Русь (назва)
Русь (верагодна, ад скандынаўскага кораню *roρs-) — назва і саманазва сярэднявечнага дзяржаўнага ўтварэння на землях усходнеславянскага засялення; пазней назва распаўсюдзілася на самі землі і на іх славянскае насельніцтва; адсюль такія назвы, як «Расія», «Беларусь» і пад.
Назва «русь» сустракаецца ва ўсходнеславянскіх крыніцах з 9 ст., і ўзнікла, відаць, у Ноўгарадскай зямлі. Пытанне паходжання назвы з'яўляецца асобным ад пытання паходжання старажытнарускай дзяржавы і ад замацавання назвы за пэўнай тэрыторыяй або этнасам. Усе гэтыя пытанні моцна палітызаваныя з 18 ст. і часта разглядаюцца з пазанавуковых пазіцый.
Актуальная тэорыяПравіць
За час вывучэння паходжання назвы Русь прапаноўваліся славянскія, старажытнарускія, гоцкія, шведскія, іранскія, яфетычныя і іншыя варыянты. Канчатковае развязанне не было прапанавана, але за гэты час адносна слова «русь» былі зробленыя дзве дастаткова пэўныя высновы: яно не было саманазвай славянаў; яно не было назвай якога-небудзь паўднёвага саюза ўсходнеславянскіх плямёнаў у час фарміравання ранніх дзяржаўных аб'яднанняў.
У пач. 21 ст. шырокапрызнанай тэорыяй з'яўляецца развіццё палітоніма-этноніма «Русь» у некалькі этапаў:
1. Пачатковым значэннем слова было, відаць, «войска, дружына», але магчымыя і вузейшыя значэнні «каманда баявога карабля, вясляры» ці «пешае войска, апалчэнне». Да гэтых значэнняў летапіснага «русь» найбліжэй фінскае ruotsi, старажытнаісландскае roρs, рунічнае ruþ. Назва склалася на паўночна-усходніх землях, населеных славянамі і фіна-уграмі, дзе так называлі скандынаваў з веславых суднаў; слова паходзіла ад скандынаўскага кораню *roρs- і было, магчыма, своеасаблівым этнонімам. Пазней адбыўся перанос назвы на княжацкія дружыны, бо ў іх складзе было шмат прафесійных воінаў-скандынаваў.
2. Назва пашырылася на збіральнікаў даніны (адной з традыцыйных функцый дружыны быў збор даніны) і ў выніку пачынае азначаць шырэйшы, надпляменны грамадскі слой, кансалідаваны вакол князя; прадстаўнікоў дружыны, купецтва, баярска-княжацкай адміністрацыі; але захоўваецца і ранейшае, вузейшае значэнне слова — «дружына».[1] Яшчэ ў 11 ст. «русин» у «Рускай праўдзе» Яраслава Мудрага — гэта «гридин, любо коупчина, любо ябетник, любо мечник»[2].
3. Перанос назвы варажскай русі на ўсходніх славянаў, зямлю, населеную імі, пазней і на ўсходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэнне, створанае пры ўдзеле скандынаваў — Кіеўскую Русь. Такі перанос адбыўся, відаць, на працягу 9 — 10 ст.[2].
Не выключана, што амафанічныя ці блізкія па гучанні тапонімы і этнонімы з каранямі *ros- / *rus-, якія сустракаюцца ў старажытнарускіх, грэчаскіх, скандынаўскіх, гоцкіх, лацінска- і арабамоўных крыніцах маглі мець рознае паходжанне і толькі пазней былі кантамінаваныя. Гэта магло стварыць дадатковыя цяжкасці ў вывучэнні пачатковых значэнняў такіх тэрмінаў.
Галоўныя праблемы актуальнай тэорыі: назвай азначаюць прадстаўнікоў розных народаў; слова не сустракаецца ў скандынаўскіх крыніцах; незразумела, чаму запазычана было менавіта гэтае слова, а не «варагі» (якое таксама не сустракаецца ў скандынаўскіх крыніцах); калі слова скандынаўскае, то чаму не атрымала ва ўсходнеславянскім ужытку атрымала формы множнага ліку (як для ўсіх іншых народаў Еўропы).
ПалітызацыяПравіць
Навуковы разгляд пытання значна ўскладнены яго палітызацыяй (гл.далей: «нарманізм»). Так, настойліва шукаліся славянскія карані назвы, асабліва ў вядомых тапонімах (рака Рось, прыток Дняпра — М. М. Ціхаміраў, паселішча Руса/Старая Руса, востраў Руяна/Руген). У ліку актыўных прыхільнікаў такой тэорыі быў Б. А. Рыбакоў. Рабіліся спробы (О. Н. Трубачоў, Д. Л. Таліс, Д. Т. Беразавец) звязаць назву Русь з крымскімі тапонімамі гоцкага паходжання — «Расатар», «Рукуста», «Rogastadzans» Іардана і інш. Але лінгвістычныя абгрунтаванні такіх тэорый прызнаюцца непераканаўчымі.
Зноскі
- ↑ Думка пра этап сацыяльнай функцыі назвы абгрунтоўвалася, напрыклад, Г. Ф. Кавалёвым.
- ↑ 2,0 2,1 Кирпичников А. Н., Дубов И. В., Лебедев Г. С. Русь и варяги: Русско-скандинавские отношения домонгольского времени // Славяне и скандинавы. М., 1986, С. 202—205, як працыт. у: Данілеўскі, С.59—61.
ЛітаратураПравіць
- Данилевский И. И. Древняя Русь глазами современников и потомков (IX-XII вв.); Курс лекций: Учебное пособие для студентов вузов. — М.: Аспект Пресс, 1998. — 399 с. ISBN 5-7567-0219-9