Уладзіслаў Сыракомля

польскі і беларускі паэт, перакладчык, крытык, краязнавец, археолаг

Уладзіслаў Сырако́мля, сапраўднае імя Людвік Францішак Уладзіслаў Аляксандравіч Кандрато́віч (29 верасня 1823, фальв. Смольгаў, Бабруйскі павет, Мінская губерня, цяпер в. Смольгава, Любанскі раён, Мінская вобласць — 15 верасня 1862, Вільня; Крыптанімы: N.N., K., Ldwk Kndrtcz) — беларускі i польскі паэт-гуманіст, публіцыст, крытык, перакладчык, этнограф.

Людвік Кандратовіч
польск.: Ludwik Kondratowicz
А. Шэмеш. Партрэт Уладзіслава Сыракомлі.
А. Шэмеш. Партрэт Уладзіслава Сыракомлі.
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Ludwik Władysław Franciszek Kondratowicz
Псеўданімы NN, Уладзі́слаў Сыракомля
Дата нараджэння 17 (29) верасня 1823[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 3 (15) верасня 1862[1] (38 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства Расійская імперыя
Бацька Аляксандр Каятан Кандратовіч[d]
Маці Вікторыя са Златкоўскіх[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, драматург, перакладчык
Гады творчасці З 1844
Мова твораў польская, беларуская
Дэбют верш «Паштальён», 1844, у часопісе «Athenaeum» (Вільня)
Грамадская дзейнасць
Член у
Подпіс Выява аўтографа
rv-blr.com/biography/vie…
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Біяграфія

правіць
 
Смольгаў, месца нараджэння Л. Кандратовіча. Літаграфія з мал. Н. Орды

Належаў да шляхецкага роду Кандратовічаў герба «Сыракомля». Назву герба паэт узяў за творчы псеўданім.

Паходжанне і сталенне

правіць

Нарадзіўся ў фальварку Смольгаве Бабруйскага павета Мінскай губерні, у сям’і Аляксандра Каятана Кандратовіча i Вікторыі Златкоўскай, якія паходзілі з паланізаванай беларускай шляхты. Дзяцінства прайшло ў вандроўках па арандаваных бацькам фальварках Смолічах, Яськавічах, Кудзінавічах, Мархачоўшчыне на Міншчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў дома[7].

У 1833—1837 гадах цягнулася школьнае навучанне, спачатку ў Нясвіжскай дамініканскай школе, тады ў школе ў Навагрудку[7]. Пазней працаваў у канцылярыі Радзівілаў (1840—1844). Тут ён меў магчымасць знаёміцца з класічнай літаратурай, перыёдыкай, архівам Радзівілаў, ммець зносіны з мясцовымі эрудытамі — выпускнікамі Віленскага ўніверсітэта, карыстацца ix кнігазборамі, наведваць літаратурныя вечарыны.

Сыракомля занатоўваў тут у дзённіку мясцовыя паданні, апавяданні пра мінуўшчыну Нясвіжа i яго саноўных гаспадароў, якія «свае імёны то золатам, то крывёю ўпісалі ў памяць народа»[7].

Жаніцьба і пераезды

правіць

У 1844 годзе ажаніўся з 16-гадовай Паўлінай Мітрашэўскай. Пасля вяселля ён звольніўся ca службы ў Радзівілаў i заарандаваў фальварак Залучча (над Нёманам ніжэй за Стоўбцы). Пісаць свае паэтычныя творы ён пачаў менавіта тут[7].

У 1852 годзе на працягу тыдня, падчас паморку халеры памерлі тры Сыракомлевы малалетнія дачкі (чацвёртае дзіцё, сын, выжыў)[крыніца?]. Паэт пісаў, што не меў «сілы праз свае горкія ўспаміны жыць далей у вёсцы, у мясціне, дзе калісьці жыццё працякала больш шчасліва»[крыніца?].

У верасні 1852 года Кандратовічы пераязджаюць у Вільню. У красавіку 1853 года пачынаюць арандаваць фальварак Барэйкаўшчыну (на ўсходзе ад Вільні, у бок Меднікаў). Тут Сыракомля і правёў рэшту жыцця і напісаў большасць сваіх твораў. Але, паводле яго слоў, сапраўды роднаю гэтая арандаваная сядзіба яму так i не стала[7]:

 

Тут не мае ні дом, ні глеба,
Што родзіць хлеба небагата.
Мае тут толькі сонеч неба,
Якая ўзносіцца над хатай.

 

Віленскі перыяд

правіць

Перад 1857 годам Сыракомля закахаўся ў акторку Гелену Кіркор (Маеўскую), жонку Адама Кіркора, сувязь пратрывала да 1858 года. З Геленай Уладзіслаў сустракаўся у замежжы, у часе яе выездаў на гастролі. Хочучы апраўдацца за «грахоўнае» каханне, Сыракомля напісаў паэму «Стэла Фарнарына», у якой апавядалася пра каханне знакамітага італьянскага мастака Рафаэля да лекаравай дачкі Стэлы. Паэму сустрэлі варожа, шляхта забараняла сваім дочкам нават браць яе ў рукі[7].

У Познань Сыракомля ездзіў не толькі дзеля каханай. Ён наладжваў сувязі з патрыятычнымі асяродкамі Прусіі i Аўстрыі, абмяркоўваў магчымасць супольных дзеянняў[7]. Пасля гэтых паездак за паэтам быў арганізаваны таемны нагляд.

З 1860 года Сыракомля працаваў у газеце «Kurier Wileński».

 
Дом, у якім памёр Уладзіслаў Сыракомля. Н. Орда, 1875

У красавіку 1861 выступіў на патрыятычнай маніфестацыі ў Коўне з вершамі. Выехаў з чужым пашпартам у Варшаву, а на зваротным шляху быў арыштаваны і зняволены ў віленскую турму. Быў пад арыштам на працягу месяца. Сябры неўзабаве дамагліся вызвалення Сыракомлі як хворага на сухоты[7]. Паэт быў вызвалены пад нагляд паліцыі, ён мусіў знаходзіцца ў сваім маёнтку пад хатнім арыштам.

У гэты час дом Сыракомлі часта наведвала паэтка-пачнальніца Зоф’я Манькоўская[8], якая даводзілася яму пляменніцай яго швагра. У 1862 годзе паэт падараваў ёй аўтограф верша «Да панны Зоф’і Манькоўскай», чым дабраславіў яе «спяваць пасля яго на сіратлівай Літве»[9].

 
Магіла Уладзіслава Сыракомлі. Ігнацы Хелміцкі. 1869
 
Магіла Уладзіслава Сыракомлі на могілках Росы ў Вільні. Побач злева — магіла жонкі, Паўліны Кандратовіч.

Памёр 15 верасня 1862 года ў сваім маёнтку. Пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Творчасць

правіць

У адным з першых сваіх вершаваных пасланняў знаёмай ён намаляваў карціну цяжкага, гаротнага становішча селяніна, падкрэсліваў яго душэўную прыгажосць i дабрыню[10]:

  З палацаў, пыхлівых адвечна,

Красуня, сыдзі ў маю хатку,
Але прыхапі ўсё ж манаткі,
Бо тут напаткаеш галечу.
Святая усюды пустота,
Ды нават не думай аб хлебе,
Бо верны каханак мо лепей
Карміць цябе будзе пяшчотай.

 

Цалкам яго паэтычны талент раскрыўся ў Залуччы. Дэбютаваў вершаванай гутаркай «Паштальён», напісанай паводле пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі») і надрукаванай у віленскім часопісе «Athenaeum» («Атэнэум», 1844, т. 6). Гутарка была перакладзена ў скарочаным варыянце Л. Трэфалевым, стала папулярнай рускай народнай песняй («Калі я на пошце служыў ямшчыком…»). У «Athenaeum» друкаваліся i іншыя яго вершы i празаічныя творы. Яны пачалі выдавацца i асобнымі зборнікамі, хадзілі ў рукапісах, завучваліся на памяць. Ужо ў падзагалоўку «Паштальёна» — «народная гутарка» — вызначыўся асноўны жанр яго паэтычных твораў, героем якіх звычайна быў беларускі селянін або шляхціц. Паэт падкрэсліваў адзінства сваёй творчасці з народам, яго інтарэсамі i спадзяваннямі. Ён пісаў, «Не я пяю, а люд божы…» У гэты час убачылі свет яго гутаркі «Хадыка», «Высакародны Ян Дэмбарог», шэраг вершаў. Паэт Кандратовіч, які ўзяў сабе псеўданім Уладзіслаў Сыракомля (ад радавога герба), займаўся таксама i перакладамі з латыні, публіцыстыкай, пісаў «Гісторыю літаратуры ў Польшчы»[10].

Творчасць Сыракомлі адметная палымяным патрыятызмам, глыбокім веданнем гісторыі Бацькаўшчыны, характару, звычаяў, асаблівасцей нацыянальнай псіхалогіі беларусаў. У сваіх творах ён апяваў хараство наднёманскіх краявідаў, падкрэсліваючы, што яны даражэйшыя за славутыя замежныя. Яго вабілі i гістарычныя падзеі, што сведчылі пра патрыятызм продкаў, пра ix імкненне да свабоды i шчасця, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля вызвалення Айчыны. Гэты матыў прагучаў у яго творах «Соф’я, княжна Слуцкая», «Марцін Студзенскі». Гораду Нясвіжу i яго былым уладарам паэт прысвяціў 6 санетаў, якія аб’яднаў у цыкле «Успаміны пра Нясвіж» (1844). У адным з ix пад назвай «Труны Радзівілаў у езуіцкім касцёле» гаварылася[10]:

  Былі й яны людзі — тут блюзіць не буду,

Ды што, каб яны раптам з трун паўставалі,
Зноў падалі б ніц каля ix з перапуду?
Яны ж бы на вас i зірнуць не жадалі...
(пераклад Кастуся Цвіркі)

 

У 1856 годзе Сыракомля зноў вярнуўся да гэтай тэмы. У вершы «Ілюмінацыя» ён расказаў пра гісторыю, пачутую ад старой гараджанкі: калі адна з жыхарак Нясвіжа, у якой захварэў на воспу сын, адмовілася ў дзень імянін Радзівіла выставіць палаючую паходню, панскі служка павыбіваў у яе хаце вокны, выгнаў гаспадыню на вуліцу i прымусіў яе выконваць загад[10]:

  Там венгерскае п'юць,

забаўляюцца госці
У раскошы, у багацці,
А тут пале святло
i па сыне галосіць
Змізарнелая маці.
(пераклад Яўгеніі Пфляўмбаўм)

 

Выказваючы спачуванне i сімпатыю да беднага люду, прапаведуючы дабро i гуманізм, паэт параўноўваў сябе з вясковым лірнікам, які «ў дарагой старонцы будзе граць людзям». Ён лічыў неабходным дапамагчы народу ўсвядоміць, што ён сам гаспадар на сваёй зямлі. Адзін з яго герояў-сялян гаварыў: «Я край мой кармлю адвеку i маю права звацца чалавекам». Паводле Сыракомлі, вялікую ролю ў выхаванні самасвядомасці i годнасці нацыі павінна адыграць гістарычнае асветніцтва. Таму шэраг яго празаічных i навуковых твораў прысвечаны менавіта праблемам гісторыі, этнаграфіі i мовы беларусаў. Сярод ix «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Кароткае даследаванне мовы i характеру паэзіі русінаў Мінскай правінцыі» (1856), «Мінск» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861), нататкі аб мінулым Нясвіжа для кнігі М. Балінскага «Старажытная Польшча», шматлікія артыкулы ў перыядычным друку. Характэрнай рысай творчасці Сыракомлі быў i своеасаблівы рамантызм — без узрыўных вулканічных пачуццяў i ўзлётаў, такі, які «моцна трымаўся зямлі». Шырока выкарыстоўваў паэт сюжэты i вобразы беларускага фальклору. Асабліва моцна захапіў яго лірызм беларускіх народных песень, уплыў якіх адчуваецца ў вершах «Крук», «Груган», «Жніўная песня», «Доля» i інш. У апошнім з ix Сыракомля з горыччу i надзеяй пісаў[10]:

  Дзе ты лепшая, дзе доля?

Прыбудзь — хай пазнаем,
Прымем хлебам, прымем соляй.
Шчыра прывітаем.
(пераклад Янкі Купалы)

 

З друку выйшлі 6 тамоў яго перакладаў паэтаў-лаціністаў XVIXVIII стст., некалькі зборнікаў паэм-гутарак, «Гісторыя літаратуры ў Польшчы…» (т. 1—2, 18501852), паэма «Маргер» (1855). У тэатры была пастаўлена яго п'еса «Хатка ў лесе»[10].

Перакладаў на польскую мову творы разнастайных рускіх, французскіх, украінскіх, нямецкіх і лацінскіх паэтаў. Сярод найбольш значных працаў — пераклады твораў Гётэ, Гейнэ, Лермантава, Шаўчэнкі, Някрасава, Беранжэ і іншых. Творы У. Сыракомлі лічацца аднымі з найлепшых перакладаў паэзіі ў гісторыі польскай мовы.

Пісаў найчасцей на польскай мове. У большасці сваіх твораў адлюстроўваў жыццё ў Беларусі, яе гісторыю. Аўтар апрацовак беларускіх народных казак. З беларускамоўных твораў Сыракомлі захаваўся верш «Добрыя весці» (1848, 1861), прысвечаны рэвалюцыйным падзеям у Еўропе. Таксама паэту часта прыпісваецца напісаная па-беларуску лірычная мініяцюра «Ужо птушкі пяюць усюды», хаця газета «Kurjer Litewski», дзве верш упершыню з’явіўся пад іменем Сыракомлі, праз некалькі дзён надрукавала абвяржэнне, паводле якога аўтарам быў Чэслаў Янкоўскі.[11]

Памяць

правіць
 
Музей-бібліятэка Уладзіслава Сыракомлі ў Барэйкаўшчыне
 
Памятная шыльда на доме, у якім памёр Уладзіслаў Сыракомля

Памяці Сыракомлі прысвяцілі свае вершы Я. Лучына, А. Плуг, Я. Купала. Яго вобраз выведзены ў аповесці А. Мальдзіса «Восень пасярод вясны» (1984).

У Барэйкаўшчыне створаны музей-бібліятэка Сыракомлі, яго імем названа вуліца ў Нясвіжы[7] і Мінску. У Варшаве у гонар паэта названыя адразу дзве вуліцы: вуліца Людвіка Кандратовіча і вуліца Уладзіслава Сыракомлі.

У 1993 годзе быў адкрыты бюст Сыракомлі ў Старым парку Нясвіжа[12].

У Вільні на доме, у якім памёр паэт (вул. Барбары Радзівіл, 3), змешчана памятная шыльда[13].

  • Przekłady poetów polsko-łacińskich epoki zygmuntowskiej
  • Gawędy i rymy ulotne (1853)
  • Urodzony Jan Dęboróg
  • Poezje ostatniej godziny
  • Wyzwolenie włościan
  • Margier. Poemat z dziejów Litwy (1855)
  • Margier Konstantego Gorskiego
  • Wielki Czwartek (1856)
  • Janko Cmentarnik (1857)
  • Kasper Kaliński (1858)
  • Chatka w lesie (1855—1856)
  • Hrabia na Wątorach (1856)
  • Możnowładcy i sierota (1859)
  • Wiejscy politycy (1858)
  • Wojnarowski
  • Podróż swojaka po swojszczyźnie
  • Dzieje literatury w Polsce

Беларускія пераклады

правіць
  • Выбраныя творы. Мн., 1966.
  • Вандроўкі па маіх былых ваколіцах: Успаміны, даследаванні гісторыі і звычаяў. Мн., 1992.
  • Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка. Мн., 1993.
  • Выбраныя творы. — Мн .: Беларуская навука, 2011. — 580 с. — (Беларускі кнігазбор ; Серыя 1. Мастацкая літаратура). — 2 000 экз. — ISBN 978-985-08-1260-5.

Галерэя

правіць

Зноскі

  1. а б Быков П. В. Сырокомля, Владислав // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1901. — Т. XXXII. — С. 210–212.
  2. Кондратович, Людвиг-Владислав // Русский биографический словарьСПб.: 1903. — Т. 9. — С. 99–101.
  3. а б Ludwik Kondratowicz. // Album biograficzne zasłużonych Polaków i Polek wieku XIX — Т. I. — С. 407–411.
  4. Інтэрнэт-энцыклапедыя Праверана 21 красавіка 2017.
  5. Сырокомля Владислав // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  6. а б http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/kondratowicz-ludwik-wladyslaw/ Праверана 30 жніўня 2022.
  7. а б в г д е ё ж з Сыракомля Уладзіслаў // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
  8. АСОБА І ТВОРЧАСЦЬ ЗОФ’І МАНЬКОЎСКАЙ (АДАМА М-СКАГА) У КАНТЭКСЦЕ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
  9. Тшашчкоўская Зоф'я Адамаўна // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
  10. а б в г д е Памылка ў зносках: Няслушны тэг <ref>; для зносак МАБ3 няма тэксту
  11. Антон Францішак Брыль. Аўтарства верша «Ужо птушкі пяюць ўсюды…»: Чэслаў Янкоўскі. // «Роднае слова» 1/2019.
  12. Варава, А. Вандроўка па Сыракомлевых ваколіцах // Planeta Belarus. — 14.01.2019.
  13. Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні Архівавана 1 лютага 2017., TUT.BY, 6.08.2009.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць