Ліша́йнікі[1] (Lichenes) — група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт).

Поліфілетычная група грыбоў
Назва
Лішайнікі
Статус назвы
Састарэлы таксанамічны
Лацінская назва
Lichenes
Бацькоўскі таксон
Падцарства Ніжэйшыя расліны (Thallophyta)
Прадстаўнікі
каля 400 радоў
У Вікіслоўніку ёсць артыкул «лішайнік»Лішайнікі у Вікіслоўніку

Апісанне

правіць

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і іншых колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці.

Лішайнікі — таломныя арганізмы. Іх цела складаецца з грыба і водарасці (часцей за ўсё зялёнай) або цыянабактэрыі, якія жывуць у сімбіёзе. Водарасці (або цыянабактэрыі) забяспечваюць грыб арганічнымі рэчывамі, якія яны ўтвараюць у працэсе фотасінтэзу. Грыб ахоўвае водарасці (або цыянабактэрыі) ад высыхання, стварае ўмовы для іх існавання і ўсмоктвання вады з мінеральнымі солямі. Адны цыянабактэрыі і водарасці жывуць толькі ў лішайніках, іншыя — і ў лішайніках і па-за імі. Грыбы, якія ўваходзяць у лішайнікі, не сустракаюцца ў свабодным стане, таму гавораць пра ліхенізаваныя грыбы. Жывучы ў лішайніку, абодва сімбіёнты змяняюцца ў параўнанні са свабоднажывучымі грыбамі, водарасцямі і цыянабактэрыямі. У складзе лішайнікаў часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15 % ад усяго аб’ёму слаявіны.

На знешні выгляд талом лішайнікаў можа быць накіпным (або коркавым), ліставатым і кусцістым. Наакіпныя (коркавыя) таломы падобны на плесню, скурачку, застылую пену. Іх немагчыма аддзяліць ад паверхні, на якой яны пасяліліся, не пашкодзіўшы яе. Большасць вядомых лішайнікаў належаць да накіпных (аспіцылія, леканора і інш.). Ліставатыя слаявішчы (ксанторыя, пельтыгера) маюць выгляд лопасцей, якія сцелюцца па паверхні і лёгка аддзяляюцца ад яе. Кусцістыя таломы (кладонія, уснея) выглядаюць як кусцікі, дрэўцы, якія галінуюцца або не галінуюцца. Яны прымацоўваюцца асновай і прыўзнімаюцца знізу ўверх, калі растуць на глебе і пнях, або, наадварот, звісаюць зверху ўніз, калі растуць на ствалах дрэў.

Па анатамічнай будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1-2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Верхняя і ніжняя кара складаецца са шчыльна пераплеценых гіфаў грыба і адыгрывае ахоўную ролю. У водарасцевым слоі паміж гіфаў грыба сканцэнтраваны водарасці або цыянабактэрыі. Асноўная функцыя гэтага слою — фотасінтэз. Асяродак складаецца з рыхла размешчаных грыбных гіфаў. Ён служыць для праветрывання і падтрымання пэўнай вільготнасці талома. Прымацоўваюцца лішайнікі або ўсёй ніжняй паверхняй, або гіфамі грыба, якія часта ўтвараюць пучкі ў асобных месцах.

Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Яны могуць размнажацца ўчасткамі слаявіны пры выпадковых разрывах або спецыяльнымі ўтварэннямі, якія ўтрымліваюць гіфы грыба і водарасці або цыянабактэрыі. Гэтыя найдрабнейшыя фрагменты распаўсюджваюцца ветрам, дажджом і даюць пачатак новым лішайнікам. Акрамя таго, кожны сімбіёнт лішайніка здольны размнажацца самастойна.

Пашырэнне

правіць

Лішайнікі першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арганічныя рэчывы. Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Вядома больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў; на Беларусі 38 сямействаў, 114 родаў, каля 500 відаў[2]. Найбольш пашыраны: алекторыя, анаптыхія, апеграфа, артонія, бацыдыя, буэлія, гіпагімнія, графіс, калаплака, калема, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, лецыдзея, меланелія, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, пірэнула, рамаліна, рызакарпан, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія і інш.

Выкарыстанне

правіць

3 лішайнікаў атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. На поўначы ісландскі лішайнік, кладонія — асноўны корм паўночных аленяў.

Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. ліхенаіндыкацыя).

Вывучае лішайнікі ліхеналогія.

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Ліша́йнікі // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 432—433. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мінск : Нар. асвета, 2010. — 199 с. ISBN 978-985-03-1340-9