Янка Купала

беларускі паэт, драматург, публіцыст (1882—1942)
(Пасля перасылкі з Я. Купала)

Я́нка Купа́ла, сапраўднае імя Іва́н (Ян) Даміні́кавіч Луцэ́віч (25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882, фальварак Вязынка, цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць — 28 чэрвеня 1942, Масква) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі (1928), АН Украіны (1929). Адлюстраваў характар і светаразуменне беларускага народа[4], стварыў яркія вобразы сялянскага быту і гістарычнага мінулага. Жанрава-стылявыя формы, увасобленыя ім, сталі класічнымі асновамі беларускай лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі[5]. Лічыцца стваральнікам патрыятычнага закліку «Жыве Беларусь!». У позніх творах дамінуе тэма ўслаўлення савецкай рэчаіснасці.

Янка Купала
Янка Купала, 1925 год.
Янка Купала, 1925 год.
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Іван (Ян) Дамінікавіч Луцэвіч
Псеўданімы Янка Купала, Янук Купала, Адзін з «парнаснікаў», Вайдэльота, Здарэнец, Левы, Марка Бяздольны, Ня-Гутнік, Стары Мінчук, Янук з-пад Мінска
Дата нараджэння 7 ліпеня 1882(1882-07-07)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 28 чэрвеня 1942(1942-06-28)[2][1] (59 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Дамінік Луцэвіч[d]
Маці Бянігна Луцэвіч[d]
Жонка Уладзіслава Францаўна Луцэвіч
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, драматург, перакладчык, пісьменнік, журналіст, публіцыст
Гады творчасці 19031942
Мова твораў беларуская, польская і руская
Дэбют «Modlitwa» // часопіс «Ziarno», №13, 1903[3]
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Біяграфія

правіць

Паходжанне

правіць

Бацькі Янкі Купалы — Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч і Бянігна (у дзявоцтве Валасевіч), рымска-каталіцкага веравызнання, належалі да стану мяшчан[6] (прыпісаны да мяшчан Мінска[7]), але паходзілі з дробнай чыншавай шляхты, якая арандавала зямлю ў памешчыцкіх фальварках[6][7]. Род не змог за часамі «разбору шляхты» ў Расійскай імперыі дакументальна даказаць сваё шляхецкае паходжанне і зацвердзіцца ў статусе расійскага дваранства[6][7]. Найстарэйшы продак па лініі бацькі — Станіслаў Луцэвіч — упамінаецца ў дакументах першай паловы XVII ст.[6] Маці паэта паходзіла з рубяжэвіцкай шляхты, нарадзілася ў фальварку Няшота Мінскага павета (цяпер в. Ручын Стаўбцоўскага раёна).

Родавы двор Луцэвічаў быў у засценку Лазараўшчына (Пяскі, Луцэвічы Ігуменскага павета Мінскай губерні, цяпер тэрыторыя Уздзенскага раёна). У XIX стагоддзі Луцэвічы — тыповая чыншавая земляробчая шляхта, блізкая паводле эканамічнага становішча і спосабу жыцця да сялян, але са сваімі адметнымі саслоўнымі рысамі. Яны былі выселены з засценка Пяскі, калі той апынуўся ва ўладанні князя Вітгенштэйна, і з таго часу арандавалі зямлю «на запашках», гэта значыць апрацоўвалі зямлю ўладальніка фальварка, аддаючы звычайна палову ўраджаю[8].

Раннія гады

правіць
 
Хата ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Іван Луцэвіч (Янка Купала). Цяпер Дом-музей Янкі Купалы.

Іван Луцэвіч нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года (паводле новага стылю) у фальварку Вязынка Вілейскага павета Віленскай губерні. Быў хрышчаны 12 ліпеня 1882 года ў Радашковіцкім касцёле[9].

У пошуках зямлі і працы бацькі вымушаны былі пастаянна пераязджаць. Вандроўнае жыццё перашкаджала Івану Луцэвічу атрымаць сістэматычную адукацыю. У вандроўных настаўнікаў спачатку вучыўся па-польску, а рускую азбуку вывучыў з дапамогай няні. Адну зіму наведваў Сеніцкае двухкласнае народнае вучылішча, у Мінску каля пяці месяцаў вучыўся ў прыватнай падрыхтоўчай школе. У 1898 годзе скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча.

Калі Луцэвічы жылі ў Селішчы, Іван Луцэвіч пазнаёміўся з уладальнікам суседняга маёнтка 3ыгмунтам Чаховічам, паплечнікам Кастуся Каліноўскага, які быў асуджаны за ўдзел у паўстанні 1863 года на 12 гадоў катаргі, а з 1870 года жыў на паўлегальным становішчы ў сваім маёнтку Малыя Бясяды. Луцэвіч карыстаўся яго багатай бібліятэкай, дзе ўпершыню пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай, пераважна пра паўстанне 1863—1864 гадоў. Гэта знаёмства было штуршком для развіцця нацыянальнай самасвядомасці, абудзіла яго цікавасць да мінулага Беларусі[8].

У Селішчы ў 1902 годзе памёр бацька, і, як старэйшы з семярых дзяцей, Іван Луцэвіч застаўся за гаспадара. Праз паўгода ад шкарлятыны памёр малодшы брат Казік, а яшчэ праз тыдзень — сёстры Гэля і Сабіна. У пошуках заработкаў Луцэвіч пайшоў «у людзі»: пачаў працаваць вандроўным настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у маёнтку Беліца памешчыка Караля Свяцкага ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні (1904), практыкантам і памочнікам вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, на бровары ў маёнтку пана Аляксандра Янавіча Любанскага ў Яхімоўшчыне Вілейскага павета, у маёнтку Дольны Сноў Навагрудскага павета[10].

Першыя яго творы — некалькі польскамоўных вершаў, надрукаваныя ў 1903—1904 гадах у часопісе «Ziarno» (бел. «Зерне»). Першы верш на беларускай мове — «Мая доля», датуецца 15 ліпеня 1904 года, быў напісаны лацінкай. Першы беларускамоўны твор у друку — публікацыя 15 траўня 1905 года ў газеце «Северо-Западный край» верша «Мужык». 11 траўня 1907 года ў газеце «Наша ніва» змешчаны верш «Касцу», які стаў першым выступленнем Купалы ў беларускамоўным друку[11]. Пасля гэтага ён у «Нашай ніве» друкаваўся рэгулярна, 18 снежня 1908 года тут апублікавалі паэму «У Піліпаўку».

Віленскі і пецярбургскі перыяды

правіць
 
Янка Купала. Вільня, 1908 год.

Увосень 1908 года Янка Купала пераехаў у Вільню на запрашэнне Івана і Антона Луцкевічаў. Луцкевічы ўладкавалі яго бібліятэкарам бібліятэкі-чытальні «Знание» Барыса Даніловіча[12], адначасова яны давалі Купалу працу па адбіранні і рэдагаванні тэкстаў газеты «Наша ніва»[13]. У Віленскі перыяд паэт напісаў шмат шырокавядомых пазней вершаў — «Маладая Беларусь», «Заклятая кветка», «Адцвітанне» і іншыя, некаторыя з іх надрукавалі ў «Нашай ніве».

 
Вокладка першага зборніка вершаў Янкі Купалы «Жалейка», 1908 год.

У 1908 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшаў першы зборнік вершаў Янкі Купалы пад назваю «Жалейка». У кастрычніку таго ж года санкт-пецярбургскі камітэт па справах друку пры Міністэрстве ўнутраных спраў вырашыў канфіскаваць зборнік як антыдзяржаўны і прыцягнуць аўтара і выдавецтва да адказнасці. Цаной немалых высілкаў арышт з кнігі быў зняты, аднак у 1909 годзе наклад кнігі быў паўторна арыштаваны паводле загаду віленскага генерал-губернатара Кршывіцкага[14].

 
Дом нумар 45 на 4-й лініі Васільеўскага вострава, Санкт Пецярбург. Тут месцілася шасціпакаёвая кватэра беларускага навукоўца Браніслава Эпімаха-Шыпілы, у ёй у Пецярбургскі перыяд жыў паэт Янка Купала, месцілася рэдакцыя выдавецтва Загляне сонца і ў наша аконца. На доме месціцца памятная дошка аб тым, што тут жыў Янка Купала.

У снежні 1909 года з рэкамендацыйным лістом ад Уладзіміра Самойлы Купала пераехаў у Санкт-Пецярбург да выдаўца і навукоўца Браніслава Эпімаха-Шыпілы. Там ён ад 1909 да 1913 года навучаўся на курсах Аляксандра Сяргеевіча Чарняева пры Пецярбургскім універсітэце, дзе выкладалі вядомыя пецярбургскія вучоныя. Працаваў у публічнай бібліятэцы, удзельнічаў у рабоце навукова-літаратурнага гуртка беларускіх студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.

8 ліпеня 1910 года асобнай кніжкай выйшла паэма Янкі Купалы «Адвечная песня», а 13 кастрычніка 1910 года — другі ягоны зборнік вершаў «Гусляр». Зборнік змяшчае вершы, дзе гучаць заклікі да абуджэння нацыянальнай годнасці і змагання за волю, але вершы з адкрытымі заклікамі да паўстання («Зваяваным» і інш.) былі выкрасленыя са зборніка перад выданнем, каб пазбегнуць цэнзуры. У траўні 1910 года Купала завяршыў паэму «Курган», а ў жніўні таго ж года — драматычную паэму «Сон на кургане», адзін са сваіх найбольш значных твораў, які стаўся сімвалічнай выявай беднаснага становішча ў тагачаснай Беларусі. Асобным выданнем паэма выйшла ў 1912 годзе.

У 1911—1913 гадах Купала ўлетку наведаў маці і сясцёр у Беларусі, у фальварку Акопы. У жніўні 1912 наведвае вёску Мікалаеўшчына і хутар Смольню, дзе ўпершыню сустракаецца з Якубам Коласам[15].

3 чэрвеня 1912 года ён завяршыў свой першы сцэнічны твор — камедыю «Паўлінка», якую ў наступным годзе выдалі ў Пецярбургу, а пазней паставілі на сцэне — спачатку ў Пецярбургу, а потым у Вільні, улетку 1913 года ў Радашковічах. На спектаклях прысутнічаў сам аўтар. У чэрвені 1913 года ў Акопах была завершана паэма «Бандароўна», следам за ёй — паэмы «Магіла льва», «Яна і я», а таксама сцэнічны жарт «Прымакі». Увесну 1913 года быў выдадзены трэці зборнік Купалы — «Шляхам жыцця». У вершах, якія змешчаныя ў гэтым зборніку, супроць папярэдніх двух, відаць значны ўплыў эстэтыкі мадэрнізму і сімвалізму. Сярод іншых твораў у зборніку была змешчана драматычная паэма «На папасе». Вераснем 1913 года датуецца цэнтральны твор у дарэвалюцыйнай творчай спадчыне Янкі Купалы — драма «Раскіданае гняздо». У ёй на прыкладзе адной сялянскай сям’і, якая застаецца без зямлі і прытулку, адлюстраваная трагедыя беларускага народа. П’еса была пастаўлена ў 1917 годзе, а надрукавана ў 1919 годзе ў Вільні.

У кастрычніку 1913 года Купала вяртаецца ў Вільню, дзе працуе сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, а потым ізноў супрацоўнічае з «Нашай нівай». З 7 сакавіка 1914 года газета выходзіць за подпісам Купалы як рэдактара. Адначасова ён дапамагае Максіму Багдановічу і Канстанцыі Буйло ў выданні зборнікаў іх паэзіі.

Вайна і акупацыя

правіць

У жніўні 1914 года пачынаецца Першая сусветная вайна, і Купала з верасня па снежань 1914 года працуе над цыклам антываенных вершаў «Песні вайны». Таксама піша артыкулы ў «Нашай ніве», накіраваныя супраць вайны. За артыкул «Думкі» Купала мусіў быць прыцягнуты да судовай адказнасці, але з прычыны набліжэння фронту да Вільні ды пачатку эвакуацыі суд не адбыўся. 8 жніўня 1915 года Купала пераязджае з Вільні ў Акопы, пазней жыве ў Арле (Расія).

 
Янка Купала з жонкай Уладзіславай Станкевіч, 1916 год.

У канцы верасня 1915 года выехаў у Маскву, там вучыцца ў Народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага. Там жа 23 студзеня 1916 года ажаніўся з Уладзіславай Станкевіч, з якой пераязджае ў Мінск. Адразу ж прызваны ў расійскую армію. Служыць у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін[15], які месціўся ў Мінску, а ўлетку таго ж года быў пераведзены ў Полацк. Час нямецкай акупацыі Менска паэт правёў у Смаленску. З 1916 года да восені 1918 года ніводнага твора не напісаў.

У ліпені 1918 года атрымаў пасаду агента па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці. Разам з Максімам Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. У кастрычніку—снежні 1918 года стварыў нізку вершаў-заклікаў, якая стане яго водгукам на падзеі тых гадоў — рэвалюцыі, акупацыі, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі: «Час!», «На сход!», «Пчолы», «Званы» і іншыя. Атрымаў пасведчанне Народнага Сакратарыята Беларусі за № 1042[16][17].

 
Янка Купала, красавік 1919 года.

Вярнуўся ў Менск у студзені 1919 года па абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, пазней скасаванай і ўключанай у межы ЛітбелССР. Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы.

У час польскай акупацыі з 8 жніўня 1919 па 11 ліпеня 1920 года жыў пераважна ў Менску. У жніўні быў у Акпопах і Кальзбергу, дзе напісаў верш-заклік «Паўстань...» і драматычны «На нашым...». Стаў ганаровым членам Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. З верасня ў Менску. У газеце «Беларусь», якая выходзіла за польскай акупацыяй, у артыкуле «Справа незалежнасці Беларусі за апошні год», прымеркаваным да новага 1920 года, апісаў спадзяванні беларускага руху на палякаў і расчараванне:

  Калі бальшавікі ўцяклі з Менску, а палякі ўвайшлі, то беларусы з аблягчэннем уздыхнулі. Начальніка Польскай дзяржавы віталі шчыра і спадзяваліся, што справа незалежнасці Беларусі цяпер стане на цвёрдым грунце, што братні польскі народ дапаможа беларусам адбудаваць сваю бацькаўшчыну, як ён адбудаваў і сваю.

У Менску тады закіпела праца. Арганізаваўся Беларускі нацыянальны камітэт, пачала выходзіць штодзённая беларуская газета, а 12 лістапада была адкрыта сесія Рады Б. Н. Р. Здавалася, што ўсё пойдзе добра. Але выйшла не тое. За «плебісцыт» паліцыя пры дапамозе слесара ўлезла ў рэдакцыю беларускай газеты і забрала ўсе канторскія і рэдакцыйныя матэрыялы.

З гэтага бачым, што эндэцкая рэакцыя якабы пачынае браць верх. Справа незалежнасці Беларусі зводзіцца гэтымі панамі на няма нішто.

 

Пры гэтым Купала заклікаў надалей змагацца за незалежнасць Беларусі:

  Не падаючы духам, мы павінны ісці праз жыццё ў гэты новы год і моцна трымаць сцяг змагання за сваё вызваленне, за незалежнасць сваёй бацькаўшчыны Беларусі. І пабеда будзе на нашай старане.  

Супрацоўнічаў з беларускімі газетамі «Звон» і часопісам «Беларускае жыццё». 6 лістапада 1919 года разам з Язэпам Лёсікам, Макарам Краўцовым і Змітраком Бядулем звяртаўся да старшыні Рады Народных міністраў БНР Антона Луцкевіча па атрыманне субсідый для газеты «Беларусь»[18]. У часопісе «Беларускае жыццё» ўпершыню была надрукаваная яго п’еса «Прымакі», пазней да Янкі Купалы ад Францішка Аляхновіча была перададзена пасада галоўнага рэдактара часопіса. Стаў рэдактарам часопіса «Рунь»[19], пераемніка «Беларускага жыцця». Драматычнасць падзей гэтага перыяду адлюстраваныя ў вершах «Беларускія сыны», «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі» (да другой гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР), «Куды ты рвешся» і іншых.

 
Удзельнікі святкавання 15-годдзя творчай працы Янкі Купалы на ганку Беларускага (Юбілейнага) дома ў Менску, час польскай акупацыі горада, 24 чэрвеня 1920 г. Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч у цэнтры.

9 студзеня 1920 года захварэў на перытаніт, 10 студзеня яму была зроблена аперацыя. Пра здароўе Купалы ўвесь час паведамляла менская газета «Беларусь»[20]. 20 сакавіка вярнуўся з бальніцы дамоў[21], у той час пражываў на вуліцы Кашарскай, дом 10, кватэра 5[18]. На снежаньскі раскол Рады БНР адрэагаваў вершам «Пяць сенатараў», які напісаў 7 красавіка 1920 года[21]. У час бальшавіцкага наступлення польска-савецкай вайны з красавіка 1920 года піша шэраг вершаў з цыкла «На вайсковыя матывы», якія друкуюцца ў часопісе «Рунь»[22]: «Будзь здаровы, бацька, маці…», «У печы палю, бульбу жару...», «Едзе Янка ў поле», «Гэй, у лесе, пры даліне...», «Дзе ты, хмелю, зімаваў»[23], «У вырай! (Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці!..)», «Габруся ў жаўнерку ўзялі»[24] і інш, у вершах заклікае абараняцца[24] і змагацца за Беларусь.

У траўні 1920 года ў часопісе «Рунь» выходзіць артыкул Янкі Купалы «Справа беларускага нацыянальнага гімна», у якой аўтар заклікае як мага хутчэй выбраць адзіны беларускі гімн. 24 чэрвеня ў Беларускім доме (колішнім Юбілейным доме) адбыўся ўрачысты сход з нагоды 15-й гадавіны літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы, у якім разам з юбілярам прыняло ўдзел каля сотні прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый, пісьменнікаў і палітыкаў[25], сяброў Беларускай вайсковай камісіі.

Савецкая Беларусь. 1920-я гады

правіць
 
Супрацоўнікі Інбелкульта. Менск, 1922 г. Сядзяць: Іван Луцэвіч (Янка Купала), Аляксандр Круталевіч, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Уладзіслаў Чаржынскі, В. Шэмпель, Мікалай Байкоў. Стаяць: Міхайла Грамыка, Лявон Більдзюкевіч, Часлаў Родзевіч, Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Кастусь Гадыцкі-Цвірка, Язэп Дыла

11 ліпеня 1920 года Менск занялі войскі Чырвонай арміі, пасля чаго 31 ліпеня 1920 года адбылося паўторнае абвяшчэнне незалежнасці Беларускай ССР. Янка Купала застаўся ў Менску і працягнуў працу.

З пачатку 1921 года быў намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, пазней уваходзіў у склад Акадэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, быў членам навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР. Рэдагаваў часопіс «Вольны сцяг». Стаў адным з ініцыятараў утварэння Інстытута беларускай культуры, сапраўдным членам якога абраны ў 1922 годзе (па ўтварэнні на базе Інбелкульта Акадэміі навук у 1928 годзе Купала стаў акадэмікам).

У сакавіку 1921 года Янка Купала быў пад хатнім арыштам, у ягонай кватэры зрабілі ператрус, а архіў з рукапісамі адабралі ў ДПУ.

У 1922 годзе выйшаў Купалаў зборнік «Спадчына», які складаўся як з новых вершаў, так і створаных у часе Першай сусветнай вайны. Вершы «Паўстань з народу нашага, прарок…» і «Жыды!» выдалілі са зборніка з меркаванняў цэнзуры. У 1923 годзе падрыхтаваў літаратуразнаўчы слоўнік «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва», які ўвайшоў у серыю «Беларускай навуковай тэрміналогіі» Інбелкульта. 24 студзеня 1922 года напісаны верш «Перад будучыняй», а за ім — верш «Пазвалі вас…». У гэтых вершах Купала выказаў сваё стаўленне да бальшавікоў і заклапочанасць бягучай сітуацыяй. Абодва творы былі забароненыя. Першы нумар толькі што створанага часопіса «Адраджэнне», у якім быў надрукаваны верш «Перад будучыняй», канфіскавалі[26].

31 жніўня 1922 года ў Акопах Купала завяршыў работу над трагікамедыяй «Тутэйшыя» — іранічным адлюстраваннем менскага гарадскога жыцця акупацыйных часоў перыяду Першай сусветнай вайны. Афіцыйная бальшавіцкая крытыка абвінаваціла аўтара ў «дробнабуржуазным народніцтве» і «супрацьпастаўленні сябе пралетарскай дыктатуры». У тым жа годзе разам з іншымі беларускімі паэтамі паспрабаваў стварыць літаратурную суполку пад назвай «Вір». Калі ДПУ пачало праверку яе будучых членаў, то амаль усе яны атрымалі адмоўныя характарыстыкі, у тым ліку і Янка Купала быў названы «беларускім пісьменнікам-шавіністам». Суполку забаранілі[26].

Палітыка беларусізацыі на кароткі час палепшыла стаўленне да беларускіх нацыянальных дзеячаў у савецкай дзяржаве, а таксама аблягчыла для іх магчымасці друку і самавыяўлення. У 1924 годзе надрукавалі паэму «Безназоўнае», у якой Янка Купала ўхваляе барацьбу за незалежнасць папярэдніх гадоў і заклікае не спыняць змагання, замацоўваць ужо дасягнутае і пакінуць пасля сябе вольную Беларусь. 10 чэрвеня 1925 года СНК БССР прысвоіў Янку Купалу званне Народнага паэта БССР, а таксама пастанавіў прызначыць паэту пажыццёвую пенсію і вызваліць ад пасад, якія той займаў, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для творчай працы[11]. Улетку 1926 года ў часопісе «Полымя», што прыйшоў на змену «Адраджэнню», надрукавалі нізку вершаў, многія з якіх трапілі пад забарону: «Царскія дары», «Каб», «Акоў паломаных жандар» і іншыя.

 
Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Райнісам у час прыезду апошняга на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 19 лістапада 1926 г. Сядзяць (злева направа): З. Бядуля, Я. Райніс, Я. Купала, К. Крапіва. Стаяць: Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Дубоўка, П. Глебка, К. Чорны.

У лістападзе 1926 годзе Купала ўзяў удзел у менскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У 1927 годзе выступіў адным з ініцыятараў стварэння літаратурнай суполкі «Полымя». 7 лістапада 1927 года надрукавалі яго паэму «З угодкавых настрояў», прысвечаную 10-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. У паэме з надзвычайным пафасам ухваляюцца падзеі кастрычніка 1917 года, крытыкі адзначаюць што гэта адзін з першых твораў, які сведчыў аб спыненні творчага ўздыму паэта.

У жніўні — верасні 1927 года быў на лячэнні ў горадзе Карлавы Вары (Чэхаславакія). У гэты час у чэхаславацкім друку з’яўляецца некалькі вершаў паэта[15].

У канцы 1920-х гадоў у БССР па згортванні палітыкі беларусізацыі стаўленне да нацыянальных дзеячаў пагоршылася і бальшыня з іх трапіла пад палітычны пераслед. Янка Купала папаў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў так званай «нацдэмаўшчыне», ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд паэтычная ўдачнасць адлюстравання рэчаіснасці ў паэта радзее, творчая актыўнасць рэзка зменшылася[5].

1930-я гады. Рэпрэсіі

правіць
 
Якуб Колас і Янка Купала, 1935 год.

У 1930 годзе раскулачылі маці і сястру паэта, праз значнасць асобы Янкі Купалы яны змаглі пазбегнуць ссылкі. Улетку 1930 года ў газеце «Звязда» з’явіўся артыкул Лукаша Бэндэ «Шлях паэта», у якім Янка Купала абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». Неўзабаве Купалу пачалі выклікаць на допыты ў ДПУ, яму інкрымінавалася лідарства ў сфабрыкаваным спецслужбамі «Саюзе вызвалення Беларусі». У лістападзе таго ж года яго паўторна выклікалі ў ДПУ па той жа справе. 20 лістапада 1930 года, пасля допытаў у ДПУ, Янка Купала зрабіў спробу самагубства, распароўшы сабе жывот, аднак быў выратаваны лекарам Стэфанам Луцкевічам (братам Івана і Антона Луцкевічаў), які жыў па суседстве[27]. У снежні 1930 года ў газеце «Звязда» быў апублікаваны «пакаянны» ліст Янкі Купалы, у якім паэт прызнаваўся ў «памылках» і «шкодных поглядах», абяцаў парваць з «кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам» і «аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву». Існуе версія, што сапраўдным аўтарам «пакаяльнага» ліста быў Лукаш Бэндэ, а сам Купала падпісаў яго пад ціскам[11].

Літаратурная актыўнасць Купалы ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х гадоў (ляўкоўскі цыкл і інш.). Янка Купала ўдзельнічаў у розных камітэтах па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур (Уладзімір Караленка, Міхаіл Лермантаў), быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з’ездаў, удзельнічаў у рабоце І з’езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на І з’езд ССП СССР, у склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Менскага гарадскога Савета. Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927—1929, член ЦВК БССР у 1929—1931, 1935—1938 гадах. У 1935 годзе Купала разам з дэлегацыяй савецкіх журналістаў і пісьменнікаў наведаў Славакію, у прыватнасці мястэчка Светы-Юр.

У 1930-я гады творы Купалы падвергліся значнай цэнзурнай праўцы, у тым ліку творы са зборнікаў «Жалейка» і «Гусляр». Творчасць Купалы 1930-х гадоў складаецца з прасавецкіх вершаў ды артыкулаў, пераважна малой мастацкай вартасці, апроч цыклу вершаў 1935 года, створанага ў вёсцы Ляўкі («Сонцу», «Лён», «Дарогі» і іншыя), паэмы «Над ракою Арэсай» (1933), прысвечанай калектывізацыі, паэмы «Барысаў» (1934) і паэмы «Тарасова доля» (1939) памяці Тараса Шаўчэнкі; апошнія, аднак, таксама не адпавядалі творчым магчымасцям паэта[11].

 
Янка Купала, 1940 год.

У 1937 годзе Янка Купала зноў аказаўся ў спісе чарговых ахвяр рэпрэсій, мясцовыя рэпрэсіўныя органы звярталіся да найвышэйшага кіраўніцтва па дазвол на яго арышт, аднак такой санкцыі не атрымалі[11]. У студзені 1939 года паэта ўзнагародзілі ордэнам Леніна. У 1939 ён удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940 года. Стаў лаўрэатам Сталінскай прэміі 1941 года за зборнік «Ад сэрца», які пераважна змяшчаў вершы пра сацыялістычнае будаўніцтва[11].

Апошнія гады. Смерць

правіць

Напад Германіі на СССР у час Другой сусветнай вайны Янка Купала сустрэў у Каўнасе, дзе 22 чэрвеня 1941 года спыніўся па дарозе з Рыгі, вяртаючыся са з’езда пісьменнікаў савецкай Латвіі. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 года з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў з жонкай на аўтамабілі ў Маскву. З 13 лістапада 1941 года па 18 чэрвеня 1942 года ён жыў у пасёлку Пячышчы (Татарстан)[28]. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР у Казані, дзе выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя». Яго верш «Беларускім партызанам» і публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш.

4 чэрвеня 1942 года Янка Купала быў выкліканы ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркама БССР Івана Былінскага. 28 чэрвеня ў Маскве Купала загінуў, упаўшы ў лесвічны пралёт дзясятага паверха гатэля «Масква». Існуе тры версіі смерці — няшчасны выпадак, самагубства, забойства органамі савецкай бяспекі.

1 ліпеня 1942 года пасля крэмацыі Янка Купала быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. У ліпені 1962 года урна з прахам перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках, побач з Якубам Коласам, тут пахаваная і маці паэта. Рыгор Барадулін успамінаў, што перапахаванне праху Янкі Купалы адбывалася ў сакрэтнасці «ў духу сталіншчыны»[29]. Надмагільны помнік Янку Купалу пастаўлены ў 1971 годзе.

Творчасць

правіць

Выкарыстоўваў псеўданімы: Адзін з «парнаснікаў», Вайдэльота, Здарэнец, Левы, Марка Бяздольны, Ня-Гутнік, Стары Мінчук, Янук з-пад Мінска, Янук Купала; крыптанімы К., І.К., Я.К., К-а, Л., І.Л., Л.І.; творы паэта, падпісаныя псеўданімамі Цімох Каруза, Я. Купальскі, Янка Луцэўчык, К-А-А, Я. К.-ла не ўдалося адшукаць[8].

Паэзія

правіць
 
Рукапіс першага верша на беларускай мове «Мая доля» (лац. Maja dola). Напісаны лацінкай у 1904 годзе.

Янка Купала — паэт-рамантык. Ён сцвердзіў рамантычны тып нацыянальнай лірыкі, у якой драматычнае напружанне, інтэнсіўнасць перажыванняў выяўляюцца ў маштабных, раскавана-асацыятыўных вобразах. Непаўторнае хараство ім надае арганічнае зліццё лірызму і рамантычнай незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі фальклору — вобразамі, матывамі, паэтыкай беларускай народнай песні, з міфалагічнымі ўяўленнямі, архетыпамі, каларытам беларускіх легенд, паданняў і казак[5].

 
Рукапіс верша «Жняя» (1911).

Першыя творы — некалькі польскамоўных сентыментальных вершаў (1903—1904). Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» (напісаны лацінкай, 1904), у газеце «Северо-Западный край» быў надрукаваны верш «Мужык» (1905), верш «Касцу» надрукаваны ў «Нашай ніве» (1907), дзе хутка з’яўляюцца і іншыя яго творы. Раннім вершам Янкі Купалы ўласціва падабенства да фальклору і беларускай паэзіі XIX стагоддзя.

На працягу 1906—1907 гадоў Купала напісаў паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата кахання», У 1908 годзе ў «Нашай ніве» апублікавана паэма «У Піліпаўку», у тым жа годзе скончана праца над паэмамі «Адвечная песня» і «За што?». Тэматыка твораў — прыгнечанае і бяспраўнае жыццё беларускага селяніна, краса роднага краю, прыгажосць стваральнай працы чалавека. Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды — нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разнявольвання чалавека, адна з вызначальных тэм у яго творчасці.

 
Вокладка зборніка вершаў Янкі Купалы «Гусляр», 1910 г. Выдадзены лацінкай.

У 1908 годзе беларускае пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выпусціла першы зборнік паэта «Жалейка», які двойчы канфіскоўвалі. Другі зборнік вершаў «Гусляр» (1910) выдадзены лацінкай у Пецярбургу Антонам Грыневічам. Супроць «Жалейкі» з яе элегічнасцю, плачам над адвечнай нядоляй селяніна, у «Гусляры» выразна выяўляецца рамантычнае светаадчуванне аўтара, акрэсліваецца філасофская, экспрэсіўная плынь яго лірыкі, паўстае рамантычны вобраз паэта як «сына міра», як прарока, які спазнаў таямніцы свету і жадае данесці іх да людзей. Менавіта ў гэтым зборніку найбольш выразна адбілася рамантычнае раздваенне душы лірычнага героя, у якой суіснуюць адчуванні далучанасці да Сусвету, пачуццё абранасці і высокай наканаванасці чалавека, а з другога боку — бяссілле і адчай пры сутыкненні з рэчаіснасцю.

 
Зборнік «Шляхам жыцця» (1913).

Творча плённым, важным для Янкі Купалы быў перыяд 1910—1913 гадоў, калі быў выдадзены трэці паэтычны зборнік «Шляхам жыцця» (1913). Зборнік быў фактычна вяршынным дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, а яго аўтар стаў бясспрэчным яе лідарам. У вершах гэтага выдання выразна выявіўся патрыятызм і глыбінны гістарызм паэта, найбольш яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Купала імкнуўся абудзіць у чытача пачуцце гордасці і ўдзячнасці да продкаў, якія былі здольныя захоўваць сваю дзяржаўнасць і незалежнасць, бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць адметную культуру («Над Нёманам», «На куццю», «На дзяды» і інш.). Многія з твораў, дзе развіваліся такія матывы, у пазнейшы час былі забаронены, не ўключаліся ў зборы твораў і не перадрукоўваліся да канца 1980-х гадоў. Нацыянальны характар творчасці Купалы праяўляўся і ў вершах рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, у якіх паэт апяваў набліжэнне светлых перамен у жыцці, услаўляў будучыню, прадвесцем якой для яго быў створаны паэтычным уяўленнем вобраз Маладой Беларусі, абуджанай да гістарычнага самасцвярджэння. У вобразе Прарока (Званара, Гусляра), які прымаў аблічча Падарожнага, Незнаёмага, паэт прадракаў Вялікі Сход, дзе будзе вырашаны нацыянальны лёс гарадоў і сацыяльны лёс беларусаў[30].

Класічнымі сталі яго фальклорна-рамантычныя паэмы. «Курган» (1910, апублікавана ў 1912) прасякнуты ідэяй неўміручасці народнага мастацтва. «Бандароўна» (1913) — эпічная песня аб героіцы народнага змагання супраць прыгнятальнікаў. «Яна і я» (1913, апублікавана ў 1920) — творчае развіццё на нацыянальнай глебе гесіёдаўскага і гётаўскага эпасу, паэтызацыя ідэалізаванага ўяўлення селяніна-працаўніка пра шчаслівае жыццё, якое нараджае вольная праца, духоўная еднасць, каханне. Праблема ўзаемаадносін выключнай асобы і народа ставіцца ў паэме «Магіла льва» (1913, апублікавана ў 1920)[5]. У сімвалічных вобразах і карцінах Янка Купала стварыў шырокае палатно нацыянальнага быцця ў яго сацыяльна-гістарычным зрэзе.

Драматызаванымі паэмамі Янка Купала аддаў даніну сімвалізму і неарамантызму. У «Адвечнай песні» ён стварыў сімвалічны вобраз мужыка, цураючыся індывідуалізацыі героя. Лёс яго раскрываў праз паэтызацыю жыццёвых абставін-праяў, манументалізуючы вобраз галоўнага героя, абсалютызуючы яго бязмерную прагу да лепшай долі, ягонае адмаўленне нядольнага зямнога лёсу. Паэма «Сон на кургане» (1910, апублікавана ў 1912) таксама пра лёс беларускага мужыка, але ўжо ў перыяд рэакцыі расійскіх уладаў на рэвалюцыю. Герой паэмы Сам — не персанаж-характар, а фантасмагарычны шукальнік выйсця з гаротнага стану. Умоўныя абставіны, што сняцца яму на кургане, чаргуюцца з рэальнымі сцэнамі на пажарышчы і ў карчме. Варожыя Саму сілы ўвасоблены ў вобразах відмаў і ў рэальных нячысціках. Сам — вобраз трагічны: гіне яго маці, а бацька аказваецца жандарам. Паэма была раскрыццём складаных жыццёвых лёсаў беларускай народнай інтэлігенцыі[5].

У 1914—1915 гадах з’явіўся цыкл яго вершаў «Песні вайны», узоры любоўнай лірыкі («Таей даўгажданай», «Сыйду», «На вуліцы», «Мусіць трэба было», «А яна…»).

На працягу трох наступных гадоў Купала, перажываючы разам з народам цяжкі перыяд нацыянальнай гісторыі, паэтычных твораў не пісаў, аднавіў дзейнасць у канцы 1918 года. Яго вершы той пары «Званы», «Буралом», «Спадчына», «Рунь», «Першы снег», «Паязжане» і іншыя — гэта роздум пра гістарычныя шляхі Беларусі, прасякнутыя ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй[31]. Гэтыя творы ўвайшлі ў чацвёртую паэтычную кнігу «Спадчына» (1922). Да зборніка негатыўна паставілася тагачасная бальшавіцкая крытыка, якая чакала ад паэта ўслаўлення Кастрычніцкай рэвалюцыі і прынесеных ёю перамен. Янка Купала заставаўся песняром «Бацькаўшчыны», палітычнае становішча якой у гэты перыяд было вельмі складаным.

 
Зборнік «Безназоўнае» (1925).

Паэма «Безназоўнае» (1924), якую крытыка падавала як услаўленне рэвалюцыі, фактычна была спробай выявіць ідэал нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. Паэма «Над ракою Арэсай» (1933), якую вульгарна-сацыялагічная крытыка захвальвала, — не з’яўляецца фактам эстэтычнага ўзбагачэння, але сведчыць пра адносіны паэта да тагачаснай рэчаіснасці. Паэма «Тарасова доля» (1939) — паэтызацыя жыццёвага лёсу Тараса Шаўчэнкі[32].

У савецкі час таксама выходзілі кнігі паэзіі, асобныя паэмы, вершы і артыкулы. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы «Хлопчык і лётчык», «Алеся» і інш. Янка Купала стаў класікам беларускай літаратуры, традыцыі пісьменніка ўплывалі на беларускіх паэтаў розных пакаленняў.

Драматургія

правіць
 
«Паўлінка». Вокладка віленскага выдання 1927 года.

Аўтар драматычных паэм «Адвечная песня» (Санкт-Пецярбург, 1910) і «Сон на кургане» (Санкт-Пецярбург, 1912), п’есы «Паўлінка» (Санкт-Пецярбург, 1913), драматычнай паэмы «На папасе» (1913), драмы «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919), сцэнічнага жарту «Прымакі» (1913, апублікаваны ў 1920), п’есы «Тутэйшыя» (1924), драматычнага абразка «На Куццю» (Вільня, 1928).

У камедыі нораваў «Паўлінка» ён высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Блізкім да камедыі нораваў ёсць і сцэнічны жарт «Прымакі»[32].

У драме «Раскіданае гняздо» раскрыты цяжкі лёс беларускага абеззямеленага сялянства парэформеннага саракагоддзя, пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні. Асноўная праблема п’есы — праблема зямлі, крыніцы існавання селяніна, а тым самым — і яго волі, свабоды[33].

Сатырычная трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922, апублікаваная ў 1924), у якой гучала ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі, доўгі час была ў ліку забароненых твораў. Цэнтральным персанажам гэтага твора ёсць сама Беларусь — як адзіная непадзельная каштоўнасць, якую імкнуцца падзяліць ці падпарадкаваць сабе кожныя новыя ўладары ў пераломны час. «Тутэйшыя» — вяршыня сатырычнай камедыяграфіі Купалы. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-палітычныя праблемы ўзаемаадносін усходніх і заходніх суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да беларускага адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэвалюцыйнай рэчаіснасць, высмейваецца вялікадзяржаўны шавінізм, варожы беларускаму адраджэнню[32]. Дзеянне трагікамедыі адбываецца ў час спробы станаўлення Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як і ў лірыцы, у персанажах сваёй драматургіі (Паўлінка і Якім Сарока, Сымон Зяблік, Алена Гарошка і Янка Здольнік) Купала ўвасобіў духоўныя памкненні чалавека, далучанага да перадавых ідэй свайго часу, яго высокія маральныя якасці, права кіравацца ў сваіх учынках уласным выбарам, жаданне знайсці справядлівасць. Ім створаны каларытныя, драматургічна насычаныя тыпажы камічнага і сатырычнага плана (Адольф Быкоўскі, Крыніцкія і Пустарэвічы ў «Паўлінцы», Мікіта Зносак у «Тутэйшых»).

Публіцыстыка

правіць

Янка Купала выступаў як публіцыст і літаратурны крытык.

Яго дарэвалюцыйныя публіцыстычныя творы заклікалі да паляпшэння сацыяльнага становішча шырокіх народных мас Беларусі («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910; «3 гуты „Залессе“», 1911), закраналі праблемы нацыянальнай самасвядомасці («Святкаванне Купалы ў Вільні», 1912; «Вера і нацыянальнасць», «Ці маем мы права выракацца роднай мовы», абодва 1914, і інш.). У 1913 годзе артыкулам «Чаму плача песня наша?» Янка Купала прыняў удзел у вядомай дыскусіі з Вацлавам Ластоўскім (Юркам Верашчакам)[34], у ходзе якой фактычна выпрацоўваліся і сцвярджаліся эстэтычныя прынцыпы тагачаснай беларускай літаратуры.

У публіцыстыцы перыяду рэвалюцыі і развалу Расійскай імперыі Купала пісаў аб шляхах беларускага народа да нацыянальнага самавызначэння, закранаў праблемы нацыянальнай палітыкі савецкай улады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як прадстаўнік нацыянальнай гуманістычна настроенай інтэлігенцыі ён прапаведаваў ідэал нацыянальнай рэвалюцыі, якая дазволіла б кожнаму народу стаць гаспадаром свайго лёсу і проціпастаўляў яе рэвалюцыі бальшавіцкай («Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», 1920). Погляды Янкі Купалы вызначаліся дэмакратызмам, адмаўленнем гвалту, сцвярджэннем прыярытэту агульначалавечых духоўных каштоўнасцей над класавымі[11].

У гады Другой сусветнай вайны ў публіцыстыцы ён заклікаў да змагання супраць нацызму. Артыкулы з яго подпісам змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш.

У 1972 годзе выйшла кніга «Публіцыстыка».

Пераклады

правіць

Янка Купала пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершамі), міжнародны пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал», польскі тэкст у п’есах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька[pl]» Станіслава Манюшкі, паэму Аляксандра Пушкіна «Медны коннік», шэраг вершаў і паэм Тараса Шаўчэнкі, асобныя творы Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Марыі Канапніцкай, Юзафа Крашэўскага, Уладзіслава Бранеўскага, Ежы Жулаўскага, Пятра Панча, Мікалая Някрасава, Івана Крылова, Аляксея Кальцова і інш.[35]

Нацыянальна-культурныя і дзяржаўныя погляды

правіць

Пачатак творчай і грамадска-палітычнай дзейнасці Янкі Купалы прыпадае на рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гадоў. Па ўсёй Расійскай імперыі, у тым ліку на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў, успыхнуў моцны штуршок для нацыянальна-вызваленчых і дэмакратычных рухаў. Асабліва хвалявала Янку Купала тое, што раскол беларускага этнасу ажыццяўляўся паводле веравызнання: праваслаўныя — «рускія», католікі — «палякі». У сваім артыкуле «Вера і нацыянальнасць», надрукаваным у газеце «Наша Ніва» ў 1914 годзе, ён падкрэсліў, што менавіта такі падыход размывае адзінства беларускага народа, спрыяе яго дэнацыяналізацыі, і заклікаў працоўных беларусаў у згодзе «працаваць над адраджэннем сваёй вялікай старонкі, здабываць для сябе лепшую долю» і не блытаць «справы рэлігіі з нацыянальнасцю»[36][37].

У вершы «А хто там ідзе?», які атрымаў высокую ацэнку сучаснікаў[38], заключалася ідэя нацыянальнага самавызначэння і дзяржаўнага станаўлення беларускага народа. Максім Горкі выказаў думку, што гэты верш-песня «можа быць, на час стане народным гімнам беларусаў»[39]. Пра ўплыў, які аказаў гэты верш-гімн на фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў, кажа той факт, што ў дзень адкрыцця Усебеларускага з’езда ў Мінску ў снежні 1917 года перад яго ўдзельнікамі хор праспяваў яго ў якасці беларускага гімна[40]. Адчуванне мяжы гістарычных перамен выразна раскрыта ў вершы-закліку «На сход!» і вершы «Для Бацькаўшчыны», якія прысвечаны абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі.

У артыкуле «Незалежнасць» (1919) выказаўся пра імперыялістычныя памкненні Польшчы і Савецкай Расіі: «Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак — Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці». У гэты перыяд адкрыта выказваў сацыял-дэмакратычныя погляды і прапаведаваў ідэал нацыянальнай рэвалюцыі.

Бібліяграфія

правіць

Зборнікі вершаў

правіць

П’есы

правіць

Зборы твораў

правіць
  • Зб. тв. Т. 1-6. Мн., 1925-32;
  • Зб. тв. Т. 1-6. Мн., 1952-54;
  • Спадчына. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1955;
  • Зб. тв. Т. 1-6. Мн., 1961-63;
  • Зб. тв. Т. 1-7. Мн., 1972—1976;
  • Поўны зб. тв.: У 9 т. Т. 1-8. Мн., 1995—2002.

У перакладзе

правіць

Верш «А хто там ідзе?» выйшаў у перакладзе на 101 мову свету[44].

Крытыка

правіць

Ранняя крытыка

правіць

Першы зборнік вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў значнай падзеяй у беларускай літаратуры і адразу ж выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці[45]. Уладзімір Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці»[46]. Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Янкі Купалы лічыў найкаштоўнейшым скарбам, у якім поўна і глыбока адлюстроўваецца душа беларускага народа. У гэтым ён бачыў не толькі нацыянальнае, але і агульначалавечае значэнне паэзіі Купалы[47].

На «Адвечную песню» змясціў водгукі беларускі, рускі, польскі і літоўскі друк. Зянон Пяткевіч сцвярджаў, што «ліра Янкі Купалы плача штучнымі слязамі». Гнеўны адказ на гэта даў Альгерд Бульба, які падкрэсліваў глыбока народны характар творчасці, назваўшы яе стогнам набалелай душы. У рэцэнзіі на зборнік «Гусляр» (1910) Бульба адзначыў панаванне ў творах Купалы фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў[48].

Грунтоўную ацэнку творчасці Янкі Купалы даў Максім Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм[49].

У «Гісторыі беларускай літаратуры» Максім Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Янкам Купалам фальклору. Паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Яўхім Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Янкі Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў існаванне ў ёй агульначалавечых тэм і матываў[49].

Сябры аб’яднання «Маладняк» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філасофскія матывы лірыкі Янкі Купалы зрабіў Адам Бабарэка, акцэнтуючы ўвагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця»[50].

Першая спроба перыядызацыі творчасці Янкі Купалы зроблена Міхаілам Піятуховічам[51]. У зборніку «Жалейка» аўтар пабачыў эмбрыён далейшых галоўных матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кнізе «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафіласофскага светапогляду Янкі Купалы. У зборніку «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сацыяльных матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зборніку «Безназоўнае» (1925) Янка Купала бачыўся аўтару песняром Кастрычніцкай рэвалюцыі.

На думку Аляксандра Вазнясенскага, паэмы Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў беларускую літаратуру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай»[52].

На рамантычны пачатак у творчасці Янкі Купалы звяртаў увагу Мікола Байкоў. Калі ён параўноўваў Янку Купалу з Тарасам Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з гэтак званым нацыянальным рамантызмам. Цішка Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту[49].

1930-я. Пасляваенны час

правіць

Крытыка 1920—1930-х гадоў не заўсёды вызначалася навуковым падыходам. Моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка, паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нацыянальнага вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад народную песню, у рэакцыйным рамантызме[49]. З цягам часу паявіліся артыкулы, дзе творчасць Янкі Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Савецкія даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм, напрыклад Юльян Пшыркоў даказваў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці[53].

Першая дысертацыя на Захадзе, прысвечаная творчасці Янкі Купалы, абаронена Вінцэнтам Жук-Грышкевічам у Атаўскім універсітэце («Лірыка Янкі Купалы», 1952). У 1959 годзе ў Мюнхене абаронена Міхасём Маскалікам дысертацыя «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеная як манаграфія ў 1961 годзе.

Рыгор Рэлес адзначаў яго ўплыў на яўрэйскіх пісьменнікаў, якія працавалі ў Беларусі ў міжваенны перыяд (асабліва на Ізі Харыка і Майсея Кульбака)[54]. У 1980-х гадах стаў вядомы яго верш «Жыды».

Асаблівае значэнне спадчына Янкі Купалы набыла ў канцы 1980-х гадоў, калі былі надрукаваныя раней забароненыя яго творы (паэмы «Калека», «На Куццю» і інш.). Яна прываблівае даследчыкаў шырынёй праблем, невычэрпным багаццем мастацкіх сродкаў[49].

Вопыт сучаснага прачытання твораў Янкі Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я гады, супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў Марыса Метэрлінка, Кнута Гамсуна, Герхарта Гаўптмана, Жана Поля Сартра, Альбера Камю, Франца Кафкі, Джэймса Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) Пятро Васючэнка.

Альгерд Бахарэвіч (2012) паказвае, як адзін з самых буйных і супярэчлівых беларускіх паэтаў, стварыўшы свае шэдэўры, «выпарыўся» са свету сапраўднай літаратуры на апошнім дзесяцігоддзі свайго жыцця, «не перастаючы пісаць, друкавацца і лічыцца паэтам»[55].

Сцэнічныя пастаноўкі, фільмы, музычныя творы

правіць

Паэма «Адвечная песня» пастаўлена ў 1921 годзе, «Сон на кургане» ў 1928 годзе. П’еса «Паўлінка» ўпершыню пастаўлена Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні ў 1913 годзе, у 1952 годзе паводле спектакля тэатра імя Янкі Купалы створаны аднайменны кінафільм. Драма «Раскіданае гняздо» пастаўлена Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі ў Менску ў 1917 годзе, аднайменны кінафільм зняты ў 1982 годзе. Сцэнічны жарт «Прымакі» ставіўся самадзейна ў 1920-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936 годзе. П’еса «Тутэйшыя» пастаўлена БДТ-1 у 1926 годзе, адноўлена ў 1990 годзе.

Многія вершы Янкі Купалы былі пакладзены на музыку. Паводле яго твораў створаны оперы Рыгора Пукста «Машэка», Мікалая Чуркіна «Раскіданае гняздо», опера-прытча Уладзіміра Мулявіна «Песня пра долю», балеты Яўгена Глебава «Выбранніца», «Курган», музычная камедыя Юрыя Семянякі «Паўлінка» (1973), сімфоніі, вакальна-сімфанічныя паэмы і інш.[32]

Ушанаванне памяці

правіць
 
Янкель Кругер. Партрэт Янкі Купалы, 1923 год.

Імя Янкі Купалы носяць у Беларусі 246 вуліц, мінскі парк і станцыя метро, Нацыянальны акадэмічны тэатр, Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, шэраг бібліятэк і школ.

У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Створаны мемарыяльныя запаведнікі «Вязынка», «Ляўкі», «Акопы». Таксама дзейнічае мемарыяльны музей у вёсцы Пячышчы (Татарстан)[28].

У 1959 годзе заснавана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы, з 1965 года — Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы ў галіне літаратуры, мастацтва і выканаўчага майстэрства. Творчасць Янкі Купалы мае сусветнае прызнанне: у 1982 годзе ў Беларусі і паводле рашэння ЮНЕСКА ва ўсім свеце ўрачыста святкавалася 100-годдзе з дня нараджэння песняра. Своеасаблівым падрахункам развіцця купалазнаўства стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986).

У 1992 годзе ў гонар паэта была выпушчана манета вартасцю ў 1 рубель.

З 1995 года сістэматычна праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытанні — прафесійны форум для абмеркавання навуковых дасягненняў і праблем купалазнаўства. У 1996 годзе быў створаны Міжнародны фонд Янкі Купалы.

Падрыхтаваная ў год святкавання 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі энцыкла­педыя «Янка Купала» асвятляе жыццёвы і творчы шлях класіка беларускай літаратуры, аналізуе ўсе яго паэтычныя, празаічныя, публіцыстычныя, драматургічныя творы, іх змест, літаратурна-мастацкія якас­ці, умовы падрыхтоўкі, распавядае аб краінах і гарадах, якія наведваў Янка Купала, уключае біяграфіі людзей, з якімі ён быў звязаны пры жыцці ці якія аказалі ўплыў на яго творчасць. У выданні раскрываецца вобраз народнага песняра ў беларускім кіна- і тэатральным мастацтве, жывапісе, літаратуры.

Помнікі

правіць

Помнікі Янку Купалу ўсталяваны ў наступных месцах:
У Беларусі: Мінск, Радашковічы, Вязынка, Ляўкі, Гомель.

У замежжы: Ашдод (Ізраіль), Ашгабат (Туркменістан)[56], Гданьск (Польшча), Масква (Расія), Пекін (Кітай)[57], Пліска (Балгарыя)[58], Сіянь (Кітай)[59], Эрау-парк у Манро[en] (штат Нью-Ёрк, ЗША)

Памятныя дошкі

правіць

На дамах, дзе ў розны час жыў Купала, — у Вязынцы, Ляўках і Яхімоўшчыне, а таксама ў гарадах Барысаў, Капыль, Маладзечна, Мар’іна Горка, вёсках Бяларучы, Косіна, Сеніца, Старая Беліца — устаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Прысвечаныя паэту мемарыяльныя дошкі за мяжой устаноўлены ў Вільнюсе, Іматры[60], Кіславодску, Рызе[61], Санкт-Пецярбургу, Браціславе[62], Смаленску, пасёлках Гаспра каля Ялты, Пячышчах каля Казані, вёсцы Соф’іна Раменскага раёна[ru] Маскоўскай вобласці.

На манетах

правіць

У філатэліі

правіць

У фалерыстыцы

правіць

Вобраз у мастацтве

правіць

Янку Купалу прысвечаны вершы і п’есы, музычныя і кінематаграфічныя, жывапісныя і графічныя творы. Кампазітарам В. Помазавым напісаны вакальна-сімфанічны твор «Янка Купала». Жыццю і творчасці паэта прысвечаны хранікальна-дакументальны фільм «А зязюля кукавала» (1972), тэлефільмы «Паклон мой народу за песні» (1982), «Ніколі я не паміраў» (1992), «Імша па Купалу» (1993) і інш. Да юбілеяў Я. Купалы былі прыўрочаны мастацкія выстаўкі.

Спектакль «Янка Купала. Кругі раю» пастаўлены ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, прэм’ера адбылася 2 лютага 2012 года[64].

Мастацкі фільм «Купала» пра жыццё і творчасць класіка зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Публічна паказаны на маскоўскім кінафестывалі ў 2020 годзе, пасля чаго не дэманстраваўся.

Зноскі

правіць
  1. а б The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. Janka Kupala // Brockhaus Enzyklopädie
  3. Уладзімір Конан Жанр малітвы ў паэзіі Янкі Купалы // Наша вера : Часопіс. — 2004. — № 2 (28).
  4. Купала Янка
  5. а б в г д Лойка, Саламевіч 1999, с. 26.
  6. а б в г Лойко 1982, с. 21-22.
  7. а б в Радавод Янкі Купалы
  8. а б в Беларускія пісьменнікі (1992—1995) 1994.
  9. Анатоль Кляшчук. Радашковіцкія куранты
  10. Беларускія пісьменнікі (1917—1990) 1994, с. 317.
  11. а б в г д е ё Янка Купала: асоба і творчасць . archives.gov.by.
  12. Сідарэвіч А. 2003, с. 11.
  13. Сідарэвіч А. 2003, с. 14.
  14. beldumka.belta.by
  15. а б в Янка Купала: летапіс жыцця і творчасці(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2022. Праверана 12 лістапада 2022.
  16. Ларыса Цімошык, Вольга Мядзведзева. Вопыт і ўрокі гісторыі: БНР як нацыянальная форма беларускай дзяржаўнасьці // Звязда : Газета. — 26 сакавіка 2013. — № 55 (27420). — С. 1, 6. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  17. Сергей Трефилов. Янка Купала был де-факто вице-премьером Беларуси, а год спустя его за это арестовали (руск.). kp.ru (23 лютага 2018).
  18. а б Збор твораў Т. 9 Кн. 2. 2003, с. 143.
  19. Збор твораў Т. 9 Кн. 2. 2003, с. 148.
  20. Збор твораў Т. 9 Кн. 2. 2003, с. 144.
  21. а б Збор твораў Т. 9 Кн. 2. 2003, с. 145.
  22. Збор твораў Т. 9 Кн. 2. 2003, с. 147.
  23. Янка Купала. На вайсковыя матывы . knihi.com. Праверана 31 мая 2024.
  24. а б Янка Купала. Габруся ў жаўнерку ўзялі... . knihi.com. — «І мы ў шапку спаць не будзем,/ І пакажам свету, людзям,/ Як баронім межы родны/ Ад напасці ад нягоднай./ Як баронім, як баронім!»  Праверана 31 мая 2024.
  25. Збор твораў Т. 9 Кн. 2. 2003, с. 149.
  26. а б radiopolsha.pl
  27. Глеб Лабадзенка. Чаму Янка Купала зрабіў сабе харакіры? (недаступная спасылка). news.arche.by (Народная Воля) (14 кастрычніка 2013). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2022.
  28. а б История белорусского поэта
  29. Рыгор Барадулін. Выбраныя творы. — Мн .: Кнігазбор, 2008. — С. 414. — 596 с. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1, Мастацкая літаратура). — 1 500 экз. — ISBN 978-985-6824-33-9.
  30. inbelhist.org Архівавана 12 снежня 2022.
  31. nlb.by(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 снежня 2022. Праверана 13 снежня 2022.
  32. а б в г Лойка, Саламевіч 1999, с. 27.
  33. Рагойша 2011, с. 221.
  34. Багдановіч 1989.
  35. Беларускія пісьменнікі (1917—1990) 1994.
  36. Ермашкевіч, Р. І., Ермашкевіч, В. Р. Пытанні нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння і будаўніцтва ў творчай спадчыне Янкі Купалы / Р. І. Ермашкевіч, В. Р. Ермашкевіч // Гістарычны лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці: (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі): зборнік артыкулаў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі; [рэдкалегія: А. А. Каваленя (старшыня) і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — 373, [1] с.: табл. — С. 48. — ISBN 978-985-08-2784-5.
  37. Купала, Я. Вера і нацыянальнасць // Купала, Я. Поўны збор твораў: У 9 т. / Акадэмія навук Беларусі, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы; Рэдкал.: С. А. Андраюк і інш. Т.8: Артыкулы, нататкі, выступленні. Калектыўныя творы / Рэд. тома: М. І. Мушынскі, В. У Скалабан; Падрыхт. тэкстаў Г. В. Якаўлевай; Камент.: С. В. Забродскай і інш. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2002. — 462 с., [4] л. партр. — С. 44—45. — ISBN 5-340-01093-7, ISBN 985-02-0551-2.
  38. Самойла, У. І. Жалейка: песні Янкі Купалы // Наша Ніва. — 1908. — № 17. — 17 серпня. — С. 4—5.
  39. Беларусізацыя, 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы / Беларускі дзяржаўны універсітэт, Гістарычны факультэт, Кафедра сусветнай і айчыннай гісторыі, Археаграфічная камісія Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь; Пад агульнай рэдакцыяй Р. П. Платонава, У. К. Коршука. — Мінск: БДУ, 2001. — 268, [1] с.: табл. — С. 219. — ISBN 985-445-495-9
  40. Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасці: да 100-годдзя абвяшчэння: гістарычны нарыс / [А. А. Каваленя і інш.]; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — Мінск: Беларуская навука, 2018. — 155, [2] с.: іл., карты, партр., факсім., герб. — С. 38. — ISBN 978-985-08-2271-0.
  41. "Першыя выданні зборнікаў паэзіі Янкі Купалы". Беларускі навукова-даследніцкі цэнтр электроннай дакументацыі. Праверана 26 сакавіка 2013.
  42. "Першыя выданьні паэмаў Янкі Купалы". БелНДЦЭД. Праверана 26 сакавіка 2013.
  43. "Першыя выданні п'ес Янкі Купалы". БелНДЦЭД. Праверана 26 сакавіка 2013.
  44. sputnik.by
  45. «Минское эхо» (9.7.1908)
  46. «Минский курьер» (23.8.1908)
  47. «Наша ніва» (16.9.1910)
  48. «Наша ніва» (21.10.1910)
  49. а б в г д Багдановіч, Саламевіч 1999, с. 28.
  50. Адам Бабарэка. З далін на ўзвышшы // «Маладняк», 1926, № 10
  51. Міхайла Піятуховіч. Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы // «Полымя», 1925, № 4
  52. «Узвышша», 1927, № 1
  53. Ю. Пшыркоў. Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы // Полымя рэвалюцыі, 1940, № 12
  54. http://belisrael.info/?p=5592
  55. Альгерд Бахарэвіч. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012
  56. У Ашхабадзе паставілі помнік Янку Купалу . Наша Ніва (19 мая 2024). Праверана 12 чэрвеня 2024.
  57. У Кітаі адкрылі помнік Янку Купалу
  58. У Балгарыі ўсталявалі бюст Янкі Купалы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 снежня 2019. Праверана 15 снежня 2019.
  59. В Китае появился памятник Янке Купале
  60. У фінскім горадзе зьявіўся мэмарыяльны знак Янку Купалу Архівавана 5 снежня 2020.
  61. Памятную шыльду Янку Купалу адкрылі ў Рызе
  62. У Браціславе адкрылі прыгожую шыльду Янкі Купалы
  63. Банькоў Л. Значкі купалаўскія // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 252.
  64. afisha.relax.by(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 снежня 2022. Праверана 17 снежня 2022.

Літаратура

правіць
  • Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. — Мн., 1981.
  • Лойко О.А. Янка Купала: [Авториз. пер. с белорус.] / О. Лойко. — М.: Мол. гвардия, 1982. — 349 с.
  • Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1986.
  • Сачанка Б. «Сняцца сны аб Беларусі…»: Загадка смерці Янкі Купалы // ЛіМ. — 1988. — № 19, 26 жн.
  • Багдановіч І. Янка Купала i рамантызм. — Мн.: 1989.
  • Сачанка Б. «У сведкі запісы пакліча…» // ЛіМ. — 1989. — № 20 студз.
  • Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. — Мн., 1993.
  • Купала Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — Т. 3. Івашын — Кучар. — 585 с.; іл.. — ISBN 5-85700-123-4.
  • Купала Янка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
  • Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. — Мн., 1995.
  • Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. — Мн., 1998.
  • Лойка А., Саламевіч І. Купала Янка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 25—28. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Багдановіч І., Саламевіч І. Купалазнаўства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 28—2. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур. — Мн., 2002.
  • Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала — Т. 9. Кн. 1. Пераклады; Эпісталярная спадчына; Дарчыя надпісы; Расейска-беларускі слоўнік; Калектыўнае; Службовыя і асабістыя дакументы; Дадатак. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2003. — Т. 9. Кн. 1. — 686 с.
  • Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала — Т. 9. Кн. 2. Дапаўненні да папярэдніх тамоў; Летапіс жыцця і творчасці; Дадатак. — Мастацкая літаратура, 2003. — Т. 9. Кн. 2. — 414 с. — ISBN 985-02-0661-6.
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
  • Сідарэвіч А. Луцкевічы і Луцэвіч / Гурыновіч А.. — Мн.: Выданьне грамадзкага аб’яднаньня «Фонд імя братоў Луцкевічаў», 2003.
  • Ярош М. Пясняр роднай зямлі: Жыццё і творчасць Я. Купалы. — 2-е выд.. — Мн., 2003.
  • Янка Купала і еўрапейскі літаратурны працэс. — Мн., 2003.
  • Рагойша В. Янка Купала // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мн.: Нац. ін-т адукацыі, 2011. — 320 с. — ISBN 978-985-465-898-8.
  • Тарас А. Янка Купала: Прарок беларускага народа. — Мн., 2016. — ISBN 978-985-18-3956-4.
  • Янка Купала: энцыклапедыя. Т. 1. А — З / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 2017. — 400 с.: іл.
  • Янка Купала: энцыклапедыя. Т. 2. І — О / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 2018. — 416 с.: іл.
  • Янка Купала: энцыклапедыя. Т. 3. П — Я / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 2018. — 496 с.: іл.

Спасылкі

правіць