Заходняя Беларусь
Заходняя Беларусь — назва часткі земляў, якія да 1917 года ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, у 1918—1920 гадах неаднаразова мянялі прыналежнасць і адыйшлі да Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавору пасля польска-савецкай вайны (Гл. таксама: лінія Керзана). Назва дадзеная паводле этнічнага складу насельніцтва, у якім пераважалі беларусы; у такім выглядзе назва існуе ў савецкай, расійскай, украінскай і беларускай культурах. У польскай традыцыі пераважна вядома як Усходнія землі ці ўскраіны («крэсы ўсходнія»), прапануюцца і іншыя азначэнні. У 1930-х гадах насельніцтва складала каля 4 млн чал.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны землі ўвайшлі ў склад БССР — тэрыторыя Заходняй Беларусі прыблізна адпавядае сучасным Брэсцкай, Гродзенскай, частцы Мінскай і заходняй палове Віцебскай абласцей Рэспублікі Беларусь. Частка Віленскага краю ўключна з Вільняй была перададзена Літве, пасля 1944 года Усходняя Беласточчына адыйшла да Польшчы (Гл. таксама Беластоцкая вобласць).
Перадгісторыя
правіцьПаводле Рыжскага мірнага дагавора (1921), які скончыў польска-савецкую вайну, тэрыторыя Беларускай ССР была падзелена на дзве часткі: 12 яе заходніх паветаў трапілі на польскі бок, 6 (Меншчына) — на савецкі. Такім чынам Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польскай Рэспублікі.
Назва
правіцьПа заняцці Вільні ў кастрычніку 1920 года войскамі польскага генерала Л. Жалігоўскага беларускія арганізацыі ад блізкіх да кіраўніка Польшчы Ю. Пілсудскага колаў атрымалі запэўненні, што на тэрыторыі Віленшчыны будзе створана дзяржава «Заходняя Беларусь»[1].
Паводле польскай даследчыцы Аляксандры Бергман, паняцце «Заходняя Беларусь» было створана ў 1923 годзе ў камуністычным асяроддзі, адначасова са стварэннем Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі; аўтар тэрміна, магчыма, Караль Радак[2]. Беларускі гісторык Іван Коўкель лічыць, што назва з’явілася раней, восенню 1920 года, і не мела нічога супольнага з камуністычным рухам[3]. Савецкая ўлада ў час 2-й сусветнай вайны адмовілася ад карыстання назвай «Заходняя Беларусь» на карысць «заходніх абласцей Беларускай ССР», каб падкрэсліць еднасці рэспублікі. Такі тэрмін выкарыстоўваўся, між іншым, у дакументах КПСС[4].
У камуністычнай Польшчы ў 1945—1989 гадах як улада, так і гісторыкі шырока выкарыстоўвалі тэрмін «Заходняя Беларусь», з-за палітычных прычынаў пазбягаючы іншых формаў, перадусім такіх, як «Усходнія Крэсы». Пасля палітычных зменаў на пачатку 1990-х гадоў былі прапанаваныя новыя азначэнні. У лютым 1993 года польскі гісторык, Ян Ежы Мілеўскі прапанаваў тэрмін «паўночна-ўсходнія землі II Рэчы Паспалітай». Прыхільнікам гэтай назвы з’яўляецца таксама гісторык Томаш Стжэмбош. Ён лічыць, што не трэба карыстацца тэрмінам «Усходнія Крэсы», таму што гэта не былі ніякія «ускраіны», а самы цэнтр, сэрца польскай дзяржавы[5].
Польскі гісторык Кшыштаф Ясевіч лічыць, што назвы «Заходняя Беларусь» і «Заходняя Украіна» былі ўведзеныя як апісанне абшараў дзейнасці Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і Камуністычнай партыі Заходняй Украіны — аўтаномных арганізацый у складзе Камуністычнай партыі Польшчы. Ён прапануе, у выпадку выкарыстання гэтых тэрмінаў, пісаць іх у двукоссі або дадаваць перад імі словы «так званыя», каб падкрэсліць іх палітычнае паходжанне[6][4].
Тэрыторыя
правіцьПасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора бальшавіцкая Расія вызначыла памер беларускай этнаграфічнай тэрыторыі, якая апынулася ў складзе Польшчы, у 98.815 км² з 3,2 млн насельніцтва[7]. У дакладзе на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР I-га склікання, старшыня СНК СССР і народны камісар замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў апераваў: «тэрыторыя Заходняй Беларусі дасягае 108 тысяч квадратных кіламетраў»[8]. Савецкая акадэмічная навука вызначала тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 82 тыс. км², аднак уключаючы ў яе склад усе 4 ваяводствы былых «паўночна-ўсходніх крэсаў», якія займалі нашмат большую плошчу[9].
Эканамічнае развіццё
правіцьСацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Заходняй Беларусі значна адрознівалася ад астатняй Польшчы. З эканамічнага пункту гледжання, край заставаўся адсталай аграрнай ускраінай і выкарыстоўваўся пераважна як крыніца сыравіны і таннай працоўнай сілы, як рынак збыту для польскай прамысловасці. Такая эканамічная палітыка кіруючых колаў краіны ва ўмовах аграрнага перанасялення і масавага беспрацоўя асуджала край на адсталасць і беднасць.
У Заходняй Беларусі не было цяжкай прамысловасці, а большасць прадпрыемстваў прадстаўляла сабой дробныя, занятыя перапрацоўкай прадуктаў сельскай гаспадаркі і некаторых відаў мясцовай сыравіны. У 1928 у Беластоцкім (найбольш развітым у прамысловых адносінах), Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах дзейнічала 2136 прадпрыемстваў з агульнай колькасцю рабочых 55199 чал., з іх 1653 адносіліся да дробных прадпрыемстваў з колькасцю рабочых менш за 20 чал.[10]. На долю харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці прыходзілася 2/3 прадпрыемстваў і рабочых[11]. А з пачаткам у 1929 эканамічнага крызісу колькасць дзеючых прадпрыемстваў увогуле пачала змяншацца.
У сельскай гаспадарцы Заходняй Беларусі было занята каля 90 % насельніцтва (у Польшчы 63 %). Захоўваліся панскія маёнткі, сервітуты, прыватныя, дзяржаўныя, касцельныя, грамадскія фальваркі, была распаўсюджана дробная арэнда панскай і дзяржаўнай зямлі за адпрацоўкі ці частку ўраджаю, аплата працы натурай, цераспалосіца, шарваркі. Усё гэта стрымлівала працэс развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, не давала магчымасці вырашаць сацыяльныя праблемы насельніцтва. У 1921 г. землекарыстанне выглядала так: 10,8 % належала дзяржаве, 0,3 % — царкве, 88,4 % — прыватным буйным і дробным уласнікам, 0,5 % — іншым карыстальнікам. Існавалі буйная панская ўласнасць і вялікая колькасць беззямельных і малазямельных сялянскіх гаспадарак. 3866 памешчыкаў (зямельныя ўладанні кожнага больш за 100 га) складалі 1 % усіх землеўладальнікаў, мелі ў сваім карыстанні 4210 тыс. га (больш за палову ўсёй прыватнаўласніцкай зямлі), каля 500 магнатаў валодалі больш як па 1000 га. Пры гэтым 48 % гаспадарак мелі менш як па 5 га кожная. Таму большасць гаспадарак адчувала недахоп зямлі. Сервітутамі карысталіся 31 тыс. сялянскіх гаспадарак, 212 тыс. з’яўляліся цераспалоснымі. Нягледзячы на прыпыненне працэсу драбнення сялянскіх гаспадарак у выніку зямельнай рэформы 1925 (парцэляцыя, камасацыя), іх дэцэнтралізацыя не была пераадолена.[12]
У сельскай гаспадарцы Заходняй Беларусі вызначаюцца 4 фазы развіцця. 1919-24 гг. характарызаваліся неспрыяльнай для вёскі інфляцыяй: сяляне пасля вайны ў асноўным адбудавалі свае гаспадаркі, але недахоп інвестыцый і нізкія цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю не спрыялі развіццю вытворчасці. Добрыя ўраджаі ў 1925-29 гг. і высокія цэны на сельгаспрадукцыю садзейнічалі ўздыму гаспадарак. Грашовы даход з 1 га ў гаспадарцы з 5-10 га складаў 348 злотых, у 1928—586. У гэтыя гады сяляне куплялі зямлю, машыны, мінеральныя ўгнаенні, праводзілі меліярацыю, бралі крэдыты. Сусветны эканамічны крызіс, што пачаўся ў 1929, выклікаў зніжэнне цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю (у 1928 селянін атрымліваў за яе 100 злотых, у 1935 — 33). Павялічыліся падаткі, знізілася даходнасць, расла запазычанасць. Пры спагнанні нядоімак па даўгах улады праводзілі т. зв. ліцытацыі — сілай забіралі сялянскую маёмасць. Фаза пераадолення крызісу на вёсцы настала ў 1936, але гаспадаркі не дасягнулі перадкрызіснага стану. У сельскай гаспадарцы ўсталяваўся застой і пагаршэнне матэрыяльнага становішча сялян. Заходнебеларуская вёска была перанаселеная (каля 700 тыс. чал. свабоднай рабочай сілы), а прамысловасць не была ў стане скарыстаць яе. У 1925-38 з Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў на пастаяннае жыхарства ў іншыя краіны эмігрыравала 78,1 тыс. чал. Падчас эканамічнага крызісу эміграцыя скарацілася, беззямельныя і малазямельныя сяляне працавалі на лесараспрацоўках, падзёншчыкамі.[12]
У міжваенны перыяд мала змянілася тэхналогія землеапрацоўкі: галоўная цяглавая сіла — конь, прылады працы — плуг, барана, каса, цэп і серп. Толькі ў заможных сялян з’явіліся сеялкі, ручныя малатарні, веялкі, сячкарні. Частка сялян займалася кавальствам, кравецтвам, шавецтвам, сталярствам, гарбарствам і інш.
У прамысловай вытворчасці Заходняй Беларусі было занята 6,9 % насельніцтва. Рабочыя польскай нацыянальнасці працавалі на буйных прадпрыемствах і транспарце, яўрэйскай — у дробным рамястве; беларусы былі заняты пераважна ў дрэваапрацоўчай прамысловасці, на прадпрыемствах па апрацоўцы мясцовай сыравіны — шкляных, цагельных, вінакурных заводах, млынах, у якасці сезонных рабочых. Канцэнтрацыя рабочай сілы была нізкая: больш за 100 чал. працавала толькі на 80 прадпрыемствах і больш за 500 чал. — на 6. Найбольшая колькасць рабочых была занята на 31 лесапільным заводзе і 14 фанерных фабрыках; на 34 млынах, піваварнях, броварах, тытунёвых фабрыках і 11 гутах працавала 2,2 тыс. рабочых, на 27 цагельных заводах — 1,2 тыс. Найбольш развітым у прамысловых адносінах было Беластоцкае ваяводства, дзе знаходзілася 100 % тэкстыльшчыкаў, 86 % гарбароў, 60 % рабочых піваварных заводаў, 51 % гутаў, 25 % тартакоў. У Гродзенскім ваяводстве было сканцэнтравана 100 % тытунёвай, 88 % папяровай, 54 % керамічнай і 48 % шкляной вытворчасці. У Віленскім ваяврдстве рабочыя працавалі на прадпрыемствах харчовай, дрэваапрацоўчай, папяровай і гарбарнай прамысловасці. У Пінскім павеце большасць рабочых была занята на запалкавай і 4 фанерных фабрыках, у Лідскім павеце — на 10 лесапільных заводах, фабрыцы гумавых вырабаў «Ардаль», шклозаводзе «Нёман». 20 тыс. чал. працавалі ў вагонарамонтных майстэрнях і паравозных дэпо чыгуначных вузлоў у Маладзечне, Лідзе, Баранавічах, Вільні, Брэсце, Лунінцы. У 1928 у Беластоку налічвалася 8 тыс. тэкстыльшчыкаў. Больш за 46,8 тыс. чал. былі заняты ў гандлі, бытавым абслугоўванні і камунальнай гаспадарцы. На прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці ў розны час налічвалася 7-9 тыс. чал. Агульная колькасць рабочых у Заходняй Беларусі не перавышала 100 тыс., без уліку сезонных рабочых. На многіх прадпрыемствах машыны і механізмы адсутнічалі, пераважала ручная праца[13].
Сацыяльныя правы аб 8-гадзінным рабочым дні, бальнічных касах, платных адпачынках і ахове працы, якія былі заваяваны рабочымі Польшчы ў 1918-19, у Заходняй Беларусі амаль не дзейнічалі. Рабочы дзень на прамысловых прадпрыемствах доўжыўся 10 гадзін, а на дробных ён увогуле не рэгламентаваўся і дасягаў 11-12 гадзін. Зарплата рабочых была ніжэйшая, чым у карэннай Польшчы. Так, калі сярэднегадзінная зарплата рабочага дрэваапрацоўчай прамысловасці ў Варшаўскім ваяводстве раўнялася 0,78 злотых, то ў Палескім — 0,42, Навагрудскім — 0,31; у цагельнай прамысловасці адпаведна 0,62 і 0,35 злотых. Часта яна выдавалася не грашамі, а бонамі, якія можна было атаварыць у вызначаных крамах, дзе прадукты былі больш дарагія і горшай якасці. Выплата заробку часта затрымлівалася. На нізкім узроўні была, а ў лясной прамысловасці наогул адсутнічала тэхніка бяспекі і аховы, што часта прыводзіла да няшчасных выпадкаў. У 1923-28 на прадпрыемствах Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў іх здарылася 596, у т.л. 62 са смяротным вынікам. Пастаянным спадарожнікам рабочых было беспрацоўе. Паводле афіцыйных звестак у 1926 у Заходняй Беларусі была 21 тыс. беспрацоўных, у т.л. ў Беластоцкім ваяводстве — 13090 чал., Палескім — 1880, Навагрудскім — 910, Віленскім — 5020. У пошуках сродкаў існавання тысячы рабочых мусілі эмігрыраваць у іншыя краіны. Толькі частка зарэгістраваных беспрацоўных атрымлівала невялікую дапамогу на працягу некалькіх тыдняў. Асабліва цяжка адбіўся на становішчы рабочых Заходняй Беларусі сусветны эканамічны крызіс 1929-30. Да 1930 прадукцыя прамысловасці скарацілася на 30-40 %. У 1931 закрыліся запалкавыя фабрыкі ў Гродне, Брэсце, Слоніме і Міёрах, цэментны завод у Ваўкавыску. Эканамічны крызіс стаў трагедыяй для дробных рамеснікаў у мястэчках, якія ў асноўным працавалі на патрэбы вёскі. У 1933 эканамічны крызіс у Заходняй Беларусі, як і ва ўсёй Польшчы, змяніўся дэпрэсіяй, а потым некаторым уздымам эканомікі[14].
Палітычны лад
правіцьНа тэрыторыі Заходняй Беларусі разгарнуўся масавы рух супраць прыгнёту Польшчы. У першыя гады барацьба набыла партызанскі характар. Яна падтрымлівалася з боку як СССР, так і ўрада БНР, які знаходзіўся ў эміграцыі ў Коўне.
Да сярэдзіны 1920-х гг. у нацыянальна-вызваленчым руху яскрава акрэсліваліся два напрамкі:
- рэвалюцыйна-вызваленчы — прадстаўляла КПЗБ, створаная ў 1923 г. у Вільні, КСМЗБ, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (частка эсэраў);
- нацыянальна-дэмакратычны — прадстаўлялі дэпутаты-беларусы, выбраныя ў польскі сейм, прыхільнікі БНР, ТБШ (Таварыства беларускай школы).
Пад арганізацыйным уплывам КПЗБ у маі 1926 г. канчаткова аформілася масавая палітычная арганізацыя — Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая аб’ядноўвала звыш 100 тыс. чалавек. Яе ўзначальваў Б. А. Тарашкевіч. У 1927 г. Грамада была разгромлена польскімі ўладамі.
Палітычны рэжым пасля 1926 г. атрымаў назву санацыі (аздараўлення). Існавала і т.зв. «беларуская санацыя».
Санацыйны лагер спрабаваў правесці рэвізію палітыкі дзяржавы ў дачыненні да нацыянальных меншасцей. Некалькі палітыкаў з атачэння Юзафа Пілсудскага, сярод іх Тадэвуш Галуўка, Леан Васілеўскі, Казімеж Младзяноўскі прапанавалі, каб малаэфектыўную палітыку нацыянальнай асіміляцыі замяніць на палітыку дзяржаўнай асіміляцыі. Гэтая палітыка мела мэту сфарміраваць у грамадзян няпольскай нацыянальнасці перакананне, што Польшча з’яўляецца таксама і іх айчынай. Начальнік Усходняга аддзялення Міністэрства замежных спраў Тадэвуш Галуўка прапанаваў, каб у дачыненні да беларусаў дзяржава дзейнічала шляхам стварэння школ з беларускай мовай навучання, культурных устаноў, беларусізацыі царквы. Гэтыя дзеянні маглі зрабіць беларусаў устойлівымі да расійскіх уплываў і знішчыць прыцягальнасць Савецкай Беларусі ў культурным і палітычным плане. 18 жніўня 1926 г. міністр унутраных спраў Казімеж Младзяноўскі вынес на разгляд «Дырэктывы ў справе стаўлення ўрадавых уладаў да нацыянальных меншасцей». Ён прапанаваў аграрную рэформу з улікам інтарэсаў беларускага і ўкраінскага насельніцтва, стварэнне магчымасці пашырэння асветы на нацыянальных мовах, нармалізацыю юрыдычнага статусу Праваслаўнай царквы.[15]
Увосень 1926 г., у перыяд бурнага развіцця структур Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Леан Васілеўскі ўнёс праект «Аб справе беларускай палітыкі польскага ўрада ў цяперашні момант». Ён дэклараваў змену палітыкі ў дачыненні да беларускага школьніцтва, стварэнне настаўніцкай семінарыі для беларусаў, прыманне на працу ў публічных школах настаўнікаў беларускай нацыянальнасці, распрацоўку праграм і падручнікаў для школ з беларускай мовай навучання, дапамогу беларускай моладзі ў доступе да польскіх вышэйшых навучальных устаноў, падтрымку беларускім культурна-асветным і выдавецкім установам.[16]
Для гэтай палітыкі патрабавалася фінансавае забеспячэнне, прыхільнасць крэсавай адміністрацыі і згода Юзафа Пілсудскага. Аднак ніводзін з фактараў не праявіўся. Пілсудскі лічыў, што польскія інтарэсы на крэсах найбольш надзейна забяспечаць войска і польская школа. Ён быў рашучым прыхільнікам захавання польскай мовы як адзінай дзяржаўнай, абараняў ідэю вайсковага асадніцтва, а большую надзею на захаванне спакою на ўсходзе ўскладаў на паліцыю, чым на задавальненне беларускіх культурных і асветных патрабаванняў.
Расправа над Грамадой была дзеяннем, згодным са спадзяваннямі польскіх нацыянал-дэмакратаў і абшарнікаў паўночна-ўсходніх ваяводстваў. Ліквідацыя грамадаўскага руху, хоць і адсоўвала небяспеку некантраляванае хады падзеяў, аднак узмацняла антыдзяржаўныя настроі. Увесну 1927 года ўрад зрабіў некалькі жэстаў з мэтай разрадзіць напругу і адцягнуць беларускую інтэлігенцыю ад прасавецкіх палітычных структур. У 1927 годзе міністр веравызнанняў і публічнай асветы Густаў Дабруцкі ўвёў абавязковае вывучэнне беларускай мовы ў польскіх гімназіях на землях, населеных беларусамі, надаў статус публічных школаў для дзвюх беларускіх гімназій — у Вільні і Наваградку, дазволіў стварыць 26 школ з беларускай мовай навучання і 49 — дзвюхмоўных. На загад міністра Дабруцкага пачалася падрыхтоўка праграм і падручнікаў для школ з беларускай мовай навучання. Беларуская мова пасля некалькіх гадоў перапынку зноў была ўведзеная ў Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю. Апрача таго, Апеляцыйны суд панізіў гады турэмнага зняволення для асуджаных правадыроў Грамады. У муніцыпальных выбарах беларусы атрымалі блізу 20 % месц у гарадскіх і гмінных радах.[16]
Новая палітыка ўладаў у дачыненні да беларусаў неўзабаве была згорнутая, у 1928 годзе ўрад спыніў далейшыя спробы развязаць беларускае пытанне, а лакальная адміністрацыя атрымала права самастойна фарміраваць нацыянальную палітыку. Не стварыліся запланаваныя новыя беларускія школы, закрылася Радашковіцкая беларуская гімназія, а палітычныя спробы развязаць праблему ўсё часцей замяняліся рэпрэсіямі ў дачыненні да сапраўдных і ўяўных камуністаў. Гэтым зменам спрыялі весткі з БССР, дзе пачалося змаганне з беларускім нацыянальным рухам. У такой сітуацыі спынялася ўздзеянне на беларускую інтэлігенцыю ў Польшчы канкурэнцыйнага Мінскага цэнтра.
На пачатку 1930-х гг. характар дзеянняў дзяржавы ў дачыненні да беларусаў вызначалі ўжо такія палітыкі, як міністр унутраных спраў Феліцыян Славой-Складкоўскі ці палескі ваявода Вацлаў Костэк-Бярнацкі. Апошні ў красавіку 1933 г. прапанаваў надзяліць урад надзвычайнымі паўнамоцтвамі, каб ачысціць Польшчу ад «адкідаў грамадства і шкоднікаў», дзейнасць якіх перашкаджала хуткай асіміляцыі беларускіх мас. У лістападзе 1933 г. праект развязання беларускага пытання падаў наваградскі ваявода Стэфан Свідэрскі. Яго план прадугледжваў абмежаванне колькасці беларускіх устаноў. Пасля ўхвалення міністрам Славоем-Складкоўскім праект перададзены на рэалізацыю. У 1934 г. была ліквідавана Навагрудская беларуская гімназія, а ў некалькіх школах забаранілі карыстацца беларускай мовай.[16]
Асіміляцыйную палітыку ў дачыненні да беларусаў каардынавалі Камітэт па справах нацыянальнасцей і Навуковая камісія па вывучэнні ўсходніх земляў. Абедзве ўстановы рэкамендавалі выхоўванне «несвядомага беларускага люду» лаяльнымі грамадзянамі. Па-свойму такое выхоўванне разумела крэсавая паліцыя, паўсюднай з’явай былі арышты і здзекі з сялян. Страх быў паўсюдным пачуццём у дачыненні да польскага паліцыянта, чыноўніка, суддзі і настаўніка.[17]
У кастрычніку 1936 г. Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала праект паскарэння нацыянальнай асіміляцыі беларусаў.[16] На пачатку снежня гэтага ж года забаранілі дзейнасць Таварыства беларускай школы, а 22 студзеня 1937 года — Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Да студзеня 1938 г. ў Вільні яшчэ існаваў Беларускі нацыянальны камітэт, але і гэтую арганізацыю спачатку абвінавацілі ў нанясенні шкоды ў галіне абароны і адзінства польскай дзяржавы, а пасля распусцілі.
Адзінай беларускай партыяй, якая пратрымалася ў Польшчы да 1939 года, было Беларускае нацыянальнае аб'яднанне,[18] але і яго дзеячы таксама патрапілі пад рэпрэсіі.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Латышонак А. Беларуская палітыка Пілсудскага ўвосень 1920 г. // Рыжскі мірны дагавор і лёсы народаў Усходняй Еўропы: Матэрыялы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі (Мінск, 16—17 сакавіка 2001 г.). — Мн., 2001. — С. 24.
- ↑ Aleksandra Bergman: Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa: 1984, s. 9-10.
- ↑ Коўкель І. І. Аб паходжанні тэрміну «Заходняя Беларусь», яе тэрыторыі, нацыянальным і канфесійным складзе насельніцтва (1921—1939 гг.) / І. І. Коўкель // Этносоциальные и конфессиональные процессы в современном обществе: материалы междунар. науч. конф., Гродно, 16-18 ноября 1999 г. / Гродн. гос. ун-т. — Гродно: ГрГУ, 2000. — С. 407—415.
- ↑ а б Jan Szumski: I.I. Zachodnia Białoruś — krótkie wyjaśnienie obszaru zainteresowań i używanego pojęcia. W: Jan Szumski: Sowietyzacja Zachodniej Białorusi 1944—1953. Propaganda i edukacja w służbie ideologii. Wyd. 1. Kraków: ARCANA sp. z o.o., 2010, s. 21-28. ISBN 978-83-60940-21-1. (pol.)
- ↑ Tomasz Strzembosz: Wydarzenia i losy ludzkie, Źródła do historii Polski ze zbiorów NARB. Warszawa: 2001, s. 14. (pol.)
- ↑ Krzysztof Jasiewicz: Obok wstępu. O potrzebie refleksji nad niektórymi stereotypami. W: pod red. Krzysztofa Jasiewicza: Tygiel narodów. Warszawa: 2002, s. 32. (pol.)
- ↑ Ладысеў, У. Ф. Рыжскі дагавор 1921 года і палітыка кіраўніцтва Савецкай Расіі экспарту рэвалюцыі // Biuletyn Historii Pogranicza. — 2001. — № 2. — С. 38. Са спасылкай на: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 242. — Воп. 1. — Спр. 7. — Арк. 6, 75.
- ↑ О внешней политике Советского Союза. Доклад Председателя Совета Народных Комиссаров и Народного Комиссара Иностранных дел тов. В. М. Молотова на заседании Верховного Совета Союза ССР 31 октября 1939 года // Проблемы социалистического права. — 1939. — № 4 — 5. — С. 12.
- ↑ Хаўратовіч, І. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя: [у 12 т.] / АН БССР, Галоўная рэдакцыя БелСЭ; рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 4: Графіка — Зуйка. — Мн.: Галоўная рэдакцыя БелСЭ, 1971. — 607 с., [42] л. іл., каляр. іл., партр., карт. — С. 533; Хаўратовіч, І. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР // Беларуская савецкая энцыклапедыя: [у 12 т.] / АН БССР, Галоўная рэдакцыя БелСЭ; рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 10: Сошна — Фут. — Мн.: Галоўная рэдакцыя БелСЭ, 1975. — 656 с., [27] л. іл., каляр. іл., картр., факсім. — С. 438; Хаўратовіч, І. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя: [у 12 т.] / АН БССР, Галоўная рэдакцыя БелСЭ; рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 12: Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. — Мн.: Галоўная рэдакцыя БелСЭ, 1975. — 735 с., [53] л. іл., каляр. іл., партр., карт, факсім. — С. 151.
- ↑ Inspekcja pravy w 1928 roku z uwzglęndnieniem okresu 1918—1928. — Warszawa, 1930. — S. 146—147, 268—269.
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. / М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш.; АН Беларусі, Ін-т гісторыі. Ч. 2 / М. П. Касцюк, І. М. Ігнаценка, У. І. Вышынскі і інш. — Мн.: Беларусь, 1995. — 560 с. — ISBN 5-338-01061-5. — С. 215.
- ↑ а б ЭГБ, т.6, кн. І, с.474
- ↑ ЭГБ, т.6, кн. І, с.30
- ↑ ЭГБ, т.6, кн. І, с.31
- ↑ Я. Мірановіч (1999)
- ↑ а б в г Я. Мірановіч (1999)
- ↑ Л. Геніюш (1993)
- ↑ Ю. Туронак (1999)
Літаратура
правіць- Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 2.
- Вабішчэвіч А. Пра падзеі ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. // Полымя. 2000. № 9.
- Ладысеў У. Ф. Некаторыя актуальныя пытанні метадалогіі і тэорыі нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Матэрыялы Усебеларус. канф. гісторыкаў: У 2 ч. Ч.1. — Мн., 1994.
- Мілеўскі Я. Е. Заходняя Беларусь: да пытання тэрыторыі і насельніцтва // Беларускі гістарычны часопіс. 1998. № 3.
- Трафімчык А. Заходняя Беларусь у часе і прасторы. Заўвагі да праблемы генезісу і лакалізацыі паняцця // ARCHE Пачатак. № 7-8. 2014.
- Лаўрэш Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900—1939 гг. Гродна, 2017. // на pawet.net