Бацька паходзіў з прыбалтыйскага нямецкага баронскага роду, маці — з роду Плятэраў. У 1875 г. скончыў Імператарскі Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, Ковенскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю (1886), удасканальваў тэалагічную адукацыю ў Інсбрукскім і Фрэйбургскім універсітэтах. 3 1889 г. ксёндз у Лібаве, з 1896 г. канонік Жмудскай дыяцэзіі. 3 1902 г. біскуп ціраспальскі, у 1904—1907 гг. — віленскі. Быў супраць атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літоўскай і беларускай моў у царкоўнае жыццё. Належаў да кансерватыўнага крыла краёўцаў. Ініцыятар і заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі (1906). У пачатку 1906 заснаваў газету «Nowine Wilenskie» («Віленскія навіны»), у 1906—1909 валодаў газетай «Kurier Litewski». Дэпутат I Дзяржаўнай думы (1906), уваходзіў у «Кола тэрытарыяльнае» (аб’ядноўвала польскіх дэпутатаў ад Беларусі, Літвы і Украіны) і ў фракцыю аўтанамістаў. Вельмі прыхільна паставіўся да мясцовых нацыянальных рухаў і пытанняў, што выклікала незадавольненне афіцыйных улад. У кастрычніку 1907 г. загадам міністра ўнутраных спраў адхілены ад кіравання дыяцэзіяй па абвінавачанні ў антыдзяржаўнай дзейнасці і патуранні рэвалюцыйнаму руху[2]. Каля 10 гадоў жыў у маёнтку Нішча Віцебскай губерні пад наглядам паліцыі. Абавязкі адміністратара Віленскай дыяцэзіі пачаў выконваць мінскі дэкан Казімір Міхалкевіч[3]. У ліпені 1917 г. прызначаны архібіскупам Магілёўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі з рэзідэнцыяй у Петраградзе. У пачатку 1919 г. арыштаваны Петраградскай ЧК як заложнік. У выніку хадайніцтва папы рымскага і за дазвол праехаць у Расію з Германіі савецкаму партыйнаму дзеячу К. Радэку вызвалены і адпраўлены ў Польшчу. Там працягваў рэлігійную і грамадскую дзейнасць. Да 1931 г. фармальна лічыўся архібіскупам магілёўскім.
Зноскі
- ↑ а б Edward Ropp // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ Станкевіч, А. З Богам да Беларусі: збор твораў / Адам Станкевіч. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — 1097 с. — С. 423. — ISBN 978-80-866961-13-3.
- ↑ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 260.