Латгалы
Латгалы (аг.-усх.-слав.: летьгола, лотыгола; лат.: latgali) — усходнебалцкае племя, якое па некаторых меркаваннях дало назву сучасным латышам. Этнонім захаваўся ў назвах асобных вёсак на Віцебшчыне.
НазваПравіць
Назва латгальскага племя ад назвы краю Latgala (у пісаных крыніцах 11-13 ст. летьгола, Lethigalli, Лотыгола). Другая аснова ад агульнабалцкага *galаs "канец, край" (> мясціна, край, зямля).
Першая аснова гідранімічнага паходжання, ад напэўна не ідэнтыфікаванай ракі з назвай тыпу *Lata / *Leta, якую параўноўваюць з літоўскімі гідронімамі Latava, Latuva, Lat-upis (рэкі), Lat-ežeris (возера), латышскімі (у задзвінскім Відзэмэ) Late, Lat-upe. Далей да індаеўрапейскага *lat- "цекці"[1].
Назвы многіх рэгіёнаў, утвораныя ад назваў балцкіх плямёнаў, звязаныя менавіта з гідронімамі, якія найчасцей таксама не захаваліся і не ідэнтыфікуюцца. Назвы Галіндыя, Натангія (прускія землі), Яцвязь, Судовія (зямля роднасных яцвягам судоваў)[2], Селія[3], Нальшаны, верагодна і Літва, а таксама назва дагістарычных неўраў, звязваюцца з гідронімамі з асновамі Gal-ind-, Nat-ang-, Jat-(а)v-, Sūd-(а)v-, Sel-, Nal-š-, Liet-(u)v-[4], Nau-r-[5]. Мяркуецца, што на адпаведных рэчках маглі знаходзіцца сакральна-рэлігійныя цэнтры пэўнага рэгіёна (племені).
Тэрыторыя рассяленняПравіць
Латгалы засялялі ўсходнюю частку сучаснай Латвіі і паўночную частку Беларусі па правым беразе Заходняй Дзвіны, на захадзе межавалі з лівамі, на поўдні — з селамі і земгаламі, на ўсходзе — з крывічамі, на поўначы — з плямёнамі эстаў. У X—XII стст. у латгальскім грамадстве вылучылася раннефеадальная вярхушка. З раннефеадальнага перыяду латгалы рассяляліся на тэрыторыю ліваў. Палітычная структура латгалаў у XII—пачатку XIII стст. ўключала некалькі тэрытарыяльных аб’яднанняў з дзяржаўным кіраваннем.
Гаспадарчая дзейнасць і матэрыяльная культураПравіць
Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Была развіта апрацоўка жалеза і каляровых металаў. Будавалі ўмацаваныя паселішчы: Кокнесс, Герцыке, Мукукалнс, Асатэ, Олінькапнс, Пекаскалнс. Неўмацаваныя селішчы ў асноўным размяшчаліся пры гарадзішчах. Вылучаюцца паселішчы на насцілах сярод азёр (IX—X стст., вядома каля 10). Зрубныя абарончыя пабудовы ўзводзілі з 2 паралельных сцен. На паселішчах, асабліва ў Кокнесе і Ерсіке, знойдзена шмат рэчаў з Русі (шкляныя пацеркі, бранзалеты, пярсцёнкі, шыферныя прасліцы, абразкі). Пахаванні ў бескурганных могільніках па абраду трупапалажэння: мужчын хавалі галавой на усход, жанчын — на захад. Магільныя ямы ў плане авальныя або прамавугольныя, глыбінёй 0,5—0,9 м. Нябожчыкаў клалі на дошкі, якія высцілалі шарсцяной ці льняной тканінай, лубам ці бяростай. На тэрыторыі могільнікаў знойдзены рытуальныя вогнішчы, што тлумачыцца шлюбнымі сувязямі латгалаў з крывічамі або літвой. У жаночых пахаваннях знойдзены жалезныя сярпы, прасліцы, шыйныя грыўні, вайнагі, дугападобныя ланцугатрымальнікі, пярсцёнкі, пацеркі з ракавін кауры (часта ў спалучэнні са шклянымі), у мужчынскіх — наканечнікі коп’яў, спражкі, манжэтападобныя бранзалеты, арбалетападобныя фібулы. У мужчынскіх і жаночых пахаваннях сустракаюцца сякеры, бранзалеты, шпількі і падковападобныя фібулы. У X—XIII стст. ва ўсходняй частцы Латгаліі быў вядомы курганны абрад пахавання. Знешне курганы не адрозніваюцца ад старажытнарускіх, але іх пахавальны інвентар ідэнтычны з рэчавым матэрыялам латгальскіх бескурганных могільнікаў.
У X—XI стст. у васальнай залежнасці ад Полацка і Пскова. У пачатку XIII ст. занявшены нямецкімі рыцарамі-крыжакамі. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага (1224—27) Латгалы названы яшчэ латвійцамі.
Гл. таксамаПравіць
ЛітаратураПравіць
- Дучыц, Л. У. Латгалы / Л. У. Дучыц // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 8. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Латгалы // БЭ ў 18 тамах, Т. 9. Мн., 1999.
- Мугуревич Э. С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII вв.: Экономические связи с Русью и другими территориями. Пути сообщения / Академия наук Латвийской ССР, Институт истории. — Рига: Зинатне, 1965. — 145 с., 32 л. ил.
- История Латвийской ССР: сокр. курс / АН Латвийской ССР, Ин-т истории. 2-е перераб. и доп. изд. — Рига: Зинатне, 1971. — 923 с.
СпасылкіПравіць
- Латгалы (інфлянты) Архівавана 21 снежня 2005.
- Фестываль балтыйскіх культур, ліпень 2006 Архівавана 13 ліпеня 2007.
- Латгалы — этнаграфічная група, карэнны народ ці нацыянальная меншасць? Архівавана 24 лістапада 2007.
- ↑ K. Karulis. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 2001. C. 504-507.
- ↑ V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 207-208, 296-289, 649, 890.
- ↑ Топоров В. Н. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur-: *-nour- и *sel- (неумираюшая память об одном балтийском племени) // Балто-славянские исследования. XVII. Москва, 2006. С. 479-482.
- ↑ Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius: Mokslas, 1981. — С. 105, 137, 182, 185, 223, 231-232, 295, 319.
- ↑ Топоров В. Н. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur-: *-nour- и *sel- (неумираюшая память об одном балтийском племени) // Балто-славянские исследования. XVII. Москва, 2006. С. 453-462.