Палута Аляксандраўна Бадунова

(Пасля перасылкі з Палута Бадунова)

Палу́та (Пелаге́я) Алякса́ндраўна Бадуно́ва (7 верасня 1885, Навабеліца, Гомель — 29 лістапада 1938, НКУС, Менск) — дзяячка беларускага нацыянальнага руху, настаўніца. З 1917 года сябра ЦК БСГ, з 1918 года адна з лідараў БПСР; у 1919 годзе ўвайшла ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Неаднаразова арыштоўвалася польскімі ўладамі. У лістападзе 1925 года пераехала ў БССР. У 1937 годзе абвінавачаная ў антысавецкай дзейнасці і арыштаваная, асуджаная на 10 гадоў лагераў. У 1938 годзе прыгавораная да расстрэлу.

Палута Аляксандраўна Бадунова
Дата нараджэння 7 верасня 1885(1885-09-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 лістапада 1938(1938-11-29) (53 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Адукацыя
Партыя
Член у
Род дзейнасці палітык
Муж Тамаш Тамашавіч Грыб
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзілася ў мястэчку Навабеліца (цяпер — адзін з раёнаў Гомеля). Бацька, Аляксандр Восіпавіч, арандаваў невялікі маёнтак, што і было асноўным прыбыткам сям'і, у якой гадавалася сямёра дзяцей — два сыны і пяць дачок. Палута скончыла двухкласнае вучылішча ў Буйнічах каля Магілёва, пасля якога здала экзамены на званне хатняй настаўніцы рускай мовы і геаграфіі[1]. Ад 1905 года пачала працаваць у школах Гомельскага павета.

У 19141917 гадах вучылася на вышэйшых гісторыка-літаратурных курсах у Петраградзе, вывучала літаратуру, гісторыю і геаграфію. Была абрана курсісткамі ў Петраградскі Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў. Пэўна, там пазнаёмілася з дэпутатам З. Жылуновічам, далучылася (магчыма, пад яго ўплывам) да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У чэрвені 1917 года была абрана сябрам ЦК БСГ. У ліпені газета «Вольная Беларусь» паведамляла аб яе паездцы ў Буда-Кашалёва і Гомель, дзе яна вяла партыйную працу. З 5 жніўня 1917 года — член рэвізійнай камісіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый у Мінску. У жніўні 1917 Бадунова была ў ліку аднавіцеляў Беларускага настаўніцкага саюзу. Пэўны час (да 3.3.1918) яна загадвала беларускай школай № 20. Брала ўдзел у працы І Усебеларускага з'езда.

21 лютага 1918 года ўвайшла ў Народны сакратарыят БНР, заняла пасаду народнага сакратара апекі. стала народным сакратаром апекі ў першым Урадзе Беларусі. Як народны сакратар, яна падпісала Акт 25 Сакавіка. Пасля таго, як дзеячы БНР (Я. Лёсік, Я. Варонка, Р. Скірмунт ды інш.) адправілі тэлеграму Вільгельму ІІ, левай часткай Грамады П. Бадунова была адклікана з пасады народнага сакратара. 1.5.1918 разам з Т. Грыбам яна заявіла аб стварэнні ў складзе Рады БНР асобнай фракцыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і стала такім чынам сузаснавальніцай Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), сакратар ЦК партыі. У той самы дзень яна ўвайшла ў Бежанскую камісію Рады, а ў жніўні стала старшынёю Камісіі нацыянальнага яднання. Удзельнічала ў адкрыцці беларускіх дзіцячых прытулкаў і школ. Старшыня арганізаванага ў Менску 4 мая 1918 года Беларускага жаночага дабрачыннага таварыства «Цётка».

12 лістапада 1919 года абраная намеснікам старшыні Народнай Рады БНР. Эсэры сталі на шлях збройнай барацьбы з польскімі акупантамі. І гэтую барацьбу яны вырашылі весці ў саюзе з бальшавікамі. 20 лістапада 1919 П. Бадунова выказвалася супраць кабінету А. Луцкевіча. 13 снежня на арганізацыйным пасяджэнні яна зачытала дэклярацыю пра тое, што Рада БНР парывае сувязь з буржуазіяй, скідае буржуазны ўрад, стварае новы, рэвалюцыйны, на чале з В. Ластоўскім ды сыходзіць у падполле. На гэтым пасяджэнні яе абралі намесніцай старшыні Рады БНР.

Адразу ж палякі пачалі арышты эсэраў (у т.л. В. Ластоўскі, Я. Мамонька), але П. Бадунову яны схапілі толькі ў лютым 1920. Трымалі ў турме яе нядоўга. Апынуўшыся на волі, яна перайшла Бярэзіну і накіравалася ў Смаленск. Не знайшоўшы агульнай мовы з кіраўніцтвам бальшавікоў Літвы і Беларусі, паехала ў Маскву. У красавіку 1920 года, як прадстаўнік БПСР, вяла перамовы з ЦК РКП(б) у Маскве.

У канцы траўня 1920 аб сваёй паездцы ў Маскву П. Бадунова дакладвала ў Рызе Прэзідыуму Рады БНР і Радзе Міністраў. 31.5.1920 яна падпісала рэзалюцыі канфэрэнцыі сябраў БПСР аб даверы палітыцы кабінету В. Ластоўскага і міністра замежных спраў БНР Я. Ладнова. У тыя самыя дні яна брала ўдзел у працы арганізацыйнага бюро дзеля склікання Дзяржаўнай нарады ў Рызе і ў канфэрэнцыі беларускіх дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў. П. Бадунову і Я. Бялевіча спрабавалі далучыць да Надзвычайнай місіі БНР у Маскву, якую ўзначальваў В. Захарка, але маскоўскі ўрад не даў ім акрэдытацыю. Да таго ж здароўе Бадуновай было істотна падарвана, і ёй давялося прайсці курс лячэння на курорце на Рыжскім узмор’і.

У Менск Бадунова вярнулася да 6.11.1920. Яна далучылася да працы эсэраўскага Беларускага работніцкага клубу. На з'ездзе БПСР 25 снежня 1920 года адстойвала палітычную лінію лавіравання ў адносінах да савецкай улады, лічачы магчымай трансфармацыю БССР у суверэнную нацыянальную дзяржаву. Дэлегаты абралі Бадунову сябрам Цэнтральнага Камітэту БПСР.

Уначы з 16 на 17 лютага 1921 года, перад заключэннем Рыжскага трактату, у час акцыі па прымусовай «ліквідацыі БПСР» Палута разам з іншымі сябрамі партыі была арыштаваная бальшавікамі. Ёй, кіраўніцы правай плыні партыі эсэраў, інкрымінавалася сувязь з падпольнымі арганізацыямі ў Віцебскай, Смаленскай, Гомельскай губернях, а таксама з арганізацыямі па іншы бок савецка-польскага фронту. У час знаходжання пад арыштам значна пагоршыўся стан яе здароўя. 16 жніўня 1921 года яна была вызвалена.

 
Партрэт Палуты Бадуновай. Мастак Язэп Драздовіч. 1923

Уначы на новы 1923 год нелегальна перайшла польскую граніцу і накіравалася ў Вільню. Недзе праз месяц была арыштаваная польскай жандармерыяй з мэтай высвятлення асобы і вяртання ў СССР. Толькі ў жніўні яе вызвалілі з-пад арышту з патрабаваннем неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы. Але да таго як пакінуць Польшчу, Палута паспела сустрэцца і выступіць перад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху ў Вільні, Данцыгу, цудам пазбегнуўшы затрымання.

У 19231925 гадах жыла ў Празе. Тут паступіла ва Украінскі вышэйшы педагагічны інстытут імя М. Драгаманава. Але праз цяжкі стан здароўя, частыя захворванні вучоба была перапыненая. Моцным ударам для Бадуновай стала навіна аб ліквідацыі БПСР, гэта рашэнне было прынятае з'ездам партыі, што адбыўся ў кастрычніку 1924 у Менску. Пачалі праяўляцца нервова-псіхічныя захворванні.

Прыхільніца В. Ластоўскага, яна выступіла супраць кабінету А. Цвікевіча. Разам з Я. Мамонькам 14.10.1923 яна запатрабавала склікаць Прэзідыум Рады БНР і вырашыць пытанне аб урадзе, аднак П. Крачэўскі і В. Захарка згоды на тое не далі. І тады Т. Грыб, П. Бадунова і Я. Мамонька апублікавалі «Извещение» Бюро ЦК партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў пра тое, што ўрад БНР і Рада не існуюць. Гэты дакумент выклікаў негатыўную рэакцыю сярод эсэраў.

У 1923 годзе ўрад БССР абвясціў амністыю дзеячам беларускага руху, якія не змагаліся са зброяй у руках. Гэта ўсё суправаджалася палітыкай беларусізацыі, узбуйненнем тэрыторыі БССР, пераходам да НЭПа. Чарговы раз даверыўшыся бальшавікам, недзе ў сярэдзіне 1925 года пачалі масава вяртацца эмігранты. У студзені 1925 года Палута вярнулася ў БССР. Наступныя пяць гадоў жыла ў сваёй сястры Марыі ў Менску, спрабавала наладзіць супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай культуры.

Першая хваля рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі, што пачалася ў 1930 годзе, Палуту не закранула, магчыма быў улічаны стан яе здароўя. У 1930 годзе вярнулася ў Гомель. Працавала настаўніцай у навабеліцкай школе, на курсах беларусазнаўства ў Гомелі. Жыла на ўтрыманні брата Аляксандра. Апынуўшыся ў цяжкім становішчы, Бадунова ў 1932 хацела выехаць з СССР, ды ёй не далі дазволу.

Улетку 1937 года пачалася новая хваля рэпрэсій. 3 верасня 1937 года Палута была арыштавана. 30 лістапада 1937 «асобая тройка» НКУС БССР вынесла прысуд — 10 гадоў папраўча-рабочых лагераў. Бадунову вінавацілі ў тым, што яна разам з іншымі былымі эсэрамі ўзначаліла падпольны ЦК БПСР. 25 мая 1938 года асобай нарадай НКУС прыгавораная да вышэйшай меры пакарання. Расстраляная 29 лістапада 1938 у Менску.

Рэабілітаваная 21 чэрвеня 1989 года паводле пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР па прычыне адсутнасці складу злачынства.

Анатоль Сідарэвіч піша, што Палута Бадунова была закаханая ў свайго таварыша па партыі Тамаша Грыба і, не з'яўляючыся яго жонкаю, іншы раз пісалася як Бадунова-Грыб [1]. Дзяцей не мела.

Ушанаванне памяці

правіць
 
Памятны крыж у Курапатах

Месца пахавання невядомае.

Гомельскія грамадскія актывісты звярнуліся да ўладаў з просьбай пераназваць вуліцу балгарскага камуніста Дзімітрава, на якой жыла Палута Бадунова, у яе гонар. Разам са зваротам было перададзена 200 подпісаў гамельчукоў[2]. Просьба не была задаволена.[3]

У 2012 годзе была знятая дакументальна-мастацкая стужка пра Палуту Бадунову «Палута Бадунова — успомніць і не забыць», рэжысёр Валерый Мазынскі. Ідэя зрабіць фільм належыць гамельчукам, у прыватнасці — журналістцы і гісторыку Ларысе Шчыраковай. Яна пачала сама здымаць яго паводле кніжкі Валянціны Лебедзевай, а потым звярнуліся да Валерыя Мазынскага. Галоўную ролю выканала гомельская сяброўка Беларускай асацыяцыі журналістаў Ларыса Шчыракова. У кінастужцы таксама зняліся грамадскія актывісты з Гомеля. Чэшскі эпізод з жыцця Палуты здымаўся ў Чэхіі — у сярэдняй Чэхіі, у Мысліборыцах, у старым замку. Таксама здымкі праходзілі ў Карлавым універсітэце. Прэм'ера фільма адбылася ўвосень 2012 года на тэлеканале «Белсат»[4][5].

Зноскі

правіць
  1. а б Анатоль Сідарэвіч. Яны былі першыя. Палута Бадунова // Радыё Свабода, 01 кастрычніка 2017
  2. У Гомелі можа з'явіцца вуліца ў гонар міністра БНР Архівавана 27 лютага 2009. (руск.)
  3. Іх імёнамі названы вуліцы горада Архівавана 7 кастрычніка 2018.//arche.by
  4. Валерый Мазынскі здымае фільм пра беларускую “жалезную лэдзі”. barysau.by (25 красавіка 2012).(недаступная спасылка)
  5. Увосень - прэм'ера фільму пра беларускую жалезную лэдзі(недаступная спасылка). Навіны. Белсат (25 красавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 4 чэрвеня 2012. Праверана 20 верасня 2015.

Літаратура

правіць
  • Бадунова П. Творы. — Вільня: Gudų kultūros draugija Lietuvoje, 2018. — 125 с. — (Гендарная БНР). — ISBN 978-9955-578-19-2. (бел.), (руск.)
  • Лебедзева В. Пуцявінамі змагання і пакут: Палута Бадунова. — Мн.: Тэхналогія, 2004. ISBN 985-458-094-6.
  • Лебедзева В. Пакліканая свабодай: нарыс жыцця і дзейнасці Палуты Бадуновай. — Гомель: На правах рукапісу, 2018. — 80 с., іл.

Спасылкі

правіць