Смаленскае ваяводства
Смаленскае ваяводства (старабел.: Воеводство Смоленское; лац.: Palatinatus Smolencensis, польск.: Województwo smoleńskie) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 53 тыс. км²[1]. Сталіца — горад Смаленск.
Смаленскае ваяводства | |||
---|---|---|---|
лац.: Palatinatus Smolencensis | |||
|
|||
Краіна | |||
Уваходзіць у |
|
||
Адміністрацыйны цэнтр | Смаленск | ||
Дата ўтварэння | 1508 | ||
Дата скасавання | 1654 | ||
Плошча | 53 000 км² | ||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сымболіка
правіцьГерб ваяводства меў наступны выгляд: «залаты скіпетр на тле шэрага дыску, змешчанага на чырвонай харугве»[2].
Гісторыя
правіцьУтварылася ў 1508 на аснове Смаленскага намесніцтва (колішняга Смаленскага княства). У 1514 тэрыторыю ваяводства акупавалі войскі Маскоўскай дзяржавы.
3 чэрвеня 1611 войскі Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі Смаленск. Па вызваленні цягам 1611—1626 дзевяць гарадоў Смаленшчыны атрымалі Магдэбургскае права.
У 1613 Вальны сойм аднавіў Смаленскае ваяводства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, што вызнала Масква пры складанні Дэвулінскага перамір’я (1618)[3]. У склад ваяводства ўвайшлі смаленскія землі з гарадамі Белы, Дарагабуж, Рослаў, Смаленск, Сярпейск, маскоўскія «ўезды» Невель і Себеж з Красным Гарадком, Северская зямля з Трубчэўскім княствам, Почапская воласць.
У 1620-я—1640-я на Смаленшчыне правялі валочную памеру. У 1621 смаленскі соймік накіраваў першых паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай. У 1626 у Старадубе прайшоў першы павятовы шляхоцкі соймік.
У 1633 утварыўся Невельскі павет, скасаваны аднак у 1634. Паводле Палянскага міру (1634) у складзе Маскоўскай дзяржавы апынуліся часткі Смаленскага (з Масальскам і Сярпейскам) і Старадубскага (з Трубежам) паветаў агульнай плошчай каля 30 тыс. км². У 1635 на тэрыторыі Севершчыны ўтварылася Чарнігаўскае ваяводства ў складзе Каралеўства Польскага. У 1638 заснаваная Смаленская каталіцкая дыяцэзія.
У 1646 з Кіеўскага ваяводства ў склад Старадубскага павета перайшло Лоеўска-Любецкае староства. У 1638 Невельская, Себежская і Краснагорская воласці перайшлі да Полацкага ваяводства.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія войскі захапілі Смаленшчыну. Згодна з Андрусаўскім перамір’ем (1667) пад уладай Масквы апынуліся Смаленскі і Старадубскі паветы агульнай плошчай 45 тыс. км² (з апошняга ў складзе ВКЛ засталося толькі Лоеўска-Любецкае староства плошчай 8 тыс. км², уключанае ў Рэчыцкі павет). Пазней ваяводства існавала толькі намінальна да канчатковага скасавання ў 1793.
Геаграфія
правіцьНа поўначы межавала з Наўгародскай зямлёю, на ўсходзе — з Маскоўскай дзяржавай, на поўдні — з Севершчынай (з 1635 Чарнігаўскім ваяводствам) і Мсціслаўскім ваяводствам, на захадзе — з Віцебскім ваяводствам.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
правіцьВаяводства падзялялася на два паветы: Смаленскі і Старадубскі.
Назва | Цэнтр | Староствы |
---|---|---|
Смаленскі павет | Смаленск | Смаленскае Дарагабужскае Рослаўскае |
Старадубскі павет | Старадуб | Старадубскае |
Ваяводскі соймік праводзіўся ў Смаленску, павятовыя соймікі — у Смаленску і Старадубе. З 1667 года соймікі праходзілі ў Вільні: смаленскія — у касцёле бернардзінцаў, старадубскія — у касцёле кармелітаў босых.
Мясцовая шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
Ураднікі
правіцьУ Сенаце Рэчы Паспалітай Смаленскае ваяводства мела двух свецкіх прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна, а таксама духоўнага — біскупа.
Згодна з Люблінскай уніяй (1569) ваявода смаленскі паводле значнасці займаў месца пасля падольскага і перад люблінскім, кашталян — пасля камянецкага і перад люблінскім. Біскуп смаленскі займаў апошняе месца, пасля інфлянцкага, бо ўзначальваў наймалодшае біскупства[2]. За ўвесь час свайго існавання (у тым ліку і намінальны) ваяводства мела 18 біскупаў, 33 ваяводы, 27 кашталянаў.
Ваяводскі мундзір складаўся з малінавага («кармазыновага») кунтуша, цёмна-сініх («гранатовых») жупана і адваротаў. Для Старадубскага павета — «сапфіровы» кунтуш, залатыя жупан і адвароты.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 39.
- ↑ а б Województwo smoleńskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce (польск.). — Warszawa, 1884. S. 342.
- ↑ Валерый Пазднякоў. Смаленскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 598.
Літаратура
правіць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Смаленскае ваяводства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 40—41. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Раюк, А.Р. Мяжа паміж беларускай і рускай этнічнымі тэрыторыямі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А.Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2022. — Вып. 32. — С. 411—418.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Смаленскае ваяводства