Трэцяя Устаўная грамата

Трэцяя Устаўная грамата — юрыдычны акт, прыняты Радай БНР 25 сакавіка 1918 года ў Мінску, у доме Маліна, згодна з ёй Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай.

Трэцяя Устаўная грамата

Гісторыя прыняцця

правіць

Трэцяя Устаўная грамата была прынята ва ўмовах, калі паводле Брэсцкага міру Савецкая Расія пагадзілася на акупацыю тэрыторыі Беларусі Германіяй.

Дакумент падвёў вынік унутранай барацьбы ў кіраўніцтве Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе (БСГ) пасля прыняцця Другой Устаўнай граматы да народаў Беларусі. Незалежніцкая плынь у БСГ (Я. Лёсік, А. Прушынскі, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Смоліч, Б. Тарашкевіч і інш.) была незадаволена 2-й Устаўнай граматай. Фактычны лідар БСГ А. Смоліч 9 сакавіка звярнуўся з лістом да І. Луцкевіча, у якім сцвярджаў, што ў кіраўніцтве БНР няма «добра свядомых» людзей, г.зн. прыхільнікаў незалежнасці Беларусі. Калі 18 сакавіка сабралася Рада Усебеларускага з’езда 1917 г., незалежнікі дамагліся перайменавання яе ў Раду БНР. Яны прынялі пастанову аб кааптацыі ў склад заканадаўчага органа БНР В. Ластоўскага, А. і І. Луцкевічаў, Я. Станкевіча, Д. Сямашкі і Я. Туркевіча — прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады (ВБР), якая 19 лютага напярэдадні прыняцця Першай Устаўнай граматы да народаў Беларусі аб’явіла аб разрыве сувязі паміж Беларуссю і Расіяй. 23 сакавіка В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, Станкевіч і Туркевіч прыбылі ў Мінск. У гэты дзень быў атрыманы адказ германскага ўрада на заяву Народнага сакратарыята Беларусі ад 9 сакавіка аб абвяшчэнні БНР. У тэлеграме гаварылася, што рэйхсканцлер Г. фон Гертлінг не можа прыняць заяву Народнага сакратарыята, бо гэта азначала б умяшанне ва ўнутраныя. велікарускія справы. Урад Германіі па-ранейшаму лічыў Беларусь састаўной часткай Расіі і не прызнаваў БНР. Паколькі бальшавікі ў час адыходу з Мінска 19 лютага вывезлі з сабой авуары Дзяржаўнага банка, з 23 сакавіка Народны сакратарыят вырашыў звярнуцца па пазыку да ўрада Украінскай Народнай Рэспублікі. На гэтым пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі ВБР. Пасля нарады з братам А. Луцкевіч прапанаваў «абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ад Расіі — хаця бы на знак пратэсту проці аддачы Расіяй часці Беларусі чужым», г.зн. Германіі. Прапанова А. Луцкевіча была з разуменнем сустрэта Народным сакратарыятам. Яго старшыня Я. Варонка заявіў, што яе трэба абмеркаваць на пасяджэнні фракцыі БСГ, паколькі прадстаўнікі гэтай партыі складалі большасць у Радзе БНР. У фракцыі група членаў БСГ на чале з М. Краўцовым напачатку выказалася супраць прапановы дзеячаў БНР, але ўрэшце згадзілася з большасцю.

24 сакавіка, а 8-й гадзіне вечара пачалося пленарнае пасяджэнне Рады БНР. 3 дакладам аб палітычным становішчы Беларусі выступіў А. Смоліч. Ён прапанаваў прыняць акт аб абвяшчэнні незалежнасці БНР. Супраць ідэі беларускіх сацыялістаў выступілі рускія і польскія земскія дзеячы і прадстаўнікі Бунда. Пры галасаванні ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі, Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі і расійскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя аб’явіла пра выхад з Рады БНР.

25 сакавіка у 8 гадзін раніцы Трэцяя Устаўная грамата была прынята большасцю галасоў.

Асноўныя палажэнні

правіць

Рада БНР выступіла з патрабаваннем перагледзець тую частку Брэсцкай мірнай дамовы, якая датычыла тэрыторыі Беларусі. На землях, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ, абвяшчалася вольная, незалежная дзяржава; у склад яе былі ўключаны Магілёўская, Мінская, Віцебская, беларускія часткі Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губерняў. Пацвярджаліся таксама правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 г.

У грамаце пацвярджаліся правы і свабоды грамадзян, гарантаваныя 2-й Устаўнай граматай.

Падпісанты

правіць

Арыгінальная грамата ўяўляе сабой машынапісны аркуш паперы, падпісаны з адваротнага боку

  1. старшынёй урада і народным сакратаром замежных спраў Язэпам Варонкам,
  2. народным сакратаром ваенных спраў Кастусём Езавітавым,
  3. народным сакратаром гаспадаркі Янам Серадой,
  4. народным сакратаром земляробства Тамашам Грыбам,
  5. кіраўніком справамі Лявонам Зайцам
  6. народным сакратаром юстыцыі Яфімам Бялевічам
  7. народным сакратаром кантролю Пятром Крачэўскім
  8. народным сакратаром асветы Аркадзем Смолічам,
  9. народным сакратаром апекі Палутай Бадуновай,
  10. народным сакратаром пошты і тэлеграфу Аляксандрам Карабачам

і замацаваны дзяржаўнай пячаткай.

У культуры

правіць

Роўна праз два гады пасля абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі Янка Купала напісаў верш «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі»[1]:

  Не свята светлае спраўляці
Сягоння будзе наш народ.
А трызну па айчыне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год
 

Прыняццю Трэцяй Устаўной граматы прысвяцілі свае вершы Вінцук Адважны[2], Алесь Змагар[3], Міхась Машара[4], Наталля Арсеннева[5], Рыгор Барадулін («25 сакавіка»)[6], Ніл Гілевіч[7].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Янка Купала был де-факто вице-премьером Беларуси, а год спустя его за это арестовали Архівавана 5 снежня 2018. // Камсамольская праўда
  2. [1]
  3. [2] Архівавана 19 снежня 2020.
  4. Шлях Моладзі — 1935. — № 3(76)
  5. [3]
  6. Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка
  7. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2022. Праверана 25 сакавіка 2021.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць