Карэліцкі раён

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Гродзенскай вобласці Беларусі

Карэ́ліцкі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Утвораны ў лістападзе 1940 года. Мяжуе з чатырма раёнамі — Навагрудскім, Стаўбцоўскім, Нясвіжскім, Баранавіцкім. Агульная плошча 1,1 тыс.км². Працягласць раёна з поўначы на поўдзень — 28 км, з захаду на ўсход — 40 км. У складзе раёна пассавет і дзевяць сельсаветаў. Цэнтр раёна — гарадскі пасёлак Карэлічы, размешчаны за 200 км на ўсход ад абласнога цэнтра г. Гродна і за 125 км на захад ад Мінска. Праз раён праходзяць аўтамагістралі на Мінск, Гродна, Баранавічы, Навагрудак, Любчу.

Карэліцкі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Гродзенская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Карэлічы
Дата ўтварэння 25 лістапада 1940
Кіраўнік Генадзь Мікалаевіч Шатуеў[d][1]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 89,66 %, руская 8,08 %
Размаўляюць дома: беларуская 44,52 %, руская 16,19 %[2]
Насельніцтва (2009)
24 130 чал.[2] (14-е месца)
Шчыльнасць 22,06 чал./км² (10-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 94,76 %,
рускія — 2,62 %,
палякі — 1,55 %,
іншыя — 1,07 %[2]
Плошча 1 093,66[3]
(15-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
143 м[4]
Карэліцкі раён на карце
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Прырода правіць

Большая частка тэрыторыі занята Стаўбцоўскай раўнінай, Нёманскай нізінай, а на захадзе ад ракі Сэрвач — схілы Навагрудскага ўзвышша. Рачная сетка даволі густая. Найбольш буйная рака Нёман з левымі прытокамі Уша і Сэрвач, працякае шмат дробных рачулак. У раёне ёсць некалькі невялікіх азёр, штучных вадаёмаў.

Карысныя выкапні прадстаўлены пясчана-жвіровымі матэрыяламі, пакладамі торфу і жалезнай руды. На тэрыторыі раёна знаходзіцца рэспубліканскі геалагічны заказнік «Міранка», а таксама помнік прыроды рэспубліканскага значэння Смольчыцкія кангламераты.

Гісторыя правіць

Карэліцкі край мае багатае гістарычнае мінулае. Першае згадванне ў летапісах аб Карэлічах і Міры адносіцца да 1395 года. У той час яны ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, затым Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе Карэлічы і Мір апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. З 1921 па 1939 год знаходзіліся пад уладай буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Мяняліся і іх уладальнікі. Спачатку Карэлічы належалі вялікім князям літоўскім, затым перайшлі да буйных магнатаў Чартарыйскіх, ад іх да Радзівілаў, а пасля гэтага — да князёў Вітгенштэйнаў, у час знаходжання ў складзе Польшчы — да графа Жалтоўскага. Далёка за межамі краю ведалі пра габелены, сатканыя на мануфактурах у Карэлічах і Міры. Самыя вядомыя з іх прысвечаны роду Радзівілаў.

15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР утвораны Валеўкаўскі раён з цэнтрам у вёсцы Валеўка. 12 кастрычніка 1940 года раён падзелены на 14 сельсаветаў: Асташынскі, Валеўкаўскі, Варанчэўскі, Велікакосіцкі, Дальняруцкі, Запольскі, Карэліцкі, Малюшыцкі, Машэвіцкі, Міратыцкі, Райцаўскі, Руткевіцкі, Цырынскі, Ятраўскі. 25 лістапада 1940 года цэнтр раёна перанесены ў вёску Карэлічы, раён перайменаваны ў Карэліцкі. З 8 студзеня 1954 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Велікакосіцкі, Міратыцкі і Руткевіцкі сельсаветы, Дальняруцкі сельсавет перайменаваны ў Паланаеўскі, Асташынскі сельсавет — у Кайшоўскі. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Мір, Жухавіцкі, Лукскі, Прылуцкі, Сімакаўскі, Турэцкі, Ушанскі, Ярэміцкі сельсаветы скасаванага Мірскага раёна[5]. 30 красавіка 1958 года вёска Карэлічы атрымала статус гарадскога пасёлка, Карэліцкі сельсавет скасаваны[6]. 2 снежня 1961 года скасаваны Кайшоўскі, Малюшыцкі і Прылуцкі сельсаветы. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Навагрудскага раёна. 6 студзеня 1965 года раён утвораны зноў, уключаў гарадскія пасёлкі Карэлічы, Мір, Варанчэўскі, Жухавіцкі, Запольскі, Зарэцкі, Лукскі, Паланаеўскі, Райцаўскі, Сімакаўскі, Турэцкі, Ушанскі, Цырынскі, Ярэміцкі сельсаветы Навагрудскага раёна. 30 верасня 1968 года Зарэцкі сельсавет перайменаваны ў Баранавіцкі. 21 красавіка 1974 года скасаваны Сімакаўскі сельсавет. 23 ліпеня 1979 года Баранавіцкі сельсавет перайменаваны ў Малюшыцкі, Ушанскі сельсавет скасаваны. 16 сакавіка 1987 года скасаваны Паланаеўскі сельсавет, Запольскі сельсавет перайменаваны ў Красненскі. 21 жніўня 1989 года скасаваны Варанчэўскі сельсавет, які 28 верасня 1995 года адноўлены пад назвай Варанчанскі сельсавет. 4 красавіка 2017 года скасаваны Варанчанскі сельсавет[7].

Насельніцтва правіць

У 161 сельскім населеным пункце і гарпасёлках Карэлічы і Мір пражываюць 28,1 тыс. чалавек (у г.п. Карэлічы — 7,4 тыс., г.п. Мір — 2,5 тыс.).

У раёне пражываюць: беларусы (93,7 %), рускія (3 %), палякі (2 %) і іншыя нацыянальнасці (украінцы, яўрэі, татары).

Гаспадарка правіць

Аснову эканомікі раёна складае сельскагаспадарчая вытворчасць, прадстаўленая 11 сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі, РСУП "Племзавод «Карэлічы», фермерскай гаспадаркай «Ніва+», ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка», прыватным унітарным прадпрыемствам "Птушкафабрыка «Чырвонаармейская».

Землі сельскагаспадарчай вытворчасці займаюць 66,2 тыс.га, у тым ліку ворыва — 39,8 тыс.га, сенажаці — 10,5 тыс.га, паша — 15,5 тыс.га. У сярэднім на адну гаспадарку прыпадае 5095 га сельскагаспадарчых угоддзяў і 3065 га ворыва. У раёне пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы рознага механічнага саставу. Удзельная вага супясчаных і пясчаных глеб складае 71 %, тарфяна-балотных — 10 %, сугліністых — 13 %. Якасная ацэнка сельгасугоддзяў 33,9 бала, ворыва — 38,6 бала.

Раён спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса, збожжа і лёну, з'яўляецца пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па вытворчасці лёну.

У сістэме прадукцыйнай жывёлагадоўлі малочная жывёлагадоўля займае вядучае становішча. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 34,6 тыс. галоў, у тым ліку 9,7 тыс. галоў кароў. Шчыльнасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы на 100 га сельгасугоддзяў складае 50,3, у тым ліку кароў — 14,3. Шчыльнасць свіней на 100 га ворыва 78,5.

Захоўваецца тэндэнцыя нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Павялічваюцца рады клуба даярак 4-7-тысячніц. Вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі садзейнічае ўкараненне новых тэхналогій. Вядзецца рэканструкцыя малочнатаварных ферм з беспрывязным утрыманнем жывёлы, бульдозерным выдаленнем гною, даеннем у даільных залах.

Для аказання дапамогі гаспадаркам раёна па нарыхтоўцы кармоў і ўборцы ўраджаю пры ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка» створаны корма- і збожжаўборачны механізаваны атрад, дзе сканцэнтравана высокапрадукцыйная тэхніка.

Прамысловасць раёна прадстаўлена буйным ільноперапрацоўчым прадпрыемствам ААТ «Карэлічы-Лён», Варанчанскім філіялам РУП «Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод», РУП «Мірскі спіртавы завод», філіялам ААТ «Навагрудскі масларобны камбінат» «Карэліцкі масларобны завод», ПУП «Карэліцкі каапрам».

Будаўнічыя арганізацыі: рамонтна-будаўнічае прадпрыемства РБП-12; МПМК-152. Функцыянуе дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 158.

Транспартная галіна ў раёне прадстаўлена даччыным унітарным прадпрыемствам «Аўтамабільны парк № 8». Ён абслугоўвае 17 прыгарадных і 8 міжгародніх маршрутаў.

Асноўнай гандлёвай арганізацыяй раёна з'яўляецца раённае спажывецкае таварыства, удзельная вага якога ў тавараабароце раёна складае 61 %. Прадпрыемства прадстаўлена 129 гандлёвымі аб'ектамі, з якіх 85 размешчаны ў сельскай мясцовасці, 21 магазін прадуктовы, 14 — прамтаварных, астатнія 79 — магазіны па продажы змешаных тавараў.

Бытавыя паслугі насельніцтву аказвае унітарнае камунальнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва, у склад якога ўваходзяць 2 Дамы быту (г.п. Карэлічы, г.п. Мір), 14 сельскіх комплексных прыёмных пунктаў. Усяго насельніцтву аказваецца 16 відаў паслуг.

У раёне функцыянуюць раённы вузел электрычнай сувязі і раённы вузел паштовай сувязі. Ёсць 2 гарадскія АТС і 16 сельскіх ёмістасцю 9648 нумароў, у разрэзе на 100 чалавек 33,9 тэлефоннага нумара. Насельніцтва абслугоўваюць 20 аддзяленняў сувязі, 73 даставачныя участкі, дзейнічае тэлевізійная кампанія ТАА «Анкор-ТБ». Кабельнае тэлебачанне трансліруе 11 каналаў.

Ахова здароўя правіць

Медыцынскія паслугі аказваюць цэнтральная раённая бальніца на 180 ложкаў, гарпасялковая бальніца (г.п. Мір) на 50 ложкаў, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 2 паліклінікі (г.п. Карэлічы, г.п. Мір), 5 сельскіх урачэбных амбулаторый урача агульнай практыкі, бальніца сястрынскага догляду на 25 ложкаў у в. Лукі. Ёсць таксама 21 фельчарска-акушэрскі пункт, 2 брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, 7 аптэк.

У наваколлі возера Свіцязь размешчаны дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» на 160 месц, паблізу ракі Нёман — дзіцячы спартыўна-аздараўленчы лагер «Алімпіец» на 80 месц.

Адукацыя правіць

Сістэма адукацыі раёна ўключае ўстанову адукацыі «Дзяржаўная гімназія», 15 агульнаадукацыйных школ, 5 комплексаў школа-сад, 12 дзіцячых дашкольных устаноў, вучэбна-вытворчы камбінат у г.п. Мір, Дом пазашкольнай работы, дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячы сацыяльны прытулак. 9 школ, 4 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, 2 школы-сад ажыццяўляюць інавацыйную і эксперыментальную дзейнасць па 12 напрамках.

На тэрыторыі раёна размешчаны два прафесійна-тэхнічныя вучылішчы — вучылішча № 125 будаўнікоў у г.п. Карэлічы і Мірскае дзяржаўнае мастацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных работ, у якіх навучаюцца 421 і 403 навучэнцы адпаведна.

У ПТВ-125 навучанне праводзіцца па спецыяльнасцях: прадавец, аўтакранаўшчык, зваршчык, сталяр, аддзелачнік; у МПТВ-234 — па спецыяльнасцях: сталяр, разьбяр па дрэве; рэстаўратар помнікаў драўлянага дойлідства; мастак размалёўкі па дрэве, інкрустацыя саломкай; рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкага малявання, тынкавальных і ляпных вырабаў; ганчар, вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі.

Культура правіць

Сетка ўстаноў культуры прадстаўлена раённым і гарадскім Домам культуры, Домам рамёстваў, 12 сельскімі Дамамі культуры, Мядзвядкаўскім клубам-музеем, 10 сельскімі клубамі, 15 Дамамі сацыяльных паслуг, раённым краязнаўчым музеем «Зямля і людзі», 2 дзіцячымі музычнымі школамі, 2 школамі мастацтваў, 11 філіяламі музычных школ, 26 бібліятэкамі, 3 клубамі-бібліятэкамі.

Кніжны фонд раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы складае 460 тыс. экзэмпляраў, ім карыстаецца больш як 19 тыс. чалавек. У кожнай бібліятэцы створаны сацыяльна-інфармацыйныя цэнтры, пры цэнтральнай бібліятэцы працуе публічны цэнтр прававой інфармацыі. Для паляпшэння якасці абслугоўвання карыстальнікаў навінкамі літаратуры раённая бібліятэка падключылася да сусветнай інфармацыйнай сеткі Інтэрнэт.

Фізкультура і спорт правіць

Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы ў раёне ёсць 143 спартыўныя збудаванні. Працуюць 47 калектываў фізкультуры. Фізічнай культурай і спортам займаюцца 3 тыс. чалавек. Штогод праводзіцца больш як 50 спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел каля 8 тыс. чалавек.

Дзейнічае Карэліцкая ДзЮСШ.

Выдатныя мясціны правіць

Пад аховай дзяржавы ў раёне знаходзіцца 98 помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку 7 помнікаў археалогіі, 26 — архітэктуры, 36 помнікаў і абеліскаў у месцах пахавання воінаў Савецкай Арміі, партызан, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, 22 сімвалічныя помнікі і знакі.

Палацава-замкавы комплекс 16 ст. ў Міры, які з'яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. З 2000 года замкавы комплекс «Мір» унесены ў Спіс сусветнай культурна-гістарычнай спадчыны ЮНЕСКА. Дзякуючы гэтаму помніку архітэктуры г.п. Мір стаў месцам правядзення ў верасні 2002 года Дня беларускага пісьменства, а з мая 2003 года — Беларускага фестывалю мастацтваў «Мірскі замак». Каля сцен замка праводзяцца рыцарскія турніры, міжнародныя фестывалі мастацтваў.

Старшыні райвыканкама правіць

Вядомыя асобы правіць

На Карэліччыне нарадзіліся: Янка Брыль, Аляксандр Мілюць, Аляксандр Бажко, Уладзімір Калеснік, Вольга Іпатава, Раман Тармола, Анатоль Дзяркач. Сярод мясцовых ураджэнцаў Ігнат Дамейка, вучоны з сусветным імем у галіне прыродазнаўчых навук, першы рэктар універсітэта ў Сант’яга, нацыянальны герой Чылі; Барыс Кіт — акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі; Ян Чачот — беларуска-польскі паэт і фалькларыст. З раёнам цесна звязана творчасць вялікага паэта Адама Міцкевіча. У яго вершах услаўлены возера Свіцязь, вёскі Варонча, Цырын, Плужыны. Карэліччына — радзіма беларускага спевака Пятра Конюха. У Міры Уладзіслаў Сыракомля напісаў свой вядомы верш, які ў далейшым быў перакладзены на рускую мову і стаў папулярнай песняй «Ямшчык». Тут вырас акцёр народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі.

Ураджэнец раёна Герой Савецкага Саюза Уладзімір Зянонавіч Царук, член Баранавіцкага падпольнага абкама партыі, камандзір Стаўбцоўска-Мірскага партызанскага злучэння ў гады вайны, чыім імем названы сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў і краязнаўчы музей у в. Вялікая Вобрына. У раёне жыў і працаваў савецкі і партыйны работнік Павел Арсеньевіч Жалезняковіч.

Іншыя вядомыя асобы:

Зноскі

  1. http://korelichi.grodno.by/ru/rukovodstvo-ru/
  2. а б в Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  5. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідацыі некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 17 снежня 1956 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1956, № 12.
  6. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб пераўтварэнні вёскі Карэлічы, Карэліцкага раёна, Гродзенскай вобласці, у гарадскі пасёлак ад 30 красавіка 1958 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1958, № 4.
  7. Решение Гродненского областного Совета депутатов от 4 апреля 2017 г. № 235 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Кореличского района Гродненской области
  8. Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

Літаратура правіць

  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.