Навагрудскі раён

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Гродзенскай вобласці Беларусі

Навагрудскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года, першапачаткова ўваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці. Падзелены на 10 сельсаветаў. Знаходзіцца на ўсходзе Гродзенскай вобласці. Мяжуе з Карэліцкім, Дзятлаўскім, Лідскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці, Баранавіцкім раёнам Брэсцкай вобласці, Стаўбцоўскім раёнам Мінскай вобласці.

Навагрудскі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Гродзенская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Навагрудак
Кіраўнік Сяргей Аляксандравіч Федчанка[d][1]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 81,39 %, руская 17,39 %
Размаўляюць дома: беларуская 54,9 %, руская 41,93 %[2]
Насельніцтва (2009)
49 107 чал.[2] (6-е месца)
Шчыльнасць 29,45 чал./км² (5-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 89,29 %,
рускія — 4,52 %,
палякі — 4,22 %,
іншыя — 1,97 %[2]
Плошча 1 668,01[3]
(4-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
248 м[4]
Навагрудскі раён на карце
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Паводле археалагічных даследаванняў, Навагрудак узнік у канцы X стагоддзя. За сваю гісторыю горад і рэгіён зведалі перыяды палітычных і культурных уздымаў і заняпадаў.

У сярэдзіне XIII стагоддзя ў Навагрудак з Полацка перамяшчаецца цэнтр палітычнага жыцця і горад становіцца адным з цэнтраў станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

У 1252 годзе князь Міндоўг зрабіў Навагрудак сваёй рэзідэнцыяй, а ў 1253 годзе каранаваўся ў ім, прыняўшы тытул караля. Сын яго Войшалк прадоўжыў палітыку аб’яднання зямель вакол Навагрудка і заклаў моцную аснову новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага.

На працягу многіх стагоддзяў Навагрудак заставаўся адным з самых значных і буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай горад увайшоў у склад Расійскай імперыі. З верасня 1915 года акупаваны войскамі кайзераўскай Германіі, а ў снежні 1918 года заняты Чырвонай Арміяй. З 1919 па 1939 год Навагрудак уваходзіў у склад Польшчы.

 
Навагрудскі раён у складзе Баранавіцкай вобласці. 1940

Навагрудскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 13 сельсаветаў: Бярозаўскі, Ваўковіцкі, Гарадзечненскі, Драчылаўскі, Жданавіцкі, Кашалеўскі, Корастаўскі, Куравіцкі, Метрапольскі, Налібацкі, Пятрэвіцкі, Суляціцкі, Уселюбскі. З 8 студзеня 1954 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Воўкавіцкі, Драчылаўскі, Корастаўскі, Суляціцкі сельсаветы, утвораны Руткаўскі сельсавет, Жданавіцкі сельсавет перайменаваны ў Ладзеніцкі сельсавет. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Любча, Асташынскі, Ацмінаўскі, Вераскаўскі, Галынскі, Зенявіцкі, Купіскі, Лаўрышаўскі, Нягневіцкі, Шчорсаўскі сельсаветы скасаванага Любчанскага раёна[5]. 17 сакавіка 1959 года скасаваны Лаўрышаўскі сельсавет. 15 мая 1959 года вёска Бярозаўка атрымала статус гарадскога пасёлка. 10 ліпеня 1959 года скасаваны Куравіцкі сельсавет, 15 жніўня 1959 года — Галынскі сельсавет, 2 сакавіка 1960 года — Бярозаўскі сельсавет, 18 сакавіка 1960 года — Купіскі сельсавет.

5 сакавіка 1981 года Метрапольскі сельсавет перайменаваны ў Мітрапольскі сельсавет. 17 лістапада 1986 года Руткавіцкі сельсавет перайменаваны ў Ваўковіцкі сельсавет. 22 снежня 1986 года Мітрапольскі сельсавет перайменаваны ў Ладзеніцкі сельсавет. 16 сакавіка 1987 года скасаваны Налібацкі сельсавет. 21 красавіка 1992 года Зенявіцкі сельсавет перайменаваны ў Бенінскі сельсавет. 6 мая 2004 года скасаваны Вераскоўскі сельсавет. 28 лютага 2006 года[удакладніць] Гарадзечненскі сельсавет перайменаваны ў Брольніцкі сельсавет. 25 чэрвеня 2008 года скасаваны Бенінскі і Ятраўскі сельсаветы. 22 жніўня 2017 года Асташынскі сельсавет перайменаваны ў Вераб’евіцкі сельсавет, скасаваны Ацмінаўскі і Ваўковіцкі сельсаветы.

Насельніцтва правіць

У раёне 13 сельскіх саветаў і 1 пасялковы Савет (Любчанскі). Населеных пунктаў — 216 (на пачатак 2006 г.). Буйнейшыя населеныя пункты па колькасці жыхароў: Навагрудак — 30,7 тыс. чал., гарадскі пасёлак Любча — 1,4 тыс. чал., аграгарадок Нягневічы — 1,1 тыс. чал., аграгарадок Уселюб — 0,7 тыс. чал., аграгарадок Шчорсы — 0,6 тыс. чал., вёскі Вераскава, Гарадзечна, Пятрэвічы, Ацмінава — па 0,5 тыс. чал. У 1995 годзе насельніцтва раёна налічвала 30,7 тыс. чал.[6]

Прырода правіць

Большую частку раёна займае Навагрудскае ўзвышша, уздоўж Нёмана — Верхнянёманская нізіна. Карысныя выкапні: 10 радовішчаў сыравіны для вытворчасці цэглы з агульнымі запасамі каля 2 млн куб.м, 3 радовішчы мелу — 0,9 млн т, радовішчы пяску будаўнічага, жвіровай сумесі і торфу.

Па тэрыторыі раёна працякае 47 рэк і 20 ручаёў, іх агульная працягласць складае 527 км, з іх 78 км — р. Нёман.

Пад лясамі занята 41,5 % тэрыторыі раёна, з іх 40,1 % — у дзяржаўным лясным фондзе, пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі — 47,3 %. Агульная плошча лясных угоддзяў 69,4 тыс. га.

Гаспадарка правіць

Праз тэрыторыю раёна праходзяць аўтамабільныя дарогі Нясвіж — Навагрудак — Ліда, Баранавічы — Навагрудак — Іўе, Навагрудак — Наваельня, Навагрудак — Любча.

У раёне 10 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, 1 раённае сельскагаспадарчае унітарнае прадпрыемства, 1 закрытае акцыянернае таварыства, 2 адкрытыя акцыянерныя таварыствы і 1 сельскагаспадарчае рэспубліканскае даччынае унітарнае прадпрыемства, 6 фермерскіх гаспадарак. Раён спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі з развітой збожжавай гаспадаркай і льнаводствам.

Прамысловасць раёна ў 2005 годзе была прадстаўлена 12 прадпрыемствамі, сярод іх 2 адкрытыя акцыянерныя таварыствы, 1 філіял закрытага акцыянернага таварыства, 2 унітарныя прыватныя прадпрыемствы, 1 сумеснае прадпрыемства.

Адукацыя правіць

У горадзе і раёне 20 сярэдніх школ, 1 гімназія, 9 базавых, 6 школ-садоў, 1 пачатковая, школа-інтэрнат, спецшкола-інтэрнат, 19 дашкольных устаноў, 2 навучальна-вытворчыя камбінаты, сацыяльна-педагагічны цэнтр з аддзяленнем дзіцячага прытулку, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтр пазашкольнай работы, цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў, эколага-біялагічны цэнтр.

Акрамя агульнаадукацыйных устаноў, у раёне ёсць УА «Навагрудскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 193» на 150 навучэнцаў, УА «Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж» на 200 навучэнцаў на дзённым аддзяленні і 90 на завочным, УА «Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж» на 270 навучэнцаў на дзённым аддзяленні і 180 на завочным.

Культура правіць

Традыцыйна на Наваградчыне развіваліся ганчарства, салома- і лозапляценне, мастацкая апрацоўка дрэва, ткацтва, вышыўка. Высокі быў узровень кніжнай культура, яго прыклады ілюмінванае Лаврышаўскае Евангелле (цяпер захоўваецца ў Кракаве), Навагрудскі пралаг (цяпер захоўваецца ў Вільні), рукапісны зборнік аповесцяў Уніхоўскіх (цяпер захоўваецца ў Познані), кнігі Любчанскай друкарні XVII ст. Сярод вядомых кніжных збораў бібліятэка Храптовічаў у Шчорсах.

З рэгіёнам звязана жыццё многіх выдатных дзеячаў — паэтаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Вінцэнта Каратынскага, мемуарыста Фёдора Еўлашоўскага, фалькларыста Саламона Рысінскага, мастака Язэпа Драздовіча, фатографа Яна Булгака і іншых.

У Навагрудскім раёне 33 клубныя ўстановы культуры. Працуюць 37 бібліятэк, кніжны фонд налічвае больш за 424,8 тыс. асобнікаў. Працуюць 2 дзіцячыя школы мастацтваў, 1 дзіцячая музычная школа, 1 кінатэатр, 21 кінаўстаноўка, відэасалон, 2 аўтавідэаперасоўкі, відэапракат, 5 музеяў, у тым ліку:

У раёне 8 калектываў са званнем «народны» — цырк раённага Дома культуры; тэатр-студыя ігры «Гульнёвая скарбонка»; ансамбль песні і танца «Свіцязь»; хор ветэранаў вайны і працы «Радасць»; ваенна-гістарычны клуб «Мэта»; ансамбль народных інструментаў «Гумарэска» выкладчыкаў Наваградскай дзіцячай школы мастацтваў; драматычны калектаў «Тэатрал» з Любчы; вакальная група «Рэчанька» з Наваградскай ДзШМ, і 2 калектывы са званнем «ўзорны» — тэатр лялек «Шчарсунок» і хор Наваградскай ДзШМ.

Агулам у раёне 116 калектываў мастацкай самадзейнасці, дзе занята 1609 удзельнікаў, 27 аматарскіх аб’яднанняў з 409 удзельнікамі.

Спорт правіць

Да 1939 года ў Наваградку функцыянаваў футбольны клуб «АКС Навагрудак».

Хуткае развіваўся спорт пасля 2-й сусветнай вайны. Цяпер у горадзе і раёне функцыянуе 4 ДзЮСШ — спецыялізаваная дзіцячая і юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 1, ДзЮСШ № 2, комплексная ДзЮСШ прафсаюзаў і ДзЮСШ СПК «Камунар-агра», у якіх займаецца 1017 навучэнцаў і працуе 26 штатных трэнераў. Перавага аддаецца 6 відам спорту — лёгкай атлетыцы, лыжным гонкам, біятлону, футболу, грэка-рымская барацьбе, коннаму спорту (пераадоленню перашкод). Таксама ў раёне 6 спартыўных секцый і 21 клуб.

Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне функцыянуе 162 спартыўныя збудаванні.

Вядомыя асобы правіць

Ганаровыя грамадзяне правіць

Зноскі

  1. http://novogrudok.grodno-region.by/ru/raisp-ru/
  2. а б в Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  5. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідацыі некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 17 снежня 1956 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1956, № 12.
  6. Беларусь 1995.
  7. Ганаровыя грамадзяне Навагрудскага раёна

Літаратура правіць

  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
  • Алесь Карлюкевіч. Навагрудскія літаратурныя ўзгоркі // Полымя, № 11, 2022, № 1-2, 2023
  • Алесь Карлюкевіч. Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі. — Мн., Звязда, 2023. С. 221
  • Навагру́дскі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 510. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.