Барыс Кіт

вучоны ў галіне астранаўтыкі, асветнік, беларускі грамадскі дзеяч

Бары́с Кіт, імя пры нараджэнні Бары́с Уладзі́міравіч Кіта́ (6 красавіка 1910, Санкт-Пецярбург — 1 лютага 2018, Франкфурт-на-Майне) — беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна[3].

Барыс Кіт

Дата нараджэння 24 сакавіка (6 красавіка) 1910
Месца нараджэння
Дата смерці 1 лютага 2018(2018-02-01)[1] (107 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці матэматык, хімік, фізік
Навуковая сфера касманаўтыка, матэматыка, хімія, фізіка
Месца працы
Навуковае званне прафесар
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Сям’я паходзіць з вёскі Агароднікі Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён). У 1918 з бацькамі з Пецярбургу вярнуўся на Навагрудчыну. Скончыў народную школу ў Карэлічах (1926), Навагрудскую беларускую гімназію (1928), фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1933). Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. З 1931 года быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, яе дырэктар у 1939 годзе. З восені 1939 стаў дырэктарам адроджанай гімназіі ў Навагрудку. Потым школьны інспектар у Баранавіцкай вобласці, арганізоўваў пачатковыя і сярэднія беларускія школы.

У 1941 з пачаткам нацысцкай акупацыі Беларусі, каб пазбегнуць арышту, некаторы час жыў у вёсцы Лебедзева Маладзечанскага раёна, дзе пазней настаўнічаў у мясцовай народнай школе. У 1943 арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. Пасля закрыцця гэтых навучальных устаноў у 1944 Барыс Кіт арыштаваны гестапа. Быў зняволены ў турме ў Вілейцы[4]. Ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні А. Дасюкевіч і К. Касяк. У канцы вайны эміграваў у Германію, у 1945—1948 вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях.

У 1948 г. пераехаў у ЗША, стаў актыўна дапамагаць іншым сваім суродзічам-беларусам, якія знаходзіліся ў лагерах для перамешчаных асобаў ў Германіі, атрымаць адпаведныя дакументы і перабрацца ў ЗША. Спачатку прыехаў у Нью-Ёрк, але хутка пераехаў у гарадок Саўт-Рывер, дзе жыло шмат беларусаў, уладкаваўся на працу ў фармацэўтычную фірму. Дзякуючы Б. Кіту быў створаны Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, які распачаў сярод беларускіх імігрантаў культурную, сацыяльную, палітычную работу. Барыс Кіт быў старшынёю камітэту з 1949 па 1950. Пасля пераязджае ў Каліфорнію, дзе таксама арганізоўвае беларускую групу, маючы памочнікам свайго былога вучня Часлава Найдзюка. Тут, у Лос-Анджэлесе, Барыс Кіт працуе ў фірме North American Aviation, дзе ажыццяўляліся касмічныя праекты: стратэгічныя ракеты Navaho, праект падарожжа чалавека на Месяц Apollo, чаўночны карабель Shuttle. Першай яго навуковай працай было паспяховае даследаванне якасцей вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва. У 1951—1955 г. быў другім віцэ-старшынём Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі. У 1958 Барыса Кіта запрасілі ў горад Вашынгтон, дзе ён пачаў працаваць у Міністэрстве паветраных сіл ЗША ў аддзеле касманаўтыкі. Адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасьці. Выконваў абавязкі эксперта ў развіцці міжнароднай касманаўтыкі, перад усім савецкай. У 1960 з выхадам навукова-папулярнай кнігі «Дапаможнік па ракетным паліве» пачынаецца літаратурная дзейнасць Барыса Кіта. У 1964 ён напісаў сваю другую кнігу «Гісторыя і сучасны стан савецкай касманаўтыкі». З 1963 Барыс Кіт працуе ў аддзеле касманаўтыкі карпарацыі IT&T, дзе даследавалі і будавалі спадарожнікі сувязі, што з’яўлялася першым этапам у справе падрыхтоўкі падарожжа амерыканцаў на Месяц. Займаўся матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў. Барыс Кіт выступае з рэфератамі, піша і публікуе артыкулы, чытае даклады на міжнародных кангрэсах па касманаўтыцы. Пад канец 1960-ых ён наведаў з лекцыямі Японію, Індыю, Мексіку, Іспанію, Канаду, Англію, Швецыю, Фінляндыю, Нарвегію, Германію і інш.

З 1972 жыве ў Германіі, месцам свайго сталага жыхарства выбірае горад Франкфурт-на-Майне. Дапамагаў у арганізацыі Беларускага музея ў Ляймене. Вяртаецца да педагагічнай працы. Яшчэ ў Вашынгтоне ён выкладаў матэматыку ў Мэрылендскім універсітэце, а ў Франкфурце-на-Майне Барыс Кіт стаў прафесарам Еўрапейскага аддзелу Мэрылендскага ўніверсітэта. Тэмай доктарскай дысертацыі ён выбраў жыццё і навуковую дзейнасць польскага матэматыка Антоні Зыгмунда, свайго колішняга прафесара ў Віленскім універсітэце. Дысертацыю «Antoni Zygmund, his life and his contribution to the mathematics of 20th century» Барыс Кіт паспяхова абараніў у 1982 на вучонай радзе Рэгенсбургскага ўніверсітэта і атрымаў за гэтую працу навуковае званне доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі. У 1987 яму ўручылі дыплом заслужанага прафесара, а ў 1990 — дыплом ганаровага прафесара. У 1991 яму быў уручаны дыплом акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Барыс Кіт член многіх навуковых таварыстваў свету.

 
Надмагільны крыж на могілках праваслаўнай царквы Святой Елізаветы ў нямецкім горадзе Вісбадэне

Барыс Кіт з’яўляўся фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданняў, кніг М. Сяднёва. У 1990-я г. наведваў Беларусь. Аўтар успамінаў.

Памёр у Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцця. 15 лютага 2018 пахаваны на могілках праваслаўнай царквы Святой Елізаветы ў нямецкім горадзе Вісбадэне[5], дзе каля 30 гадоў таму ён сам выкупіў участак.

Выбраная бібліяграфія

правіць
  • Rocket Propellant Handbook (у суаўтарстве; Boris Kit, Douglas S. Evered), 1st ed. — New York: The Macmillan Company, 1960.

Цікавыя факты

правіць

Рыгор Барадулін прысвяціў Барысу Кіту чатырохрадкоўе, якое ўвайшло ў кнігу «Дуліна ад Барадуліна»:

Як ні сягне высока птах,
Ляцеціме ў гняздо наніз.
Зямля стаіць на трох кітах.
Адзін з кітоў — спадар Барыс.

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Войцік Г. Барыс Кіт. Сэрыя «Партрэты Віленчукоў». — Вільня: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь», 2001.
  • Савік Л. Вяртанне. — Мн., 1993.
  • Савік Л. Космас беларуса: Жыццяпіс Б. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта. — Мн., 1996.
  • Савік Л. С. Кіт Барыс Уладзіміравіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 387. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.

Спасылкі

правіць