Kurier Litewski (1793)
«Kurier Litewski»[1] (Кур'ер Літэвскі, Кур'ер Літэўскі, бел.: Літоўскі кур'ер, Літоўскі веснік, руск.: Литовский вестник, Литовский курьер) — грамадска-палітычная газета, якая выдавалася ў 1793—1796 у Вільні, у 1796—1797 у Гродне, а ў 1797—1840 зноў у Вільні на польскай мове (з 1833 і на рускай мове).
У 1784 езуіты перасталі карыстацца сваёй выключнай манаполіяй выдання газет у Вялікім Княстве Літоўскім. У выніку чаго ў 1793 пан Улодак, шамбялян манарха Рэчы Паспалітай Станіслава-Аўгуста, атрымаў новы прывілей на выданне газеты «Kurier Litewski», які стаў выходзіць у Вільні ў трошкі іншай форме, чым выдаваная ў 1759—1764 віленскімі езуітамі газета «Kurier Litewski».
У 1796 выданне газеты «Kurier Litewski» пан Улодак перанёс у Гродна, дзе яна выходзіла кожны панядзелак і чацвер да 1 красавіка 1797. У тым жа годзе Улодак перанёс сваю газету зноў у Вільню, дзе выдаваў яе пад сваім кіраўніцтвам да 1805.
З 1806 па 1812 газету выдавалі ксяндзы ордэна піяраў. Калі ў 1812 у часы рэктарства Яна Снядэцкага паўстала пытанне аб друкаваным выданні ў Віленскім універсітэце, то кіраўніцтва газетай ад піяраў пераняў універсітэт. На гэта выступіў з пратэстам Улодак і падаў у суд, дзе гэта справа разглядалася сем год і скончылася ў 1819 перамогай Улодка, якому ўніверсітэт павінен быў выплаціць 500 чырвоных злотых за кожны год.
У той час газета мела характар універсітэцкага органа (да 1815) і рэдагавалася прафесарамі: у 1812 гісторыкам Ігнатам Даніловічам, у 1813 Эўсебіушам Славацкім (бацькам Юліуша Славацкага) і інш. У 1815 універсітэт аддаў газету ў арэнду Антону Марціноўскаму (1781—1855), які яе выдаваў на працягу 25 год. 17 кастрычніка 1833 паводле царскага распараджэння газета стала афіцыйнай, пачала друкавацца на дзвюх мовах (польскай і рускай) і атрымала да польскамоўнай рускамоўную назву «Литовский вестник». Выданне было прадастаўлена былому рэдактару Антону Марціноўскаму з абавязкам платы (пасля трох ільготных гадоў) з 1836 штогадова 1 300 рублёў срэбрам на ўтрыманне ў Віленскім дваранскім інстытуце 4-5 выхаванцаў — дзяцей малазаможных чыноўнікаў. Выдавалася ў друкарні Антона Марціноўскага ў Вільні. Працягвалася гэта шэсць год, калі ў 1840 Марціноўскі адмовіўся ад арэнды і газета «Kurier Litewski» перастала існаваць.
Пераемнікам газеты «Kurier Litewski» у Вільні фактычна стала дзяржаўная газета «Kurier Wileński» (1840—1864), якую пачаў выдаваць Віленскі дваранскі інстытут (створаны на матэрыяльнай базе зачыненага ў 1832 Віленскага ўніверсітэта) і рэдактарам (1841—1859) якой стаў Антоні Эдвард Адынец.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ У тагачаснай арфаграфіі пісалася па-польску як «Kuryer Litewski».
Літаратура
правіць- Dzennikarstwo polskie na Litwe // Kuryer Litewski. — 1905. — № 1. — С. 3—4.