«Kurier Wileński» (Кур’ер Вілэньскі, Кур’ер Віленскі, бел.: Віленскі веснік, Віленскі кур’ер, руск.: Виленский вестник, Виленский курьер) — польскамоўная і рускамоўная палітычная і літаратурная газета ў Расійскай імперыі, якая выдавалася ў 18411915 у Вільні, а ў 19151916 — у Гомелі. Газета была па сутнасці пераемніцай газеты «Kurier Litewski» (1793—1841). З’яўлялася афіцыйным выданнем Віленскага генерал-губернатарства[1] і распаўсюджвалася галоўным чынам у літоўска-беларускіх губернях (губернях Паўночна-Заходняга края).

Kurier Wileński
Тып газета
Краіна
Заснавана 1841
Спыненне публікацый 1916
Палітычная прыналежнасць Літоўскае генерал-губернатарства
Мова польская і руская
Галоўны офіс
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Виленский вестник = Kurier Wileński» (1841—1864)

правіць

У 18411865 афіцыйная частка публікацый газеты (указы цэнтральных улад, распараджэнні мясцовых улад, афіцыйныя аб’явы і прапановы) друкавалася паралельным тэкстам на польскай і рускай мовах (а часам — і на нямецкай мове: гэта спецыяльна рабілася для нямецкамоўных дваран (з «астзейскіх губерняў»), якія маглі працягла пражываць у Вільні і літоўска-беларускіх губернях). Неафіцыйная частка публікацый (аўтарскія артыкулы, палітычныя і культурныя агляды, карэспандэнцыя і інш.) друкаваліся пераважна на польскай мове, фельетоны (у першапачатковым значэнні тэрміна) — на рускай. У 18411864 газета мела паралельна рускамоўную назву «Виленский вестник» і польскамоўную назву «Kurier Wileński». З 21 сакавіка 1864, па прычыне ўзмацнення антыпольскай унутранай палітыкі ў Паўночна-Заходнім краі пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, па загаду віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва матэрыялы газеты пачалі друкавацца толькі на рускай мове і сама газета пачала выходзіць толькі пад назвай «Виленский вестник»[2].

 
Сябры рэдакцыі «Віленскага кур’ера». У першы шэрагу сядзяць: Тамаш Снарскі, Мікалай Маліноўскі, Маўрыцы Круповіч і Вінцэнт Каратынскі. У другім шэрагу стаяць: Юзаф Глінскі, Казімір Пашкоўскі, Уладзіслаў Кулікоўскі, Людвік Кандратовіч (Сыракомля). 1861

З першага нумара (1 студзеня 1841) рэдактарам газеты стаў выхаванец Віленскага ўніверсітэта і сябр Адама Міцкевіча паэт Антон Адынец. Пасля яго з 1 студзеня 1859 арандатарам, выдаўцом і рэдактарам газеты стаў вядомы пісьменнік і археолаг Адам Ганоры Кіркор. Пры Адынцы і Кіркоры з газетай супрацоўнічалі лепшыя літаратары, навукоўцы і публіцысты літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі — Уладзіслаў Сыракомля, Мікалай Маліноўскі, Тэадор Нарбут, Міхал Балінскі, браты Канстанцін Тышкевіч і Яўстах Тышкевіч, Юзаф Крашэўскі, Вінцэнт Каратынскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі, Аляксандр Ходзька, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Леан Савінскі, Вацлаў Прыбыльскі, Мікалай Акелайціс і інш. Уладзіслаў Сыракомля рэдагаваў віленскую хроніку, Мікалай Маліноўскі — палітычны раздзел. У тыя часы ў газеце друкаваліся таксама артыкулы і нарысы рускіх і ўкраінскіх навукоўцаў, крытыкаў і літаратараў: У. І. Весялоўскага, М. І. Гусева, П. В. Кукальніка і інш. Пры Кіркоры газета стала вельмі папулярнай, маючы каля 3 тысяч падпісчыкаў, а рэдакцыя — важным цэнтрам культурнага жыцця Вільні і літоўска-беларускіх губерняў.

«Виленский вестник» (1864—1915)

правіць

Калі з 19 сакавіка 1864 «Виленский вестник» перастаў друкаваць свае матэрыялы на польскай мове, у літоўска-беларускіх губернях перастала існаваць апошняя польскамоўная газета — мясцовая прэса стала цалкам рускамоўнай аж да пачатку заснавання ў Вільні газеты «Kurier Litewski» (1905—1915). У 1865 Кіркор пакінуў пасаду рэдактара і пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе пачаў выдаваць газету «Новое время». З таго часу газета набыла выразную антыпольскую накіраванасць, ухваляла і прапагандавала афіцыйную палітыку русіфікацыі Паўночна-Заходняга края, пашырэнне рускамоўнай адукацыі, насаджэнне праваслаўя і ідэалогіі заходнерусізма ў літоўска-беларускіх губернях.

У 18651868 «Виленский вестник» супольна рэдагавалі А. І. Забелін; рускі літаратурны крытык і педагог Міхаіл Фёдаравіч Дэ-Пуле (1822—1885), сябр паэта І. С. Нікіціна; і Пётр Емяльянавіч Рошчын. Яны былі звязаны з адміністрацыяй Віленскага генерал-губернатарства і шмат увагі надавалі публікацыям, прысвечаным рускай культуры.

У 1868 атмасфера ў літоўска-беларускіх губернях трошкі змянілася — стала больш лагоднай, што было звязана са змяшчэннем віленскага генерал-губернатара (1863—1865) Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва (1796—1866), яго каманды і паслядоўнікаў з пасад і прызначэннем на пасаду віленскага генерал-губернатара (1868—1874) больш талерантнага да мясцовых каталіцкіх дваран Аляксандра Львовіча Патапава (1818—1886). Гэта прывяло да таго, што новай з’явай сталі публікацыі ў газеце ў 1870—1890-ыя матэрыялаў пра беларускую і літоўскую гісторыю, этнаграфію і літаратуру — працы як рускіх, так і беларускіх навукоўцаў і публіцыстаў (А. М. Булгакаў, А. Я. Васільева, М. А. Дзмітрыеў, М. В. Доўнар-Запольскі, Я. Ф. Карскі і інш.).

Аднак у газеце працягвала пераважаць прапаганда рускай культуры і заходнерусізма, а праблемы края рэдакцыю мала цікавілі. У 1870—1887 рэдактарам газеты быў Сяргей Андрэевіч Поль (каля 1830—1887), былы марскі афіцэр, рэдактар маскоўскай «Рускай газеты» (1858—1859) і гараднічы ў Сарапуле. Ён прыцягнуў да супрацоўніцтва з газетай шмат рускіх аўтараў.

З 1877 у газеце друкаваўся Аляксандр Васільевіч Арсеньеў (1854—1896), аўтар апавяданняў, атрыкулаў, біяграфічных і гістарычных нарысаў, фельетонаў у сталічных выданнях, які пэўны час жыў у Вільні. З сярэдзіны 1860-х (асабліва ў 1866—1867) газета друкавала артыкулы, нарысы, фельетоны Льва Осіпавіча Ляванды (1835—1888), многія з якіх увайшлі ў выдадзены ў Вільні зборнік «Віленскае жыццё. Фельетонныя эцюды» (1878). З 1868 па 1871 у газеце публікаваліся вершы («Прачысценская царква» і інш.), «драматычны твор» у трох дзеях «Сцэнка на віленскім суталоку», пераліцоўкі беларускіх песень, этнаграфічна-побытавы нарыс «Торг у мястэчках Паўночна-Заходняга края» Івана Кузьміча Кандрацьева (1849—1904). У той час з газетай супрацоўнічаў Сцяпан Цімафеевіч Славуцінскі (1821—1884), які апублікаваў «Літоўскія паданні і казкі» (1868), фрагменты аповесці «З запісак памешчыка Петухова» і рамана «Чужое дабро» (1867—1868), «Беглыя занатоўкі аб побыце літоўцаў Ковенскай губерні» (1870), «Губерні Віленскага генерал-губернатарства» (1871). Газета надрукавала п’есу «Сябры чалавецтва» (1871) паэта, белетрыста і драматурга Міхаіла Аляксандравіча Маркава (1810—1876), пераведзенага ў 1867 на службу ў Вільню.

З 1880-х у газеце пачаў друкаваць свае артыкулы А. В. Жыркевіч (1857—1927), дэбютаваў у друку А. Е. Зарын (1862—1929), пад псеўданімам «Тэабальд» артыкулы і занатоўкі на грамадска-палітычныя тэмы, белетрызаваныя ўспаміны і нарысы па літоўскай міфалогіі, пераклады на рускую мову фрагментаў паэмы Юзафа Крашэўскага «Вітальдавы бітвы» і балады Аляксандра Ходзькі публікаваў В. А. фон Роткірх (1819—1891).

Пасля Поля газету рэдагавалі ў 18871891 настаўнік А. С. Уруцэвіч, у 18911903 член Віленскай камісіі для разбору і выдання старажытных актаў П. Г. Бывалькевіч, які пазней стаў рэдактарам-выдаўцом газеты «Западный вестник». Пры рэдактару В. А. Чумікову (1903—1906), пісьменніку і перакладчыку, «Виленский вестник» дасягнуў максімальнага ліку падпісчыкаў (3157 у 1904), што стала роўным па папулярнасці газеты, калі яе рэдагаваў Кіркор. Аднак папулярнасць газеты хутка спала, бо з пачаткам рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у літоўска-беларускіх губернях з’явіліся газеты (як рускамоўныя, так і польскамоўныя), якія адлюстроўвалі больш ліберальна-кансерватыўныя і ліберальна-дэмакратычныя пазіцыі і інтарэсы, чым афіцыйны «Виленский вестник». Нават для яўрэйскага насельніцтва газета пачала згубляць значнасць і цікавасць.

Акрамя таго, у 1870—1890-ыя газета падавала інфармацыю аб прыездах у Вільню і край знакамітых асоб, забавах мясцовай знаці, зрэдку пра эканамічнае і палітычнае жыццё Расійскай імперыі і замежжа. У тыя часы друкаваліся і дадаткі да газеты: «Сельское чтение. Еженедельный народный журнал» (1877—1878), «Виленский вестник. Телеграммы и вести о войне» (1904; 1914), «Виленский вестник. Еженедельное иллюстрированное приложение» (1905), «Вечерний Виленский вестник» (1915).

На спыненне выдавання газеты паўплываў пачатак Першай сусветнай вайны і захоп у 1915 нямецкімі войскамі Вільны, што прымусіла 5 (18) жніўня 1915 надрукаваць апошні віленскі нумар і перавесці рэдакцыю газеты ў неакупаваны немцамі Гомель. У 1916 у Гомелі газета спыніла сваё існаванне.

Рэдактары газеты

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. 12 ліпеня 1912 г. Віленскае генерал-губернатарства было скасавана.
  2. У 1905 г. у Вільні пачала выдавацца польскамоўная газета «Kurier Litewski» (1905—1915), якая з 1910 г. па канец 1911 г. выдавалася пад назвай «Kurier Wileński», што па сутнасці перакладаецца як «Виленский вестник». Такім чынам, у Вільні ў 1910—1911 гг. выдавалася дзве газеты з назвай «Віленскі веснік», толькі адна на рускай мове («Виленский вестник»), а другая — на польскай («Kurier Wileński»)

Літаратура

правіць
  • Мальдзіс, А. В. Виленский вестник / А. В. Мальдзіс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мн., 1994. — Т. 2. — С. 289.
  • Говін, С. В. Виленский вестник / С. В. Говін // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мн., 1997. — Т. 4. — С. 169.
  • Dzennikarstwo polskie na Litwe // Kuryer Litewski. — 1905. — № 1. — С. 3—4.