Адкрыць галоўнае меню

Брэ́сцкая во́бласць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў БССР і Рэспубліцы Беларусь. Размешчана на паўднёвым захадзе краіны, мяжуе з Польшчай і Украінай.

Брэсцкая вобласць
Сцяг Герб
Сцяг Герб
Краіна Беларусь
Уваходзіць у
Уключае 16 раёнаў
Адміністрацыйны цэнтр Брэст
Найбуйнейшыя гарады Баранавічы, Пінск
Дата ўтварэння 4 снежня 1939
Насельніцтва
Плошча 32 790,68[1] км²
(4-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
 • Найвышэйшы пункт
 • Самы нізкі пункт


 267 м
 121 м
Брэсцкая вобласць на карце
Код ISO 3166-2 BY-BR
Код аўтам. нумароў 1
Афіцыйны сайт
Commons-logo.svg Брэсцкая вобласць на Вікісховішчы

Змест

ГісторыяПравіць

 
Брэсцкая вобласць БССР у студзені 1940 года

Вобласць створана 4 снежня 1939 г., узбуйнена ў 1954 г. Падзяляецца на 16 раёнаў.

У 1983 на тэрыторыі вобласці 20 гарадоў, 7 гарадскіх пасёлкаў, 2 рабочыя пасёлкі. У 1995 колькасць насельніцтва склала 1518 тыс. чал. У вобласці налічвалася 20 гарадоў у т.л. 5 абласнога падпарадкавання, 9 гарадскіх пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскіх населеных пунктаў.

ПрыродаПравіць

РэльефПравіць

Для Брэсцкай вобласці характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на поўдні — пераважна нізінны. Вылучаюцца на паўднёвым захадзе раўніннае Брэсцкае Палессе, на ўсходзе нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на паўночным захадзе Прыбугская раўніна, на поўначы Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На паўночным усходзе адгор'і Капыльскай грады[3].

Карысныя выкапніПравіць

Карысныя выкапні: будаўнічы камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім раёне), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і будаўнічыя пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль[3].

КліматПравіць

Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная тэмпература паветра ў студзені ад −4,4 °C (Брэст) да −6,1 °C (Баранавічы), у ліпені ад 18 °C на захадзе да 19 °C на ўсходзе. Вегетацыйны перыяд 195—208 сутак. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на паўднёвым захадзе да 645 мм на паўночным усходзе, за летні перыяд — 400—450 мм[3].

ГідраграфіяПравіць

Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Заходні Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасховішчы Лактышы, Сялец, Пагост[3].

ГлебыПравіць

Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8 %), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле механічнага складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на поўдні складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%[3].

ЛясыПравіць

Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім раёнах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы.

БалотыПравіць

Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэрыторыі, 2/3 з іх нізінныя[3].

Ахоўныя прыродныя тэрыторыіПравіць

Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біялагічнай разнастайнасці вялікае значэнне маюць нацыянальны парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў[3], 31 ахоўны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

ЭкалогіяПравіць

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. 4270 км (13% тэрыторыі вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т.л. 470 км² са шчыльнасцю 5—15 Кі/км². На забруджанай тэрыторыі каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага раёнаў[3].

НасельніцтваПравіць

 
 
 
 

Для вобласці характэрна змяншэнне колькасці насельніцтва:

  • 1995 — 1518 тыс.
  • 1996 — 1 494 300 чал.[4]
  • 2001 — 1 477 440 чал.[4]
  • 2002 — 1 469 800 чал.[4]
  • 2003 — 1 461 045 чал.[4]
  • 2004 — 1 450 121 чал.[4]
  • 2005 — 1 439 361 чал.[4]
  • 2006 — 1 426 767 чал.[4]
  • 2007 — 1 417 784 чал.[4]
  • 2008 — 1 409 668 чал.[4]
  • 2009 — 1 404 407 чал.[4]
  • 2010 — 1 399 084 чал.[4]
  • 2011 — 1 394 668 чал.[4]
  • 2012 — 1 391 476 чал.[4]
  • 2013 — 1 390 364 чал.[4]
  • 2014 — 1 388 573 чал.[4]
  • 2015 — 1 388 931 чал.[4]
  • 2016 — 1 386 982 чал.[4]
  • 2017 — 1 386 351 чал. Гарадское насельніцтва — 973 280 чал., сельскае — 413 071 чал[5].

Гарадское насельніцтва складае 62,3 % (2003). Найбольшыя гарады: Брэст (317,8 тыс. чал.), Баранавічы (169,3), Пінск (132,7), Кобрын.

Нацыянальны склад насельніцтва (1999): беларусы — 85,0 %, рускія — 8,7 %, украінцы — 3,8 %, палякі — 1,8 %. Паводле перапісу 2009 года: беларусы — 88,02 %, рускія — 6,4 %, украінцы — 2,86 %, палякі — 1,25 %.

Адміністрацыйны падзелПравіць

 
Адміністрацыйны падзел Брэсцкай вобласці

Брэсцкая вобласць падзяляецца на 16 раёнаў:

Таксама вылучаюцца гарады абласнога падпарадкавання: Брэст, Баранавічы і Пінск.

ГаспадаркаПравіць

ПрамысловасцьПравіць

У гаспадарчым комплексе важнае месца займае прамысловасць. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я гг. былі нестабільнымі. Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе беларускія электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхналагічнае абсталяванне для лёгкай прамысловасці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытворчасці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80 % электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40 % панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30 % дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35 % цукру, каля 30 % кансерваў, амаль 20 % мяса і масла, 27 % драўнінна-стружкавых пліт, каля 20 % клеенай фанеры. Прадукцыя прамысловасці пастаўляецца на беларускі рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80 % прамысловага патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вялікіх гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытворчае аб'яднанне «Граніт» па здабычы будаўнічага каменю, у г. Белаазёрск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС[3].

У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харчовай (цукровай, мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прамысловасці, 24 — лясной і дрэваапрацоўчай, 23 — прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Яны працуюць на мясцовай сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невялікіх гарадах і гарадскіх пасёлках. Жыллёвым, меліярацыйным, сельскім і дарожным будаўніцтвам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 будаўніча-мантажная арганізацыя (1993)[3].

Сельская гаспадаркаПравіць

Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукровых буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53 % валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсходніх і паўднёва-заходніх раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтральных і заходніх раёнах дадаткова вырошчваюць цукровыя буракі, у паўночных раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45 % тэр. і складаюць 1475 тыс. га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукровымі буракамі. Больш за 76 % пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67 % агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сялянскія гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, пазней адзначалася тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытворчасці асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі. Найбольшая колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага раёнаў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага раёнаў[3].

ТранспартПравіць

Агульная даўжыня чыгункі складае 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс. км) вобласць займае 1-е месца ў краіне. Праз вобласць праходзяць найважнейшыя міжнародныя магістралі: МаскваМінскБрэстВаршава, ВільнюсЛунінецРоўна, КовельБрэст і галоўная чыгунка Палесся БрэстГомель. Чыгуначныя вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка[3].

Даўжыня аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км. Асноўныя магістралі БрэстМінск, БрэстГомель[3].

Вялікае значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод ТаржокМінскІвацэвічы з адгалінаваннем на КобрынБрэстВаршаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты[3].

АдукацыяПравіць

У вобласці станам на 5 верасня 2016/2017 навучальнага года працуе 509 школ, уключаючы санаторныя школы-інтэрнаты, у тым ліку пачатковых 2524 — (4,7 %), базавых 67 — (13,2 %), сярэдніх — 386 (75,8 %), гімназій — 26 (5,1 %), ліцэяў — 5 (1 %), кадэцкае вучылішча — 1 (0,2 %). У 2016 годзе закрыта 13 малакамплектных школ і адкрыта яслі-сад-пачатковая школа № 10 у г. Брэсце[6].

У школах навучаецца 160 066 навучэнцаў. З іх у пачатковых школах навучаецца 3394 навучэнцаў, у базавых — 3811, у сярэдніх −133 593, у гімназіях — 17 785, у ліцэях — 1266 і ў кадэцкім вучылішчы — 217 навучэнцаў. Акрамя таго, на тэрыторыі вобласці маецца ліцэй Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта — у ім навучаецца 143 навучэнцы. 173 навучэнцаў навучаецца ў сярэдняй школе — вучылішча алімпійскага рэзерву Міністэрства спорту і турызму[6].

Размеркаванне агульнай колькасці навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі паводле моў навучання[6]
Раён, горад Усяго навучэнцаў 1-11 класаў З іх навучаюцца
На беларускай мове навучання % На рускай мове навучання % На польскай мове навучання %
Баранавіцкі 3174 2789 87,9 385 12,1
Бярозаўскі 7245 1645 22,7 5600 77,3
Брэсцкі 5007 0 5007 100
Ганцавіцкі 3390 1311 38,7 2079 61,3
Драгічынскі 4701 1626 34,6 3075 65,4
Жабінкаўскі 2862 0 2862 100
Іванаўскі 5191 3086 59,4 2105 40,6
Івацэвіцкі 6124 1707 27,9 4417 72,1
Камянецкі 4141 144 3,5 3997 96,5
Кобрынскі 10371 2129 20,5 8242 79,5
Лунінецкі 8801 3415 38,8 5386 61,2
Ляхавіцкі 2834 992 35 1842 65
Маларыцкі 3093 973 31,5 2120 68,5
Пінскі 4340 3546 81,7 794 18,3
Пружанскі 5012 1217 24,3 3795 75,7
Столінскі 10994 7032 64 3962 36
г. Баранавічы 18957 4 0 18953 100
г. Брэст

Маскоўскі

24985 4 0 24981 100
г. БрэстЛенінскі 11515 224 1,9 11238 97,6 53 0,5
г. Пінск 16070 0 16070 100
Кадэцкае вучылішча 217 0 217 100
Абласныя школы-інтэрнаты 752 0 752 100
Абласны ліцэй 290 0 290 100
Усяго 160066 31844 19,9 128169 80,07 53 0,03
Даведка за 2015/2016 нав. г. 159154 32837 20,6 126270 79,37 47 0,03

Зноскі

  1. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2010 г.)
  2. Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2018. — С. 5.
  3. 3,00 3,01 3,02 3,03 3,04 3,05 3,06 3,07 3,08 3,09 3,10 3,11 3,12 3,13 Брэсцкая вобласць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — 511 с.: іл. ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8
  4. 4,00 4,01 4,02 4,03 4,04 4,05 4,06 4,07 4,08 4,09 4,10 4,11 4,12 4,13 4,14 4,15 4,16 Колькасць насельніцтва па гарадах і раёнах. Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Брэсцкай вобласці
  5. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  6. 6,0 6,1 6,2 Упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Установы адукацыі Брэсцкай вобласці станам на пачатак 2016/2017 навучальнага года

ЛітаратураПравіць

  • Геаграфія Брэсцкай вобласці: Дапам. для студэнтаў геагр. спецыяльнасцей ВНУ / Пад рэд. Арцеменкі С. В., Грыбко А. У. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2002. — 385,[2] с.: іл. ISBN 985-476-062-6

СпасылкіПравіць