Рада Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі
Ра́да Наро́дных Міні́страў Белару́скай Наро́днай Рэспу́блікі — выканаўчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі. Сфармаваная Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў адпаведнасці з Часовай Канстытуцыяй БНР ад 11 лістапада 1918 года замест Народнага сакратарыята Беларусі. Называлася таксама Радай Міністраў.
Рада Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі | |
---|---|
скарочана — Рада Міністраў БНР | |
Агульная інфармацыя |
|
Дата стварэння | 11 лістапада 1918 |
Папярэдняе ведамства | Народны Сакратарыят Беларусі |
Дата скасавання | 21 чэрвеня 1948 |
Гісторыя
правіцьУ склад 1-й Рады Народных Міністраў, якая была пятым урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (4), Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (2), Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (1): Антон Луцкевіч (старшыня і міністр замежных спраў), Аркадзь Смоліч (намеснік старшыні і міністр земляробства), Вацлаў Іваноўскі (міністр асветы), Кузьма Цярэшчанка (кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў), Аляксандр Цвікевіч (міністр юстыцыі), Васіль Захарка (міністр без партфеля (кіраўнік фінансаў), пазней — намеснік старшыні[1]), Лявон Заяц (дзяржаўны кантралёр). 22 лістапада ў склад Рады Народных Міністраў прынятыя Язэп Варонка (міністр без партфеля, адказны за нацыянальныя справы і дзяржаўнае пісарства) і Тамаш Грыб (міністр без партфеля)[2][3].
Раскол
правіць13 снежня 1919 года адбыўся раскол Рады БНР на Народную раду БНР (неафіцыйная назва, афіцыйна заставалася Радай БНР) і Найвышэйшую раду БНР. Найвышэйшая Рада пацвердзіла паўнамоцтвы Антона Луцкевіча. У склад кабінета ўваходзілі сацыял-дэмакраты Аркадзь Смоліч і Кузьма Цярэшчанка. У сувязі з перашкодамі, якія чынілі дзейнасці польскія акупацыйныя ўлады, 28 лютага 1920 года Антон Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Найвышэйшай Рады і выехаў у Вільню. Больш свой урад Найвышэйшая рада не фармавала. 20 кастрычніка 1920 года на Нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Рызе Кузьма Цярэшчанка склаў паўнамоцтвы Найвышэйшай Рады і прызнаў Народную Раду адзіным паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа.
Шостым урадам БНР лічыцца Рада Народных Міністраў, створаная 13 снежня 1919 года Народнай Радай. У склад гэтага кабінета ўваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і БПС-Ф: Вацлаў Ластоўскі (старшыня), Яфім Бялевіч (міністр фінансаў), Тамаш Грыб (міністр унутраных спраў), Клаўдзій Дуж-Душэўскі (дзяржаўны сакратар), Яўген Ладноў (міністр замежных спраў), Лявон Заяц (дзяржаўны кантралёр), Аляксандр Цвікевіч (намеснік старшыні, міністр юстыцыі). Праз 3 дні пасля стварэння ўрада яго старшыня Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі на 2 месяцы.
У эміграцыі
правіцьПа вызваленні Вацлава Ластоўскага, сябры кабінета, а таксама Прэзідыума Народнай Рады Палута Бадунова і Язэп Мамонька, выехалі ў Рыгу. Туды ж пераехалі старшыня Народнай Рады Пётра Крачэўскі і яго намеснік Васіль Захарка, якія ў студзені 1920 года мусілі пакінуць Беларусь і жыць у Германіі. У верасні 1920 года міністрам фінансаў замест Бялевіча стаў Аляксандр Вальковіч. Пазней міністрам замежных спраў замест Ладнова прызначаны Цвікевіч. У сувязі з заключэннем паміж Латвіяй і РСФСР мірнага дагавора латвійскі ўрад не мог даваць прытулак органам БНР.
У лістападзе 1920 года Рада Народных Міністраў пераехала ў сталіцу Літвы Коўна (Каўнас). На Першай Усебеларускай канферэнцыі 1921 года ў Празе, якая праходзіла 25—28 верасня, Рада Народных Міністраў была прызнаная адзіным законным органам выканаўчае ўлады ў Беларусі. 20 траўня 1922 года пачаўся ўрадавы крызіс у сувязі з тым, што на Генуэзскай канферэнцыі 1922 года па эканамічных і фінансавых пытаннях Ластоўскі і Цвікевіч прызналі права Літоўскай Рэспублікі на Вільню і Віленскі край.
11 кастрычніка 1922 года быў створаны сёмы ўрад БНР — Дзяржаўная калегія на чале з Пётрам Крачэўскім. 20 красавіка 1923 года Вацлаў Ластоўскі і Клаўдзій Дуж-Душэўскі выйшлі з гэтага органа. 20 жніўня 1923 года сфармаваны восьмы ўрад. У новую Раду Народных Міністраў БНР увайшлі Аляксандр Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Язэп Варонка (міністр асветы, неўзабаве выехаў у ЗША), Васіль Захарка (в. а. міністра фінансаў), Лявон Заяц (дзяржаўны кантралёр) і Уладзімір Пракулевіч (дзяржаўны пісар). Аднак гэты кабінет не лічыцца паўнамоцным, паколькі ў пратаколе аб’яднанага сходу Прэзідыума Рады БНР і ўрада адсутнічаюць подпісы сябраў Прэзідыума Палуты Бадуновай, Язэпа Мамонькі, і Навума Козіча. Рада Народных Міністраў была сфармаваная не пастановай Прэзідыума Рады БНР, яе склад прыняты «да ведама».
У сувязі з пагаршэннем адносін паміж беларускай палітычнай эміграцыяй і ўрадам Літвы 11 лістапада 1923 года Прэзідыум Рады БНР і ўрад пераехалі ў Прагу. Паражэнне партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, які падтрымлівалі ўрады Ластоўскага і Цвікевіча, з аднаго боку, пэўныя поспехі новай эканамічнай палітыкі, беларусізацыі і ўзбуйненне БССР, з другога, нарадзілі ў асяроддзі беларускай палітычнай эміграцыі прасавецкія настроі. Аляксандр Цвікевіч выношваў ідэю стварэння альтэрнатыўнага Радзе БНР цэнтра эміграцыі. Пра ягоныя планы стала вядома ў савецкім Менску. Кіраўніцтва КП(б)Б, якое мела на мэце раздрабніць палітычную эміграцыю, уступіла ў кантакт з «групай Цвікевіча» і схіліла яго да роспуску ўрада БНР. Дзеля гэтага была запланаваная Другая Усебеларуская канферэнцыя ў Берліне. Перад канферэнцыяй Рада Народных Міністраў абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць». Такім чынам, Рада Народных Міністраў перастала існаваць. Аднак Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка не прызналі правамоцнымі акты Рады Народных Міністраў БНР.
Пасля канферэнцыі ў Берліне старшынёй Рады Народных Міністраў БНР стаў Васіль Захарка. У 1928—1943 гадах ён спалучаў гэтую пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сакавіка 1943 года да сакавіка 1946 года старшынёй Рады БНР і Рады Народных Міністраў БНР быў Мікола Абрамчык. З 21 чэрвеня 1948 года Рада Народных Міністраў БНР не фарміравалася.
Зноскі
- ↑ Міхалюк Д. 2015, с. 291.
- ↑ Архівы БНР 1998, с. 302.
- ↑ Архівы БНР 1998, с. 303.
Літаратура
правіць- Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Том 1. Кніга 1 / Сяргей Шупа. — Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Таварыства беларускага пісьменства. Наша Ніва, 1998. — ISBN 9986-9219-2-9.
- Рада Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 48
- Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.