Смаленскае княства

Смаленскае княства — сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне, якое сфарміравалася ў XII ст. вакол Смаленска. Займала тэрыторыю сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай, Калужскай, Цвярской, Бранскай абласцей Расіі, усходнія раёнаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей Беларусі.

Гістарычная дзяржава
Смаленскае княства
Герб
Герб
Rus-1015-1113.png
< Flag of None.svg
Grunwald Pogoń czerwona.svg >
1127 — 1387

Сталіца Смаленск
Афіцыйная мова старажытнаруская мова
Рэлігія праваслаўе
Дынастыя Расціславічы Смаленскія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Княства ўтварылася на аснове смаленскай групоўкі крывічоў, якая стала адасоблівацца ў VIIIIX стст. у вярхоўях Дняпра і Дзясны. Размешчаны паміж паўночнай (Ноўгарад) і паўднёвай (Кіеў) Руссю, у IX—X стст. гэты адзіны гісторыка-культурны рэгіён уяўляў сабою адасобленую «Сярэднюю Русь»[1]. У 885 г. Смаленск быў падпарадкаваны кіеўскім князем Алегам.

Палітычнае адасабленне Смаленска пачалося ў XI ст., але да пачатку XII ст. ён заставаўся кіеўскай воласцю. У 1120-я гг. тут усталявалася самастойная дынастыя на чале з Расціславам Мсціславічам. Смаленская зямля вылучылася ў асобную дзяржаву-княства. Пры Расціславе Мсціславічы (1125—1159), Смаленскае княства дасягала найбольшых памераў. У 1136 годзе ў княстве арганізавана самастойная епархія.

У XII ст. Смаленскае княства пачало ўваходзіць у лік наймацнейшых дзяржаўных утварэнняў Русі. У 2-й палове XII ст. Смаленск пашырыў свой уплыў на Полацкую і Наўгародскую землі і за іх кошт павялічыў уласную тэрыторыю. У 1127 годзе Расціслаў Мсціславіч захапіў у Чарнігаўскага княства паўночныя землі радзімічаў — Крычаў, Прапошаск. У выніку другога паходу на землі радзімічаў (1142) ён пашырыў свае ўладанні да р. Унеча. З 1116 ў Глеба Менскага былі адабраныя Копысь і Орша. Часова ў залежнасць ад Смаленска трапілі Віцебск (з 1165 па 1195) і Друцк.

Пры Расціславе Мсціславічы пачалося драбленне Смаленскага княства на ўдзелы. У 1165 г. ён вылучыў «Романови Вячеславлю внуку» Васілеў і Красн. Пры пераемніках Рамана Расціславіча (1159—1180) працэс драблення паскорыўся: у 1180 згадваецца ўдзел у Мсціславе, якім валодаў Мсціслаў Раманавіч, у 1209 — таропецкі ўдзел Мсціслава Мсціславіча Удатнага. У канцы XII — пачатку XIII ст. ўплыў Смаленскага княства на іншыя землі паменшыў. Пасля смерці князя Мсціслава Давыдавіча (1230) пачаўся яго заняпад, абумоўлены ўсобіцамі паміж 2 лініямі смаленскіх князёў — Раманавічамі і Давыдавічамі. У 2-й палове XIII ст. са складу Смаленскага княства вылучыліся Вяземскі і Мажайскі ўдзелы.

Каля 1280 г. смаленскія князі Расціславічы садзяць свайго намесніка ў Віцебску, а ў 1290-я гады ім удаецца далучыць Бранскі ўдзел.

У пачатку XIV ст. Смаленск канчаткова страціў кантроль над Віцебскам.

Спроба смаленскай цэнтральнай велікакняжацкай улады перашкодзіць дэзінтэграцыйным працэсам і аднавіць страчаныя пазіцыі, зробленая ў 1300 г. вялікім князем Аляксандрам Глебавічам, у адносінах да Дарагабужа скончылася няўдачай[2]. Аднак у 1302 г. маскоўскія князі захапілі Мажайскі ўдзел[3].

З сярэдзіны XIII ст. на Смаленск пачаліся набегі Літвы. Княства, якое ўсё больш слабела, паступова губляе землі, і Смаленск усё больш трапляе ў залежнасць ад Масквы і Літвы. У пачатку XIV ст. ад Смаленскага княства адышлі да Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) землі Падняпроўя, басейн Проні, верхняе Паволжа. Пры князю Іване Аляксандравічы (1313—1358) Смаленск трывала трапіў пад уплыў ВКЛ. Князь Святаслаў Іванавіч (1358—1386) імкнуўся да захавання незалежнасці Смаленскага княства, але ў выніку паходаў ВКЛ яно страціла значную частку тэрыторыі на поўдні і поўначы, у т.л. Мсціслаў і Ржэў. Святаслаў Іванавіч загінуў у 1386, калі смаленскае войска было разбіта ў бітве на рацэ Віхра (пад Мсціславам). Апошнія смаленскія князі Юрый Святаславіч (1386—1392) і Глеб Святаславіч (1392—1395) знаходзіліся пад уплывам ВКЛ. Скарыстаўшы міжусобіцу паміж Глебам і Юрыем, вялікі князь Вітаўт у 1395 годзе захапіў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў; Глеб Святаславіч быў адпраўлены ў ВКЛ, а Юрый Святаславіч уцёк у Разань да свайго цесця Алега Іванавіча і з яго дапамогай у 1401 вярнуў Смаленск. Вітаўт спрабаваў вярнуць горад у 1401, 1402 і 1403; у 1403 ён захапіў Мажайск, і Смаленск апынуўся ў акружэнні зямель ВКЛ. Скарыстаўшы нейтралітэт Масквы і смерць Алега Іванавіча ў 1404, Вітаўт вярнуў Смаленск: «винных всех… позабивал до троих тысячей, и, абы в Смоленску не было болшей уже бунтов, а княжество обернул в воеводство». Такім чынам, Смаленскае княства было ліквідавана і на яго аснове створана Смаленскае ваяводства.

Гл. таксамаПравіць

Зноскі

  1. Булкин, В. А. Днепро-двинское пространство — «Серединная Русь» / В. А. Булкин // Петербургский археологический вестник. — 1994. — № 3. — С. 133.
  2. Полное собрание русских летописей. Т. 7. — СПб., 1856. — С. 182
  3. Ластоўскі, Г. Смаленская зямля ў канцы XIII — першай паловы XIV стст. / Генадзь Ластоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 29.

ЛітаратураПравіць

  • Мяцельскі А. А. Смаленскае княства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 41. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Смаленскае княства // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 673. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Алексеев, Л. В. Смоленская земля в IX―XIII вв.: очерки истории Смоленщины и Восточной Белоруссии / Л. В. Алексеев; [отв. ред. Я. Н. Щапов]; Академия наук СССР, Институт археологии. — М.: Наука, 1980. — 260, [1] с., [2] л. ил., карт
  • Голубовский, П. В. История Смоленской земли до начала XV ст.: Монография П. В. Голубовского. — Киев: Типография Императорского университета Св. Владимира, 1895. — II, 34, 11 с. с 2 л. табл.
  • Ластоўскі, Г. Смаленская зямля ў канцы XIII — першай паловы XIV стст. / Генадзь Ластоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 28 — 37.
  • Мяцельскі, А. Землі Беларусі і Смаленскае княства (IX—XIII стст.) / Андрэй Мяцельскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 17 — 27.
  • Мяцельскі, А. Смаленскае княства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 357. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Сагановіч, Г. М Нарыс гісторыі Беларусі: Ад старажытнасці да канца XVIII ст. / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — 411, [2] с. — ISBN 985-6374-34-2.