Санкт-Пецярбург
Санкт-Пецярбург[3] (руск.: Санкт-Петербург) — горад федэральнага значэння і другі па велічыні горад у Расіі, цэнтр Паўночна-Заходняй федэральнай акругі Расіі, месца знаходжання вышэйшых органаў улады Расіі[4] і адміністрацыйны цэнтр Ленінградскай вобласці. Ляжыць на рацэ Няве на ўсходнім узбярэжжы Фінскага заліва Балтыйскага мора.
Горад федэральнага значэння
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Насельніцтва горада складае 5 мільёнаў жыхароў, разам з агламерацыяй — 6 мільёнаў. Горад з’яўляецца самастойным суб’ектам Расійскай Федэрацыі, яго плошча складае 1439 км².
Санкт-Пецярбург быў заснаваны царом Пятром I 27 мая 1703 года, і на працягу больш за дзвесце гадоў (1712—1728, 1732—1918) быў сталіцай Расійскай імперыі. Падчас Першай сусветнай вайны горад быў перайменаваны ў Петраград (руск.: Петроград), а ў часы савецкай улады — у Ленінград (руск.: Ленинград).
Сёння Санкт-Пецярбург з’яўляецца важным культурным цэнтрам і расійскім портам на Балтыйскім моры.
Гісторыя
правіцьПаўночная вайна і заснаванне горада
правіцьДатай заснавання Санкт-Пецярбурга лічыцца 16 мая (27 мая) 1703 года. Гэтым днём датуецца заклад царом-рэфарматарам Петрапаўлаўскай крэпасці — першага будынка горада — у вусці ракі Нявы на Заечым востраве, пасля таго як Рускае Царства ў ходзе Паўночнай вайны захапіла навакольныя тэрыторыі, што ў той час належалі Швецыі. Пётр I даў гораду імя, прысвечанае яго нябеснаму заступніку — Святому апосталу Пятру. Паводле легенды, у той дзень пасля літургіі цар з’явіўся з рыдлёўкай у руках для закладу горада, і калі ён схапіўся за яе, з вышыні спусціўся арол і пачаў круціцца над астравамі. Адышоўшы ў бок, Пётр I зрубіў дзве тонкія бярозкі і, з’яднаўшы і верхавіны, паставіў у выкапаныя працоўнымі ямы. Гэтыя дзве бярозкі мусілі азначаць будучую браму крэпасці. Арол, які круціўся ў небе, спусціўся і сеў на «браму», пасля чаго, перавязаўшы яму ногі, цар пасадзіў яго на плячо, усцешаны шчаслівай прыкметай[5]. Новая крэпасць сваёй зброяй мусіла перакрываць фарватары па двух найбольш буйных рукавах дэльты ракі — Няве і Вялікай Неўцы. У 1704 годзе для абароны марскіх межаў Расіі на востраве Котлін была заснавана крэпасць Кранштат. Новаму гораду Пётр I надаваў вялікае стратэгічнае значэнне для забеспячэння марскога шляху з Расіі ў Заходнюю Еўропу. Тут, на стрэлцы Васільеўскага вострава, пад прыкрыццём Петрапаўлаўскай крэпасці, быў заснаваны першы гандлёвы порт Санкт-Пецярбурга.
Першыя гады існавання горада
правіцьПасля пачатку будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці працягвалася ўзвядзенне і іншых абарончых аб’ектаў. У снежні 1706 года Пётр I выдаў загад на будаўніцтва Кронверка з мэтай адгарадзіць Петрапаўлаўскую крэпасць ад артабстрэлу з супрацьлеглага берагу, а дзвюма гадамі раней было закладзена Адміралцейства.
У планах Пятра I была пабудова вялікага прыморскага цэнтру, таму будаўніцтва ішло з высокай інтэнсіўнасцю. Штогод на працы зганялі 30-40 тысяч сялян, таксама ў іх удзельнічалі ваеннапалонныя з Фінляндыі. Імі ў тым ліку быў пракладзены бульвар, які пазней стаў Неўскім праспектам[6] .
У першыя дзесяць гадоў існавання галоўнай часткай горада быў Гарадскі востраў (цяпер Петраградскі востраў), тут знаходзіліся Гасціны двор, Траецкая царква, мноства службовых будынкаў, рамесныя слабоды і ваенныя часткі. Злучаўся востраў з Петрапаўлаўскай крэпасцю праз пад’ёмны мост. Пазней пачаў забудоўвацца Адміралцейскі бок (левы бераг Нявы), дзе знаходзіліся такія важныя збудовы, як Зімні палац і Летні палац Пятра I з Летнім садам. З 1712 года горад быў абвешчаны сталіцай Расіі, а ў 1713 годзе ўсе асобы, прыналежныя да царскага двара, мусілі былі сяліцца ў Пецярбургу, сюды ж пераехаў і Сенат. У 1712 годзе Пётр I выдаў указ аб стварэнні Генеральнага плана Санкт-Пецярбурга, згодна якому цэнтрам горада абіраецца Васільеўскі востраў. Менавіта тут будуюцца партавыя збудаванні, маякі, а таксама будынак Дванаццаці калегій, Кунсткамера і іншыя будынкі (да таго моманту на востраве быў толькі знакаміты Меншыкаўскі палац). У 1725 годзе заснаваная Пецярбургская Акадэмія навук, дзе 2 студзеня 1728 года была выдадзена першая расійская газета — «Санкт-Петербургские ведомости» (першы рэдактар — Герхард Фрыдрых Мілер).[7]
У першай палове XVIII стагоддзя хутка расло насельніцтва горада. Каля 1710 года ў Санкт-Пецярбургу пражывала 8 тысяч жыхароў, праз 15 год іх колькасць узрасла да 40 тысяч, а ў 1750 годзе яго насельніцтва складала 95 тысяч. Большасць перасяленцаў былі з Расіі, але горад прыцягваў працоўную сілу таксама з Інгерманландыі і паўднёва-ўсходняй Фінляндыі. Найбуйнейшымі этнічнымі меншасцямі Санкт-Пецярбурга ў той час былі немцы і фіны[6] .
Пецярбург у сярэдзіне і другой палове XVIII стагоддзя
правіцьУ выніку пажараў і разводдзяў многія будынкі пятроўскага Пецярбурга да сярэдзіны XVIII стагоддзя апынуліся ў лядашчым стане ці былі знішчаныя. Так, улетку 1736 і 1737 гадоў у Пецярбургу адбыліся два пажары (выгарэла ўся драўляная Марская слабада і значная частка Адміралцейскага вострава). У 1737 годзе ўказам імператрыцы Ганны Іванаўны ствараецца Камісія аб Санкт-Пецярбургскім будаванні (якую ўзначальваў Пётр Яропкін), якая працавала над генеральным планам гораду.[8] Па гэтым плане зацвярджалася ідэя трохпромневага развіцця Пецярбурга ад Адміралцейства, які мусіў стаць кампазіцыйным цэнтрам, а ролю галоўнай магістралі аддавалася Неўскаму праспекту. У 1762 годзе на змену гэтай камісіі прыйшла Камісія аб каменным будаўніцтве Санкт-Пецярбурга і Масквы, якая рэгулявала забудову малых узбярэжных малых рэк і каналаў, фарміраванне архітэктурных ансамбляў цэнтральных плошчаў. 29 ліпеня 1731 года адкрыўся Кадэцкі корпус, а ў 1759 — Пажаскі корпус. Ствараўся цэлы шэраг вучэльняў — Горнае вучылішча і гэтак далей. Санкт-Пецярбург становіцца адным з найбуйнейшых навуковых цэнтраў у Расіі. Развіваецца і культурнае жыццё ў Паўночнай сталіцы Расіі. 30 жніўня 1756 года выдаецца ўказ аб стварэнні першага ў краіне дзяржаўнага тэатра, 4 лістапада 1764 года лічыцца датай заснавання Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Пад канец XVIII стагоддзя насельніцтва горада перавысіла 200 тысяч чалавек, у горадзе дзейнічалі больш за 60 праваслаўных цэркваў і 15 цэркваў іншых канфесій. На 1780 год налічвалася 1200 вуліц і завулкаў, 3,3 тысячы дамоў, уся цэнтральная частка гораду ўжо цалкам брукаваная і пакрытая папярочнымі дошкамі.[7]
Санкт-Пецярбург у XIX стагоддзі
правіцьЛюблю цябе, Пятра тварэнне, Люблю твой строгі, стройны від, Нявы дзяржаўнае цячэнне, Берагавы яе граніт, Узор тваіх чыгунных кратаў, Начэй задумлівых тваіх Празрысты змрок, бліск цемнаваты. Калі ў пакоі сярод кніг Пішу, чытаю без лямпады, Гляджу на сонныя грамады Пустынных вуліц, як блішчыць Адміралцейскі ў высях шпіц… |
Да гэтага часу ўжо адбываецца бурнае развіццё прамысловасці — ужо да сярэдзіны 1830-х гадоў у Санкт-Пецярбургу дзейнічае каля 300 фабрык і заводаў. Адкрываюцца новыя водныя сістэмы — Марыінская і Ціхвінская, у 1828 годзе — Паўночна-Дзвінскі канал. Істотнай падзеяй становіцца адкрыццё першай чыгункі ў 1836 годзе паміж Пецярбургам і Царскім Сялом. Пецярбуржцы апрабавалі новы водны транспартны сродак: параход. Працягваецца развіццё Пецярбурга як палітычнага і навуковага цэнтра дзяржавы. У 1802 годзе заснаваныя міністэрствы і Дзяржаўны савет, узведзены будынак Сената і Сінода, абноўленая Акадэмія навук (у 1803 годзе быў прыняты новы статут), створаны Педагагічны інстытут, утвораныя некалькі гімназіяў і дазволеныя вольныя тыпаграфіі.[5] Адкрываецца Пулкаўская абсерваторыя, у 1845 годзе — Рускае геаграфічнае таварыства. 18 жніўня 1851 года з Пецярбурга ў Маскву адправіўся першы цягнік, хутка зносіны паміж дзвюма гарадамі стане рэгулярным. Ужо ў 1850-х пабудаваныя Маскоўскі (Мікалаеўскі), Варшаўскі, Балтыйскі, а ў 1870 годзе — Фінляндскі вакзалы. Развіваецца і судаходства. У 1885 годзе скончылася збудаванне Марскога канала і Марскога порту.
Горад трох рэвалюцый. Грамадзянская вайна
правіцьXX стагоддзе ўчыніла для Пецярбурга як шмат цяжкіх выпрабаванняў, так і грандыёзныя здзяйсненні. Па выніках перапісу 1897 года насельніцтва горада складала 1265 тыс. жыхароў, а на пачатак Першай сусветнай вайны перавысіла 2 мільёны (3-е месца ў Еўропе пасля Лондану і Парыжу). 29 верасня 1907 года пачаў курсаваць Санкт-Пецярбургскі трамвай.
Першым выпрабаваннем стала расійская рэвалюцыя 1905—1907 гадоў, пачаткам якой лічыцца Крывавая нядзеля, а вынікамі якой стала стварэнне першага ў гісторыі Расіі парламенту. Пачаўшаяся Першая сусветная вайна моцна паўплывала на лёс Санкт-Пецярбурга. Ужо ў жніўня 1914 года на хвалі антынямецкіх настрояў горад пераназваны ў Петраград, а да 1917 года пачаліся праблемы з аснадай — звычайнай з’явай становяцца чэргі. Хваляванні 23—27 лютага 1917 года ў горадзе зробяцца адной з галоўных прычын Лютаўскай рэвалюцыі. У гонар загінуўшых працоўных на Марсавым полі ў 1956 годзе быў запалены Вечны агонь.[9] Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, падчас Грамадзянскай вайны з-за блізкасці антырэвалюцыйных армій урад Леніна з’яжджае ў Маскву. Петраград часова пазбаўлены статусу сталіцы (5 сакавіка 1918 года), які пераходзіць да Масквы. Увесну 1919 года, пры падтрымцы англійскага флоту, пачаўся першы наступ арміі Мікалая Юдзеніча з Эстляндыі на Петраград, а пасля паразы, ужо ў кастрычніку, другі, які таксама будзе спынены. 22 студзеня 1920 года Юдзеніч абвясціў пра роспуск Паўночна-Заходняй арміі. 26 студзеня 1924 года, пасля смерці Уладзіміра Леніна Петраград рашэннем ЦК УКП(б) пераназываецца ў Ленінград.
Савецкі Петраград-Ленінград
правіцьПасля катастрафічных падзей 1917—1919 гадоў насельніцтва горада скарачаецца, да 1920 года яно складае толькі 722 000 чалавек[10], але дзякуючы НЭП жыццё ў горадзе паступова паляпшаецца. Працягваецца актыўная жытловая забудова. Так у 1924 годзе ствараецца праект цэнтру Нарваўскага раёна, паводле якога мусілі быць створаныя дзве плошчы — Стачак, дзе была ўзведзеная трыумфальная арка ў гонар перамогі над Напалеонам і плошчу, якую яшчэ мелася стварыць (цяпер Кіраўская плошча). Па ўсім горадзе ствараюцца Палацы культуры — да сярэдзіны 1930 гадоў яны маюцца ўжо ва ўсіх прамысловых раёнах.[11]
Гераізм і стойкасць ленінградцаў выявіліся ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Амаль 900 дзён ва ўмовах поўнай блакады горада жыхары не толькі выжылі, але і дапамаглі фронту. Так у выніку сустрэчнага наступу Ленінградскага і Волхаўскага франтоў 18 студзеня 1943 года блакаднае акружэнне было прарвана, але толькі 27 студзеня 1944 года блакада горада была цалкам знятая.
Пачынаючы з 1947 года ў Ленінградзе развіваюцца як аднаўляльныя, гэтак і інтэнсіўныя будаўнічыя працы. 7 кастрычніка 1955 года ў метро быў запушчаны першы абкатачны электрацягнік, а ўжо 5 лістапада быў падпісана акт аб здачы ў эксплуатацыю першай чаргі ленінградскага метрапалітэна. У 1990 годзе гістарычны цэнтр горада ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Постсавецкі перыяд
правіцьУ 1991 годзе па выніках рэферэндуму 54 % ленінградцаў выказаліся за вяртанне спрадвечнай назвы горада Санкт-Пецярбург. 6 верасня 1991 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета РСФСР яна была адноўлена,[12] 21 красавіка 1992 года ўнесеная ў Канстытуцыю РФ.[13] 26 чэрвеня 1991 быў абраны першы і апошні мэр Санкт-Пецярбурга, 13 сакавіка 1996 года выканаўчая ўлада была перададзена Адміністрацыі Санкт-Пецярбурга, якая ствараецца губернатарам Санкт-Пецярбурга, пасада мера была скасавана. Істотнай падзеяй для Пецярбурга сталі Гульні добрай волі 1994 года, якія праходзілі ў складаны для горада час. У 1991—2007 гадах было ўсталявана шмат помнікаў, сярод якіх — Фёдару Дастаеўскаму, маршалу Георгію Жукаву, Сяргею Ясеніну і іншыя. Адрэстаўраваныя і адноўленыя — Канстанцінаўскі палац, храм Спасу-на-Крыві і шмат якія іншыя. Упершыню 25 мая 1991 года, пасля вялікага перапынку, царкоўная служба адбылася ў Казанскім саборы. У 2001 годзе пачынаецца будаўніцтва Кальцавой дарогі вакол Пецярбурга, 15 снежня 2004 адкрываецца Вялікі Абухаўскі мост, вядомы як «Вантавы мост». Працягваецца развіццё метрапалітэну: у 1998 годзе ўведзены ў эксплуатацыю ўчастак Правабярэжнай лініі ад станцыі «Чкалаўская» да станцыі «Старая Дзярэўня», у 2005 годзе адкрытая станцыя «Каменданцкі праспект» і іншыя. У 2000 годзе быў пабудаваны Лядовы палац, у якім прайшоў чэмпіянат свету па хакеі 2000 года. У 2008 годзе пецярбургскі футбольны клуб «Зеніт» выйграў прэстыжны Кубак УЕФА і Суперкубак УЕФА.
Узнагароды
правіць- Званне Горад-герой (8 мая 1965 года) з уручэннем медалі «Залатая зорка» — «за выбітныя заслугі перад Айчынай, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі Ленінграда ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў цяжкіх умовах працяглай варожай блакады, і ў адзначэнне 20-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Ордэн Леніна (26 студзеня 1945 года) — «за мужнасць і адвагу ва ўмовах блакады і барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў».
- Ордэн Леніна (21 чэрвеня 1957 года) — «у адзначэнне 250-годдзя Ленінграда».
- Ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі (21 лістапада 1967 года) — «у адзначэнне 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі».
- Ордэн Чырвонага Сцяга РСФСР (5 снежня 1919 года) — «за гераізм і самадданасць петраградскага пралетарыята, за абарону Петраграда ў Грамадзянскую вайну».
Эканоміка
правіцьСанкт-Пецярбург — адзін з найважнейшых эканамічных цэнтраў Расійскай Федэрацыі. Эканоміка гораду базуецца ў асноўным на прамысловасці і турызме. Па выніках 2004 года горад заняў чацвертае месца ў Расіі (пасля Масквы, Цюменскай і Маскоўскай вобласці) па аб’ёму сукупнага рэгіянальнага прадукту (СРП). У 2007 годзе гэты паказчык склаў 1 109,3 млрд руб. (38 млрд долараў), ці 3,92 % ад агульнарасійскага СУП.[14] У 2011 годзе, па прагнозах, СРП складзе 2 трыльёны 413 мільярдаў 6 мільёнаў рублёў.[15] У 2006 годзе ў Санкт-Пецярбургу адбыўся саміт «Вялікай васьмёркі». Саміт праходзіў у Канстанцінаўскім палацы ў Стрэльне з 15 па 17 ліпеня 2006 года. З 1997 года ў Санкт-Пецярбургу праводзіцца штогадовы эканамічны самі Расіі і краін СНД — Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум — найважнейшае міжнароднае эканамічнае і палітычнае мерапрыемства ва Усходняй Еўропе, якое атрымала неафіцыйную назву «Расійскі Давос».
Культура
правіцьТэатры
правіцьМарыінскі тэатр, Міхайлаўскі тэатр, Вялікі драматычны тэатр імя Г. А. Таўстаногава, Тэатр на Васільеўскім, Тэатр на Ліцейным.
Музеі
правіць- Дзяржаўны Эрмітаж
- Кунсткамера
- Расійскі дзяржаўны музей Арктыкі і Антарктыкі
- Дзяржаўны Рускі музей
- Дзяржаўны Літаратурна-мемарыяльны музей Ф. М. Дастаеўскага
Планіроўка і архітэктура
правіцьПётр I задумваў горад паводле еўрапейскага ўзору: з прамымі перпендыкулярнымі вуліцамі, шырокімі «прашпектамі». Такая планіроўка бачна на прыкладзе Васільеўскага вострава і «трызубцы» Адміралцейства — Неўскі праспект, Гарохавая вуліца, Вазнясенскі праспект. Самы шырокі мост — Сіні.
Храмы і манастыры
правіць- Троіца-Ізмайлаўскі сабор
- Казанскі сабор, Санкт-Пецярбург
- Ісакіеўскі сабор
- Смольны манастыр
- Уладзімірскі сабор
- Царква Прападобнай Ефрасінні Полацкай
Вуліцы, праспекты, плошчы
правіць- Сянная плошча
- Плошча Паўстання
- Плошча Перамогі
- Беларуская вуліца
- Віцебскі праспект
- Ліцейны праспект
- Уладзімірскі праспект
Паркі, сады і скверы
правіцьТранспарт
правіць- Санкт-Пецярбургскі метрапалітэн
- Санкт-пецярбургскі трамвай
- Санкт-Пецярбургскі тралейбус
- Санкт-Пецярбургскі аўтобус
Чыгуначныя вакзалы
правіцьАдукацыя
правіць- Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А. Л. Штыгліца
- Санкт-Пецярбургская дзяржаўная кансерваторыя імя М. А. Рымскага-Корсакава
- Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны політэхнічны ўніверсітэт
- Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт
- Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт шляхоў зносін
- Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут
- Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт прамысловых тэхналогій і дызайну
Гарады-пабрацімы
правіцьБеларусы ў Санкт-Пецярбургу
правіцьПецярбург стаў важным цэнтрам беларускай культуры яшчэ ў XIX ст. У 1844—1846 гг. Ян Баршчэўскі піша тут знакаміты твор Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. У 1893 годзе тут Антон Неманцэвіч. Паводле расійскага перапісу 1897 г. у Пецярбургу пражывала 66,5 тыс. беларусаў. У пачатку XX ст. яны сталі другой па колькасці іншаэтнічнай супольнасцю ў горадзе. У 1906—1912 гг. тут вучылася выбітны альголаг Вольга Дзмітрыеўна Акімава. У 1906—1916 гг. працавала Загляне сонца і ў наша аконца, у 1914 г. — Акцыйная суполка друкарскай штукі, у 1914 годзе выйшаў нумар часопіса «Раніца». У 1918 дзейнічала Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства. У 1930—1937 вучыўся беларускі мастак Яўген Аляксеевіч Зайцаў. У 1926—1936 гг. дзейнічала Беларускае студэнцкае зямляцтва. У 1938-39 рэктарам Ленінградскага ўніверсітэта быў беларускі вучоны Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў. У 1938 у Ленінградзе нарадзіўся беларускі геахімік Валянцін Лукашоў. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны беларусы ўдзельнічалі ў абароне Ленінграда, сярод іх — Фядосій Арцёмавіч Смалячкоў. У 1973—1975 гг. у горадзе над Нявой працуе беларускі мастак Аляксандр Анатольевіч Ісачоў. Дзейнічае Беларускае грамадска-культурнае таварыства (Санкт-Пецярбург).
- Андрэй Іпалітавіч Вількіцкі
- Эдвард Вайніловіч
- Іосіф Антонавіч Гашкевіч
- Валянцін Грыцкевіч
- Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі
- Барыс Кіт (1910—2018) — беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі
- Марыя Мікалаеўна Косіч
- Янка Купала
- Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч
- Пётр Міхайлавіч Стэфаноўскі
- Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі
- Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла
- Пятро Шалахонаў
Вядомыя асобы
правіць- Oxxxymiron (* 1985) — рэп-выканаўца.
- Андрэй Сяргеевіч Аршавін (* 1981) — расійскі футбаліст.
- Барыс Уладзіміравіч Асаф’еў (1884—1949) — рускі музыказнавец, кампазітар, педагог.
- Восіп Іванавіч Бавэ (1784—1834) — расійскі архітэктар, знакаміты рэканструкцыяй Масквы пасля пажару 1812 года.
- Аляксандр Парфіравіч Барадзін (1833—1887) — рускі кампазітар і навуковец-хімік.
- Міхаіл Сяргеевіч Баярскі (* 1949) — савецкі і расійскі акцёр тэатра і кіно, спявак, тэлевядучы.
- Іосіф Аляксандравіч Бродскі (1940—1996) — расійскі і амерыканскі паэт, эсэіст, драматург, перакладчык.
- Карл Паўлавіч Брулоў (1799—1852) — рускі мастак, жывапісец, манументаліст, акварэліст, малявальшчык, прадстаўнік акадэмізму.
- Яўген Якаўлевіч Веснік (1923—2009) — савецкі акцёр. Народны артыст СССР (1989).
- Якаў Якаўлевіч Гакель (1901—1965) — савецкі акіянограф.
- Барыс Барысавіч Галіцын (1862—1916) — рускі фізік і геафізік.
- Ілья Сяргеевіч Глазуноў (* 1930) — савецкі і расійскі мастак-жывапісец, педагог.
- Георгій Міхайлавіч Грэчка (* 1931) — савецкі касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза.
- Мікалай Сцяпанавіч Гумілёў (1886—1921) — рускі паэт Срэбнага веку.
- Пятро Драчоў (1937—2005) — беларускі графік.
- Іван VI (1740—1764) — расійскі імператар (1740—1741) з дынастыі Раманавых.
- Сяргей Барысавіч Іваноў (* 1953) — расійскі дзяржаўны дзеяч, міністр абароны Расіі (2001—2007).
- Мікалай Паўлавіч Ігнацьеў (1832—1908) — дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі, дыпламат, граф, міністр унутраных спраў (1881—1882).
- Міхаіл Міхайлавіч Казакоў (1934—2011) — рускі артыст, савецкі, расійскі і ізраільскі рэжысёр, акцёр тэатра і кіно.
- Аляксандра Міхайлаўна Калантай (1872—1952) — дзеяч міжнароднага і расійскага рэвалюцыйнага сацыялістычнага руху.
- Аляксандр Васільевіч Калчак (1874—1920) — расійскі адмірал, камандуючы белым рухам падчас грамадзянскай вайны ў Расіі.
- Георг Кантар (1845—1918) — нямецкі матэматык.
- Леанід Кантаровіч (1912—1986) — савецкі матэматык і эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы (1975).
- Пётр Леанідавіч Капіца (1894—1984) — савецкі фізік, акадэмік АН СССР.
- Тамара Платонаўна Карсавіна (1885—1978) — вядомая руская балерына.
- Кірыл (1946) — Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі ўсяе Русі — прадстаяцель РПЦ.
- Мікалай Васільевіч Клейгельс (1850—1916) — дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі, губернатар Санкт-Пецярбурга (1895—1904).
- Габрыэль Корбут (1862—1936) — польскі гісторык літаратуры, бібліёграф, мовазнавец.
- Надзея Канстанцінаўна Крупская (1869—1939) — савецкая грамадская дзеячка, педагог. Жонка У. Леніна.
- Міхаіл Іларыёнавіч Кутузаў (1745—1813) — расійскі палкаводзец, генерал-фельдмаршал, святлейшы князь. Герой вайны 1812 года.
- Міхаіл Якаўлевіч Ленсу (* 1924) — савецкі і беларускі філосаф.
- Рыгор Якаўлевіч Перэльман (* 1966) — расійскі матэматык, першым даказаў гіпотэзу Пуанкарэ.
- Аляксандр Уладзіміравіч Рагожкін (* 1949) — савецкі і расійскі рэжысёр і сцэнарыст.
- Ігар Севяранін (1887—1941) — рускі паэт «Срэбнага веку».
- Канстанцін Міхайлавіч Сіманаў (1915—1979) — савецкі пісьменнік, грамадскі дзеяч.
- Васіль Васілевіч Струвэ (1889—1965) — савецкі ўсходазнавец (егіптолаг і асірыёлаг).
- Аляксей Данілавіч Тацішчаў (1699—1760) — дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі, генерал-аншэф, сапраўдны камергер, сенатар.
- Раман Львовіч Трахтэнберг (1968—2009) — расійскі шоумен, тэле- і радыёвядучы, акцёр, пісьменнік.
- Карл Фабержэ (1846—1920) — расійскі ювелір.
- Канстанцін Міхайлавіч Фафанаў (1862—1911), рускі паэт.
- Юлій Барысавіч Харытон (1904—1996), савецкі і расійскі фізік-тэарэтык і фізікахімік.
- Віктар Робертавіч Цой (1962—1990) — савецкі музыкант.
- Яўген Аляксандравіч Чычваркін (* 1974) — расійскі бізнесмен.
- Дзмітрый Дзмітрыевіч Шастаковіч (1906—1975) — рускі савецкі кампазітар, піяніст, педагог і грамадскі дзеяч.
- Сяргей Іосіфавіч Юткевіч (1904—1985) — савецкі рэжысёр, тэарэтык кінамастацтва, народны артыст СССР.
- Аляксей Канстанцінавіч Ягудзін (* 1980) — рускі фігурыст.
- Мікалай Іванавіч Яжоў (1895—1940) — савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч.
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б https://lenta.ru/news/2018/10/03/poltavchenko/
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/europe
- ↑ Напісанне Санкт-Пецярбург у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т.14., Мн., 2002, С.151.
- ↑ Конституционный Суд Российской Федерации (руск.)
- ↑ а б Авсеенко В. Н. История города С.-Петербурга в лицах и картинках. 1703—1903 (руск.). — СПб: Сотис, 1993. — С. 20.
- ↑ а б Мейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.
- ↑ а б А. В. Даринский, В. И. Старцев, Д. Н. Мурин, Т. Г. Браже, А. Г. Бітво. Санкт-Петербург 1703—1719 / Под ред. А. В. Даринского. — СПб.: Фирма «ГЛАГОЛ», 2000. — С. 68—69. — 464 с.
- ↑ История Санкт-Петербурга (руск.)
- ↑ Галина Дрегуляс. Февральская революция . opeterburge.ru.
- ↑ А. Ю. Чистяков. Население (обзорная статья)(недаступная спасылка). Электронная энциклопедия Санкт-Петербурга. Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2007. Праверана 22 лютага 2013.
- ↑ Анна Тирле. Архитектура и благоустройство: массовое строительство. Эра ДК и ЦПКиО. Часть II . opeterburge.ru.
- ↑ Указ Президиума ВС РСФСР от 06.09.91 № 1643-I О возвращении городу Ленинграду его исторического названия Санкт-Петербург(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2013. Праверана 22 лютага 2013.
- ↑ Закон РФ от 21 апреля 1992 г. N 2708-I «Об изменениях и дополнениях Конституции (Основного Закона) Российской Советской Федеративной Социалистической Республики»
- ↑ Валовой региональный продукт по субъектам Российской Федерации в 1998—2007 гадах в текущих ценах (данные Госкомстата РФ)(недаступная спасылка). gks.ru (6 сакавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2017. Праверана 22 лютага 2013.
- ↑ Маша Могилевская. Гастарбайтеры поднимут Петербург . fontanka.ru (6 сакавіка 2011).
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у https://kvs.gov.spb.ru/en/agreements/
- ↑ https://pragmatika.media/news/takih-pobratimiv-nam-ne-treba-v-odesi-priberut-vkazivniki-z-nazvami-rosijskih-mist/
- ↑ http://azerbaijans.com/content_1719_az.html
- ↑ http://www.bordeaux.fr/ebx/LinkResolverServlet?classofcontent=presentationStandard&id=5525
- ↑ http://goroda-pobratimy.ru/porodnennye-goroda
- ↑ https://tass.ru/obschestvo/13957509
- ↑ https://sptoday.ru/2013_07_19/veneciya-ukrepilas-v-spiske-gorodov-pobratimov-sankt-peterburga/
- ↑ http://www.ezhejiang.gov.cn/wenzhou/2021-08/26/c_655454.htm
- ↑ http://www.ezhejiang.gov.cn/wenzhou/sistercities_2.html
- ↑ http://www.ivilnius.lt/pazink/apie-vilniu/miestai-partneriai
- ↑ https://www.bethlehem-city.org/en/saint-petersburg
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Санкт-Пецярбург
- Карта Санкт-Пецярбурга Архівавана 15 верасня 2007.
- Надвор’е Санкт-Пецярбурга
- Беларусы ў Пецярбургу : Архівавана 18 жніўня 2014. віртуальная выстаўка на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі