Беларусазнаўства

Беларусазнаўства — гуманітарная навука, якая вывучае адметнасць і агульнасць беларусаў, іх нацыянальны рух, узаемаадносіны з суседзямі і ролю ў сістэме міжнароднай супольнасці народаў у мінулым і сучасным. Вызначаецца комплексным, міждысцыплінарным падыходам да праблем даследавання. Здзяйсняе самапазнанне нацыі з мэтай выпрацоўкі і ўдасканалення нацыянальнай тэорыі, вызначэння нацыянальнага шляху (аб'яднаўчай ідэі), аховы нацыянальных форм быцця, у якіх выяўляюцца заканамернасці агульначалавечага прагрэсу. Латынізаванай калькай азначэння «беларусазнаўства» з'яўляецца малаўжывальнае азначэнне «альбарутэніка».[1]

У межах навуковай плыні існуе асветнае беларусазнаўства, якое распаўсюджвае сярод насельніцтва веды па мове, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, эканоміцы, фалькларыстыцы, мастацтвазнаўству і інш. Спалучэнне навуковай і асветнай дзейнасці тлумачыцца цеснай сувяззю тэорыі і практыкі нацыянальнага будаўніцтва. Пад уздзеяннем самых розных абставін нацыі заўсёды з'яўляюцца пэўным варыянтам кансалідацыі, а не застылай структурай. Паспяховае развіццё нацыі немагчыма без пастаянных мэтанакіраваных намаганняў па яе духоўнаму аздараўленню. Таму нацыянальная тэорыя толькі ў звязку з нацыянальнай прапагандай надаюць этнасу жыццяздольнасць і згуртаванасць.

Нацыянальная навукова-асветная праца звычайна арганізуецца на дзяржаўным узроўні з выкарыстаннем найноўшых дасягненняў у галіне навукі і тэхнікі (выдавецтвы, друкарні, радыёстанцыі, кіна- і тэлестудыі) і з дапамогай бібліятэк, архіваў, музеяў. У межах беларусазнаўства вядзецца ўлік і збор навуковай і мастацкай літаратуры, якая складае асобны раздзел пад назвай беларусістыка, ці беларосіка, альбаросіка, альбарутэніка. Часам пад беларусістыкай разумеюць сукупнасць розных культурных здабыткаў беларускай нацыі (беларусістыка ў мастацтве, музыцы і г. д.). Беларусістамі называюць навукоўцаў, якія займаюцца даследаваннем Беларусі.

Гісторыя развіцця правіць

У сваім развіцці беларусазнаўства прайшло некалькі этапаў. Перыяд з канца XVIII ст. да 1880-х гадоў быў падрыхтоўчым. У пачатку XIX ст. выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта. І М. Даніловіч і М. К. Баброўскі спрабавалі навукова абгрунтаваць беларускую нацыянальную ідэю, але ў выніку русіфікатарскай палітыкі царызму іх дзейнасць была нейтралізавана. Першымі свядомымі даследчыкамі свайго народа былі К. Каліноўскі і яго паплечнікі. Але іх працу перапынілі царскія шыбеніцы і высылкі. Вывучэнне беларускай мовы, этнаграфіі, гісторыі вялося пераважна ў рамках польскай або рускай навукі. Санкт-Пецярбург шукаў на Беларусі працяг Расіі, а Варшава — Польшчы. Але менавіта вынікі рускай і польскай навукі, незалежна ад палітычнай арыентацыі даследчыкаў пацвердзілі нацыянальную самабытнасць беларусаў, абудзілі у беларускай інтэлігенцыі цікавасць да сваіх каранёў.

Свядомае самапазнанне нацыі пачалося ў 1880 — 1890-я гады. Ля вытокаў беларусазнаўства стаялі песняры Ф. Багушэвіч, К. Каганец, археолаг Г. Татур, беларускія народнікі, беларускі гурток вучняў мінскай гімназіі. У пачатку XX ст. пытаннямі беларусазнаўства займаліся «Круг беларускай народнай прасветы і культуры», Беларуская сацыялістычная грамада. Ва ўмовах нацыянальнага прыгнёту з боку царызму, забароны беларускага друку беларусазнаўства знаходзілася фактычна на нелегальным становішчы, заставалася прыватнай справай свядомых асоб, беларускіх навукова-асветных гурткоў і таварыстваў, а таксама нацыянальных палітычных партый і аб'яднанняў, мела цесную сувязь з нацыянальна-вызваленчым рухам, набыло характар самаабароны ад русіфікацыі і паланізацыі. Даследаванні вяліся пераважна па асобных навуках і толькі ў выніку выпрацоўкі палітычных праграм нацыянальнай спадчыны пачала вывучацца комплексна.

У выніку рэвалюцыі 1905—1907 гг. беларусазнаўства набыло легальныя формы, атрымала магчымасць абапірацца на нацыянальныя перыядычныя выданні. На чале культурнай працы стала газета «Наша ніва». У 1913 г. у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута А. П. Сапуноў пачаў чытаць курс лекцый па гісторыі Беларусі. Гады палітычнай рэакцыі вярнулі нашаніўцаў з вышынь рэвалюцыйнага рамантызму на глебу рэальных жыццёвых клопатаў. Дзеячы на чале з братамі А. і І. Луцкевічамі асэнсоўвалі вопыт нацыянальна-вызваленчай барацьбы, працягвалі распачаты БСГ пошук вырашэння аграрнага пытання з улікам нацыянальных традыцый. Нашанівец В. Ластоўскі выдаў першую навуковую працу на беларускай мове «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910). Згуртаваныя вакол «Нашай нівы» беларускія песняры Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч і інш. замацавалі асновы нацыянальнай літаратуры, якая стала для беларусазнаўства найважнейшай крыніцай звестак пра духоўны свет і псіхалагічны склад беларусаў. У Санкт-Пецярбургу выдаваўся літаратурна-мастацкі альманах «Маладая Беларусь», які фактычна з'яўляўся першым выданнем беларускай навуковай публіцыстыкі, працаваў Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Пры ўдзеле Я. Ф. Карскага, Е. Р. Раманава, А. А. Шахматава, Б. І. Эпімах-Шыпілы і інш. вучоных гурткоўцы распрацавалі комплексную праграму даследавання беларускай мовы, фальклору, этнаграфіі, народнага мастацтва, а таксама асноўныя кірункі асветніцкай працы. На пасяджэннях гуртка чыталіся навуковыя даклады «Нарыс беларускай народнай думкі», «Развіццё нацыянальнай беларускай ідэі» і інш. Тут упершыню загаварылі пра беларусазнаўства як сістэму ведаў пра Беларусь. Беларусазнаўцы абапіраліся як на здабыткі сваёй працы так і на вынікі даследаванняў шматлікіх навукова-асветных аб'яднанняў заходнерускага кірунку.

У 1914—1920 гг., калі краіна апынулася ў паласе вялікіх выпрабаванняў і вырашаўся лёс яе народаў, цікавасць да беларусазнаўства значна пабольшала. Да яго звярталіся шматлікія беларускія партыі, якія рознымі спосабамі імкнуліся зберагчы адзінства нацыі, абараніцца ад суседзяў, адстаяць права Беларусі на дзяржаўную незалежнасць. Упершыню беларусазнаўства атрымала хоць і намінальную, але падтрымку з боку прадстаўнічых арганізацый (нацыянальныя камітэты. беларускія рады) і дзяржаўных утварэнняў беларускага народа (БНР, БССР). Адначасова беларусазнаўства як навуковая плынь пачала дзяліцца на айчынную, міграцыйную і замежную, адлюстроўваючы нялёгкі шлях беларускага адраджэння. Народжаную ў нашаніўскі перыяд цікавасць да беларускай культуры не стрымалі ні войны, ні рэвалюцыі. Самапазнанне нацыі зведала значны ўздым, з'явіліся новыя беларускія перыядычныя выданні, навукова-асветныя таварыствы, гурткі. Тым не менш, беларусазнаўства не здолела абараніць нацыю ад ідэйнай інтэрвенцыі, адшукаць адзіны шлях, па якім пайшлі б усе беларусы. Папярэдні вопыт беларусазнаўства, як і палітычны вопыт беларускага народа, быў недастатковым. У 1920-я гады вастрыня беларускага пытання, незавершанасць адраджэння стымулявалі беларусазнаўства па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. Масква ў палітычных мэтах дэманстравала свае лаяльныя адносіны да беларусаў. Нацыянальна свядомыя кіраўнікі БССР (А. Чарвякоў, У. Ігнатоўскі і інш.) распачалі беларусізацыю. Упершыню беларусазнаўства атрымала афіцыйнае прызнанне ў БССР, стала дзяржаўнай справай. Яго арганізацыяй займаўся Народны камісарыят асветы БССР, у складзе якога існавалі Беларускі аддзел (з 1920), Акадэмічны цэнтр (з 1921), Навукова-тэрміналагічная камісія (з 1921). З 1922 г. навукова-асветную, у т.л. і беларусазнаўчую, дзейнасць узначаліў Інстытут беларускай культуры. Перавага аддавалася навуковаму беларусазнаўству. Даследаванні набылі комплексны характар. Распрацоўвалася беларуская навуковая тэрміналогія, мэтанакіравана і паслядоўна выяўляліся асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх гаспадарчых форм вытворчасці, грамадскіх адносін. Разгарнуўся краязнаўчы рух. Навуковыя вынікі друкаваліся ў «Запісках гуманітарных навук» Інбелкульта, часопісах «Наш край», «Полымя», «Маладняк». Пры Інбелкульце працавала Бібліяграфічная камісія, якая займалася ўлікам літаратуры пра Беларусь. Беларусістыцы адводзілася асноўнае месца ў Інбелкультаўскай і Беларускай дзяржаўнай бібліятэках.

Замацоўвалася ўсведамленне, што беларусазнаўства — гэта не толькі асветная дысцыпліна, але і асобная навука, што збірае і вывучае матэрыялы пра Беларусь, арганізуе нацыянальную прапаганду. Але пад навуковым беларусазнаўствам найчасцей разумелі механічную злучанасць разнастайных навук пра Беларусь. Каб узняць навуковы ўзровень беларусазнаўства, 10 снежня 1924 г. Прэзідыум Інбелкульта прыняў рашэнне склікаць у чэрвені 1925 г. навуковы з'езд беларусазнаўцаў з мэтай падсумоўвання навуковых вынікаў усіх галін беларусазнаўства, абмеркаваць спрэчныя пытанні і вызначыць чарговыя задачы. Запланаваны з'езд выліўся ў Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). З сярэдзіны 1920-х гадоў ВКП(б) і КП(б)Б пачалі адкрыта цягнуць навуку пад свой ідэалагічны кантроль, руйнаваць яе нацыянальныя формы. Інбелкульт паступова траціў сваё першапачатковае прызначэнне, у 1929 г. ператвораны ў Беларускую акадэмію навук, дзе беларусазнаўства прыродазнаўчымі навукамі было адцеснена на другі план. ВНУ рэспублікі ня сталі цэнтрамі беларусазнаўства, адпаведныя кафедры так і не былі адкрыты. Не была ажыццёўлена і прапанова Наркамата асветы БССР (1924) пра стварэнне пры БДУ даследчага інстытута Беларусі.

Асветнае беларусазнаўства правіць

Асветнае беларусазнаўства звязвалася з дзяржаўнай палітыкай беларусізацыі. Выкладанне беларусазнаўства як прадмета пачало ўводзіцца ў школах з 1920/21 навучальнага года. Арганізоўваліся курсы і гурткі. У 19231924 гг. А. П. Сапуноў выкладаў беларусазнаўства ў Віцебскім педагагічным інстытуце. У 19241927 гг. у Мінску дзейнічалі Вышэйшыя курсы беларусазнаўства, на якіх рыхтавалі настаўнікаў і лектараў. Асветнае беларусазнаўства ў значнай ступені мела фармальны характар, яму процідзейнічалі зрусіфікаваныя чыноўнікі і настаўнікі. Нацыянальная ідэя магла ўзяць верх над камуністычнай, а гэта не ўваходзіла ў разлік правячай партыйнай бюракратыі, для якой беларусізацыя была толькі агітацыйнай кампаніяй, завершанай у канцы 1920-х гадоў.

Беларусазнаўства ў Заходняй Беларусі і ў замежжы правіць

У Заходняй Беларусі беларусазнаўства трымалася на самаахвярнай працы нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. У 1921 г. у Вільні распачалі дзейнасць Беларускае навуковае таварыства і Беларускі музей імя І. Луцкевіча — своеасаблівыя цэнтры беларускай навукі і культуры. Беларусазнаўчую асветную ролю выконвалі беларускія перыядычныя выданні, Таварыства беларускай школы. Сярод замежных беларусазнаўчых цэнтраў 1920-х гадоў вядомасць мелі Навуковае таварыства імя Ф. Скарыны ў Празе, Беларускі нацыянальны камітэт у Чыкага, Беларускае навуковае таварыства ў Рызе. Беларусазнаўцы замежжа падтрымлівалі сувязь з Інбелкультам.

Заняпад беларусазнаўства (1930-я — 1980-я гг.) правіць

У БССР навукова-асветная дзейнасць з пачатку 1930-х гадоў канчаткова падпала пад кантроль Масквы і магла ажыццяўляцца толькі ў межах дэнацыяналізаванай савецкай ідэалогіі. Выспяванне 2-й сусветнай вайны паскорыла ўстанаўленне дыктатур сталіністаў і пілсудчыкаў, якія, зразумела, не маглі цярпець беларускі «сепаратызм». Яны знішчалі працаўнікоў беларускай культуры. Але калі ў складзе Польшчы беларускія сілы змагаліся за захаванне беларусазнаўства, то ў БССР пераважна адракаліся ад яго ў імя сацыялізму і сусветнай рэвалюцыі, асабістага дабрабыту, які залежаў ад паслухмянасці партыйна-дзяржаўнай эліце.

Далучэнне ў 1939 г. Заходняй Беларусі да БССР не прывяло да адраджэння беларусазнаўства. Не дапамаглі гэтаму ні перамога ў Другой сусветнай вайне, ні ўтварэнне сусветнай сістэмы сацыялізму, ні пабудова ў СССР «развітога сацыялізму». Партыйна-бюракратычная сістэма з мэтай дэнацыяналізацыі пазбаўляла беларусаў натуральнага права самапазнання. Літаратура і мастацтва, хоць і заставаліся беларускамоўнымі, але не заўсёды адпавядалі беларускай духоўнасці, мелі вельмі вузкае кола спажыўцоў. З навукоўцаў больш шанцавала археолагам, этнографам, фалькларыстам. Але сабраныя імі матэрыялы, як і здабыткі прадстаўнікоў іншых навук, не выкарыстоўваліся для адраджэння нацыі.

Аднаўленне беларусазнаўства правіць

Заняпад беларусазнаўства працягваўся да канца 1980-х гадоў. Пэўны ўклад у захаванне традыцый беларусазнаўства зрабілі цэнтры беларускай эміграцыі ў ЗША, Канадзе, ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Чэхіі і інш. Айчыннае беларусазнаўства пачало аднаўляцца за адраджэннем беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Павялічылася беларусазнаўчая навукова-асветная роля перыядычных выданняў Беларусі, асабліва газеты «Літаратура і мастацтва», заснаваны часопіс «Спадчына»1989). У 1991 г. створаны Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны і ў яго складзе аддзел беларусазнаўства, факультэты беларускай філалогіі і культуры ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, Беларускім дзяржаўным універсітэце імя М.Танка, Віцебскім дзяржаўным універсітэце (1992). Задачы беларусазнаўства значна ўскладніліся. Яно павінна ўжо было займацца не аздараўленнем, а духоўнай рэанімацыяй беларускай нацыі. Павялічылася патрэба ў глыбокім і ўсебаковым вывучэнні гістарычнага вопыту і духоўных каштоўнасцей беларусаў, каб падтрымаць і аднавіць нацыянальныя формы быцця, у якіх былі б створаны самыя спрыяльныя ўмовы для поўнага раскрыцця здольнасцей кожнага прадстаўніка нацыянальнай супольнасці.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Інстытут беларускай культуры: Гісторыя ўзнікнення. Сучасная структура. Навукова-даследчая дзейнасць / Апрац. А. І. Цвікевіч. — Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі 1926. — 118 c.
  • Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы: Да X гадавiны Кастрычніцкай рэвалюцыi. Ч. 1: Беларусізацыя. — Мн.: Нацыянальная камісія ЦВК БССР, 1928. — 148, [3] с.
  • Шыбека З. В. Беларусазнаўства / З. В. Шыбека // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М. В. Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — С. 346—348. — ISBN 5-85700-074-2.

Спасылкі правіць