Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі
Сацыялісты́чная Саве́цкая Рэспу́бліка Белару́сі (скарочана ССРБ), Белару́ская Сацыялісты́чная Саве́цкая Рэспу́бліка (скарочана БССР) — дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала ў студзені-лютым 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада.
Гістарычная дзяржава | |||||
Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
|
|||||
1919 — 1919
|
|||||
Сталіца | Смаленск, Мінск | ||||
Мова(ы) | беларуская, руская | ||||
Афіцыйная мова | беларуская і руская | ||||
Форма кіравання | савецкая сацыялістычная рэспубліка | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУздым нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 года незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і дзейнасць яе кіруючых органаў падштурхнулі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнання права беларускага народа на самавызначэнне і нацыянальную дзяржаўнасць.
Па пытанні самавызначэння Беларусі сярод партыйных і савецкіх работнікаў не было адзінага меркавання. А. Чарвякоў, З. Жылуновіч і іншыя лідары выступалі за стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўваходжанне яе ў склад РСФСР на правах аўтаноміі. Кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Заходняй вобласці А. Мяснікоў, В. Кнорын, М. Калмановіч, К. Ландэр і іншыя не прызнавалі існавання беларускага этнасу, і ажыццяўлення права нацыі на самавызначэнне ва ўмовах набліжэння, як ім здавалася, сусветнай рэвалюцыі таксама не прызнавалі.
Пасля заканчэння германскай акупацыі Беларусі ў канцы 1918 і заняцця яе тэрыторыі Чырвонай Арміяй узнікла неабходнасць тэрміновага стварэння на гэтых землях савецкай дзяржаўнасці. Ліквідаваўшы войскамі Чырвонай Арміі БНР, у снежні 1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне пра стварэнне беларускай савецкай рэспублікі.
30—31 снежня 6-я Паўночна-Заходняя канферэнцыя РКП(б), якая адбылася ў Смаленску, прыняла рэзалюцыю пра абвяшчэнне самастойнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. У склад гэтага ўтварэння ўвайшлі Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерні, большая частка Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў. Сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі (старшыня З. Жылуновіч), маніфестам якога 1 студзеня 1919 года Беларусь абвешчана Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, а Рада і ўрад БНР аб’яўлены па-за законам. Такім чынам, партыйная канферэнцыя ўзяла на сябе функцыі ўстаноўчага сходу і парламента Беларусі.
8 студзеня 1919 года ўрад ССРБ пераехаў са Смаленска ў Мінск.
16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ і ЦБ КП(б)Б пастанавіў выключыць са складу рэспублікі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні.
22 студзеня 1919 года спецыяльна прысланы ў Мінск эмісар ЦК РКП(б) А. Іофэ аб’явіў рашэнне ЦК РКП(б) адносна трох беларускіх губерняў.
31 студзеня 1919 года ССРБ выйшла са складу РСФСР — урад Савецкай Расіі прыняў пастанову «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі». Пры гэтым усходнебеларускія землі засталіся ў складзе РСФСР.
Існаванню беларускай дзяржаўнасці працівіліся прыхільнікі ідэі ўнітарнай камуністычнай Расіі, як у Маскве, гэтак і на месцах.
На Першым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які адбыўся ў Мінску 2-3 лютага 1919, была прынята Канстытуцыя ССРБ, выбраны Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР, з’езд пацвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторый Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, якія засталіся ў складзе РСФСР. Старшыня ВЦВК Я. Свярдлоў, што прыбыў на з'езд, абвясціў пастанову Прэзідыума УЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі», а таксама патрабаваў аб’яднання Беларусі з савецкім урадам Паўднёвай Літвы, каб «засцерагчы гэтыя рэспублікі ад небяспекі праяўлення ў іх нацыяналістычных імкненняў». Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў і гэта патрабаванне.
27 лютага 1919 года на аб’яднаным паседжанні ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК БССР у Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялітычнай Рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. Фактычна ССРБ (БССР) перастала існаваць.
Гісторык Сяргей Траццяк адзначыў, што, магчыма, БССР дазволілі ўтварыцца менавіта як буфернай краіне — той зямлі, якой расійскія ўлады ў выпадку геапалітычных канфліктаў змогуць ахвяраваць[1].
ССРБ як дзяржаўнае ўтварэнне праіснавала не больш за месяц. Невялікі час гісторыя адвяла і адзінай Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Ужо вясной 1919 года яе тэрыторыю захапілі легіёны «начальніка дзяржавы Польскай» Ю. Пілсудскага. Пасля іх выгнання 31 ліпеня 1920 года ў Мінску адбылося па сутнасці другое абвяшчэнне ССРБ на прынцыпах Маніфеста студзеня 1919 года. Толькі цяпер яна працягвала адлік гісторыі ва «ўрэзаным стане». Спатрэбіўся значны час, каб вярнуць у склад Беларусі тэрыторыі, страчаныя ў час грамадзянскай вайны, ваеннай інтэрвенцыі 1918—1920 гадоў і польскай акупацыі.
Аднаўленне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь
правіць31 ліпеня 1920 года на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, савецкіх і прафсаюзных арганізацый Мінска і Мінскай губерні прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Гл.далей Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.
Зноскі
Літаратура
правіць- Платонаў Р. Утварэнне БССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі