Рада Беларускай Народнай Рэспублікі

найвышэйшы кіраўнічы орган БНР

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіраўнічы орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 года дзейнічае на эміграцыі і ёсць адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары. Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасць з радай Усебеларускага з’езда 1917 года і такім чынам з’яўляецца самым старым у свеце «ўрадам у выгнанні».

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі

Парламенцкая сістэма Часовы парламент
Старшыня Івонка Сурвіла
--- выбраны 1997
Дата заснавання 1917
Дзяржава
Вэб-сайт (бел.) (англ.)

Гісторыя дзейнасці ў 1917—1919

правіць

Утварэнне Рады БНР. Першая і Другая Устаўныя граматы

правіць

Рада вядзе свае вытокі ад Рады І Усебеларускага Кангрэса, які адбыўся ў Мінску ў снежні 1917 года і сабраў 1872 дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Нягледзячы на разгон Кангрэса з боку бальшавікоў, дэлегатам атрымалася афіцыйна прызнаць Раду «найвышэйшаю ўстановаю краю», даручыўшы ёй «усю паўнату ўлады на Беларусі».

18 лютага 1918 года пачалося наступленне германскіх войск у Беларусі. У ноч з 18 на 19 лютага 1918 года бальшавіцкае кіраўніцтва Аблвыкамзаха і Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту збегла з Мінску на ўсход. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда змог выйсці з падполля і з турмы былі вызваленыя дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦВБР). На надзвычайным пасяджэнні Выканкома ЦВБР было прынята рашэнне «прапанаваць Выканкому Рады 1-га Усебеларускага з’езда выканаць волю з’езда і ўзяць уладу ў свае рукі». Выканкам Рады Усебеларускага з’езда сабраўся ў доме пісьменніка Ядвігіна. Сваім загадам № 1 ад 19 лютага 1918 года Выканкам абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі»[1].

 
Першы склад Народнага сакратарыяту БНР.

21 лютага 1918 была выдадзеная Першая Устаўная грамата да народаў Беларусі, у якой Выканаўчы камітэт абвясціў сябе часовай уладай Беларусі «для кіравання і склікання, як мага хутчэй, Устаноўчага сойму», а выканаўчую ўладу перадаў Народнаму сакратарыяту Беларусі.

9 сакавіка 1918 года Выканкам Рады Усебеларускага з’езда выдаў Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, паводле якой абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18 сакавіка 1918 года на пленарным пасяджэнні Рада Усебеларускага з’езда была перайменавана ў Раду БНР.

У Раду БНР увайшлі вядомыя дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, у тым ліку:

 
Мінскі гарадскі тэатр, у якім у снежні 1917 г. адбываліся пасяджэнні І Усебеларускага з’езда; яго Выканкам у далейшым быў пераўтвораны ў Раду БНР (сучасны выгляд).

У склад Рады БНР былі кааптаваныя 6 прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады (ВБР):

а таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасцей, земстваў і гарадоў.

Старшынёй Рады БНР стаў былы старшыня Прэзідыума Усебеларускага з’езда Янка Серада.

Па стане на 25 сакавіка 1918 года налічвалася 77 членаў Рады:

  • 36 — абраныя на Усебеларускім з’ездзе,
  • 6 — ад Віленскай беларускай рады,
  • 15 — ад нацыянальных меншасцей (рускай, польскай, яўрэйскай),
  • 10 — ад земстваў,
  • 10 — ад гарадоў.

19 сакавіка 1918 Рада прыняла палажэнне аб вярхоўнай уладзе БНР, у якой абвяшчалася, што ніводзін закон не будзе мець сілы без зацвярджэння яго Радай БНР.

У складзе Рады дзейнічалі камісіі, у перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі працаваў Прэзідыум Рады БНР. З шэрагаў членаў Рады БНР фарміраваўся Урад БНР.

Трэцяя Устаўная грамата

правіць

У 1918 годзе ў Радзе існавалі 2 плыні: аўтанамісцкая і незалежніцкая.

Аўтанамісты (прадстаўнікі земстваў, гарадоў, рускай, часткова яўрэйскай нацыянальных меншасцей і некаторыя члены БСГ на чале з М. Краўцовым) выступалі за аўтаномны статус Беларусі ў складзе Расіі. Яны прытрымліваліся рэзалюцыі Усебеларускага з’езда, паводле якой Беларусь павінна была застацца аўтаномнай адзінкай з рэспубліканскім ладам у складзе Расіі.

Незалежнікі выступалі за поўны дзяржаўны суверэнітэт Беларусі. Да незалежніцкай плыні належалі беларускія сацыялісты Язэп Лёсік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя на чале са старшынёй фракцыі БСГ Аркадзем Смолічам. Іх пазіцыі ўзмацніліся пасля прыезду з Вільні ў Мінск Антона Луцкевіча, Івана Луцкевіча і Янкі Станкевіча.

У ноч на 25 сакавіка 1918 года Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату. Напярэдадні да незалежнікаў далучылася група Краўцова. Супраць незалежнасці БНР прагаласавалі члены Рады ад Бунда, гарадоў і земстваў, сярод якіх пераважалі прадстаўнікі агульнарасійскіх Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (меншавікоў) і партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У знак пратэсту супраць абвяшчэння незалежнасці 9 прадстаўнікоў земстваў пакінулі пасяджэнне Рады. Пры галасаванні ўстрымаліся члены Рады ад Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі (АЯСП) і Паалей-Цыёна. Пазней прадстаўнікі АЯСП далучыліся да большасці.

27 сакавіка 1918 года Рада абвясціла, што бярэ на сябе ўсю паўнату ўлады ў Беларусі. Нямецкія акупанты ў адказ разагналі Раду і Народны сакратарыят. У пачатку красавіка 1918 дзейнасць Народнага сакратарыята была забаронена.

12 красавіка 1918 года склад Рады папоўнілі 15 правых дзеячаў, членаў «Менскага беларускага прадстаўніцтва», у тым ліку

Па меры таго, як Першая сусветная вайна набліжалася да канца і стала зразумелым, што на землі, якія знаходзіліся пад нямецкім кантролем, прыйдуць бальшавікі, вакол Рады зноў пачалі групавацца антыбальшавіцкія сілы. У канцы верасня ў склад Рады ўвайшлі прадстаўнікі мінскага праваслаўнага духавенства і мінскага праваслаўнага брацтва (10 чал.), польскай нацыянальнай меншасці (4), партыі кадэтаў (4), яўрэйскай меншасці, прафесійных арганізацый.

11 лістапада Рада зацвердзіла Часовую Канстытуцыю БНР і перайменавала Народны сакратарыят у Раду Народных Міністраў Беларускай Народай Рэспублікі, на чале якой стаў Антон Луцкевіч.

Ад’езд з Мінска

правіць

Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі Віленская беларуская рада па даручэнні Луцкевіча дасягнула дамоўленасці з Літоўскай Тарыбай аб пераездзе Рады і ўрада БНР у Вільню. Апошняе пасяджэнне Рады БНР у Мінску адбылося 28 лістапада 1918, на якім прынята Грамата з заклікам ствараць беларускія рады сялянскіх і рабочых дэпутатаў. 3 снежня 1918 Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а 27 снежня 1918 — у Гродна.

Рада БНР у эміграцыі

правіць

З 1919 г. па 1945 г.

правіць

У красавіку 1919 года польская армія заняла Вільню і Гродна. Прадстаўнікі Рады БНР усталявалі кантакты і вялі перамовы з польскім кіраўніцтвам і асабіста Юзафам Пілсудскім. У выніку гэтага Рада зрабілася арэнай жорсткіх дэбатаў што да стасункаў з польскімі ўладамі, што нават вылілася ў яе часовы раскол. Польскія акупацыйныя ўлады падверглі лідараў Рады рэпрэсіям. У турму трапілі Ластоўскі, Бадунова, Грыб і Мамонька; Захарка і Крачэўскі былі вымушаны эміграваць у Германію. Пасля вызвалення Ластоўскага і іншых Прэзідыум Народнай рады сабраўся ў Рызе. У снежні 1919 г. Старшынёй Рады БНР быў абраны Пётр Крачэўскі. Да пачатку 1921 года раскол Рады быў пераадолены.

Адначасова з гэтым на працягу 1920 года Рада БНР вядзе перамовы аб прызнанні з боку РСФСР. У чэрвені дэлегацыя БНР мае сустрэчу з Георгіем Чычэрыным, міністрам замежных спраў РСФСР.

Пасля заключэння 11 жніўня 1920 года мірнага дагавора паміж Латвіяй і РСФСР Рада БНР як антысавецкая арганізацыя не магла заставацца ў Рызе. У лістападзе 1920 года БНР заключае дамову аб узаемным прызнанні з Літоўскай Рэспублікай, што дало магчымасць Прэзідыуму Рады БНР пераехаць у Коўна (Каўнас).

У пачатку 1920-х гадоў кіраўніцтва Рады і ўрад БНР базаваліся ў Коўне і падтрымлівалі найбольш шчыльныя сувязі з урадам Літоўскай Рэспублікі. Тэрыторыя ЛР служыла базаю для партызанаў, якія пры падтрымцы ўладаў БНР вялі антыпольскую партызанскую барацьбу ў Заходняй Беларусі, што знаходзілася ў складзе Польшчы. 7 лютага 1921 года Урад БНР склаў Мемарандум на адрас Папы Рымскага Бенедыкта XV. У гэтым дакуменце беларускі ўрад крытыкаваў польскія касцёльныя ўлады за актыўную палітычную і нацыяналістычную агітацыю, якую палякі-ксяндзы праводзілі сярод беларускіх каталікоў, а таксама прапанаваў пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў касцёле на Беларусі ў інтарэсах беларускіх вернікаў[2].

У 1921 года на арганізаванай Радай БНР у Празе Нацыянальна-палітычнай нарадзе быў асуджаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога тэрыторыя Беларусі дзялілася паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Рада БНР была прызнаная як галоўны беларускі прадстаўнічы орган.

У выніку супярэчнасцей унутры ўрада БНР па тэме тэрытарыяльных саступак Літоўскай Рэспубліцы ў лістападзе 1923 г. Прэзідыум Рады пераехаў з Коўны ў Прагу.

Рада БНР працягвала кантакты з Лігай Нацый, урадамі замежных краін. Намаганнямі членаў Рады ў Чэхіі былі арганізаваныя стыпендыі для беларускіх студэнтаў.

Новая эканамічная палітыка, беларусізацыя, узбуйненне БССР, а таксама амністыя былым праціўнікам савецкай улады, прынятая ў 1923 годзе, парадзілі ў эмігранцкіх колах прасавецкія настроі. У 1925 годзе Аляксандр Цвікевіч і яго аднадумцы склікалі ў Берліне Другую Усебеларускую канферэнцыю, якая прыняла рэзалюцыю аб прызнанні Мінска адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. Пасля канферэнцыі шэраг членаў Рады БНР выехаў ў БССР (большасць у выніку была рэпрэсавана), але Прэзідыум Рады БНР не прызнаў рашэнні канферэнцыі.

 
Васіль Захарка, Прэзідэнт Рады БНР у 1928—1943 гг.

Пасля смерці Пятра Крачэўскага ў 1928 годзе яго паўнамоцтвы Старшыні Рады БНР перайшлі да Васіля Захаркі. У 1930-я гады назіраецца згасанне актыўнасці Рады БНР. У 1939 годзе Васіль Захарка накіраваў пратэст прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі супраць пагаднення з СССР, паводле якога Вільня пераходзіла са складу БССР у склад Літоўскай Рэспублікі. Перад сваёй смерцю ў 1943 годзе Захарка перадаў паўнамоцтвы Старшыні Рады БНР Міколе Абрамчыку. Сакратаром Рады БНР стала Ларыса Геніюш.

Падчас Другой сусветнай вайны асноўныя органы Рады БНР працягвалі заставацца ў Празе.

Калі высветлілася, што немцы не гатовыя стварыць беларускую ўладу, а беларусам у будучыні адводзіцца месца выканаўцы загадаў нямецкага кіраўніцтва, Васіль Захарка спыніў супрацоўніцтва з немцамі і стаў у сваіх артыкулаў іх востра крытыкаваць[3]. Рада БНР не прызнае законным Другі Усебеларускі кангрэс, а таксама Беларускую цэнтральную раду[4]. Пад канец вайны па меры наступу савецкіх войскаў Рада была вымушана пераехаць у заходнюю частку Германіі, каб пазбегнуць арышту і захопу архіваў з боку савецкіх органаў.

Пасля Другой сусветнай вайны

правіць

Пасляваенная хваля палітычных уцекачоў з Беларусі папоўніла шэрагі Рады БНР і актывізавала яе працу. Яна стала кропкай прыцягнення для беларускіх эмігрантаў, якія не жадалі супрацоўнічаць з Беларускай цэнтральнай радай, якая была ўтвораная ў Мінску ў 1944 годзе пры падтрымцы нямецкіх акупантаў і якая таксама разгарнула сваю дзейнасць у выгнанні.

29 снежня 1947 года ў Остэргофене (Германія), на сходзе, прысвечаным 30-й гадавіне І Усебеларускага з’езду, было афіцыйна абвешчана пра аднаўленне дзейнасці Рады БНР на чале з Міколам Абрамчыкам. У склад адноўленай Рады ўвайшлі 72 члены.

У лютым 1948 года Рада спецыяльным маніфестам абвясціла аб аднаўленні сваёй дзейнасці і вернасці 3-й Устаўнай грамаце, у красавіку 1948 года Мікола Абрамчык быў абраны Прэзідэнтам Рады БНР. У снежні 1948 года быў зацверджаны Статут Рады БНР, у якім падкрэслівалася, што Рада на чале з яе прэзідэнтам з’яўляецца «адзіным паўнапраўным прадстаўніцтвам суверэнных правоў беларускага народа» і будзе заставацца ім «да часу вольных выбараў у незалежнай БНР канстытуцыйных заканадаўчых органаў». У сярэдзіне 1950-х гадоў у складзе Рады БНР налічваліся 142 члены.[5]

У гады «халоднай вайны» Рада БНР займалася беларускай асветніцкай і лабісцкай працай на Захадзе, пашыраючы інфармацыю пра Беларусь як самастойную краіну і аргументуючы неабходнасць падтрымкі незалежнасці Беларусі ва ўладных колах ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін.[6] Рада актыўна ўзаемадзейнічала і каардынавала сваю дзейнасць з арганізацыямі, якія прадстаўлялі ў эміграцыі іншыя народы СССР. У прыватнасці, Прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык у 1950-х — 60-х гадах узначальваў міжнародную Лігу за вызваленне народаў СССР.

Пры непасярэдным удзеле Рады БНР у 1954 годзе была створана Беларуская служба Радыё «Свабода».

У канцы 1980-х гадоў Рада звярнулася да сусветнай супольнасці з заклікам дапамагчы Беларусі ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, яе члены займаліся зборам дапамогі пацярпелым раёнам Беларусі.

Галоўнай кватэрай Рады БНР з’яўляліся Парыж (да 1970), Таронта (да 1983), Нью-Ёрк.

Паслясавецкі час

правіць
 
Івонка Сурвіла, 8-я старшыня Рады БНР

У пачатку 1990-х гадоў дзеячы Рады БНР уступілі ў кантакты з афіцыйнымі структурамі Рэспублікі Беларусь, якая набыла незалежнасць у 1991 годзе. У 1993 годзе ў Мінску на афіцыйным узроўні адбылося святкаванне 75-годдзя абвяшчэння БНР з удзелам кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і Рады БНР.

Вялася падрыхтоўка да перадачы Радай сваіх паўнамоцтваў на карысць парламента незалежнай Беларусі, але на тым этапе яна не магла перадаць іх Вярхоўнаму Савету 12 склікання, спасылаючыся на тое, што яго фармаванне адбылося пры савецкай уладзе і таму не магло лічыцца вынікам свабодных выбараў[6].

Далейшыя палітычныя змены ў Беларусі адклалі перадачу паўнамоцтваў Рады на нявызначаны тэрмін. Пасля таго, як улады Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі скасавалі статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і змянілі дзяржаўныя сімвалы, Рада БНР пачала выступаць з пратэстамі супраць палітыкі афіцыйнага Мінска.

Пасля 1994 года Рада папоўніла свае шэрагі за кошт новай хвалі палітычных эмігрантаў і выступае з рэзкай крытыкай у адрас дзеючай у Беларусі ўлады.

Кіраўніцтва Рады БНР перыядычна мае сустрэчы з прадстаўнікамі ўрадаў заходніх краін[7][8], Старшыня Рады рэгулярна выступае з афіцыйнымі заявамі што да актуальнай сітуацыі ў Беларусі.

Прадстаўнікі Рады БНР працягваюць падкрэсліваць, што Рада бачыць сябе ў якасці надпартыйнай структуры і мае перадаць свае паўнамоцтвы дэмакратычна сфарміраванай беларускай уладзе пры адсутнасці пагрозы незалежнасці Беларусі[6].

У 2018 годзе быў зацверджаны медаль у гонар стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён «уручаецца за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйсненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі»[9].

У чэрвені 2023 года стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь абвясціў Раду экстрэмісцкім фарміраваннем[10].

Функцыі і структура Рады

правіць

Паводле Другой Устаўнай граматы і Часовай Канстытуцыі Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР з’яўлялася часовай вышэйшай заканадаўчай установаю ў Беларусі. Ёй належала права прымаць законы, зацвяржаць урад (Народны сакратарыят, потым — Рада народных міністраў БНР) да моманту правядзення Устаноўчага сойма, які мусіў бы вызначыць далейшы канстытуцыйны лад Беларусі.

Фракцыя Беларускай сацыяілістычнай грамады (БСГ), якая дамінавала ў першапачатковым складзе Рады, ускладала на яе функцыі парламента. Антон Луцкевіч у 1928 годзе характарызаваў яе як «перадпарламент».

Пасля эміграцыі мэты дзейнасці і функцыі Рады БНР былі перафармуляваныя і палягаюць у прадстаўніцтве беларускага народа на міжнароднай арэне да моманту фарміравання дэмакратычна абранай улады ў Беларусі. Склад Рады БНР фармуецца перадусім з актывістаў арганізацый беларускай дыяспары дэмакратычнага і незалежніцкага кірунку[11].

Рада ўзначальваецца Старшынёй Рады БНР. У складзе Рады функцыянуюць Сакратарыяты па розных кірунках працы, сярод якіх:

  • Сакратарыят вонкавых спраў
  • Сакратарыят унутраных спраў
  • Сакратарыят адукацыі
  • Сакратарыят інфармацыі

а таксама дзейнічае скарбнік і Камітэт архіўных спраў[11]

Старшыні (Прэзідэнты) Рады БНР

правіць
Партрэт Імя Дата нараджэння Дата смерці Пачатак праўлення Заканчэнне праўлення
 
Ян Серада 1 мая 1879 пасля 19 лістапада 1943 9 сакавіка 1918 14 мая 1918
 
Язэп Лёсік 6 лістапада 1883 1 красавіка 1940 14 мая 1918 13 снежня 1919
 
Пётра Крачэўскі 7 жніўня 1879 8 сакавіка 1928 13 снежня 1919 8 сакавіка 1928
 
Васіль Захарка 1 красавіка 1877 14 сакавіка 1943 8 сакавіка 1928 6 сакавіка 1943
 
Мікола Абрамчык 16 мая 1903 29 мая 1970 29 снежня 1947 29 мая 1970
 
Вінцэнт Жук-Грышкевіч 10 лютага 1903 14 лютага 1989 29 мая 1970 27 лістапада 1982
 
Язэп Сажыч 5 верасня 1917 19 лістапада 2007 27 лістапада 1982 31 жніўня 1997
 
Івонка Сурвіла 11 красавіка 1936 31 жніўня 1997

Удзельнікі Рады БНР

правіць

Сучасны Прэзідыум Рады БНР

правіць

Паводле[12]:

Выбітныя дзейныя і мінулыя радныя БНР

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

правіць
  1. 100 гадоў таму, 19 лютага 1918 года, у Мінску ўпершыню залунаў бел-чырвона-белы сцяг // nashaniva.by 19 лютага 2018
  2. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі = Archives of the Belarusian democratic republic / Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства; [Уклад., падрыхт. тэксту, уступ. арт., камент., пер., паказ. С. Шупы]. Т. 1: У 2-х кн. Кн. 2: Фонд N 582 Дзяржаўнага архіва Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі»). — Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага: Беларускі інстытут навукі й мастацтва — Таварыства беларускага пісьменства — «Наша ніва», 1998. — 851—1721: іл. с. — С. 1030—1035. — (Bibliographic series; № 4). — ISBN 9986-9219-3-7.
  3. Гардзіенка А.: Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): стварэнне — дзейнасць — заняпад (1943—1995). / Мінск, 2016. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны). С. 39.
  4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 390.
  5. Максімюк, Я. Аднаўленне Рады БНР пасля Другой Сусветнай вайны // Запісы = Zapisy. — 2001. — № 25. — С. 41 — 48.
  6. а б в Навошта нам Рада БНР: інтэрв’ю з членам Рады (пачатак)
  7. Шварцэнберг — Сурвіле: Візы тармозіць не ЕС, а Мінск
  8. Эстонія падтрымлівае беларускую апазіцыю
  9. radabnr.org
  10. Рада БНР выдала заяву з нагоды ўключэння яе ў спіс „экстрэмісцкіх фармаванняў”(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 9 чэрвеня 2023. Праверана 14 чэрвеня 2023.
  11. а б Навошта нам Рада БНР: інтэрв’ю з членам Рады (працяг)
  12. Афіцыйны сайт Рады БНР — Дзейсная Рада

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 203. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  • Анатоль Сідарэвіч. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 46. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск: [б.в.], 2009.
  • Гардзіенка Н., Юрэвіч Л. Рада БНР (1947—1970). Падзеі. Дакументы. Асобы. — Мінск: Кнігазбор, 2013.
  • Гардзіенка Н., Юрэвіч Л. Рада БНР (1970—1982). Падзеі і дакументы. — Мінск: Кнігазбор, 2014.
  • Гардзіенка Н., Юрэвіч Л. Рада БНР (1982—1997). Падзеі. Дакументы. Асобы. — Мінск: Кнігазбор, 2015.

Спасылкі

правіць
 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі