Русь

сярэдневяковая усходнеславянская дзяржава на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі, Украіны, (часткова) Латвіі, Польшчы і Эстоніі ў IX — XII ст.

Русь або Руская зямля — сярэдневяковая ўсходнеславянская дзяржава ў X—XII стст. на тэрыторыях сучасных Украіны, Беларусі, Расіі, а таксама (часткова) Малдовы, Польшчы і Эстоніі. Найвышэйшага росквіту дзяржава з цэнтрам у Кіеве дасягнула ў першай палове XI ст. падчас уладарства Яраслава Уладзіміравіча. З 1130-х гадоў распадаецца на землі-княствы, галоўнымі з іх былі Кіеўская, Чарнігаўская, Пераяслаўская, Галіцкая, Валынская, Полацкая, Уладзіміра-Суздальская, Смаленская і Наўгародская землі.

Назва «Кіеўская Русь»

правіць

Паняцце «Кіеўская Русь» уведзены ў навуковы зварот гісторыкамі для азначэння перыяду існавання ўсходнеславянскай дзяржавы Русь, а таксама тэрыторыі, якімі ўладала дынастыя Рурыкавічаў (да сярэдзіны ХІІІ ст.), калі цэнтрам гэтай дзяржавы быў Кіеў. Гістарычна назва «Русь» ужывалася ў вузкім і шырокім значэннях. У X—XIII стст. у вузкім сэнсе пад Руссю разумелася Сярэдняе Падняпроўе (тэрыторыя Украіны). У ХІІІ—XIV стст. пашырылася этнаканфесійнае значэнне — Руссю пачынаюць называць усе ўсходнеславянскія землі. Гэта засведчана ў берасцяных граматах і літаратурных творах (гл. Слова пра пагібель Рускай зямлі). Найбольш шырокае значэнне зафіксавана датычна ўсіх праваслаўных краёў, дзе богаслужэнне вялося на царкоўнаславянскай мове: усходнеславянскія, румына-малдаўскія і паўднёваславянскія землі (гл. Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх).

Гл. таксама: Паходжанне назвы Русь.

Гісторыя

правіць

«Аповесць мінулых гадоў» датуе 862 годам запрашэнне славянамі і фіна-уграмі на княжанне варагаў. Паводле летапіснага падання, варагі на чале з Рурыкам прыйшлі ў горад Ладагу, потым — у Ноўгарад, а каля 880 года князь Алег перанёс цэнтр улады ў Сярэдняе Падняпроўе, у Кіеў. Неўзабаве Кіеў пазбавіўся хазарскай залежнасці, на працягу X ст. падпарадкаваў сабе ўсходнеславянскія этнапалітычныя аб’яднанні. Росквіту Русі спрыяла геаграфічнае становішча, праз краіну праходзілі важныя гандлёвыя шляхі «з варагаў у грэкі» (з Балтыйскага да Чорнага мора, па Дняпры) і з Балтыйскага мора ў краіны Сярэдняй і Усходняй Азіі, па Волзе. Кіеўская Русь экспартавала ў іншыя краіны футра, воск, мёд.

К канцу X ст. варажскі ўплыў на Русі паступова змяншаецца, хаця княжацкая дружына да сярэдзіны XI ст. заставалася пераважна варажскай.

Падчас княжання Святаслава (945—972) Русь нанесла паражэнні хазарам і булгарам.

У 988 годзе князь Уладзімір (княжыў у 980—1015) зрабіў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй. Прыняўшы хрысціянства ўсходняга абраду, ён падкрэсліў стратэгічную скіраванасць Русі на супрацоўніцтва з Візантыяй. З прыняццем хрысціянства на Русі пачалі ўзводзіцца храмы і манастыры, якія сталі асяродкамі культуры.

Найвышэйшага росквіту дзяржава дасягнула ў XI ст. ва ўладарства Яраслава Уладзіміравіча.

Да сярэдзіны XII ст. Русь распадаецца на некалькі самастойных зямель і фактычна перастае існаваць як адзіная дзяржава. Большасць гэтых княстваў у XIII ст. спустошаны або падпарадкаваны мангола-татарамі.

У другой палове XIII — пачатку XIV стагоддзя на тэрыторыях былой Русі ўзнікаюць новыя палітычныя цэнтры — Каралеўства Русі, Вялікае Княства Літоўскае і Вялікае Княства Маскоўскае. Ад апошняга бярэ пачатак сучасная Расія. Гэтыя дзяржавы распачалі між сабой жорсткую барацьбу за спадчыну даўняй Русі.

У Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. Руссю называлі ўсходнебеларускія землі. З XVIІ ст. за паўночна-ўсходняй Беларуссю замацоўваецца назва Белая Русь.

Этнакультурныя асаблівасці

правіць

Старажытная Русь не была дзяржавай, населенай адзінай «старажытнарускай народнасцю»: кароткія перыяды адноснай і заўсёды гвалтоўнай цэнтралізацыі змяняліся больш працяглымі перыядамі дыферэнцыяцыі, абумоўленай субэтнічнымі адрозненнямі пэўных раёнаў. Гэта не была і «канфедэрацыя» плямёнаў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў, драўлян і г. д.), якія групаваліся вакол былых цэнтраў, што станавіліся сталіцамі асобных княстваў, бо саміх гэтых плямёнаў ужо не існавала як этнасаў, прынамсі, з X ст.

Супрацьпастаўляючы ж сябе іншаземцам, усходнія славяне ў часы Кіеўскай Русі называліся русічамі, рускімі або русінамі.

Гэта дае падставу выкарыстоўваць спалучэнне «старажытная Русь» для абазначэння агульнай культурна-гістарычнай прасторы, якая складаецца на аснове суперэтнічнай, моўнай, рэлігійнай супольнасці, а таксама агульнага сацыяльнага ладу жыцця[1].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

правіць
  1. ГБЛ 2007, с. 16—17.

Літаратура

правіць
  • Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. Архівавана 6 сакавіка 2009. // З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып. 1. Мінск, 1996. — С. 4—27.
  • Русь Архівавана 18 жніўня 2007. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. — С. 145—146
  • У.В. Гніламёдаў, Г.В. Кісялёў, А.А. Лойка, А.І. Мальдзіс, У.І. Мархель, В.А. Чамярыцкі. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. — 2-е выданне. — Мн: Беларуская навука, 2007. — Т. 1.