«Kurier Litewski»[1] (Кур'ер Літэвскі, Кур'ер Літэўскі, бел.: Літоўскі кур'ер, руск.: Литовский курьер) — штодзённая польскамоўная газета ліберальна-кансерватыўнага кірунку ў Расійскай імперыі, якая выдавалася ў 1905—1915 гг. у Вільні (а з 1915 г. — у Мінску) і распаўсюджвалася галоўным чынам у шасці губернях Паўночна-Заходняга края, а таксама па падпісцы ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Львове, Варшаве, Лодзі, Парыжы і інш. З'яўлялася трыбунай для палітычных выступленняў мясцовых палітыкаў і ідэолагаў; асвятляла падзеі, якія адбываліся ў Паўночна-Заходнім краі, Расійскай імперыі, за мяжой; друкавала таксама літаратурныя і мемуарныя артыкулы; размяшчала (галоўным чынам на апошніх старонках) камерцыйныя і прыватныя аб'явы. З 1910 па канец 1911 г. газета выдавалася пад назвай «Kurier Wileński» (1910—1911). У 1905—1911 гг. газета аддавала перавагу ідэям «краёвасці», а з 1911 г. — польскай «народнай дэмакратыі», г.зн. Польскай народна-дэмакратычнай партыі («эндэцыі»).

Kurier Litewski
Тып газета
Палітычная прыналежнасць Краёўцы і Нацыянальна-дэмакратычная партыя Польшчы[d]
Мова польская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Заснаванне правіць

Царскі ўказ 17 (30) красавіка 1905 г. гарантаваў свабоду веравызнання і верацярпімасць, а Маніфест 17 кастрычніка 1905 г., які надаваў жыхарам Расійскай імперыі шмат грамадзянскіх свабод — недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, сходаў, стварэння арганізацый, права голасу і г.д., дазволіў адкрыта засноўваць газеты і часопісы самай разнастайнай палітычнай накіраванасці.

У другой палове мая 1905 г. граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі (1848—1932), уласнік маёнтка Лаздуны ў Ашмянскім павеце, член Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі, падаў заяву ў Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі на выданне ўласнай штодзённай газеты. 21 мая 1905 г. граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі заключыў пагадненне з Юзафам Завадскім, якому прапанаваў стаць выдаўцом, і Чэславам Янкоўскім, якому прапанаваў стаць рэдактарам. Сабе Іпаліт Корвін-Мілеўскі адвёў ролю вызначаць палітычную лінію выдання.

 
Артыкул Напалеона Роўбы «Паэт Белай Русі» аб Францішку Багушэвічу ў газеце «Kurjer Litewski» у шостую гадавіну смерці паэта, 1906 г.

У чэрвені 1905 г. Мілеўскі атрымаў права на выданне сваёй газеты і гарантаваў публіцы, што газета не стане інструментам польска-рускай варожасці і не стане падтрымліваць ніякія сацыяльныя эксперыменты. Газета стала першай польскамоўнай газетай у Паўночна-Заходнім краі, якую расійскія ўлады дазволілі адкрыць з часу падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў.

Першапачаткова Мілеўскі быў вымушаны сам займацца стварэннем газеты. Назву новай газеце «Kurier Litewski» прапанаваў даць Люцыян Узенбла, каб яна прывязвалася да існавалых у 17591864 гг. перыядычных газет пад такой жа назвай, што выходзіла ў ВКЛ і Расійскай імперыі да паўстання 1863—1864 гадоў. Уласнік газеты Іпаліт Корвін-Мілеўскі сутыкнуўся з праблемай недахопу прафесійных журналістаў на віленскім рынку прэсы. З таго ён быў вымушаны шукаць іх па-за межамі Вільні — у Варшаве. Вынікам захадаў Мілеўскага стала прапанова заняць месца рэдактара Юзафу Астрарогу-Садоўскаму, варшаўскаму адвакату і геральдыку, супрацоўніку варшаўскай газеты «Kurier Świąteczny», але не маючаму вялікага досведу ў журналісцкай рабоце. Садоўскаму, аднак, удалося ў ліпені 1905 г. прыцягнуць да працы ў «Кур'еры Літэўскім» Яна Замараева, кіеўскага карэспандэнта санкт-пецярбургскага часопіса «Kraj». Са жніўня 1905 г. прышлі ў рэдакцыю такія журналісты як Напалеон Роўба (1860—1929) і Люцыян Узенбла. Рэдакцыя спачатку размяшчалася ў Вільні ў доме №2 на вуліцы Сямёнаўскай (Баніфратэрскай), побач з касцёлам Св. Крыжа.

Трыбуна «краёвасці» правіць

 
Другая старонка першага нумару газеты «Kuryer Litewski», 1905 г.

Першы нумар новага перыядычнага выдання выйшаў 1 (14) верасня 1905 г. і з таго часу газета выходзіла штодзённа, акрамя святочных дзён. Першы нумар газеты меў адрозненні ад наступных: у ім налічвалася 8 старонак, а з другога нумара і далей — звычайна толькі 4; на першай старонцы былі размешчаны толькі камерцыйныя, рэкламныя і прыватныя аб'явы, а з другога нумара ўжо галоўная ўвага на першай старонцы надавалася палітычным артыкулам (побач з камерцыйнымі і прыватнымі аб'явамі). На другой старонцы першага нумара былі надрукаваны тры артыкулы — Іпаліта Корвін-Мілеўскага «Дзяржаўная Дума», прысвечаны выбарам у законадарадчую Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі; Юзафа Астрарога-Садоўскага «Індустрыялізацыя Літвы», які закранаў пытанні эканамічнага становішча і праблем развіцця Паўночна-Заходняга края; і Я. Урсына «Выкладанне рэлігіі», які звяртаўся да чуллівага для края пытання аб мове выкладання рэлігіі ў школах пасля выдання царскага ўказу 14 красавіка 1905 г. аб верацярпімасці. На трэцяй старонцы быў надрукаваны атрыкул Элізы Ажэшкі «Некалькі думак» аб ролі патрыятызма для развіцця народа, павітанні ад былых рэдактараў і журналістаў газеты «Kurier Wileński» (Юзафа Такарэвіча, Аляксандра Ельскага) і атрыкул «Польская журналістыка на Літве», дзе была напісана кароткая гісторыя ранейшых газет з назвай «Kurier Litewski». На іншых старонках першага нумару газеты былі размешчаны кароткія навіны з розных куткоў Паўночна-Заходняга краю («Краёвая хроніка»), Расійскай імперыі і замежжа, а таксама камерцыйныя і прыватныя аб'явы. Адразу з першага нумара новага перыядычнага выдання акрэслілася яго праблематыка: палітычная тэматыка, якая ў тыя часы была звязана ў першую чаргу з пераўтварэннямі ў ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі (выбары ў Дзяржаўную Думу і Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, стварэнне палітычных партый, ідэалагічная і палітычная палеміка і інш.); эканамічная тэматыка; міжканфесійныя, міжнацыянальныя і моўныя адносіны ў Паўночна-Заходнім краі; мемуарная, літаратурная і гістарычная публіцыстыка.

У артыкуле «Індустрыялізацыя Літвы» рэдактар Юзаф Астрарог-Садоўскі так акрэсліў тэрыторыю «Літвы»: «Літва (ва ўрадавай тэрміналогіі Паўночна-Заходні край) ахоплівае Віленскае генерал-губернатарства, г.зн. Віленскую, Ковенскую і Гродзенскую губерні, а таксама Мінскую, Магілёўскую і Віцебскую губерні. Вялікі гэта шмат зямлі: на захадзе гранічыць з Каралеўствам Польскім, Курляндскай і Ліфляндскай губернямі; на поўначы з Пскоўскай губерняй, на ўсходзе са Смаленскай, Чарнігаўскай і Кіеўскай губернямі, на поўдні з Валынскай губерняй. Агульна займае прастору каля 260 490 квадратных вёрст, ці палову тэрыторыі Францыі, і трошкі менш за палову Германскай імперыі. Насельніцтва края складае каля 12 000 000. Хоць літоўскія губерні належаць да розных адміністрацыйных адзінак, аднак гэта з эканамічнага пункту гледжання складае адну цэласць. <...> Увогуле ўсе літоўскія губерні ў эканамічным плане вельмі недаразвітыя»[2].

1 снежня 1905 г. граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі прадаў сваю газету Феліксу Завадскаму. Адначасова з гэтым рэдактарам газеты стаў Чэслаў Янкоўскі, які стараўся надаць газеце высокі прафесійны ўзровень, не саступаючы варшаўскім выданням. У лютым у штат журналістаў увайшоў Войцах Бараноўскі (1873—1957), ураджэнец Ловіча і выпускнік Рыжскага палітэхнічнага інстытута, дагэтуль супрацоўнік варшаўскай газеты «Wędrowiec».

У лютым жа 1906 г. газета «Kurier Litewski» стала ўласнасцю віленскага каталіцкага біскупа Эдварда Ропа (1851—1939), які, аднак, не ўмешваўся ў рэдакцыйную палітыку выдання. Газета была ліберальна-кансерватыўнага і каталіцкага кірунку, хоць не клерыкальная. У другой палове 1906 г. да складу журналістаў газеты далучыліся Людвік Абрамовіч (1876—1939), які перайшоў у «Kurier Litewski» пасля ліквідацыі ў жніўні 1906 палітычна-літаратурнай газеты «Gazeta Wileńska» (28.02.1906—07.08.1906), і Марыян Шадурскі (1877—?), блізкі сваяк[3] біскупа Эдварда Ропа, да таго — супрацоўнік газеты «Nowiny Wileński». Шадурскі, Бараноўскі і Абрамовіч узмацнілі тэндэнцыю «краёвасці» у газеце, якую вёў рэдактар Чэслаў Янкоўскі, — прапагандавалі ідэю аўтаноміі свайго «Краю», ідэю роўнасці яго народаў і культур, ідэю міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру і супрацоўніцтва, ідэю эканамічнага развіцця «Краю» супольнымі намаганнямі.

У 1906 г. рэдакцыя газеты пераехала з Сямёнаўскай у дом Страхавога таварыства «Россия» каля Кафедральнай плошчы (дом №4), у якім заняла абшырныя памяшканні на другім паверсе з балконам, выходзіўшым прама на Кафедральны сабор. Гэтае месца рэдакцыі хутка стала адным з галоўных асяродкаў палітычнага жыцця ў Вільні. У той час газета стала адным з самых праінфармаваных польскамоўных палітычных выданняў Паўночна-Заходняга края і Расійскай імперыі, што пацвярджалася сталай і шматлікай карэспандэнцыяй з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Варшавы, Кракава, Львова, Познані і нават Рыма і Будапешта. Добрая якасць інфармацыі адлюстравалася ў росце тыражу выдання — да 8 тысяч, што было рэкордным для мясцовых газет.

З газетай таксама супрацоўнічалі выдатныя тагачасныя польскамоўныя літаратары — Эліза Ажэшка, Тэадор Еске-Хаінскі, Казіміра Ілляковіч, Эма Яленская-Дмахоўская і Гелена Ромэр-Ахенкоўская. У розныя часы, акрамя журналістаў, свае артыкулы ў газеце друкавалі палітычныя і грамадскія дзеячы — Канстанцыя Скірмунт, Раман Скірмунт, Канстанцін Скірмунт, Эдвард Вайніловіч, Станіслаў Ваньковіч, Тадэвуш Дамбоўскі, Андрэй Тупальскі, Уладзіслаў Жукоўскі, Юзаф Гласка і інш. Свае камерцыйныя аб'явы часта тут размяшчаў вядомы прадпрымальнік Аляксандр Скірмунт (1830—1909). Друкаваліся публічныя лісты-звароты ў адказ на грамадскія падзеі ад святароў, мастакоў (у тым ліку Фердынанда Рушчыца) і інш.

У рамках газеты «Kurier Litewski» выходзілі два дадаткі, якія друкаваліся два разы ў месяц, — «Ruch literacki» («Літаратурны рух») і «Życie praktyczne» («Практычнае жыццё»). Яны выходзілі ў чацвёртым квартале 1906, было надрукавана восем нумароў «Літаратурнага руху» і сем «Практычнага жыцця».

     
«Партрэт Чэслава Янкоўскага» (1857—1929), мастак Уладзіслаў Падкавінскі, 1890 г. Чэслаў Янкоўскі (сядзіць у цэнтры) і члены рэдакцыі газеты «Kurier Litewski», раней 1907 г. Чэслаў Янкоўскі (стаіць унізе ў цэнтры) і члены рэдакцыі газеты «Kurier Litewski», раней 1907 г.

Высокі ўзровень газеты «Kurier Litewski» быў і вынікам значных фінансавых выдаткаў, бо ў студзені 1907 дэфіцыт бюджэта выдання склаў 26 тысяч рублёў. Ад банкроцтва газету выратаваў уласнік — біскуп Роп. Калі ў 1907 г. Чэслаў Янкоўскі не быў паўторна выбраны дэпутатам у II Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі, калі адначасова значная частка каталіцкага святарства была незадаволена газетай (бо першапачаткова планавалася вылучыць у акрузе кандыдатуру ксяндза Станіслава Мацяевіча), сума ўсіх фактараў прымусіла біскупа Ропа падумаць аб сканчэнні супрацоўніцтва з Янкоўскім. Усё канчаткова вырашыў скандал, у які быў замешаны Янкоўскі: у карэце, аздобленай гербамі біскупа Эдварда Ропа, Чэслаў Янкоўскі праехаўся з дзвюма танцоркамі на прыватную кватэру ў Веркі[4] (пад Вільняй)[5]. Чэслаў Янкоўскі ўзначаліў рэдакцыю газеты «Głos Polski» («Польскі голас», 1907), якая з 1907 г. стала галоўнай трыбунай Краёвай партыі Літвы і Беларусі і паступова адным з галоўных перыядычным выданнем «краёўцаў» (разам з выданнямі «Przegląd Wileński», «Nasz Kraj» і інш.).

14 мая 1907 г. выдаўцом газеты стаў Якуб Навіцкі, а Войцах Бараноўскі быў прызначаны біскупам Ропам у рэдактары, са складу рэдакцыі за Чэславам Янкоўскім выйшаў толькі Марыян Шадурскі, які стаў сакратаром рэдакцыі газеты «Głos Polski». Кіраўніцтва літарацкага аддзела ўзяла Эліза Ажэшка (1841—1910), эканамічнага аддзела — Конрад Недзялкоўскі, які да таго быў дырэктарам віленскага Гандлёвага банка. Сакратаром рэдакцыі стаў Людвік Абрамовіч. Бараноўскі на пасадзе рэдактара працягваў лінію Янкоўскага — кансерватызм і «краёвасць».

 
«Карта шасці губерняў Літвы і Беларусі», надрукаваная ў выдавецтве газеты «Kurjer Litewski», паміж 1905—1910 гг.

Газета выдала кнігу-даведнік Напалеона Роўбы «Przewodnik po Litwie i Białejrusi» («Праваднік па Літве і Беларусі»), якая давала кароткія гістарычныя і геаграфічныя звесткі аб населеных пунктах, атрымала шэраг перавыданняў (1907, 1908, 1909) і дзе «Літвой» называліся Ковенская, Віленская і Гродзенская губерні, «Беларуссю» — Мінская, Віцебская і Магілёўская, а Вільня «з'яўляецца несумненна асяродкам, дзе з'ядноўваюцца ўсе ніці жыцця Літвы і Беларусі»[6]. Была таксама надрукавана для продажу карта «Mapa sześciu gubernji Litwy i Białej Rusi» («Карта шасці губерняў Літвы і Беларусі»), дзе лакалізаваліся населеныя пункты з кнігі Роўбы.

У чэрвені 1909 віленская курыя біскупа Ропа прадала газету колу мясцовых каталіцкіх землеўладальнікаў, прыхільнікаў ліберальна-кансерватыўнай плыні «краёўцаў». У склад гэтага кола ўваходзілі Аляксандр Мяйштовіч, Аляксандр Хамінскі, граф Фелікс Броель-Плятэр, Станіслаў Ваньковіч, Канстанцін Скірмунт, Станіслаў Лапацінскі, Павел Коньча і Эдмунд Барткевіч. З таго часу палітычнае аблічча газеты стала яшчэ болей кансерватыўным і «краёвым».

Аднак ужо ў 1910 г. здарыўся канфлікт паміж расійскімі ўладамі і газетай. Глебай канфлікта сталі артыкулы рэдактара Бараноўскага, якія асуджалі ваяўнічы рускі вялікадзяржаўны шавінізм. У атмасферы нарастаючай сталыпінскай рэакцыі, якая праходзіла ў Расійскай імперыі пасля рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, а ў Паўночна-Заходнім краі сімвалам якой павінен быў стаць новы камандуючы віленскай ваеннай акругай Сяргей Гершэльман (1854—1910), дайшло да судовага пераследу газеты, што скончылася яе закрыццём. Месца газеты «Kurier Litewski» на працягу дзесяці месяцаў заняла газета «Kurier Wileński» (1910—1912), першы нумар якой пабачыў свет 3 (16) кастрычніка 1910 г., а фармальным выдаўцом і галоўным рэдактарам стаў Напалеон Роўба, хоць фактычна рэдактарскія функцыі выконваў Войцах Бараноўскі.

Змена палітычнай накіраванасці правіць

У сярэдзіне 1911 г. у Вільні адбылося палітычнае збліжэнне паміж многімі прадстаўнікамі ліберальна-кансерватыўнай плыні «краёўцаў» і прыхільнікамі польскай «народнай дэмакратыі», г.зн. Польскай народна-дэмакратычнай партыі («эндэцыі»). Каталізатарам гэтага збліжэння быў нарасталы рускі вялікадзяржаўны шавінізм і афіцыйная антыпольская палітыка афіцыйных улад Расійскай імперыі. У выніку — з 1 (14) чэрвеня 1911 г. газета «Kurier Wileński» злучылася з «эндэцкай» газетай «Gońec Codzienny» (1908—1911) і выходзіла са старой назвай. Кіраўніцтва газетай «Kurier Wileński» узялі супольна Войцах Бараноўскі і Юзаф Гласка (1856—1934), які дагэтуль быў рэдактарам газеты «Gońec Codzienny». У рэдакцыйны камітэт увайшлі прадстаўнікі былых дзвюх рэдакцый. Новы «Kurier Wileński» заяўляўся як выданне «выключна беспартыйнае» і стаў у параўнанні з газетамі, з якіх утварыўся, меней выразным. Паступова ў рэдактарстве Бараноўскі стаў адыгрываць меншую ролю, чым Юзаф Гласка. Выйшаў са складу журналістаў выдання Людвік Абрамовіч, які не згадзіўся на супрацоўніцтва з «эндэцыяй», а сама газета ўсё болей станавілася рупарам прыхільнікаў польскай «народнай дэмакратыі».

1 (14) студзеня 1912 г. у Вільні аднавілася выданне газеты «Kurier Litewski», якая прыняла ўсе абавязкі газеты «Kurier Wileński». Выдаўцом газеты зноў стаў Войцах Бараноўскі, пад подпісам якога газета выходзіла да 14 чэрвеня 1914 г., хоць ужо ў маі 1914 г. Браноўскі пакінуў Вільню. Яго наступцам на пасадзе рэдактара стаў доктар Тадэвуш Дамбоўскі (1856—1930) — хірург, адзін з заснавальнікаў Краёвай партыі Літвы і Беларусі. Фактычна ж рэдакцыяй кіраваў Юзаф Гласка, а яго самым блізкім памочнікам стаў сакратар рэдакцыі Аляксандр Звяржынскі (1880—1958)[7]. Газета не спыніла сваю работу і ў час пачатку Першай сусветнай вайны.

У сярэдзіне жніўня 1915 г., з-за пагрозы заняцця Вільні нямецкімі войскамі, Гласка вырашыў перанесці рэдакцыю газеты ў Мінск, а ў Вільні пакінуў толькі частку штату журналістаў на чале са Звяржынскім. Аднак у Мінску Гласку ўдалося выдаваць газету толькі да 23 жніўня 1915 г., калі і выйшаў апошні нумар «Кур'ера».

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. У тагачаснай арфаграфіі пісалася па-польску як «Kuryer Litewski» і як «Kurjer Litewski».
  2. Ostroróg-Sadowski, J. Uprzemysłowienie Litwy... С. 2.
  3. Сястра Марыяна Шадурскага Міхаліна была жонкай барона Канстанціна Ропа, роднага брата біскупа Эдварда Ропа.
  4. Зараз раён Веркі (Веркяй) у складзе горада Вільнюс (Літва).
  5. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 22.
  6. Rouba, N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi... С. 3.
  7. У часы Другой Рэчы Паспалітай стаў адным з лідараў «эндэцыі» у Віленскім краі.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць