Правады́рства (англ.: chiefdom, укр.: вождівство) — дадзяржаўная палітычная структура, якая аб’ядноўвае шэраг супольнасцей і складаецца з некалькіх паралельных адзінак. Статус лідараў у іерархіі палітычных роляў прыкметна вышэйшы за статус іншых членаў грамадства. Класічнае вызначэнне паняцця правадырства (chiefdom) належыць Роберту Л. Карнэйра і гучыць так: правадырства ёсць «аўтаномнай палітычнай адзінкай, што аб'ядноўвае некалькі паселішчаў або абшчын пад пастаянным кантролем вярхоўнага правадыра» (Carneiro 1981: стар. 45).

Паміж племянным і дзяржаўным ладам існавала асобая стадыя. Яе прынята абазначаць англійскім словам chiefdom (ад chief — правадыр), што звычайна перакладаецца на беларускую мову як «правадырства». Вылучаюцца простыя і складаныя правадырствы. Галоўнае адрозненне племя ад правадырства ў тым, што племя эгалітарна: у ім існуюць старэйшыны, але яны не з’яўляюцца спадчыннай знаццю. Правадырства іерархічна: у ім існуюць знатныя роды, у першую чаргу род правадыра. У славянскіх правадырствах VІІ—Х стст. фіксуецца спадчынная ўлада правадыроў — князёў. У візантыйскіх крыніцах з’ява абазначаецца тэрмінам «славінія».

На беларускіх землях правадырствы адпавядаюць старажытнабеларускім этнапалітычным аб’яднанням крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія праіснавалі да другой паловы Х ст. і саступілі раннефеадальным дзяржаўным утварэнням (Полацкая дзяржава, Кіеўская дзяржава). Ва ўсходнеславянскай гістарыяграфіі такія дадзяржаўныя аб’яднанні дагэтуль традыцыйна абазначаюцца тэрмінам саюз плямёнаў. Аднак ужыванне дадзенага тэрміну можна лічыць анахранізмам, паколькі супольнасці перыяду правадырстваў былі заснаваны не на рода-племянной структуры, а на тэрытарыяльнай.

Літаратура правіць

  • Говард Майкл. Сучасная культурная антрапалогія. — Мінск: Тэхналогія, 1995.
  • Горский Антон. Средневековая Русь. О чем говорят источники. — Москва: Ломоносовъ, 2016.
  • Carneiro Robert. The Chiefdom: Precursor of the State // The Transition to Statehood in the New World. — Cambridge, 1981.