Латышская мова
Латы́шская мова (лат.: latviešu valoda) — мова ўсходнебалцкай падгрупы балцкай групы моў, якой карыстаецца каля 2 млн чалавек у Латвіі (дзе яна лічыцца адзінай дзяржаўнай мовай), а таксама каля 200—300 тыс. чалавек у астатнім свеце. Родная мова латышоў. Адна з афіцыйных моў Еўрасаюза. Спробы распрацоўкі латышскай мовы ў 19 стагоддзі зрабіў Атыс Кронвалдс.
Латышская мова | |
---|---|
Саманазва | latviešu valoda |
Краіны | Латвіі |
Рэгіёны | Усходняя Балтыка |
Афіцыйны статус | ЕС |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Цэнтр дзяржаўнай мовы |
Агульная колькасць носьбітаў | 2,2 мільёнаў |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
|
Пісьменнасць | лацінскае пісьмо і Latvian alphabet[d] |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | лаш 385 |
ISO 639-1 | lv |
ISO 639-2 | lav |
ISO 639-3 | lav |
WALS | lat |
Ethnologue | lav |
Linguasphere | 54-AAB-a |
ABS ASCL | 3101 |
IETF | lv |
Glottolog | latv1249 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Гісторыя
правіцьЛатышская мова ўзнікла прыкладна ў VII—IX ст н.э. у выніку аддзялення ўласналатышскіх гаворак латгалаў, земгалаў, куршаў і селаў — плямёнаў, што ў будучым утварылі латышскі этнас, ад гаворак, з якіх утварылася сучасная літоўская мова.
Сучасная фанетычная сістэма латышскай мовы склалася прыблізна да пачатку XIII ст. У мове выдзяляюць тры групы дыялектаў: ліўскі , сярэдне-латышскі і верхне-латышскі (латгальскі). У аснову літаратурнай мовы быў пакладзены сярэдне-латышскі дыялект. Латгальская мова яшчэ ў 20-30 гг. XX ст. лічылася латвійскімі ўладамі за афіцыйную, сёння прыхільнікамі адраджэння латгальскай ідэтычнасці вядзецца барацьба за вяртанне ёй афіцыйнага статусу. Латгальскі дыялект прызнаецца заканадаўствам Латвіі, а яго пісьмовая норма лічыцца адной з дзвюх літаратурных нормаў латышскай мовы, нароўні з уласна латышскай. Латгальскі дыялект у некаторай ступені адасобіўся ад астатніх дыялектаў латышскай мовы ў выніку ўваходжання часткі Латгаліі ў склад Рэчы Паспалітай (Інфлянты), яго лексіка вылучаецца пэўнай колькасцю польскіх і беларускіх запазычванняў.
Першым упарадкаваным пісьмовым помнікам на латышскай мове лічыцца каталіцкі «Катэхізіс» (1585)[1], аднак асобныя спарадычныя пераклады касцёльных спеваў і пацераў адносяцца ўжо да першай паловы XVI ст. Для перадачы мовы на пісьме першапачаткова выкарыстоўваўся гатычны шрыфт, а сама арфаграфія была пазычана з ніжненямецкай мовы.
У першай палове XVII ст. была створана ўжо досыць трывалая арфаграфічная сістэма латышскай мовы на базе верхненямецкага пісьма, якая праіснавала ажно да сярэдзіны XIX ст. Замацаванню гэтай сістэмы пісьма садзейнічалі такія выданні як «Postilla» Г. Манцэля і Катэхізіс (1680) з Бібліяй (1685—1694) у перакладзе Э. Глюка .
Штуршок да развіцця мова атрымала ў XIX ст. у сувязі з адукацыйнай дзейнасцю младалатышоў, якія спрыялі развіццю народнай асветы і культуры. З імёнамі Ю. Алунанса і А. Кронвалдса звязана з'яўленне латышскай літаратурнай мовы. Вялікая праца па ўзбагачэнні мовы новымі лексічнымі формамі вялася на старонках газеты «Pēterburgas Avīzes» — своеасаблівага латышскага адпаведніку «Нашай Нівы».
Латышская мова зазнала вялікі ўплыў з боку нямецкай мовы, які адбываўся на працягу XIII—XIX стст., што тлумачылася ў асноўным дзейнасцю нямецкіх пастыраў, якія стараліся як мага эфектыўней данесці да простага люду божыя запаветы, для чаго выкарыстоўвалі сваю родную мову ў якасці крыніцы інтэлектуальнага натхнення; іншай прычынай было адносна доўгае нямецкая культурная перавага ў Латвіі, якая працягвалася нават пры знаходжанні Латвіі ў складзе Расійскай імперыі. У XIX ст. пашырыўся ўплыў рускай мовы, які моцна павялічыўся ў часы знаходжання Латвіі ў складзе СССР. Канец XX — пачатак XIX ст. выразна засведчыў тэндэнцыі ўзнавіць аўтэнтычныя формы мовы. Чыстка закранула перш за ўсё яе лексічны склад, у якім значна паболела прыдуманых і вернутых з забыцця ці па-просту пераасэнсаваных і адаптаваных да новых умоў словаў.
Гісторыя вывучэння латышскай мовы
правіцьНавуковае апісанне структуры латышскай мовы пачалося ўжо ў XVII ст. Першая друкаваная граматыка, якую склаў І. Г. Рэехузен , з'явілася на свет у 1644 г. у Рызе. Але яна ўтрымлівала надзвычай мала эмпірычнага матэрыялу, таму сучасныя лінгвісты пры вывучэнні старалатышскай мовы аддаюць перавагу граматыкам Г. Адольфі (1685) і Г. Стэндэра (першае выданне — 1761). Першымі навуковымі граматыкамі, напісанымі па-латышску, сталі «Latviešu gramatika» і «Latviešu valodas mācība» аўтарства Я. Эндзэлінса і К. Мюленбаха , якія выйшлі ў 1907 годзе.
Да XVII ст. адносіцца і ўзнікненне слоўнікаў латышскай мовы, самы першы з якіх, пад назвай «Lettus», быў выдадзены Г. Манцэлем у 1638 г. Затым з'явіліся самавітыя слоўнікі аўтарства Стэндэра (1761, 1789) і Я. Лангэ (1772, І т.; 1777, II т.). Вялікае значэнне для фарміравання латышскай нацыі мелі патройныя — руска-латышска-нямецкі (1872) і латышска-руска-нямецкі (1879) — слоўнікі, выдадзеныя К. Валдэмарсам. У часы першай рэспублікі (1918—1940 гг.) быў выдадзены вялікі слоўнік Міленбаха «Latviešu valodas vārdnīca» (у чатырох тамох, выдаваўся з 1923 да 1932), які спаміж уласна лексічных і фразеалагічных адзінак падаваў этымалогію словаў і складовыя інтанацыі.
Графічная сістэма
правіцьГрафічная сістэма латышскай мовы пабудаваная на лацінскім алфавіце, адкуль яна пазычыла 22 літары (за выключэннем q, w, x, y). Для больш натуральнай перадачы жывога маўлення ў канцы XIX — пачатку XX стст. да гэтага раду былі далучаны яшчэ 11 мадыфікаваных літар.
У латышскай мове 33 літары:
A a | Ā ā | B b | C c | Č č | D d | E e | Ē ē |
F f | G g | Ģ ģ | H h | I i | Ī ī | J j | K k |
Ķ ķ | L l | Ļ ļ | M m | N n | Ņ ņ | O o | P p |
R r | S s | Š š | T t | U u | Ū ū | V v | Z z |
Ž ž |
- Адметныя рысы:
- Літара o пазначае адразу як дыфтонг (вымаўленнем падобны да [uo]), так і манафтонг [o] (у словах замежнага паходжання), які да таго ж можа быць доўгім ці кароткім (даўжыня [o:] на пісьме не адлюстроўваецца).
- Літары e, ē кожная пазначаюць два гукі: [ɛ], [æ] і [ɛ:] [æ:] адпаведна.
- Літара n перад зычнымі k і g вымаўляецца як гук [ŋ].
- Літары ķ и ģ па гучанні набліжаныя да беларускіх гукаў [ц’], [дз’].
- Спалучэнні літар ds, ts у выпадку, калі яны належаць да аднаго і таго ж складу ў слове, вымаўляюцца як [ц].
- Літара ņ пазначае гук [ɲ] — гук, блізкі да англійскага вымаўлення спалучэння ng.
- Літара ŗ існавала ў арфаграфіі пачатку XX ст. і пазначала гук, блізкі да рускага мяккага р. У сучасным маўленні ён не ўжываецца маладым пакаленнем, а літара для гэтага гуку выключаная з алфавіту.
Фанетычныя асаблівасці
правіцьГукі латышскай мовы імкнуцца да простай суаднесенасці з ужыванымі на пісьме графічнымі знакамі: мала не кожнай фанеме адпавядае асобная літара.
Усе гукі латышскай мовы падзяляюцца на галосныя і зычныя, а галосныя яшчэ — на манафтонгі (простыя галосныя) і дыфтонгі (складаныя галосныя). Акрамя таго, простыя галосныя могуць быць кароткімі і доўгімі, даўжыню гучання якіх прынята суадносіць як 1/2,5. На пісьме павялічаная даўжыня гукаў пазначаецца дыякрытычным значком макрон (гарызантальнай рысачкай, garumzīme).
Галосныя
правіцьУ латышскай мове дванаццаць простых галосных ([a], [a:], [ɛ], [ɛ:], [æ], [æ:], [i], [i:], [ɔ], [ɔ:], [u], [u:]), а таксама дзесяць дыфтонгаў ([aj], [uj], [ɔj], [ɛj], [aŭ], [iŭ], [eŭ], [ɔŭ], [iɛ], [uɔ]), кожны з якіх (за выняткам [uɔ]) пазначаецца пры дапамозе дзвюх літар. Пры гэтым спалучэнне на пісьме кароткага галоснага з літарамі j ці v таксама вымаўляецца дыфтангічна, напрыклад: [ij] і [iŭ] у словах birojs і zivs.
Зычныя
правіцьЗычныя гукі падзяляюцца на глухія і звонкія, цвёрдыя і мяккія, пры гэтым існуе падрадковы знак кома, які ставіцца пад літарамі k, g, l, n, а ў ранейшых правапісах — таксама пад r. Гэты знак, як правіла, пазначае асаблівае вымаўленне гэтых гукаў, адрознае ад звычайных літар бяз комы (напрыклад, ņ пазначае гук [ɲ] накшталт англійскага ng). Пры адсутнасці комы гук звычайна вымаўляецца па-звычайнаму і цвёрда (напрыклад, прозвішча «Zatlers» будзе гучыць як [Затлэрс]). Глухія зычныя ў сітуацыі паміж кароткімі галоснымі падаўжаюцца (так, слова lapa будзе вымаўляцца як «lappa»). Перад глухімі зычнымі звонкія гукі аглушаюцца, аднак гэта правіла не датычыць іх знаходжання на канцы словаў, дзе яны заўсёды вымаўляюцца звонка. Перад звонкімі зычнымі званчэюць, між тым, і глухія зычныя.
Для напісання афрыкат [ʒ] і [ǯ], як і ў беларускай лацінцы, выкарыстоўваюцца дыграфы dz і dž адпаведна. Аднак, гэтыя літары могуць пазначаць і два розныя гукі, як, напрыклад, у назве Vidzeme.
Граматыка
правіцьЛатышская мова належыць да ліку флектыўных моў. У ёй існуюць толькі два роды: мужчынскі і жаночы. Назоўнікі мужчынскага роду маюць канчаткі -s, -š, -is, -us, а жаночага — канчаткі -a, -e, -s (апошняя фіналь выкарыстоўваецца досыць рэдка). Існуюць два лікі (адзіночны і множны) і шэсць скланенняў назоўнікаў у сямі склонах. Парадак словаў у сказе вольны; у залежнасці ад сэнсу, які мае быць выказаны, ён часта мяняецца.
У латышскай мове няма артыкляў. Але затое для сувязі словаў часта выкарыстоўваецца дапаможны дзеяслоў «būt» («быць») у розных формах: «Tas ir ozols» — «Гэта (ёсць) дуб».
Прасодыя
правіцьНаціск у латышскай мове ёсць пераважна нерухомым і падае на першы склад слова.
- Унармаваныя выключэнні:
- калі займеннік ці прыслоўе пачынаецца з ne-: nekas, nemaz;
- калі прыметнік ці прыслоўе стаяць у найвышэйшай ступені: vislabākais, vislabāk;
- калі лічэбнік пачынаецца з pus-: pusviens;
- у некаторых запазычаных словах (зазвычай з французскай мовы): ragū, ateljē.
Астатнія словы, якія не падпадаюць пад гэтыя правілы, замежнікам рэкамендуецца проста запомніць пры вывучэнні мовы.
Апрача замацаванага націску ў мове існуе тон, які мае сэнсаадрозную ролю. Звычайна маюцца на ўвазе тры тоны, аднак у рэчаіснасці ў маўленні большасці звычайна вылучаюцца толькі два тоны.
Цікавыя факты
правіцьУ латышскай мове не існуе дыфтонга [ɛŭ]. Менавіта таму на будучых банкнотах Еўрапейскага Саюза, што будуць выпускацца пасля ўваходжання Латвіі ў зону еўра, мае з'явіцца трэці варыянт напісання гэтай валюты (пасля агульнакантынентальнага «Euro» і грэчаскага «Ευρώ»), а менавіта: Eiro [ɛjro], які ўтвораны ад латышскага Eiropa.
Гл. таксама
правіць- Латышска-беларуская практычная транскрыпцыя
- Шматмоўны корпус Tatoeba
Зноскі
- ↑ Грабис Р. Латышский язык. С. 467. // Языки народов СССР — М.: «Наука», 1966
Літаратура
правіць- Балтийские языки в настоящем и прошлом / АН ЛатвССР, Ин-т языка и литературы ; ред. А. Блинкена. — Рига : Зинатие, 1985. — 249 с.
- Баршчэўскі Лявон, Гуцаў Андрэй. Кароткая граматыка латышскай мовы. — Мінск: Радыёла-плюс, 2008. — 96 с. — (Серыя «Беларускія ЕўраГраматыкі»). ISBN 978-985-448-086-2
- Палионис, Й. К проблеме диахронно-типологического изучения балтийских литературных языков / Й. Палионис // Балтийские языки в настоящем и прошлом / АН ЛатвССР. Ин-т языка и литературы им. А. Упита. — Рига : Зинатие, 1985. — С. 13—17.
- Языки мира: Балтийские языки / РАН. Ин-т языкознания; Ред. кол.: В.Н. Топоров, М.В. Завьялова, А.А. Кибрик и др. — Москва : Academia, 2006. — 224 с.
Спасылкі
правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Латышская мова
- Сайт Дзяржаўнага цэнтра мовы Латвійскай Рэспублікі (лат.)