Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў

Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) — палітычная партыя ў 19181921.

Аформілася ў ліпені 1918 г. у выніку распаду Беларуская сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс. прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, заможнага сялянства, служачых. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А. Аўсянік, Я. Я. Варонка, К. Б. Езавітаў, В. І. Захарка, П. А. Крачэўскі, І. М. Серада, А. І. Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газета «Бацькаўшчына». Асноўнае ядро партыі складалі цэнтрысцкія элементы БСГ. Займала цэнтрысцкія пазіцыі. У пачатку 1919 «Бацькаўшчына» пісала, што «цяперашняя партыя БПС-Ф адрозніваецца тым ад іншых партый, што праводзіць палітыку і строіць рэальную работу такім чынам, каб барацьба за нацыянальнае не перашкаджала дасягненням сацыяльным і каб мэты сацыяльныя не заміналі справам нацыянальным». У беларускім палітычным руху БПС-Ф знаходзілася як бы ў цэнтры, на перыферыі справа была Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), злева — Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р, партыя беларускіх эсэраў). БПС-Ф настойліва імкнулася звесці гэтыя 2 крайнія флангі беларускага палітычнага руху на агульную глебу адначасовага вырашэння сацыяльных і нацыянальных праблем. Аднак ва ўмовах грамадзянскай вайны, калі класавыя супярэчнасці вельмі абвастрыліся, БПС-Ф не ўдалося ўкараніць цэнтрызм у практыку палітычнай барацьбы. У канцы 1919 яна і сама прымкнула да левага курсу партыі беларускіх эсэраў, якія рабілі стаўку на «трэці шлях» у рэвалюцыі. Сэнс яго заключаўся ў барацьбе за незалежнасць беларускай дзяржаўнасці.

У эканамічнай сферы БПС-Ф заняла пазіцыю сацыял-дэмакратаў і заявіла, што ў аснову свайго светапогляду і тактыкі яна ставіць інтарэсы і імкненні працоўных мас. Пры гэтым яна адмяжоўвалася ад класавага падыходу — рэвалюцыйнага насілля, палітычных рэпрэсій і інш. У жніўні 1918 ЦК БПС-Ф зацвердзіў «палітычную платформу», якая стала па сутнасці першым праграмным дакументам партыі. У сацыяльна-эканамічнай сферы праграмныя патрабаванні зводзіліся да вызвалення Беларусі ад буйных землеўласнікаў шляхам канфіскацыі іх уладанняў і стварэння на гэтай аснове «беларускага нацыянальнага зямельнага фонду», да ўзняцця на належную вышыню прамысловай вытворчасці і паступовым яе пераходзе ў рукі беларускага працоўнага народа.

У нацыянальным пытанні БПС-Ф падтрымлівала абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак палітычная лінія партыі не супадала ў нацыянальным пытанні з імкненнямі правага крыла беларускага палітычнага руху. Большая частка членаў ЦК БПС-Ф не падтрымлівала нямецкую арыентацыю Рады БНР і разам з эсэраўскай фракцыяй спрабавала змяніць яе палітычны курс. У сваёй праграмнай заяве БПС-Ф адмовілася ад увядзення ў абсалют права нацый на самавызначэнне і не абсалютызавала незалежнасць БНР. У 1918 у яе праграмных дакументах праводзілася думка пра неабходнасць рэалізацыі канцэпцыі федэралізму, прынятай Усебеларускім з'ездам 1917 у Мінску. Але абвешчаныя з'ездам палажэнні ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва былі падменены ЦК БПС-Ф абстрактнай ідэяй «федэрацыі з суседзямі». На думку лідара партыі Цвікевіча, акцыя 25 сакавіка 1918, якая абвясціла незалежнасць БНР ад Савецкай Расіі, была спробай «адмежавацца ад Вялікарасіі і яе неразумнага ўрада, абвясціць сябе самастойнай дзяржавай і тым самым выратаваць будучае адзінага беларускага народа».

У першых праграмных дакументах ЦК БПС-Ф схіляўся да рэфармісцкага шляху будаўніцтва новага грамадства. Паводле зместу сваёй дзейнасці партыя адлюстроўвала нацыянальна-дэмакратычныя імкненні беларускай інтэлігенцыі, якая ў той ці іншай ступені была звязана з сялянствам. Як нацыянал-дэмакратычная партыя БПС-Ф імкнулася перш за ўсё рэалізаваць задачы дэмакратычнага характару. На першым месцы ў яе дзейнасці стаялі нацыянальнае і аграрнае пытанні. БПС-Ф знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў і не падтрымлівала іх тактыку рэвалюцыйнага націску ва ўмовах нямецкай акупацыі. Яна фарміравалася як партыя парламенцкага тыпу і таму з моманту ўзнікнення канцэнтравала сваю дзейнасць галоўным чынам у Радзе БНР (створана ў сакавіку 1918), якая спрабавала арганізавацца на ўзор буржуазнага парламента. Яе фракцыя вымушана была часта блакіравацца з левым крылом Рады — беларускімі эсэрамі, якія патрабавалі ад апошняй адмовы ад нямецкай арыентацыі. Тым не менш кіраўніцтва БПС-Ф не праявіла паслядоўнасці ў гэтым ключавым пытанні і да восені 1918 падтрымлівала розныя формы супрацоўніцтва Рады з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. Адзін з лідараў БПС-Ф Варонка, які з'яўляўся старшынёй Народнага сакратарыята БНР, падпісаў 12 чэрвеня 1918 дэкрэт, дзе ўсе дэкрэты Савецкай улады прызнаваліся для Беларусі несапраўднымі. У гэтым дакуменце падкрэслівалася таксама, што «ў далейшым да ўстанаўлення законаў Беларускай Народнай Рэспублікі ўсім арганізацыям і ўрадавым установам карыстацца законамі часовага былога ўрада (Керанскага) і ажыццяўляць свае акты імем часовага беларускага ўрада». У выніку аб'ектыўных прычын БПС-Ф не сфарміравалася ў партыю парламенцкага тыпу, не стала ў поўным сэнсе і сацыял-дэмакратычнай партыяй. На Беларусі для развіцця сацыял-дэмакратыі не было неабходнай сацыяльнай базы, у першую чаргу развітога сярэдняга гарадскога класа, рабочай арыстакратыі. Восенню 1918 у час адыходу германскіх войск з тэрыторыі Беларусі БПС-Ф у кааліцыі з беларускімі эсэрамі абвясціла лозунг барацьбы супраць двух акупантаў — Германіі і Савецкай Расіі.

У сумеснай з эсэрамі дэкларацыі ЦК БПС-Ф заявіў, што партыя будзе дамагацца незалежнасці БНР пры апоры на «ўласныя сілы беларускага працоўнага народа». БПС-Ф, як і іншыя беларускія нацыяналь-дэмакратычныя партыі, якія лічылі сябе прыхільнікамі «трэцяй сілы», спрабавала дамовіцца з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй пра перадачу «законным» шляхам улады ў Беларусі Радзе БНР, дзейнасць якой у канцы 1918 была перанесена ў Гродна. Пасля няўдалых перагавораў з нямецкай адміністрацыяй ЦК БПС-Ф паспрабаваў тайна дамовіцца пра сумесныя дзеянні з рэгенцкім саветам Каралеўства Польскага, створаным пад эгідай германскага ўрада. Аднак у разлікі рэгенцкага савета не ўваходзіла адраджэнне польскай дзяржавы ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды б увайшлі ўсе беларускія землі. ЦК БПС-Ф асудзіў гэтыя намеры польскага кіраўніцтва. Лідары БПС-Ф адмовіліся ад супрацоўніцтва і з бальшавікамі. ЦК БПС-Ф, застаючыся прыхільнікам ідэі БНР, не прызнаў і абвешчаную бальшавікамі 1 студзеня 1919 Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). Кіраўніцтва партыі заявіла, што ССРБ не можа быць у дастатковай ступені незалежнай і таму ў юрыдычным сэнсе не з'яўляецца дзяржавай у агульнапрынятым значэнні.

Ва ўмовах вострага палітычнага процістаяння з бальшавікамі БПС-Ф на сваім з'ездзе ў Гродне 5 студзеня 1919 прыняла праграму, у якой была пацверджана прыхільнасць да сацыялістычнай арыентацыі. Праграма вызначала партыю сацыялістаў-федэралістаў як «партыю беларускую і сацыялістычную». Гэтым падкрэслівалася яе нацыянальная прыналежнасць і канчатковая мэта дзейнасці. Зыходнай канцэпцыяй праграмы стала прызнанне несправядлівасці капіталістычнага ладу, і таму яна ў справах эканамічных мела на мэце весці «барацьбу супраць усякай эксплуатацыі, ад каго б яна не зыходзіла — ад чалавека, грамадства ці дзяржавы». Заклікаючы да вызвалення ад прыгнечання ўсіх жыхароў Беларусі, БПС-Ф адначасова заяўляла, што яна — «партыя сацыялістычная, таму што ў аснову свайго светапогляду і сваёй тактычнай работы кладзе інтарэсы і патрэбы працоўных мас». У праграме было прызнана, што толькі новы сацыяльны лад — сацыялістычны, да якога імкнуцца працоўныя, можа перадаць ва ўласнасць народа ўсю зямлю з яе багаццем, фабрыкі, заводы, усе сродкі вытворчасці. У праграме адзначалася, што БПС-Ф не адмаўляецца ад традыцый БСГ, бярэ свой пачатак з той плыні беларускага нацыянальнага адраджэння, якая ставіла задачу вызваліць беларускі народ ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту і даць яму ўсе правы ў сферы нацыянальнага жыцця. Было абвешчана, што барацьбу за нацыянальнае вызваленне беларускага народа партыя павінна спалучыць з агульначалавечымі ідэаламі роўнасці, свабоды і братэрства. БПС-Ф засталася вернай і ідэі федэралізму. У праграме падкрэслівалася, што «сусветны федэралізм адзін можа фактычна прымірыць народнасці, ліквідаваць барацьбу і вайну», што ў рамках сусветнай федэрацыі Беларуская дэмакратычная рэспубліка павінна стаць раўнапраўнай нацыянальна-дзяржаўнай адзінкай, прычым праграма не адмаўляла магчымасці для Беларусі стаць цэнтрам аб'яднання такой федэрацыі. У праграмных палажэннях БПС-Ф адлюстраваўся утапізм партыі нацыянальнай дэмакратыі. Яе «канцэпцыя федэралізму» была пазбаўлена рэалізму. Часткова яна адлюстроўвала ўплыў бальшавіцкай ідэі сусветнай пралетарскай рэвалюцыі, якая павінна была пакласці пачатак утварэнню сусветнай савецкай федэрацыі. Гэта ідэя тады хвалявала многіх, хто верыў у яе рэальнасць, і таму знайшла адлюстраванне ў праграме БПС-Ф. Нацыянальныя патрабаванні БПС-Ф былі ўвернуты ў асноўным да сусветнай супольнасці. Пазней беларускія сацыялісты-федэралісты канкрэтызавалі сваю нацыянальную праграму. Хоць яны і не адмовіліся ад «канцэпцыі сусветнай федэрацыі», тым не менш не адмаўлялі саму ідэю дзяржаўнай незалежнасці, права нацый на дзяржаўнае аддзяленне і суверэнную дзяржаву. Звязваючы свае імкненні з федэралістычным ідэалам БСГ, БПС-Ф бачыла сацыяльны прагрэс беларускай нацыі ў яе нацыянальна-дзяржаўным самавызначэнні, вышэйшым праяўленнем якога павінна была стаць суверэнная нацыянальная дзяржава — сродак вырашэння задач нацыянальнага адраджэння. Адначасова ў друку БПС-Ф працягвала заяўляць, што дзяржаўныя ўтварэнні (у т.л. і беларускае), якія фарміруюцца, павінны прыйсці да федэрацыі раўнапраўных аўтаномных нацыянальна-тэрытарыяльных адзінак у рамках сусветнай федэрацыі. Па палітычных палажэннях і класавай сутнасці БПС-Ф, хоць і заяўляла аб прыхільнасці да сацыялізму, заставалася палітычным утварэннем нацыянальнай дэмакратыі, як і яе папярэдніца БСГ. Дактрына сацыялізму, сфармуляваная ў праграмных дакументах, была ўтапічнай, і яе рэалізацыя не магла ажыццявіцца ў канкрэтных умовах Беларусі. Па сутнасці БПС-Ф з'яўлялася часткай палітычных сіл грамадскага руху, які знаходзіўся ў апазіцыі да бальшавікоў. У 1919—1920 разыходжанні праяўляліся перш за ўсё па нацыянальным і аграрным пытаннях. ЦК БПС-Ф не прызнаў утварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. БПС-Ф адхіліла і аграрную праграму ЦК КП(б)ЛіБ, скіраваную на фарсіраванне арганізацыі калгасаў і саўгасаў у рэспубліцы замест перадачы сялянам канфіскаванай памешчыцкай зямлі. Процістаянне прывяло да таго, што БПС-Ф вымушана была згарнуць сваю дзейнасць на савецкай тэрыторыі.

Пасля захопу летам 1919 тэрыторыі Беларусі польскімі войскамі БПС-Ф выступіла супраць т.зв. «федэралістычнай канцэпцыі» Ю. Пілсудскага, сутнасць якой заключалася ва ўтварэнні самастойных дзяржаў — беларускай, украінскай, літоўскай — пад вяршэнствам Польшчы. Па сутнасці гэта было прыкрыццём агрэсіўных намераў інтэрвентаў, што ўзялі курс на ператварэнне беларускіх зямель у неад'емную частку польскай дзяржавы.

Польскі акупацыйны рэжым зрушыў БПС-Ф улева. БПС-Ф уступілаў ў блок з партыяй беларускіх эсэраў, стала агітаваць за скліканне Усебеларускага працоўнага ўстаноўчага кангрэса, на якім прапаноўвала вырашыць пытанне пра ўладу і беларускую нацыянальную дзяржаўнасць. З восені 1919 сацыялісты-федэралісты афіцыйна заявілі пра сваю палітычную апазіцыю і польскім уладам. БПС-Ф прытрымлівалася ў асноўным палітычных форм барацьбы — байкатавала выбары ў органы мясцовага самакіраваня, вяла прапаганду за адкрыццё беларускіх школ, культурна-асветных устаноў.

13 снежня 1919 на сесіі Рады БНР, скліканай па ініцыятыве беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, БПС-Ф падтрымала эсэраўскую ідэю аднаўлення «поўнай незалежнасці і непадзельнасці БНР» у этнаграфічных межах пражывання беларусаў. БПС-Ф фактычна адмовілася ад сваёй «федэралістычнай канцэпцыі», якая была сфармулявана ў яе праграмных дакументах. Грамадзянская вайна ўнесла карэктывы ў ідэалагічныя і праграмныя палажэнні партыі. Паступова адбылося збліжэнне БПС-Ф з партыяй беларускіх эсэраў, якія вялі барацьбу за нацыянальную незалежнасць і абсалютны суверэнітэт БНР.

Развіццё рэвалюцыйнай барацьбы ў тыле польскіх інтэрвентаў паскорыла працэс палітычнай дэферэнцыяцыі ў радах БПС-Ф. З яе складу вылучылася левае крыло на чале з Цвікевічам, члены якога на завяршальным этапе грамадзянскай вайны ўвайшлі ў БПС-Р. Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў дзейнасць БПС-Ф была фактычна забаронена, а яе кіруючы актыз высланы за межы рэспублікі. У пачатку 1921 БПС-Ф спыніла існаванне на тэрыторыі БССР. У Заходняй Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х гадоў, аднак пасля роспуску БПС-Р яны таксама спынілі існаванне. У канцы 1920—1930-х гадоў былыя члены БПС-Ф былі рэспрэсіраваны, многія з іх прыцягнуты да судовай адказнасці па т.зв. «справе эсэсраў» у 1937.

Літаратура

правіць
  • Платонов, Р., Сташкевич Н. Тернистый путь к свободе: К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Неман. — 1992. — № 10—11. — С.
  • Сташкевіч, М. С. Беларуская партыя сацыяліста-федэралістаў / М. С. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 397—398.
  • Сташкевич, Н. С. На грани возможного: Идейно-политическая борьба вокруг создания белорусской советской государственности // Неман. — 1989. — № 10—11. — С.
  • Сташкевич, Н. С. Приговор революции: Крушение антисоветского движения в Белоруссии, 1917—1925. — Мн., 1985.
  • Сташкевич, Н. С. Социалисты-федералисты // Коммунист Белоруссии. — 1991. — № 7. — С.