Арфаграфія (ад грэч. ὀρθός [orthós] = правільны і γράφειν [gráphein] = пішу) або правапіс (сінонім, які паходзіць ад калькі з грэч. слова) — сукупнасць правілаў, якімі рэгулюецца перадача вуснай мовы на пісьме. Паняцце «правапіс» ужываецца і ў шырэйшым сэнсе, як «арфаграфія і пунктуацыя».

Арфаграфія цесна звязана з графічнай сістэмай мовы, і рэгулюе спосабы выкарыстання графічнай сістэмы мовы для аднастайнай перадачы на пісьме вуснай формы літаратурнай мовы; вызначае адзіныя нормы напісання слоў і іх марфалагічных частак.

У пэўным сэнсе арфаграфічныя правілы — штучныя, умоўныя, але яны вынікаюць з фанетычных і граматычных заканамернасцей мовы, і непарыўна з імі звязаны.

Прынцыпы правапісу правіць

Фанетычны прынцып правіць

Паводле гэтага правіла гукі мусілі б запісвацца дакладна так, як вымаўляюцца. Гэта значыць, што, напрыклад, слова «снег» мусіла б быць запісаным як «с’н’эх». Фанетычны правапіс рэдка ў якой мове можа пераважаць (бадай, ледзь не адзіным прыкладам можа быць санскрыт, з агаворкай, што яго пісьмовы варыянт увялі ў той час, калі мова была ўжо мёртвай).

Фаналагічны прынцып правіць

Калі ў мовазнаўстве не былі адасобленыя фанетыка і фаналогія, правапісы, якія былі арганізаваныя паводле фаналягічных прынцыпаў, называлі фанетычнымі. Фаналогія займаецца не гукамі ў іхнім фізічным выражэнні, а гукамі, якія існуюць у свядомасці маўленцы пэўнай мовы. Гэтыя абагульненыя гукі называюцца фанемамі. Паводле фаналагічнага прынцыпу адна фанема пішацца заўсёды аднолькава. Напрыклад, па-беларуску пішам «разбіць», але «распісаць», таму што «с'» ў свядомасьці маўленцы — той жа гук, што і ў слове «снег», і адрозны ад гуку «з'» у слове «разбіць»).

Марфалагічны прынцып правіць

Паводле гэтага прынцыпу запісваюцца не тыя фанемы, якія сапраўды вымаўляюцца, а тыя, якія на іхнім месцы вымаўляліся ў асноўнай форме слова альбо ў вытворным слове. Напрыклад, у слове «касьба» пішацца «сь», а не «зь», таму што яно ўтворана ад слова «касіць», дзе вымаўляецца і пішацца фанема «с'». У некаторых крыніцах марфалагічны прынцып называецца этымалагічным.

Этымалагічны прынцып правіць

Гэты прынцып таксама пакуль не пераважаў ні ў одным правапісе. Гэты прынцып — «паглыблены» марфалагічны. У ім, каб растлумачыць напісанне пэўнага знаку, не дастаткова знайсці вытворнае слова, таму што такога слова можа не быць. Трэба ведаць этымалогію слова.

У іншых мовах правіць

Правапіс партугальскай мовы не строга фанематычны. Гэта звязана з распаўсюдам партугальскай мовы і з’яўленнем шматлікіх рэгіянальных і дыялектных варыянтаў. У 2009 годзе была распачата сусветная рэформа партугальскай мовы, каб адхіліць 98 % неадпаведнасцяў у напісанні паміж рознымі краінамі.[1]

Арфаграфія англійскай мовы мае высокую ступень стандартызацыі. Аднак, ёсць некалькі спосабаў напісання амаль кожнага гуку, і для большасці літар таксама ёсць некалькі варыянтаў маўлення залежна ад іх месца ў слове і кантэксце. Таму некаторыя арфаграфічныя памылкі распаўсюджаны нават сярод носьбітаў мовы.[2] Гэта звязана галоўным чынам з вялікай колькасцю словаў, запазычаных з іншых моў пры адсутнасці паспяховых спроб поўных рэформ правапісу.[3] Большасць правілаў правапісу, звычайна, не адлюстроўвае гукавыя змены, якія адбыліся з канца XV ст. (напрыклад, вялікі зрух галосных).[4]

Арфаграфія ісландскай мовы заснавана на этымалагічным прынцыпе, таму самі ісландцы адчуваюць цяжкасці пры пісьме.[5][6] Сучасны ісландскі алфавіт заснаваны на стандарце, унесеным дацкім філолагам Расмусам Раскам.

Асноўныя прынцыпы іспанскай арфаграфіі — фаналагічны і этымалагічны, таму ёсць некалькі літар, якія абазначаюць аднолькавыя фанемы.[7] Пачынаючы з XVII ст. прапаноўвалі розныя варыянты рэформы арфаграфіі, якая стварыла б адназначную адпаведнасць паміж графемай і фанемай, але ўсе яны былі адхілены. Большасць сучасных прапаноў па рэфармаванні правапісу абмяжоўваюцца адменай літар-амафонаў, якія захоўваюцца па этымалагічных меркаваннях.[8]

Зноскі

  1. THEN AND NOW: THE BRAZILIAN PORTUGUESE SPELLING REFORM. unitedlanguagegroup.com. Праверана 2 снежня 2021.
  2. Second Grade Spelling Words. primarylearning.org. Праверана 2 снежня 2021.
  3. The Relationship between Spelling and Pronunciation in English Language. languageinindia.com. Праверана 2 снежня 2021.
  4. English language. britannica.com. Праверана 2 снежня 2021.
  5. Baráttan gegn málvillum. skemman.is. Праверана 2 снежня 2021.
  6. Skólamálfræði Hver er hún og hver ætti hún að vera?. opinvisindi.is. Праверана 2 снежня 2021.
  7. SPANISH ALPHABET. donquijote.org. Праверана 2 снежня 2021.
  8. Spanish Homophones and Homographs. thoughtco.com. Праверана 2 снежня 2021.