых гарадоў тыповая для гарадоў Ганзы. Таксама і сучасная латышская культура мае шчыльныя сувязі з шведскай, фінскай і, асабліва, нямецкай культурамі.

Важную ролю ва ўтварэнні культурнага ландшафту Латвіі адыграла расійскае панаванне, што доўжылася амаль два стагоддзі. Руская мова дагэтуль вельмі пашыраная ў краіне, асабліва ў гарадах і на ўсходзе, сярод рускіх і іншых нацыянальных груп, што складаюць да 40 % насельніцтва.

Частка сучаснай Латвіі вакол Даўгаўпілса (Латгалія) гістарычна была населена беларусамі, уваходзіла ў Полацкае княства і нават была ўключана ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Сам Даўгаўпілс мае адпаведную беларускую назву — Дзвінск.

Апроч таго, у Латвіі пражывае народнасць ліваў колькасцю 170 чалавек,[15] перш за ўсё ў Рызе і некаторых прыморскіх вёсках.

Пануючай у Латвіі рэлігіяй пасля Рэфармацыі стала лютэранства, за выняткам пераважна каталіцкай Латгаліі. Сярод рускамоўных латвійцаў пашыранае праваслаўе. Колькасць рэгулярна наведваючых царкву ў Латвіі сёння вельмі малая, ці не самая нізкая ў Еўропе. Латышская лютэранская царква вельмі кансерватыўная і адмаўляе жанчынам у праве прапаведаваць, у чым яна супярэчыць з латышскай лютэранскай царквой у замежжы ў Швецыі і іншых краінах. Вялікую ролю граюць абрады і элементы традыцыйных балцкіх вераванняў.

Самае яскравае народнае свята ў латышоў — Купалле (Ligo), з якім таксама звязана шмат звычаяў і абрадаў.

Латвія знакамітая сваёй культурай народных спеваў. Тыповая латышская форма спеваў — Дайны, чатырохрадковыя, невершаваныя спевы на розныя тэмы, ад міфалагічных да побытавых сюжэтаў. Этнографамі было сабрана больш за мільён народных дайнаў, што ёсць рэкордам, зважаючы на колькасць насельніцтва невялікай Латвіі. Запіс дагэтуль перадаваных у вуснай форме дайнаў пачаў пад канец XIX ст. Крыш’яніс Баронс; сабраная ім для гэтага Шафа Дайнаў дагэтуль з’яўляецца свайго кшталту нацыянальнай святыняй.

Кожныя 5 год у Рызе (за савецкім часам — за мяжой) праходзіць вялікае Спеўніцкае свята, у якім бяруць удзел тысячы латышскіх і замежных хораў, хораў латышскае дыяспары.

Як і ў Эстоніі, гарадская культура і буйныя паны ў Латвіі былі да Рэвалюцыі 1917 года нямецкамоўнымі. Таксама нямецкамоўнаю была інтэлігенцыя. Падчас Другой Сусветнай вайны нямецкая меншасць была вывезена ў Германію. Таксама амаль не засталося ў Латвіі пасля Другой Сусветнай вайны яўрэяў.

Цікавае

правіць

Паводле некаторых вучоных, у Латвіі ў 1510 г. была ўстаноўлена першая яліна ў свеце. Іншая тэорыя адносіць гэта вынаходніцтва да Страсбурга ў французскім Эльзасе.

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=60&pr.y=11&sy=2016&ey=2023&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=941%2C946%2C939&s=NGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  2. K. Karulis. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 2001. C. 504—507.
  3. V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 207—208, 296—289, 649, 890.
  4. Топоров В. Н. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur-: *-nour- и *sel- (неумирающая память об одном балтийском племени) // Балто-славянские исследования. XVII. Москва, 2006. С. 479—482.
  5. Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius: Mokslas, 1981. — С. 105, 137, 182, 185, 223, 231—232, 295, 319.
  6. Гослеса. Лесистость Латвии 1925—2016 Архівавана 16 ліпеня 2022.
  7. https://archive.today/20120605011220/http://epi.yale.edu/epi2012/rankings
  8. а б Аляксандр Ціхаміраў. Рыгу падштурхоўваюць адліга і крызіс(недаступная спасылка)// Пагоня. 9 сакавіка 2009
  9. Сідорскі здзяйсняе працоўны візіт у Латвію Архівавана 29 верасня 2010.
  10. а б в г д е ё https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html Архівавана 5 верасня 2015.
  11. http://pop-stat.mashke.org/latvia-ethnic-comm2011.htm
  12. Демографическая статистика Латвии
  13. https://www.csb.gov.lv/sites/default/files/publikacijas/2015/Nr%2012%20Latvijas%202011.gada%20Tautas%20skaitisanas%20rezultati_Results%20of%20the%202011%20Population%20and%20housing%20census%20in%20Latvia%20(15_00)_LV_EN.pdf
  14. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=132&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
  15. Latvia.eu. Ливы Архівавана 16 ліпеня 2022.

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Блейере, Д. История Латвии. XX век / Д. Блейере [и др.]; [пер. Жанна Эзит]. — Рига : Jumava, 2005. — 473 с.
  • Воробьева, Л. М. История Латвии от Российской империи к СССР / Л. М. Воробьева ; Фонд содействия актуальным ист. исслед. «Историческая память», Российский ин-т стратегических исслед. — Москва : Фонд «Историческая память» : РИСИ, 2009. — 384 с.
  • Плаканс, А. Краткая история стран Балтии: [перевод с английского] / А. Плаканс. — Москва : Весь Мир, 2016. — 478 с.
  • Plakans, A. The Latvians : a short history / A. Plakans. — Stanford, Calif. : Hoover Institution Press, Stanford University, 1995. — 257 p.