Невель (горад)
Невель (руск.: Невель) — горад (з 1772 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Невельскага раёна Пскоўскай вобласці. Насельніцтва 17,8 тыс. чалавек (2005). Заснаваны ў 16 стагоддзі.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Горад размешчаны на возеры Невель, за 242 км ад Пскова. Чыгуначны вузел.
НазваПравіць
Тапонім «Невель» утварыўся ад назвы возера Невель (Неўль). Тым часам гідронім, імаверна, паходзіць ад балцкага «nevo» — балоцістае месца.
ГісторыяПравіць
Папярэднікам Невеля лічыцца горад Емянец Полацкага княства, першы ўспамін пра які датуецца 1185. Паводле беларускага даследчыка Міхася Ткачова, гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі Еменка, якая ўпадала ў возера Невель[2].
Уласна Невель упершыню згадваецца ў XV ст. як горад у Таропецкай воласці Вялікага Княства Літоўскага[3]. У XVI ст. паселішча мела значэнне абароннага пункта (замка) на мяжы Літвы і Масквы. У 1562 гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды» з войскам колькасцю 4 тыс. (па іншых звестках 1,5 тыс.) чал. разбіў пад Невелем 15- (25—) -тысячнае маскоўскае войска, аднак у тым жа годзе пасля аблогі 45-тысячным войскам горад захапіла Маскоўская дзяржава. У 1580 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў Невель, аднак паводле Ям-Запольскага міру (1582) яго мусілі перадаць маскоўскаму гаспадару.
У 1617 Невель вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў у склад Полацкага ваяводства. 3 сакавіка 1623 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбургскае права і герб: «у срэбным полі павержаны вой — Галіяф, над якім стаіць Давід з мячом»[3] (пацвярджаліся каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім 14 лістапада 1762). На працягу 1633—1634 Невель быў сталіцай павета Смаленскага ваяводства. У 1649 кароль і вялікі князь Ян Казімір перадаў Невельскае староства Янушу Радзівілу, які збудаваў тут касцёл. З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1655 Невель захапілі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, але ў адпаведнасці з мірным дагаворам (1678) горад застаўся за Вялікім Княствам Літоўскім.
У 1678 Невель пацярпеў ад вялікага пажару[4]. Станам на 1681 тут было 367 двароў, на 1700 — 394, на 1712 — 270[4]. У 1731 у месце налічвалася 403 дымы[4].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Невель апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета Полацкага намесніцтва, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губерні. Станам на 1780 у месце існавалі праваслаўны манастыр, грэка-каталіцкая царква і касцёл. На 1799 у Невельскім павеце дзейнічалі 21 драўляная праваслаўная царква, 1 мураваная і 11 драўляных грэка-каталіцкіх, 1 мураваны і 2 драўляныя касцёлы; у самім месце на гэты ж час 6 драўляных цэркваў, дзве мураваныя, адзін касцёл і мураваны мужчынскі манастыр, 2 мураваныя і 144 драўляныя прыватныя будынкі, 2 крамы, 2 вадзяныя млыны, 2 вучэльні, 15 мураваных і 37 драўляных крам, 15 вуліц. У пач. XX ст. Невель знаходзіўся на скрыжаванні 2 чыгунак і меў развітую прамысловасць, у гэты час ад колішняга замка засталіся толькі валы[5].
25 сакавіка 1918 Невель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з'езду КП(б) Беларусі горад увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павета («падраёна») Віцебскага раёна[6]. Аднак 16 студзеня маскоўскія бальшавікі адабралі Невель разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, з 1924 у Пскоўскай губерні (з 1957 у Пскоўскай вобласці). У 1926 кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць горад у склад Беларусі, але Масква не задаволіла гэтую просьбу[7]. У Другую сусветную вайну з 1941 да 1944 Невель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
- Горад на старых здымках
Грэка-каталіцкая царква пасля мураўёўскай перабудовы
НасельніцтваПравіць

- XVIII стагоддзе: 1780 — 835 мяшчан і 123 юдэі[3]; 1799 — 2908 чал., з іх мяшчан-хрысціян 1793, іўдзеяў 767; купцоў-хрысціян 107, іўдзеяў 7; шляхты 53, духавенства 17, вайскоўцаў 33[3]
- XIX стагоддзе: 1896 — 9062 чал., з іх паводле веры: праваслаўных 3467, каталікоў 596, раскольнікаў 185, пратэстантаў 142, іўдзеяў 4587, магаметан 15, іншых 70; паводле стану: шляхты 140, духоўнага саслоўя 85, ганаровых грамадзян і купцоў 248, мяшчан 6875, ваеннага стану 1093, сялян 525, іншых 96[8]
- XX стагоддзе: 1959 — 14 634 чал. (6465 муж. і 8169 жан.)[9]; 1970 — 17,8 тыс. чал.[10]; 1993 — 22,2 тыс. чал.[11]
- XXI стагоддзе: 2002 — 18 545 чал.[12]; 2009 — 16 633 чал.; 1 студзеня 2010 — 16 395 чал.; 14 кастрычніка 2010 (перапіс) — 16 324 чал.
ЭканомікаПравіць
Завод аўтаматычных тэлефонных станцый; швацкае аб'яднанне; малочна-кансервавы камбінат; абутковая і мэблевая фабрыкі; льнозавод.
ТранспартПравіць
Невель знаходзіцца на аўтамабільнай магістралі E95 і з'яўляецца чыгуначным вузлом. Дзейнічаюць 2 чыгуначныя вакзалы — Невель-1 і Невель-2. Невель-1 размяшчаецца на чыгуначнай лініі Вялікія Лукі — Полацк, а Невель-2 — на чыгуначнай магістралі Санкт-Пецярбург — Віцебск.
Турыстычная інфармацыяПравіць
Дзейнічае Невельскі краязнаўчы музей (у будынку колішняй паштовай станцыі).
СлавутасціПравіць
- Гістарычная забудова (XIX — пач. ХХ стст.; фрагменты)
- Паштовая станцыя
- Плябанія пры зруйнаваным касцёле Св. Георгія
- Царква Найсв. Тройцы
- Царква Св. ап. Іаана Багаслова
Страчаная спадчынаПравіць
- Замак (XVI ст.)
- Касцёл Св. Георгія (XVIII ст.)
- Сабор Успення Прасв. Багародзіцы
- Сінагога
Вядомыя асобыПравіць
- Казімір Бржушкевіч (нар. 1922) — мастак.
- Рыгор Вайцінскі (1893—1953) — савецкі партыйны дзеяч, навуковец-кітаезнавец.
- Сяргей Мікалаевіч Вышалескі (1874—1958) — вучоны-ветэрынар, акадэмік.
- Іван Дэйніс (1900—1985) — беларускі краязнавец, педагог.
- Яўген Аляксеевіч Зайцаў (1908—1992) — беларускі мастак.
- Маншук Жыенгаліеўна Маметава (1922—1943) — Герой Савецкага Саюза.
- Павел Якаўлевіч Панкевіч (1895—1938) — беларускі вучоны, педагог, псіхолаг, публіцыст.
- Таццяна Аляксандраўна Раманава (нар. 1925) — вучоны ў галіне глебазнаўства, Заслужаны дзеяч навукі БССР[13].
- Марыя Юдзіна (1899—1970) — савецкая піяністка.
Зноскі
- ↑ Численность населения районов Псковской области на 1 января 2010 г. Псковстат
- ↑ Уладзімір Міхневіч. Невель, Пскоўская вобласць // «Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё», 19 студзеня 2009.
- ↑ 3,0 3,1 3,2 3,3 Невель // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ↑ 4,0 4,1 4,2 ЭнцВКЛ, 2005
- ↑ Шаблон:Крыніцы/Геаграфія Беларусі (Вільня, 1922) С. 290.
- ↑ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
- ↑ Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагоддзі: вернутае // «Радыё Свабода», 8 сакавіка 2007.
- ↑ Невель, уездный город Витебской губернии // Невель (горад) // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- ↑ Всесоюзная перепись населения СССР 1959 года
- ↑ Невель // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ↑ Невель // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Всероссийская перепись населения 2002 года
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
ЛітаратураПравіць
- Варонін В. Невель // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 353. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Newel // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 27—29.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Невель (горад)
- м. Невель на Radzima.org