Ляхавіцкі раён
Ля́хавіцкі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Брэсцкай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр — горад Ляхавічы.
Ляхавіцкі раён | |||
---|---|---|---|
|
|||
Краіна | Беларусь | ||
Уваходзіць у | Брэсцкая вобласць | ||
Адміністрацыйны цэнтр | Ляхавічы | ||
Кіраўнік | Мікалай Мікалаевіч Мароз[d] | ||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 90,55 %, руская 8,08 % Размаўляюць дома: беларуская 78,17 %, руская 17,64 %[1] |
||
Насельніцтва (2014) |
27 392 чал.[2] (14-е месца) | ||
Шчыльнасць | 20,24 чал./км² (10-е месца) | ||
Нацыянальны склад |
беларусы — 88,45 %, палякі — 6,46 %, рускія — 3,53 %, іншыя — 1,56 %[1] |
||
Плошча |
1 353,55[2] (15-е месца) |
||
Вышыня над узроўнем мора |
169 м[3] | ||
Афіцыйны сайт | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ляхавіцкі раён мяжуе з Баранавіцкім, Ганцавіцкім і Івацэвіцкім раёнамі Брэсцкай вобласці і Клецкім і Нясвіжскім раёнамі Мінскай вобласці.
Адміністрацыйны падзел
правіцьЛяхавіцкі раён адміністрацыйна падзелены на 8 сельсаветаў:
Гісторыя
правіцьРасійская імперыя
правіцьГістарычным папярэднікам Ляхавіцкага раёна можна лічыць Ляхавіцкую воласць (цэнтр воласці — Ляхавічы) у складзе Слуцкага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі. Ляхавіцкая воласць была ўтворана ў 1795 годзе[крыніца?] і праіснавала так ажно да самога канца Расійскай імперыі. Пад канец Першай сусветнай вайны лінія фронту была нестабільнай, што абумоўлівала і нестабільнасць мясцовай улады. У БНР жа, якая абвяшчала права на валоданне амаль усімі этнічнымі тэрыторыямі беларусаў, у тым ліку тэрыторыяй Ляхавіцкай воласці, адміністрацыйны падзел адсутнічаў увогуле.
Міжваенная Польшча
правіцьПасля польска-савецкай вайны 1919—1921 гадоў у выніку Рыжскага мірнага дагавора да Польшчы адышла 4,5-мільённая Заходняя Беларусь плошчай больш за 110 тыс. км². Гэта доля не абмінула і Ляхавіцкую воласць, якая была рэарганізаваная польскімі ўладамі ў Ляхавіцкую гміну ў складзе Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства і праіснавала ў такім статусе ажно да 18 верасня 1939 года, калі Беларусь была ўз’яднана ў складзе БССР.
БССР
правіцьЛяхавіцкі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года з цэнтрам у горадзе Ляхавічы ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 18 сельсаветаў: Альхавецкі, Востраўскі, Дараўскі, Жарабковіцкі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Ліпскі, Ляхавіцкі, Малагарадзішчанскі, Мядзведзіцкі, Навасёлкаўскі, Падлескі, Пад’язаўлеўскі, Перахрэсцеўскі, Сваятыцкі, Тальмінавіцкі, Федзюкоўскі, Цыганскі. 8 студзеня 1954 года Баранавіцкая вобласць была скасавана, і Ляхавіцкі раён перайшоў у склад Брэсцкай вобласці БССР. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Альхавецкі, Дараўскі, Жарабковіцкі, Ліпскі, Мядзвядзіцкі, Сваятыцкі, Тальмінавіцкі, Цыганскі сельсаветы, утвораны Мініцкі сельсавет[4]. 22 красавіка 1957 скасаваны Свяціцкі сельсавет, перададзены з Ганцавіцкага раёна. 4 кастрычніка 1957 года да раёна далучаны Гуцкі і Тухавіцкі сельсаветы скасаванага Быценскага раёна. 17 красавіка 1959 года скасаваны Гуцкі сельсавет, 17 лістапада 1959 года — Ляхавіцкі і Перахрэсцеўскі сельсаветы, утвораны Рачканскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Ганцавічы, Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі скасаванага Ганцавіцкага раёна. 30 ліпеня 1966 года Ганцавіцкі раён адноўлены, усе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі перададзены назад. 20 мая 1968 года Пад’язаўлеўскі сельсавет перайменаваны ў Альхоўскі, 3 ліпеня 1972 года Падлескі — у Жарабковіцкі, 4 чэрвеня 1979 года Мініцкі — у Ганчароўскі, Рачканскі — у Начаўскі. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна 123 населеныя пункты[5]. 6 красавіка 1981 года ўтвораны Падлескі сельсавет, Тухавіцкі сельсавет скасаваны. 16 сакавіка 1987 года Федзюкоўскі сельсавет перайменаваны ў Конькаўскі.
Рэспубліка Беларусь
правіцьЗ’яўляючыся правапераемніцай БССР, Рэспубліка Беларусь пакінула яе адміністрацыйны падзел, і ў наш час Ляхавіцкі раён працягвае існаванне ў складзе Брэсцкай вобласці Рэспублікі Беларусь у тых жа межах, што і ў савецкі перыяд. 20 кастрычніка 1995 года горад Ляхавічы і Ляхавіцкі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 23 снежня 1997 года з часткі Крывошынскага сельсавета ўтвораны Свяціцкі сельсавет, Малагарадзішчанскі сельсавет скасаваны. 20 снежня 2013 года Куршынавіцкі, Падлескі і Свяціцкі сельсаветы скасаваныя[6].
Геаграфія
правіцьГеаграфічнае становішча
правіцьЛяхавіцкі раён знаходзіцца на поўначы ўсходняй часткі Брэсцкай вобласці і мяжуе на поўначы з Баранавіцкім раёнам Брэсцкай вобласці і Нясвіжскім раёнам Мінскай вобласці, на паўднёвым усходзе — з Ганцавіцкім, на паўднёвым захадзе — з Івацэвіцкім раёнамі Брэсцкай вобласці, на ўсходзе — з Клецкім раёнам Мінскай вобласці. Плошча раёна складае 1353,55 км². Горад Ляхавічы — адміністрацыйны цэнтр раёна — знаходзіцца за 226 км на паўночны ўсход ад абласнога цэнтра — Брэста, за 161 км на паўднёвы захад ад сталіцы — Мінска, за 22 км на паўднёвы ўсход ад Баранавічаў.
Рэльеф
правіцьПаверхня большай часткі раёна ўзгорыста-раўнінная, плоская, на поўдні з участкамі дзюнна-бугрыстых форм; паўночная частка ў межах Баранавіцкай раўніны і Капыльскай грады, паўднёвая — у межах Прыпяцкага Палесся. Агульны нахіл з поўначы на поўдзень. 70 % тэрыторыі на вышынях 180—200 м, 28 % — ніжэй за 180 м, каля 1,5 % — вышэй за 200 м. Найвышэйшы пункт 223,2 м на паўночным усходзе (за 1,2 км на захад ад вёскі Шчаснавічы); найменшая абсалютная адзнака 151,2 м — урэз Шчары. Глыбіня расчлянення рэльефу да 20 м/км².
Геалагічная будова і карысныя выкапні
правіцьУ тэктанічных адносінах тэрыторыя раёна прымеркавана да паўднёвага схілу Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды чацвярцёвага ўзросту магутнасцю ад 60—90 м да 160 м у ледавіковых лагчынах. Складзены на поўдні паазерскімі азёрна-алювіяльнымі адкладамі, на поўначы — сожскімі марэннымі і канцова-марэннымі ўтварэннямі. Ніжэй залягаюць марэнныя і водна-ледавіковыя адклады дняпроўскага, бярэзінскага і нараўскага зледзяненняў. Пад чацвярцёвымі адкладамі на старажытных водападзелах залягаюць палеагенавыя магутнасцю 15—20 м, у ледавіковых лагчынах — верхнемелавыя адклады магутнасцю да 40 м. Па ўсёй тэрыторыі пашыраны верхнепратэразойскія (рыфейскія і вендскія) адклады магутнасцю ад 50 м на захадзе да 340 м на поўдні і паўднёвым усходзе. Пароды крышталічнага фундамента залягаюць на абсалютных адзнаках ад 50—100 да −300 — −450 м.
Вядомы 13 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі каля 136,3 тыс. т (найбольшыя Выганашчанскае, Сельцы, Цыганы); Завіннеўскае радовішча мелу, Дамашанскае радовішча глін і суглінкаў і Падлескае радовішча пяску.
Клімат
правіцьКлімат, як і ва ўсёй Беларусі, у Ляхавіцкім раёне ўмераны. Пры гэтым выконваецца агульнабеларуская тэндэнцыя да пераходу клімату з больш марскога да больш кантынентальнага з захаду на ўсход. Ляхавіцкі раён, як і іншыя раёны Брэсцкай вобласці, прыдатны для сельскай гаспадаркі.
Клімат Ляхавіцкага раёна (на прыкладзе Ляхавічаў) | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Сярэдні максімум, °C | −3,2 | −1,7 | 3,0 | 11,7 | 18,6 | 21,9 | 22,9 | 22,4 | 17,4 | 11,0 | 4,0 | −0,5 | 10,6 |
Сярэдняя тэмпература, °C | −6,2 | −4,9 | −0,7 | 6,9 | 13,0 | 16,6 | 17,7 | 17,1 | 12,6 | 7,2 | 1,6 | −3 | 6,5 |
Сярэдні мінімум, °C | −9,1 | −8,1 | −4,4 | 2,1 | 7,5 | 11,3 | 12,6 | 11,8 | 7,9 | 3,5 | −0,7 | −5,5 | 2,4 |
Норма ападкаў, мм | 36 | 27 | 34 | 41 | 57 | 84 | 81 | 68 | 57 | 47 | 47 | 42 | 621 |
Крыніца: Climate-Data.org |
Водная сістэма
правіцьРэкі, якія працякаюць па раёне, пераважна прыналежаць басейну Нёмана (за выключэннем Начы — ракі з басейна Дняпра) і маюць наступную працягласць па тэрыторыі раёна:
На тэрыторыі раёна знаходзяцца чатыры вадасховішчы, якію маюць адпаведную плошчу:
- Мінічскае — 540 га;
- Нетчынскае — 107 га;
- Ляхавіцкае ў вярхоўі ракі Ведзьма;
- Ляхавіцкае ў рысе горада Ляхавічы.
Буйнейшае возера раёна — Качайла.
Лясы і паркі займаюць каля 510 км², што складае 37,6 % тэрыторыі раёна. Пад сельскагаспадарчыя патрэбы выкарыстоўваюцца каля 50 % зямель.
Насельніцтва
правіцьЗмяненне колькасці насельніцтва Ляхавіцкага раёна ў XX—XXI стст. (чал.)[8][9][10][11][12][13] |
---|
Станам на 1 студзеня 2014 года колькасць насельніцтва раёна складае 27 392 чалавекі, пры гэтым у сельскай мясцовасці пражывае каля 60 % усяго насельніцтва раёна. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва — 20,24 чалавек на км².
Этна-лінгвістычныя дадзеныя
правіцьПа выніках перапісу 2009 года размеркаванне нацыянальнасцей Ляхавіцкага раёна адбылося наступным чынам:
Роднай мовай большасць насельніцтва раёна назвала беларускую (90,55 %), на другім месцы стаіць руская (8,08 %). Пры гэтым дома размаўляюць па-беларуску 78,17 % жыхароў раёна, а па-руску — 17,64 %[1].
Памятныя мясціны
правіць- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Дарава
- Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, Мядзведзічы
- Палаца-паркавы ансамбль Чарноцкіх в. Нача
- Свята-Петра-Паўлаўская царква аг. Востраў
- Свята-Мікалаеўская царква, Дарава
- Свята-Духаўская царква, Падлессе
- Свята-Пакроўская царква, Крывошын
- Сядзіба Рэйтанаў в. Грушаўка
Старшыні райвыканкама
правіць- 22 мая 2018 — 20 кастрычніка 2020 — Аляксандр Віктаравіч Камінскі;
- з 20 кастрычніка 2020 — Мікалай Мікалаевіч Мароз.
Вядомыя асобы
правіць- Алег Вацлававіч Лукашэвіч
- Станіслаў Рокаш
- Алесь Бадак
- Тонік Крагельскі
- Юзік Чарнецкі
- Томаш Чаплі
- Аляксей Іванавіч Шаланда
- Мікалай Лукіч Сцепанюк
- Штэфан Трыбухоўскі
- Леанід Пранчак
- Алесь Цярэшка
- Лейба Розовскі
- Пётр Татарыновіч
- Аляксей Ігнатавіч Мікуліч
- Тадэвуш Рэйтан (1740, маёнтак Грушаўка — 1780) — палітычны дзеяч.
- Мар’ян Фальскі
- Сяргей Пясецкі
- Фларыян Бохвіц
- Антаніна Эмінава
- Генрых Міхайлавіч Траццяк
- Міхаіл Пташук
- Анатоль Санько
- Альтэр Бреўда
- Яўген Сцяпанавіч Папроцкі
- Уладзімір Пранько
- Галіна Казіміраўна Аверкіна (Трызна)
- Сымон Свістуновіч
- Ноех Мельнік
- Ян Станіслаў Сапега
- Сяргей Чарановіч
- Уладзімір Дамашэвіч (1928, в. Вадзяціна — 2014) — беларускі пісьменнік, празаік.
- Ганна Схаластыка Хадкевіч
- Францішак Стэфан Леан Сапега
- Анатоль Герасімовіч
- Вітольд Міладоўскі
- Ежы Феліцыян Сапега
- Віктар Чарнавокі
- Міхаіл Кулік
- Мікалай Пігулеўскі
- Альбрэхт Мартынавіч Гаштольд
- Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі
- Генадзь Іванавіч Цітовіч
- Крысціна Крагельская
- Уладзімір Малахвей
- Святаслаў Мядзведскі
- Юра Гарбаты
- Вольга Сокал
- Васіль Салаўёў
- Рыгор Касабуцкі
- Тоніо Грабоўскі
- Аляксандр Іванавіч Вітко
- Іван Антановіч
- Віталь Уладзіміравіч Скалабан
- Міхаіл Гаўрылавіч Мінкевіч
- Уладзімір Гаўрылавіч Мінкевіч
- Вольга Мацюшка
- Васіль Сокал
- Міхась Турыянскі
- Яраслаў Патоцкі
- Ірэна Патоцка-Шарска
- Аліна Густаўна Рэйтан-Гартынг
- Анатоль Гатоўчыц
- Васіль Іванавіч Кунціш
- Адам Ігнатавіч Кумейша
- Здзіслаў Сіцька
- Міхаіл Гаўрылавіч Мінкевіч
- Станіслаў Гаштольд
- Ян Караль Хадкевіч
- Леанард Кавэцкі
- Вацлаў Пянткоўскі
- Станіслаў Касакоўскі
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г Вынікі перапісу 2009 года. (руск.)
- ↑ а б Інфармацыя пра раён на афіцыйным сайце (па стане на 1 студзеня 2014 г.). (руск.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Брестской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 27. — 248 с. — 10 000 экз.
- ↑ Решение Брестского областного Совета депутатов от 20 декабря 2013 г. № 330 Об изменениях в административно-территориальном устройстве Ляховичского района Брестской области(недаступная спасылка)
- ↑ Рэспубліканская комплексная схема размеркавання рыбалоўных угоддзяў — Брэсцкая вобласць Архівавана 14 ліпеня 2014. (руск.)
- ↑ Вынікі перапісу 2009 года. Архівавана 23 мая 2012. (руск.)
- ↑ Усесаюзны перапіс насельніцтва 1959 г. Колькасць наяўнага насельніцтва гарадоў і іншых паселішчаў, раёнаў, раённых цэнтраў і буйных сельскіх населеных месцаў на 15 студзеня 1959 года па рэгіёнах саюзных рэспублік (акрамя РСФСР) (руск.)
- ↑ Колькасць наяўнага насельніцтва гарадоў, пасёлкаў гарадскога тыпу, раёнаў і раённых цэнтраў СССР па дадзеных перапісу на 15 студзеня 1970 года па рэспубліках, краях і абласцях (акрамя РСФСР) (руск.)
- ↑ Усесаюзны перапіс насельніцтва 1979 г. Колькасць наяўнага насельніцтва саюзных і аўтаномных рэспублік, аўтаномных абласцей і акруг, краёў, абласцей, раёнаў, гарадскіх паселішчаў, сел-райцэнтраў і сельскіх паселішчаў з насельніцтвам болей за 5000 чалавек (акрамя РСФСР) (руск.)
- ↑ Усесаюзны перапіс насельніцтва 1989 г. Колькасць насельніцтва саюзных рэспублік СССР і іх тэрытарыяльных адзінак па поле (руск.)
- ↑ Беларусь 1995.
Літаратура
правіць- Ляхавіцкі раён // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
- Ляхавіцкі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 446. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.