Полацкае княства

раннефеадальная ўсходнееўрапейская дзяржава

Полацкае княства — сярэдневяковая ўсходнееўрапейская дзяржава са сталіцай у Полацку, якая сфарміравалася на аснове этнапалітычнага аб’яднання крывічоў у другой палове X ст.

Гістарычная дзяржава
Полацкае княства
< 
 >
2-я палова X ст. — 1397

Сталіца
Рэлігія язычніцтва, праваслаўе
Плошча 100 000 км²
Дынастыя Рурыкавічы, Рагвалодавічы, Гедымінавічы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Княства займала важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» і ў XI—XIII стст. было адной з буйных дзяржаў Еўропы[1]. У перыяд найбольшага росквіту займала цэнтральную і паўночную частку сучаснай Беларусі, частку на захадзе Смаленскай вобласці і паўднёвую ўскраіну Пскоўскай вобласці Расіі, басейн Дзвіны ў Латвіі, паўднёва-ўсходнюю частку сучаснай Літвы. Найстаражытнейшае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі.

Утварэнне Полацкай дзяржавы

правіць

Полацк сфарміраваўся на аснове гарадзішча на беразе Палаты, паблізу яе ўпадзення ў Дзвіну[2]. Да V—VI стст. насельніцтва гарадзішча было балцкім, потым сюды прыйшлі славяне. Побач гарадзішча, на правым і левым берагах Палаты, былі селішчы. Росту Полацка спрыяла стратэгічнае размяшчэнне на гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі». Імаверна, у VIII—X стст. у крывічоў былі правадырствы (англ.: chiefdom), дадзяржаўныя палітычная ўтварэнні на чале з князямі-правадырамі, адно з іх, полацкае княжанне, на працягу другой паловы X ст. перарасло ў раннефеадальную дзяржаву.

Гісторыя

правіць

Міфічныя згадкі

правіць

У Сазе пра Тыдрэка Бернскага ёсць познія звесткі пра захоп Полацка гунамі Атылы[3]. У «Дзеях датчан» Саксона Граматыка (мяжа XII—XIII стагоддзяў) апавядаецца пра ўзяцце Полацка ў V—VI стагоддзях конунгам Фродзі I, сынам Хадзінга: ён праз хітрасць забіў полацкага ўладара Веспасія, бо «сілай горада не перамагчы»[4].

З нямногімі людзьмі Фродзі хаваўся і загадаў абвясціць, што памёр, каб аслабіць пільнасць ворага. Для пераканаўчасці быў здзейснены абрад пахавання. Да таго ж ваяры прайшлі працэсіяй за нібы памерлым правадыром. Калі полацкі ўладар Веспасій пачуў пра гэта, ён упэўніўся, што ўжо амаль перамог, аслабіў абарону, і такім чынам з’явілася магчымасць уварвацца ў горад. Фродзі забіў Веспасія падчас забаў і захапіў Полацк.

Полацк у IX—X стст.

правіць

Упершыню Полацк згадваецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 862 годам[5], калі князь Рурык раздаў гарады сваім «мужам», але гэтыя звесткі лічаць пазнейшай устаўкай. У 865 годзе паводле летапісу кіеўскія князі Аскольд і Дзір здзейснілі паход на зямлю крывічоў — «ваявалі палачан і шмат зла ўчынілі».

У тыя часы Полацк складаўся з умацаванага гарадзішча — дзядзінца (плошчай болей за 1 га) і неўмацаванага пасаду (не меней за 7,5 га), дзе жылі рамеснікі. Пасад размяшчаўся як каля дзядзінца, так і далей, дзе цяпер стадыён. Насельніцтва горада складала каля 5 тысяч жыхароў — трохі менш за тагачасны Кіеў і Ноўгарад, але больш за кожны іншы ўсходнеславянскі горад.

Пад 907 годам у «Аповесці мінулых часоў» Полацк называецца сярод гарадоў, якім Візантыя мусіла выплаціць даніну пасля паходу Алега на Канстанцінопаль (Царград). Аднак у тэксце руска-візантыйскага дагавора на праўдзе Полацк не названы, таму лічаць, што згадка Полацка — пазнейшая праўка, каб паказаць залежнасць Полацка ад Кіева[2]. У трактаце Канстанціна Парфірароднага называецца шэраг гарадоў, ад якіх Кіеў атрымліваў даніну, і Полацка сярод іх няма.

Полацкая княства, размешчанае паміж паўночнай (Ноўгарад) і паўднёвай (Кіеў) Руссю, у IX—X стст. уяўляла сабой адзіны гісторыка-культурны, адасоблены рэгіён, які Булкін умоўна назваў «Сярэдзіннай Руссю»[6].

Княжанне Рагвалода (сяр. X ст. — 978 г.)

правіць

Пад 980 годам у летапісах упершыню згадваецца полацкі князь — Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора».

Ёсць думка, што на Русі было дзве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[7][8][9], пры тым, што па мячы пазнейшыя Рагвалодавічы толькі галіна Рурыкавічаў. Паводле Адольфа Стэндэр-Пэтэрсана, на Русі былі дзве скандынаўска-славянскія дзяржавы — Наўгародска-Кіеўская і Полацкая, ён спасылаецца на сведчанне Аповесці мінулых часоў пра княжанне Рагвалода ў Полацку і яго скандынаўскае імя. Паводле Амяльяна Прыцака, полацкая дынастыя была адзінай са старажытных скандынаўскіх дынастый, якая здолела захавацца ў барацьбе з Рурыкавічамі[10].

На той час два князі-браты Яраполк і Уладзімір Святаславічы, якія валодалі Кіевам і Ноўгарадам адпаведна, змагаліся паміж сабой. Абодва дамагаліся дапамогі Полацка. Уладзімір хацеў замацаваць магчымы саюз шлюбам з дачкой Рагвалода князёўнай Рагнедай. Але яму было адмоўлена, бо выбраны ўжо быў Яраполк. Уладзімір захапіў Полацк, а потым і Кіеў. Рагвалод з жонкай і сынамі быў забіты, Рагнеда гвалтоўна стала адной з жонак Уладзіміра, а Полацк часткай яго ўладанняў.

Перад тым як Уладзімір прыняў хрысціянства і ажаніўся з візантыйскай прынцэсай Ганнай, Рагнедзе быў вернуты Полацк. Сын Уладзіміра і Рагнеды — Ізяслаў Уладзіміравіч спачатку атрымаў ва ўдзел Ізяслаўль (цяпер Заслаўе), а пасля смерці ў 1000 годзе Рагнеды атрымаў у спадчыну і Полацк.

Паводле Лаўрэнцеўскага летапісу, каля 987 года пасля няўдалага замаху на яго жыццё Рагнеды і заступніцтва за яе Ізяслава, Уладзімір пасля рады з баярамі вырашыў аднавіць знішчанае Полацкае княства. Баяры сказалі: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, але ўздымі бацькаўшчыну яе, і аддай ёй з сынам тваім». Уладзімір пабудаваў горад Ізяслаўль, дзе і пасяліў Рагнеду і свайго малалетняга сына Ізяслава, які стаў родапачынальнікам дынастыі полацкіх князёў[11]. Некаторыя даследчыкі думаюць, што першыя гады сталіцай быў горад Ізяслаўль, пабудаваны Уладзімірам. А пазней Ізяслаў зрабіў сталіцай Полацк, перабудаваўшы яго і перанёсшы дзядзінец на вышэйшае і непрыступнейшае месца ў вусці Палаты, на яе левы бераг. Імаверна, у малалецтва Ізяслава значны уладны ўплыў магла мець Рагнеда. Аднак таксама ёсць і думка, што Ізяслаў адразу атрымаў Полацк, а Рагнеда з сынам наогул не была ў Заслаўі[12].

Княжанне Ізяслава (988—1001 гады)

правіць

Пра дзейнасць Ізяслава нічога не вядома, але даследчыкі думаюць, што ў часы яго княжання ў Полацкай зямлі распаўсюджвалася хрысціянства. Таксама ён называецца як князь-кніжнік. Ізяслаў пакінуў двух сыноў — Усяслава і Брачыслава. Усяслаў памёр рана, у 1003 годзе, Брачыслаў стаў адзіным спадкаемцам княства і княжыў да смерці ў 1044 годзе.

Ізяслаў быў фактычным пачынальнікам асобнай полацкай княжацкай дынастыі — галіны Рурыкавічаў, якая праз Рагнеду, па жаночай лініі, выводзіла сябе ад полацкага князя Рагвалода.

Княжанне Брачыслава (1003—1044 гады)

правіць
 
Макет выгляду полацкага Сафійскага сабора ў XI ст.

Імаверна, што да 1015 года Брачыслаў Ізяславіч займаўся выключна ўнутранымі пытаннямі, якія не тычыліся суседніх зямель, бо тым часам Брачыслаў быў яшчэ падлеткам. Акрамя таго, у суседнія землі Уладзімір пасадзіў на княжанне сваіх іншых сыноў, якія б спынілі любыя дзеянні з боку Полацка[13].

Але пасля смерці Уладзіміра (1015) дзяржава была дэстабілізавана — сыны змагаліся за ўладу. Тады з’явіліся ўмовы для вырашэння Полацкам уласных вонкавых пытанняў. Асноўным з іх былі «волакі» — сухапутныя шляхі паміж рэкамі Дзвіной і Дняпром на шляху «з вараг у грэкі». У 1021 годзе Брачыслаў захапіў Ноўгарад, так пачаўся яго канфлікт з кіеўскім князем Яраславам, які быў дзядзькам Брачыслава па бацьку. Паводле мірнага дагавора, Брачыслаў атрымаў гарады Віцебск і Усвяты, якія кантралявалі волакі паміж Дняпром і Дзвіной. Яраслаў меў нетрывалае становішча ў Кіеве, таму, магчыма, вырашыў пайсці на саступкі полацкаму князю.

Гэтыя падзеі згадваюцца ў скандынаўскай «Сазе аб Эдмундзе», якая сцвярджае, нібыта пасля дагавора полацкі князь Брачыслаў 3 гады княжыў у Кіеве[14]. Адны даследчыкі змяшчаюць гэты час паміж 1019—1021 гадамі[15], іншыя адносяць яго да 1024—1026 гадоў[16]. Леанід Аляксееў наогул выключае магчымасць кароткатэрміновага княжання Брачыслава ў Кіеве. Але гэта пытанне дасюль застаецца нявырашаным.

Паводле адной з гіпотэз, Брачыслаў заснаваў горад Браслаў на мяжы славянскага рассялення і балцкага насельніцтва. Археалагічныя даследаванні датуюць узнікненне горада XI ст., не ўказваючы на дакладны час заснавання. Заснаванне Браслава Брачыславам выглядае лагічным[17]. Магчыма, месца заснавання горада сведчыла пра паступовае распаўсюджанне полацкай улады на балцкія землі сучасных Латвіі і Літвы. Археолагі зафіксавалі пажарышча на гарадзішчы Браслава, якое датавалі першай паловай XI ст., і часовае спыненне жыццядзейнасці на гарадзішчы Гарадзец на Мнюце, якое адбылося тым самым часам. Гэта можа сведчыць пра ваенныя сутыкненні паміж палачанамі і балцкімі плямёнамі. Трохі пазней на мяжы з балцкімі землямі вырастае абарончая лінія паселішчаў — Дрысвяты, Маскавічы і Рацюнкі.

Даволі спрэчны момант перыяду кіравання Брачыслава — магчымасць далучэння ім Менскай зямлі да Полацкага княства. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Полацк аблажыў данінай паўночных дрыгавічоў (пераважная частка насельніцтва Менскіх зямель) ужо ў X ст.[18] Іншыя, наадварот, мяркуюць, што Менскія землі яшчэ доўга заставаліся спрэчнымі паміж Полацкім і Тураўскім княствам і былі канчаткова падпарадкаваны Полацку толькі пры Усяславе Брачыславічы перад 1063 годам[19]. Юрый Заяц даказваў ваенную прысутнасць полацкіх крывічоў у Менскай зямлі ўжо ў X ст. Пасля ўзяцця Полацка князем Уладзімірам вобласць часова адыходзіць да Кіева; Уладзімір будуе тут крэпасць (Ізяслаўль, Заслаўе, гарадзішча цяпер вядома як Замэчак), вакол якой пазней вырасла гарадское паселішча. Калі Ізяслаў стаў князем Полацка, Заслаўе, а разам з ім значная частка Менскай зямлі адыходзіць да Полацка, а астатняя частка, як думаюць, — пасля мірнага дагавора Яраслава і полацкага князя Брачыслава[20]. Паводле іншай версіі, Менская зямля магла быць аддадзена Полацку князем Яраславам у 1038—1044 гадах, калі той здзейсніў шэраг паходаў супраць яцвягаў і літоўцаў. Некаторыя навукоўцы[хто?] дапускаюць удзел Брачыслава ў гэтых паходах.

Княжанне Усяслава Брачыславіча (1044—1101 гады)

правіць
 
Полацкая зямля ў ваенна-палітычных падзеях XII ст.

У 1044 годзе полацкім князям стаў Усяслаў Брачыславіч. Пры ім Полацкае княства дасягнула свайго росквіту. Полацк ператварыўся ў адносна вялікі горад з плошчай каля 20 га і насельніцтвам да 15 тыс. чалавек[21]. У XI ст. Полацк спаборнічаў з Кіевам і Ноўгарадам за тэрыторыі, да сярэдзіны стагоддзя адносна мірна, пазней ва ўзброеным процістаянні (паходы кіеўскіх князёў на Полацк у 1067, 1071, 1077, 1084 гадах). У гэты час Полацк стаў асноўным супернікам Кіева, а ў 1066 годзе Усяслаў нават захапіў Ноўгарад.

У 1067 годзе пад Менскам адбылася Нямігская бітва, у якой супраць Усяслава выступілі амаль усе князі Русі. Усяслаў быў пераможаны, і на Дняпры, недалёка ад зліцця з ім ракі Аршыцы (Ръши), быў узяты падманам у палон і адвезены ў Кіеў. У Полацку на сталец быў пасаджаны сын Ізяслава Мсціслаў, які неўзабаве памёр, і тады Ізяслаў пасадзіў у Полацк іншага свайго сына — Святаполка. 15 верасня 1068 года ў Кіеве гараджане паднялі мяцеж супраць свайго князя Ізяслава. Гараджане вызвалілі Усяслава з турмы (поруба) і запрасілі яго на кіеўскае княжанне. Усяслаў стаў вялікім князям кіеўскім — de jure гаспадаром усёй Русі. Але ў 1069 годзе Ізяслаў з войскам польскага князя Баляслава рушыў на Кіеў. Кіеўляне сабралі войска, але Усяслаў уцёк у Полацк. Хутка ён быў выгнаны з Полацка і знаходзіўся ў невядомым месцы, магчыма ў Водзі, бо на чале водскага войска ён хадзіў на Ноўгарад, але быў разбіты ў бітве на р. Гзені наўгародцамі на чале з Глебам Святаславічам. У 1071 годзе Усяслаў нечакана з’явіўся ля Полацка, выгнаў адтуль Святаполка і зноў пачаў княжыць у Полацкім княстве. Пасля гэтага хадзіў супраць Яраполка, але той каля Галацічаска разбіў полацкае войска.

Пасля смерці Святаслава Яраславіча (1076) пачалася наступная фаза барацьбы Усяслава з Яраславічамі, вядомая толькі з «Павучання Уладзіміра Манамаха[ru]».

Вясной 1077 года, імаверна, Усяслаў здзейсніў паход на Ноўгарадскую зямлю, супраць князя наўгародскага Глеба Святаславіча[ru], бо таму на дапамогу са Смаленска тады хадзіў Уладзімір Манамах. У адказ, летам 1077 і зімой 1078 (сакавіцкіх) гадоў Яраславічы здзейснілі два паходы на Полацк. Першы здзейсніла чарнігаўскае войска на чале з вялікім князем Усеваладам Яраславічам і яго сынам — смаленскім князем Уладзімірам Манамахам, болей пра гэты паход нічога не вядома. Другі — кіеўскае войска на чале з наўгародскім князем Святаполкам Ізяславічам і ўжо чарнігаўскім князем Уладзімірам Манамахам, а таксама полаўцы, якія ўпершыню ў гісторыі Русі ўзялі ўдзел у міжусобнай вайне, тады Яраславічы спалілі ваколіцы Полацка (ожьгъше Полтескъ), потым Святаполк вярнуўся ў Ноўгарад, а Уладзімір Манамах з полаўцамі паваяваў полацкія ўладанні ў кірунку Одрска (с половци на Одрьскъ, воюя) і вярнуўся ў Чарнігаў.

На мяжы 1070—1080-х гадоў Усяслаў здзейсніў паход пад Смаленск[крыніца?], Уладзімір Манамах з Чарнігава імкліва прыйшоў на дапамогу Смаленску, але Усяслава там не заспеў, пераследаваў яго і спусташаў на шляху полацкія ўладанні, потым паваяваў землі ў кірунку Лагойска, Лукомля, Друцка і адтуль вярнуўся ў Чарнігаў. Праз некалькі гадоў Уладзімір Манамах з Чарнігава, разам з полаўцамі, здзейсніў паход на Менск, знянацку захапіў горад, спустошыў яго і ваколіцы (изъѣхахом городъ, и не оставихом у него ни челядина, ни скотины). Потым, да канца жыцця Усяслава, з крыніц не вядома пра сутыкненні з Яраславічамі.

Усяслаў Чарадзей памёр у 1101 годзе, у летапісе гэта запісана з нязвычнай дакладнасцю: «…преставился Всеслав, полоцкий князь, месяца априля въ 14 день, в 9 часъ дне, в среду», што сведчыць пра значэнне Усяслава для летапісца-сучасніка.

Час раздробленасці (1101 — сярэдзіна XIII ст.)

правіць

Яшчэ пры жыцці Усяслаў Чарадзей падзяліў Полацкае княства паміж сваімі шасцю сынамі. Пасля яго смерці пачалася хуткая дэцэнтралізацыя дзяржавы. Крыху пазней ужо дзеці Усяслава дзялілі свае ўдзелы паміж нашчадкамі. У 1127-1128 гадах у спрэчку пра полацкі сталец умяшаўся князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч. Потым Мсціслаў Уладзіміравіч здзейсніў вялікі паход на Полацкую землю ў 1129 годзе, узяў у палон Давыда, Святаслава, Расціслава і іх сем'і і выслаў у Візантыю, а Полацкае княства аддаў свайму сыну Ізяславу Мсціславічу.

У 1132 годзе полацкае веча выгнала пастаўленага з Кіева Святаполка Мсціславіча і выбрала князем Васільку Святаславіча. Пазней з Візантыі вярнуліся некаторыя Рагвалодавічы, паміж імі працягвалася змаганне за дамінаванне ў Полацкай зямлі. Князь полацкі Уладзімір у 1186 годзе дазволіў немцу Мейнарду, каталіцкаму манаху, прапаведаваць хрысціянства сярод полацкіх даннікаў ліваў у вусці Дзвіны. У 1201 годзе ў вусці Дзвіны немцамі быў заснаваны горад Рыга. У 1203 годзе пачаўся адкрыты канфлікт з немцамі ў Лівоніі, верагодна, з-за адмовы біскупа Альберта плаціць даніну, якую, напэўна, плацілі яго папярэднікі. Відаць, войска Уладзіміра складалася з уласнай дружыны і дружын Усевалада Герцыкскага і Вячкі Кукенойскага. Спачатку, пасля аблогі замка Ікскюль  (руск.), ім спрыяў поспех. Але пад Гольмам нямецкія рыцары з самастрэлаў паранілі ў палачан шмат коней, і Уладзімір не рызыкнуў пад абстрэлам перапраўляцца цераз Дзвіну. Палачане адступілі ад Гольма, але Усевалад Герцыкскі з літоўцамі наехаў на Рыгу і парабаваў рыжскія ваколіцы. Відаць, Уладзімір хацеў толькі напалохаць немцаў, і гэта ў яго атрымалася, але часткова — біскуп Альберт прызнае Уладзіміра ўладаром ліваў і выплачвае за іх даніну. Аднак біскуп не згадзіўся плаціць даніну за сябе, то-бок адмовіўся прызнаць сябе падданым Полацка. У 1207 годзе ўся краіна ліваў — Лівонія — аказалася ва ўладзе крыжакоў, яны падступілі да меж Кукенойскага княства. Вячка Кукенойскі перадае палову свайго княства біскупу. Але хутка Вячка, даведаўшыся, што крыжацкае войска адплыла на караблях у Германію, распраўляецца з немцамі, якія былі ў той палове замка, што ён перадаў біскупу. Трафеі  (руск.) ён адпраўляе Уладзіміру, паведамляючы, што крыжакі сышлі з Лівоніі, і прапануючы аднавіць наступ. Але сустрэчны вецер затрымаў крыжакоў у вусці Дзвіны. Крыжакі, даведаўшыся пра ўчынак Вячкі, вярнуліся, каб адпомсціць. Вячка, не чакаючы падыходу крыжакоў, спаліў свой горад і сышоў на Русь, а крыжакі авалодалі Кукенойскім княствам. Пасля гэтага пад націскам крыжакоў апынуўся Усевалад Герцыкскі. Восенню 1209 года, разбіўшы каля Герцыке Усеваладаву дружыну, крыжакі захапілі горад, герцыкскі князь выратаваўся на супрацьлеглым беразе Дзвіны і адтуль назіраў, як гарыць замак і пасад; жонка і дачка Усевалада трапілі ў палон. Біскуп Альберт прапанаваў Усеваладу мір, а таксама вярнуць палонных і нарабаванае дабро, але той павінен быў перадаць яму частку княства, пазбягаць зносін з паганцамі — літоўцамі, паведамляць пра планы русінаў. Усеваладу не было іншага выйсця, як згадзіцца з гэтымі ўмовамі. У 1216 годзе да Уладзіміра Полацкага звярнуліся эсты, каб ён з войскам прыйшоў ваяваць Рыгу. Самі эсты абяцалі адначасова пачаць вайну супраць ліваў і летаў, а таксама закрыць гавань у Дзюнамюндэ  (руск.). Напэўна, такога прыдатнага моманту і чакаў Уладзімір, ён пачаў збіраць войска з Полацка, Менска, Літвы, Смаленска, Віцебска і Друцка. Сабралася вялікае войска, але Уладзімір, ужо ўзышоўшы на карабель, раптоўна памёр. Такім чынам Полацкае княства канчаткова страціла свае землі Лівоніі. Вусце Дзвіны аказалася пад кантролем крыжакоў, што балюча адбілася на эканоміцы Полацкай дзяржавы.

У складзе Вялікага Княства Літоўскага (XIII—XIV стст.)

правіць

У сярэдзіне XIII ст. полацкі князь Канстанцін заснаваў у Полацку каталіцкае Рускае біскупства, якое ў 1255 годзе прыняў пад сваю апеку Папа Рымскі, напэўна, такім чынам праз рыжскага архібіскупа князь перадаў Полацкае княства ў так званы «лен Святога Пятра». Таксама, недзе перад 1262 годам, асобным дарчым актам князь Канстанцін перадаў братам-рыцарам Лівонскага ордэна землі абапал ракі Рэзны ў Латгаліі. Неўзабаве Канстацін памёр, законных нашчадкаў ён не пакінуў, таму Полацкае княства перайшло пад уладу рыжскага архібіскупа. Палачане не пагадзіліся з гэтым, пазней рыжскі архібіскуп вінаваціў у тым злоўжыванні братоў-рыцараў. Каб змагацца з немцамі і забраць у іх і Канстанцінаў дар у Латгаліі, палачане, як сведчыць тая ж скарга архібіскупа, звярнуліся да «паганцаў», то-бок літоўцаў. Прычыны такога выбару палачан, як і акалічнасці гэтых падзей, не ясныя. У кожным разе, ужо ў 1262 годзе полацкім князем быў Таўцівіл, які з палачанамі і літоўцамі ў саюзе з наўгародцамі і пскавічамі ваяваў супраць немцаў. Таўцівіл быў другім паводле старшынства сярод літоўскіх князёў, старэйшым пляменнікам літоўскага князя Міндоўга. На думку Баўмгартэна і Селарта, Таўцівіл мог быць зяцем полацкага князя Брачыслава. Пасля забойства Транятам вялікага князя Міндоўга, а потым і Таўцівіла, каб вызваліць сваіх палонных баяр, палачане вымушана прынялі сабе князя ад Траняты, некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта быў Гердзень, але стаўленік Траняты мог быць князем кароткі час перад ім. Зусім неўзабаве Траняту забілі, уладу на літоўскіх землях пераняў Войшалк, які пакараў усіх датычных да забойства Міндоўга. У кожным разе, Гердзень ад імя палачан і віцеблян паспеў заключыць мір з немцамі, якія адмаўляліся ад правоў на ўсё Полацкае княства, а палачане адмаўляліся ад асобнага Канстанцінавага дару ў Латгаліі, пагадненне было зацверджана Папам у 1263 годзе. Неўзабаве літоўскі князь Войшалк перавёў Гердзеня ў Нальшаны, а на полацкім стальцы ў 1264 годзе згадваецца ўжо князь Ізяслаў, які дзейнічаў у «волі Войшалкавай». У 1270-я гады ў Полацку княжыў іншы князь Канстанцін, па мянушцы Бязрукі, ён прызнаваў уладу вялікага князя Трайдзеня, пры гэтым, магчыма, быў зяцем вялікага князя ўладзімірскага Аляксандра Яраславіча. Пасля княжылі сыны Канстанціна Бязрукага, у Полацку невядомы імем і памерлы ў 1294 годзе, а ў Віцебску — князь Міхаіл Канстанцінавіч, які памёр неўзабаве па 1294 годзе. Гэтыя князі таксама прызнавалі ўладу вялікіх князёў літоўскіх, прапускалі літоўцаў на Пскоўскую, Наўгародскую, Смаленскую, Цвярскую і Уладзімірскую землі. Пасля іх, прынамсі ў Полацку, не было князя, дагавор з немцамі заключаў полацкі епіскап Якаў, які называў вялікага князя Віценя «сваім сынам» і дзейнічаў у адносінах з Рыгай у згодзе з яго воляй. Потым полацкім князем стаў брат вялікіх князёў Віценя і Гедзіміна — Воін. Пасля гібелі Воіна полацкім князем стаў сын Гедзіміна Нарымонт, спачатку ён дзейнічаў на другой ролі за полацкім епіскапам Рыгорам. Пасля гібелі Нарымонта ў бітве на Стрэве ў 1348 годзе полацкім князем стаў унук Гедзіміна — Андрэй, сын Альгерда і віцебскай княжны, апошняй з віцебскага княжацкага роду. Пра другаснасць ролі князя Андрэя ўжо нічога не вядома, такім чынам, і Віцебскае, і Полацкае княства ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, аднак кожная зямля мела асобны дагавор з вялікімі князямі літоўскімі.

Гістарыяграфія, ацэнкі даследчыкаў

правіць

Афіцыйная савецкая гістарыяграфія адмаўляла існаванне дзяржаўнасці Беларусі ў эпоху сярэднявечча, звязвала яе набыццё толькі з Кастрычніцкай рэвалюцыяй і ўстанаўленнем дыктатуры бальшавікоў. Таму не ўзнікала нават пытання пра існаванне феадальных беларускіх дзяржаў. Частка дарэвалюцыйных расійскіх гісторыкаў лічыла, што Кіеўская Русь адзінай дзяржавай не была, бо ва ўсходніх славян былі самастойныя дзяржавы-княствы — землі[22]. Мітрафан Доўнар-Запольскі ўпершыню разглядаў спрэчкі паміж Полацкам і Кіевам не як міжусобныя канфлікты, а як барацьбу за незалежнасць. Першым сярод беларускіх гісторыкаў Полацкае княства назваў даўнім і моцным Вацлаў Ластоўскі[23].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Доўнар 2007, с. 19.
  2. а б М. Клімаў. Полацкае княства ў IX—XI стст.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 красавіка 2011.
  3. Из саги о Тидреке Бернском — Саги о древних временах — Тексты — Северная Слава (руск.). norse.ulver.com. Праверана 15 снежня 2023.
  4. Саксон Граматык. Дзеі данаў. Кніга II.
  5. Змаганне Полацкай і іншых зямель за незалежнасць
  6. Булкин, В. А. Днепро-двинское пространство — «Серединная Русь» / В. А. Булкин // Петербургский археологический вестник. — 1994. — № 3. — С. 133.
  7. Stender-Petersen А. Varangica. Aarhus, 1953. Р. 130—131.
  8. Pritsak О. The Origin of Rus'. Cambridge (МА), 1981. Vol. 1. Old Scandinavian Sources other than the Sagas. Р. 137.
  9. Duczko W. Viking Rus: Studies on the Presence of Scandinavians in Eastem Europe. Leiden, 2004. Р. 126—127.
  10. Мартынюк А. В. Alba Ruscia: Белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (Х—ХVI вв.). Москва, 2015. С. 9.
  11. Лаврентьевская летопись. Архівавана з першакрыніцы 8 ліпеня 2017. Праверана 25 сакавіка 2015.
  12. Котляр Н. Ф. Изяслав Владимирович // Древняя Русь в средневековом мире: энциклопедия / Институт всеобщей истории РАН; Под общей ред. Е. А. Мельниковой, В. Я. Петрухина. — М.: Ладомир, 2014. — С. 324.
  13. М. Клімаў. Полацкае княства ў час княжання Брачыслава Ізяславіча (1003—1044)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2011.
  14. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI—XV стст.). Мн., 1998. С. 23.
  15. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 92.
  16. Заяц Ю. А. Полоцкие события «Саги об Эймунде» // Полоцкий летописец. № 1. 1993. С. 10.
  17. Семянчук Г. Н. Гарадзішча «Замкавая гара» ў Браславе // Гісторыя Беларусі: жалезны век і сярэднявечча. Мн., 1997. С. 63—65.
  18. Семенчук Г. Н. Формирование границ Полоцкой земли в XI в. // Археология и история Пскова и Псковской земли. Псков, 1990. С. 54.
  19. Алексеев Л. В. Минск и Друцк // Славяне и их соседи: Археология, нумизматика, этнология. Мн., 1998. С. 13.
  20. Заяц Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. С. 108—112.
  21. С. Тарасаў. Першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2010.
  22. Грыцкевіч, А. Узьнікненьне фэўдальных дзяржаваў беларусаў у працэсе ўтварэньня дзяржаваў у славян / Анатоль Грыцкевіч // Полацак. — 1993. — № 8 (28). — С. 4.
  23. Ластоўскі, В. Кароткая гісторыя Беларусі / Паслясл. А. П. Грыцкевіча. — Мн.: Універсітэцкае, 1993. — 126 с. — С. 8. — ISBN 5-7855-0646-7.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць