Нарвегія
Каралеўства Нарве́гія (нарв.: Kongeriket Norge, нюнорск Kongeriket Noreg), Нарвегія — краіна ў Паўночнай Еўропе. Знаходзіцца на Скандынаўскім паўвостраве і прылеглых астравах. Мяжуе з трыма дзяржавамі: са Швецыяй — на ўсходзе, з Фінляндыяй і з Расіяй — на паўночным усходзе. Краіну абмываюць Баранцава мора — на паўночным усходзе, Нарвежскае мора — на захадзе і Паўночнае мора — на паўднёвым захадзе.
| |||||
Дэвіз: «Alt for Norge (бел.: Усё для Нарвегіі)» | |||||
Гімн: «Ja, vi elsker dette landet (Так, мы любім гэты край)» | |||||
Дата незалежнасці | 7 чэрвеня 1905 (абвешчана) 26 кастрычніка 1905 (прызнана) (ад Швецыі) | ||||
Афіцыйныя мовы | нарвежская (букмал і нюнорск) на мясцовым узроўні — саамская[1] | ||||
Сталіца | Осла | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Берген, Ставангер, Тронхейм | ||||
Форма кіравання | Канстытуцыйная манархія | ||||
Кароль Прэм’ер-міністр |
Харальд V Ёнас Гар Сцёрэ | ||||
Дзярж. рэлігія | Лютэранства | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
67-я ў свеце 385 207[2] км² 6 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2024) • Шчыльнасць |
5 550 203[3] чал. (120-я) 14.4[3] чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2010) • На душу насельніцтва |
$ 335,3 млрд. (25-ы) $ 59 600 | ||||
ІРЧП (2022) | ▬ 0,966[4] (вельмі высокі) (2-ы) | ||||
Этнахаронім | нарвежац, нарвежка, нарвежцы | ||||
Валюта | Нарвежская крона | ||||
Інтэрнэт-дамен | .no | ||||
Код ISO (Alpha-2) | NO | ||||
Код ISO (Alpha-3) | NOR | ||||
Код МАК | NOR | ||||
Тэлефонны код | +47 | ||||
Часавыя паясы | +1 (улетку +2) |
Нарвегія падзяляецца на 19 фюльке, якія аб’ядноўваюцца ў 5 асноўных неафіцыйных рэгіёнаў. У склад Нарвегіі таксама ўваходзяць: адміністрацыйная акруга Свальбард (архіпелаг Шпіцберген і востраў Мядзведжы), астравы Ян-Маен па поўначы і Бувэ на поўдні Атлантычнага акіяна.
Сталіца Нарвегіі і рэзідэнцыя ўрада — Осла.
Дзяржаўны лад
правіцьНарвегія — канстытуцыйная манархія, форма дзяржаўнага ладу — унітарная. Дзейнічае канстытуцыя 1814 года з пазнейшымі праўкамі. Кароль — Харальд V, прэм’ер-міністр — Ёнас Гар Сцёрэ. Вышэйшы заканадаўчы орган — стортынг, які складаецца з лагтынга (верхняя палата, 41 дэпутат) і одэльстынга (ніжняя палата, 124 дэпутаты). Выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыянальнай сістэме тэрмінам на 4 гады. Пасля выбараў на першай сесіі стортынга з яго складу выбіраецца 1/4 дэпутатаў, якія ўтвараюць лагтынг, астатнія 3/4 — одэльстынг. Выканаўчая ўлада належыць каралю, які назначае ўрад (Дзяржаўны савет) на чале з прэм’ер-міністрам.
Геаграфія
правіцьНарвегія займае заходнюю, горную частку Скандынаўскага паўвострава. Гэты буйны масіў складзены пераважна гранітамі і гнейсамі характарызуецца перасечаным рэльефам. Паўвостраў асіметрычна падняты да захаду, у выніку заходнія, нарвежскія, схілы вельмі стромкія і кароткія. На поўначы знаходзіцца самая паўночная кантынентальная кропка Еўропы — мыс Нордкін.
На поўдні ў межах Нарвегіі размешчана шырокае нагор’е. На поўначы ад мяжы Нарвегіі і Фінляндыі вышэй 1200 м уздымаюцца ўсяго некалькі вяршыняў, але па кірунку да поўдня вышыні гор паступова павялічваюцца, дасягаючы максімальных адзнак 2469 м (гара Гальхёпіген) у масіве Ютунхеймен. Іншыя ўзнятыя ўчасткі нагор’я толькі няшмат саступаюць па вышыні. Там нярэдка сустракаюцца голыя скалы, пазбаўленыя глебава-расліннага покрыва. Вонкава паверхня шматлікіх гор больш нагадвае слабхвалістае плато, і такія ўчасткі носяць назву «віда».
Падчас вялікага ледавіковага перыяду ў гарах Нарвегіі было развіта злядненне, але сучасныя ледавікі невялікія. Самыя значныя з іх — у гарах Ютунхеймен і ў паўночнай частцы Нарвегіі. Звычайна снегавая лінія ў Нарвегіі знаходзіцца на вышынях 900—1500 м. Шматлікія асаблівасці рэльефу краіны сфармаваліся падчас ледніковага перыяду. Верагодна, тады было некалькі мацерыковых злядненняў, і кожнае з іх спрыяла развіццю эрозіі, паглыбленню і выпростванню старажытных рачных далін і іх ператварэнню ў маляўнічыя, са стромкімі схіламі трогі U-падобнай формы, што глыбока праразаюць паверхню нагор’яў.
Пасля раставання мацерыковага ледавіка былі затопленыя нізоўі старажытных далін, дзе ўтварыліся фіёрды. Фіёрдавыя берагі дзівяць незвычайнай маляўнічасцю і маюць вельмі важнае гаспадарчае значэнне. Шматлікія фіёрды вельмі глыбокія. Напрыклад, Согне-фіёрд, размешчаны ў 72 км на поўнач ад Бергена, у ніжняй частцы дасягае глыбіні 1308 м. Ланцуг прыбярэжных астравоў — т.зв. скергор абараняе фіёрды ад моцных заходніх вятроў, якія дзьмуць з Атлантычнага акіяна. Некаторыя астравы ўяўляюць сабой аголеныя скалы, аб якія разбіваецца прыбой, іншыя дасягаюць значных памераў.
Большасць нарвежцаў жывуць на берагах фіёрдаў. Найважнейшыя — Осла-фіёрд, Хардангер-фіёрд, Согне-фіёрд, Нур-фіёрд, Стур-фіёрд і Тронхеймс-фіёрд.
На ўсходзе Нарвегіі знаходзяцца самыя вялікія рэкі, уключаючы Глому даўжынёй 591 км, Гёўла, Отра, Танаэльв. На захадзе краіны рэкі кароткія і хуткія (рака Ранэльва). У паўднёвай Нарвегіі шмат маляўнічых азёр. Найбуйнейшае ў краіне возера М'ёса. У канцы 19 ст. было збудавана некалькі невялікіх каналаў, якія злучаюць возера з марскімі партамі на паўднёвым узбярэжжы, але ў цяперашні час яны выкарыстоўваюцца мала. Гідраэнергарэсурсы рэк і азёр Нарвегіі ўносяць істотны ўклад у яе эканамічны патэнцыял.
Нягледзячы на паўночнае становішча, Нарвегіі ўласцівы спрыяльны клімат з прахалодным летам і адносна мяккай (для адпаведных шырот) зімой — вынікам уздзеяння Гальфстрыму. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 3330 мм на захадзе, куды ў першую чаргу паступаюць вільготныя вятры, да 250 мм у некаторых адасобленых рачных далінах на ўсходзе краіны. Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0 °C характэрная для паўднёвага і заходняга ўзбярэжжаў, тады як ва ўнутраных раёнах яна паніжаецца да −4 °C і меней. У ліпені сярэднія тэмпературы на ўзбярэжжа каля 14 °C, а ва ўнутраных раёнах — каля 16 °C.
Урадлівыя глебы пакрываюць усяго каля 4 % усёй тэрыторыі Нарвегіі і сканцэнтраваны пераважна ў наваколлях Осла і Тронхейма.
Паколькі большую частку краіны займаюць горы, плато і ледавікі, магчымасці для росту і развіцця раслін абмежаваныя. Вылучаюць пяць геабатанічных раёнаў: бязлесны прыбярэжны з лугамі і хмызнякамі, на ўсход ад яго лісцёвыя лясы, далей у глыб краіны і да поўначы — хваёвыя лясы, вышэй і яшчэ далей на поўнач пояс карлікавых бяроз, вербаў і шматгадовай травы; нарэшце, на самых вялікіх вышынях — пояс травы, імхоў і лішайнікаў. Хваёвыя лясы — адзін з найважнейшых прыродных рэсурсаў Нарвегіі, яны даюць разнастайную экспартную прадукцыю.
У арктычным раёне звычайна сустракаюцца паўночны алень, лемінг, пясец і гага. У лясах да самога поўдні краіны водзяцца гарнастай, заяц, лось, лісіца, вавёрка і, у невялікай колькасці, воўк і буры мядзведзь. Высакародны алень распаўсюджаны ўздоўж паўднёвага ўзбярэжжа. Нацыянальны парк: Бёргеф’ель, Юнкердаль.
Азёры Нарвегіі
правіць- Возера Кродэрэн
- Возера Банак
- Возера Брэймсватн
- Возера Бюгдзін
- Возера Бюглансфіёрд
- Возера Клістэрватн
- Возера Лангватн
- Возера Ломіватн
- Возера Мёсватн
- Возера Недрэватн
- Возера Рансфіёрдэн
- Возера Руген
- Возера Скугсфіёрдватнет
- Возера Сперылен
- Возера Тутак
- Возера Хелін
- Возера Хорніндальсватнет
- Возера Цюрыфіёрд
Гісторыя
правіцьТэрыторыя Нарвегіі заселена чалавекам прыблізна ў 6 тысячагоддзі да н.э. У 2 тысячагоддзі да н.э. старажытна-германскія плямёны адцяснілі на поўнач мясцовае карэннае насельніцтва — саамаў. У канцы 1 тысячагоддзя н.э. ўзнікла нарвежская народнасць. У эпоху вікінгаў (нарманаў; канец 8-сярэдзіна 11 стагоддзяў) пачалося фарміраванне навежскай дзяржаўнасці. У 872 годзе на прастол уступіў першы конунг Харальд I Хорфагер. Продкі нарвежцаў рабілі марскія паходы пераважна ў Заходнюю Еўропу, каланізавалі Цэнтральную і Паўночную Англію, Шатландыю, Аркнейскія, Шэтландскія, Гебрыдскія, Фарэрскія астравы, прыбярэжныя раёны Ірландыі, Ісландыю, Грэнландыю (Лейф Эрыксан, Эрык Руды, Гунб’ёрн Ульфсан). Каля 1000 года ў краіне прынята хрысціянства. Перыяд паміж 1130 і 1240 гг. суправаджаўся грамадзянскімі войнамі за ўладу (Біркенбейнеры). Пры Хокане IV Хокансане (1217-63) грамадзянскія войны спыніліся, Нарвегія мела найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю, у тым ліку займала сучасныя шведскія правінцыі Емтланд і Бохуслен. Кароль Хокан V Магнусан (1299—1319) зрабіў сталіцай краіны горад Осла (раней каралеўскі двор знаходзіўся ў г.Берген). У 1300—1500 гадах Нарвегія знаходзілася ў эканамічнай залежнасці ад нямецкай Ганзы (яе галоўным апорным пунктам прыблізна з 1350 года быў Берген), якая кантралявала экспарт нарвежскай рыбы. Эпідэмія чумы 1347-50 прывяла да працяглага эканамічнага заняпаду. У 1319 годзе заключана асабістая унія Нарвегіі са Швецыяй, у 1380 — з Даніяй, у 1397 — Кальмарская унія (у 1523 з уніі выйшла Швецыя). Пасля 1500 года пачаўся павольны эканамічны ўздым. У 1536 годзе ў Нарвегіі абвешчана Рэфармацыя, у 1537 годзе краіна страціла статус самастойнага каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю (у 1572 годзе ўведзена пасада намесніка дацкага караля). У выніку дацка-шведскіх войнаў 17 стагоддзя Нарвегія страціла тэрыторыі Емтланд, Хер’едален (1645), Бохуслен (1658) на карысць Швецыі і апынулася ў сучасных межах. У 17-пачатку 19 стагоддзя актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух супраць дацкага панавання.
Насельніцтва
правіцьНарвегія — даволі аднародная паводле складу насельніцтва краіна. Пераважную большасць складаюць нарвежцы, на поўначы жывуць лапландцы, паступова павялічваецца доля мігрантаў з іншых краін.
Традыцыйныя заняткі насельніцтва — рыбалоўства ў фіёрдах, земляробства, жывёлагадоўля і лясная гаспадарка ў асобных месцах па берагах фіёрдаў і ў горах.
У в. Флекэ (камуна Ф’ялэр, фюльке Согн-ог-Ф’юранэ) дзейнічае Паўночны каледж міжнароднай супольнасці.
Сярод буйнейшых гарадоў Нарвегіі Берген, Вадсё, Осла, Ставангер, Тромсё, Тронхейм.
Нарвежская літаратура
правіцьПасля заключэння уніі з Даніяй пісьмовая нарвежская мова паступова замяшчалася дацкай, і да пачатку XX стагоддзя нарвежскія пісьменнікі стваралі свае творы на мове, практычна неадрознай ад дацкай. Адраджэнню нарвежскай літаратурнай мовы ў паспрыяў Генрык Вергелан, які змагаўся за культурную незалежнасць Нарвегіі. Яго працы аказалі ўплыў на вялікіх пісьменнікаў другой паловы XIX стагоддзя — Генрыка Ібсена і Б’ёрнсцернэ Б’ёрнсана. У канцы XIX стагоддзя пачынаюць заяўляць пра сябе нарвежскія мадэрністы. Выбітным прадстаўнікамі мадэрнізму сталі Кнут Гамсун і Сігб’ёрн Обстфелер. Найбольшага росквіту мадэрнізм дасягнуў у 1960-я гады. Часопіс пры Універсітэце Осла «Профіль» згуртаваў вакол сябе групу маладых аўтараў, якія эксперыментавалі з рознымі літаратурнымі формамі. Многія з іх пасля ўнеслі выдатны ўклад у нарвежскую літаратуру: Даг Сульстад, Тур Обрэстад, Эльдрыд Лундэн і іншыя. Яркім прадстаўніком мадэрнізму з’яўляецца і драматург Юн Фосэ.
Музыка
правіцьПра старажытнае паходжанне нарвежскай музыкі сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры (бронзавыя музычныя інструменты 2 ст. да н.э.), «Старэйшая Эда» (канец 11 стагоддзя). Захаваліся старажытныя вакальна-інструментальные і танцавальныя жанры — пастухоўскія песні-поклічы лок, хювінг, лалінг, балады, культавыя, гістарычныя песні. танцы халінг, спрынгданс. У аснове рытмічнай арганізацыі раўнамерная метрыка пры мностве сінкоп, пункцірных рытмаў і трыёлей. Сярод традыцыйных інструментаў: струнна-смычковая фідла, лангелейк, хардынгфеле; духавыя флейта, селье, лур; варган мюнхарпэ.
З пашырэнне хрысціянства (10 стагоддзе) развіваюцца культавыя спевы, блізкія да грыгарыянскіх, з 14 стагоддзя — арганная музыка. У 14-19 стагоддзях музыка Нарвегіі была пад уплывам дацкай. З прыняццем лютэранства (1536) узнік пратэстанцкі харал. Сярод помнікаў эпохі Рэфармацыі — «Dansk sammelbog» (1569) Х.Томісёна, «Graduela» Н.Есперсена (1573). З канца 16 стагоддзя музычнымі цэнтрамі сталі Хрысціянія, Берген, Тронхейм. У 2-й палове 18 стагоддзя ўзніклі аматарскія і прафесійныя аркестры, музычныя таварыствы ў Бергене («Гармонія», 1765, існуе і цяпер), Тронхейме, Хрысціяніі. Сярод нарвежскіх кампазітараў эпохі барока Георг фон Бертух, Ю. Д. Берлін (аўтар і першага нарвежскага падручніка па тэорыі музыкі, 1744), Ю.Фрэйтхаф. У сярэдзіне 19 стагоддзя з’явіліся першыя зборнікі запісаў народных песень і танцаў (1841). У 1825 годзе напісаны першы зінгшпіль (кампазітар В.Тране, паэт Х.Б’ерэгар). Стваральнікі нацыянальнай кампазітарскай школы — Хальфдан Х’ерульф і Рыкард Нурдрак (аўтар нарвежскага нацыянальнага гімна, 1864). Найбольш адметная з’ява музыкі Нарвегіі — творчасць і дзейнасць Эдварда Грыга. Сярод яго паслядоўнікаў: К.Сіндынг, Ю.Сельмер, Ю.Хальварсен, у 20 стагоддзі — А.Эген, Э.Альнес, Ю.Хорклаў, С.Юрдан. Вялікі ўклад у нарвежскую музыку зрабіў Юхан Северын Свенсен.
Беларуска-нарвежскія адносіны
правіць24 лістапада 1995 года ўступіла ў сілу Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь i Урадам Каралеўства Нарвегіі аб паветраных зносінах. У 2009 годзе ў Нарвегіі выйшла кніжка «Fanden på flat mark» («Праклён над раўнінным краем») — зборнік эсэ пра Беларусь Пера Андэша Тудаля (Per Anders Todal).
Спорт
правіцьНарвегія ўдзельнічала амаль ва ўсіх летніх Алімпійскіх гульнях, пачынаючы з гульняў у Парыжы 1900 года, і ўсіх зімовых Алімпійскіх гульнях, пачынаючы з гульняў у Шамані 1924.
Нарвегія двойчы сама была гаспадыняй зімовых Алімпійскіх гульняў. У 1952 Алімпіяда прайшла ў Осла, а ў 1994 годзе — у Лілехамеры.
Нацыянальны алімпійскі камітэт Нарвегіі быў утвораны ў 1900 годзе.
Пераважна развіваюцца зімовыя віды. Больш за ўсё медалёў нарвежцы заваявалі ў спаборніцтвах па лыжных гонках і канькабежным спорце. Зборная па біятлоне — адна з наймацнейшых у свеце. Самы выбітны сучасны біятланіст — Уле-Эйнар Б’ёрндален, адзіны ў свеце шасціразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне і шматразовы прызёр іншых спаборніцтваў. Хакей, аднак, развіты слаба і саступае больш папулярнаму футболу. Вышэйшым дасягненнем зборнай па футболу з’яўляецца выхад у 1/8 фіналу чэмпіянату свету 1998 года ў Францыі. Большая частка гульцоў зборнай выступаюць у чэмпіянаце Англіі. У чэмпіянаце Нарвегіі традыцыйна лідзіруюць «Русенборг» (20-разовы чэмпіён), «Бран», «Волерэнга», «Вікінг» і інш. У 1990-х гадах «Русенборг» паспяхова выступаў у Лізе чэмпіёнаў, дайшоўшы ў сезоне 1996/97 да 1/4 фіналу, а ў 2008 годзе выйграў Кубак Інтэртота. Знакамітыя футбалісты — Уле Гунар Сульшэр, Турэ Андрэ Фло, Джон Кар’ю, Ён Арнэ Рыысэ і інш.
Зноскі
- ↑ Statistisk sentralbyrå
- ↑ Arealstatistics for Norway 2019(недаступная спасылка). Kartverket, mapping directory for Norway (2019). Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2019. Праверана 23 сакавіка 2019.
- ↑ а б Population, 2024-01-01 (англ.). Statistics Norway (21 лютага 2024). Праверана 24 лютага 2024.
- ↑ 2022 Human Development Index Ranking (англ.). United Nations Development Programme (13 сакавіка 2023). Праверана 16 сакавіка 2024.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нарвегія
- Norway.no — Афіцыйны партал (англ.) (нарв.) (нюнарск)