Ганцавічы
Га́нцавічы[2] (трансліт.: Hancavičy) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ганцавіцкага раёна, на р. Цна. Чыгуначная станцыя на лініі Лунінец—Баранавічы. За 250 км ад Брэста. Насельніцтва 13 925 чал. (2017)[3].
Горад
Ганцавічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Назва
правіцьТапонімы Аюцавічы, Вілуцавічы, Гінцавічы параўноўваюцца з балцка-літоўскімі аднаасноўнымі антрапонімамі Ajutis, Vilutis, Gintis. У балцкім іменніку вядомая іменная аснова Gant-, з ёй двухасноўныя імёны тыпу Daugantas, Visgantas. У прусаў вядомы адыменны тапонім Gante-lauken, дзе другі складнік назвы ад lauks "поле", а першы ад імя тыпу Gantis.
Асновы Gan-, Gen-, Gin- (і іх паўнейшыя варыянты Gant-, Gent-, Gint-) звязваюць з літоўскім ginti "гнаць, пераследаваць", gena "гоніць", ganas "ганіцель, пагоншчык", такое ваяўнічае значэнне ў імёнах заканамернае ў ваярскую раннелітоўскую эпоху.
На поўначы ад Ганцавічаў шчыльны россып адыменных тапонімаў тыпу Маствілавічы (цяпер "Масцілавічы"), Тальмінавічы, Куршынавічы і пад.
Гісторыя
правіцьПершыя згадкі
правіцьЗа 2-й паловы 19 ст. вёска Слуцкага павета Мінскай губерні, уладанне графа С. Чапскага. Назва маёнтка і вёскі пайшла ад фальварка Ганцавічы, аб якім згадваецца ў архіўных дакументах за 1773 год. Магчыма, фальварак існаваў яшчэ ў кан. 16 — пач. 17 ст., але дакладных звестак няма.
Пасёлак пры чыгунцы
правіцьПасля пачатку будаўніцтва Палескіх чыгунак — атрымала статус мястэчка. 3 адкрыццём руху па Палескіх чыгунках (1884) і будаўніцтвам станцыі Ганцавічы ў яе ваколіцах пачынаецца прамысловая распрацоўка і перапрацоўка лесу, а таксама сыравіны па вытворчасці шкла. У 1888 ва ўрочышчы «Ельня» маёнтка Ганцавічы пры станцыі Ганцавічы пачынае будаўніцтва паравага лесапільнага заводе пінскі купец Вола Веніямін, якому было дазволена арэндаваць у графа Чапскага 1/2 дзесяціны зямлі. Завод размяшчаўся там, дзе цяпер (на 2008 год) у Ганцавічах знаходзіцца аўтобусная станцыя. У 1900—1902 сярэднегадавы гандлёвы абарот ад лясных аперацый і камісіянерскай дзейнасці складаў тут 40 тыс. рублёў.
З дакументаў аб зацвярджэнні плана забудовы мястэчка пры станцыі Ганцавічы (24-30.10.1902) можна скласці ўяўленне аб тым дзе размяшчаўся першапачатковы пасёлак — ва ўрочыўшчы «Ельня» пры станцыі Ганцавічы Палескай чыгункі Круговіцкай воласці. Там жа маецца запіс, што пасёлак утварыўся ў 1898 годзе. Прычынай ўзнікнення, гаворыцца ў дакуменце, з'яўляецца пабудова завода Краеўскага і Столя, продаж лесу ў маёнтку Ганцавічы і Круговічы, а таксама ў маёнтку князя Радзівіла, размешчанага паблізу станцыі Ганцавічы і ўрочышча «Ельна».
У пачатку XX ст
правіцьАртыкул вымагае вікіфікацыі. |
У 1899, на тым месцы, дзе цяпер (на 2008 год) размяшчаецца хлебазавод і Дом піянераў і школьнікаў, ужо дзейнічаў шклозавод прамыславікоў В. Краеўскага і Столя, дзе выраблялася аконнае, люстэркавае і высакаякаснае бемскае шкло. Сярэднегадавы гандлёвы абарот у 1900—1902 гадах склаў тут 35 тысяч рублёў. У Ганцавічах адкрываюцца чатыры гуты, якія забяслечвалі шклозавод сыравінай. Толькі ў 1909 завод адправіў спажыўцам 45273 пуды (больш за 700 тон) вырабаў са шкла. У мястэчку працавалі таксама лесазаводы, піларамы, смалакурні і іншыя прадпрыемствы. Але асноўную частку сярод іх займалі дрэваапрацоўчыя заводы, паколькі край быў багаты запасамі высакаякаснай драўніны. На прылягаючай да станцыі тэрыторыі, паблізу ад заводаў, пачалі ўзводзіцца жылыя памяшканні для работнікаў чыгункі, лесапільнага завода, піларам, шклозавода, прадпрыемства сферы абслуговання. Такім чынам, пачало ўтварацца паселішча.
У пратаколе Будаўнічага Аддзялення Мінскага Губернскага Праўлення «Аб зацвярджэнні плана праектуемага мястэчка Ганцавічы» ад 24.10.1902 запісана, што Паліцэйскае Упраўленне прадаставіла «прыгавор домагаспадароў Любашаўскага сельскага таварыства ад 6 чэрвеня 1902 года, якім яны план адобрылі сведчаць, што зямля, на якой мяркуецца адкрыццё мястэчка належыць графу Гутэн-Чапскаму». I далей у гэтым пратакол даецца тлумачэнне: «Адкрыццё мястэчка пры станцыі Ганцавічы з-за аддаленасці гэтай мясцовасці ад гандлёвых цэнтраў для мясцовага насельніцтва неабходна, бо дае магчымасць насельніцтву Круговіцкай воласці Слуцкага павета і Хатыніцкай Пінскага павета без цяжкасці рабіць збыт сваіх сельскагаспадарчых прадуктаў, жывёлы і набываць патрэбныя ў іх гаспадарцы прадметы лавачнага гандлю і сельскагаспадарчых прылад, а ў цяперашні час з-за адсутнасці ў раёне гэтых валасцей гандлёвага цэнтра жыхарам іх прыходзіцца ездзіць у бліжэйшае мястэчка Ляхавічы, якое стаіць ад станцыі Ганцавічы на адлегласці 40 вёрст, а ад іншых населеных пунктаў у значна далейшай адлегласці, што вясною і восенню вельмі цяжка з-за балоцістай глебы Круговіцкай і Хатыніцкай валасцей, таму адкрыццё мястэчка Ганцавічы з'яўляецца пажаданым, але ажыццяўленне гэтага можа быць дапушчана толькі ў тым выпадку, калі ўладальнік прыме на свой рахунак ўтрыманне ў праектуемым местэчку хаця б пешага ўрадніка, бо без гэтага нагляд за гэтым насельніцтвам будзе вельмі складаны; па-першае, так што там адкрыецца права яўрэйскага пасялення, а затым і таму, што мясцовасць гэтая знаходзіцца на самой ускраіне павета і ўраднік, у раёне якога яна знаходзіцца, загадвае дзвюма валасцямі…» I далей: «…прымаючы пад увагу, што гэты пан быў прад'яўлены мясцоваму сялянскаму таварыству і ўхвалены ім, Будаўнічае Аддзяленне Губернскага Праўлення мяркуе: план праектуемага мястэчка Ганцавічы зацвердзiць, аб чым і зрабіць надпіс на плане…»[4]. Уладальнікам зямлі графам Чапскім пад мястэчка разам з зямлёй пад шклозаводам адводзілася 79 дзесяцін: пад забудову, рынкавую плошчу, вуліцы, агульны выган, могілкі. У паселішчы пры ст. Ганцавічы ў той час жыло 312 чалавек, у т.л. 96 яўрэяў. Займаліся яны рознага роду работамі на чыгунцы і на прадпрыемствах, гандлем дробнымі таварамі і лесаматэрыяламі, а таксама камісіянерствам па адпраўцы грузаў праз станцыю Ганцавічы. Быў у паселішчы адзін каменны і 85 драўляных будынкаў для жылля.
Міжваенная Польшча і СССР
правіцьЗ 1921 у складзе Польшчы. У Ганцавічах быў каталіцкі прыход, драўляны касцёл (1921), згарэўшы з большай часткай мястэчка ў 1934. Праваслаўнае насельніцтва распараджалася вялікай царквой, было дзве сінагогі, пошта, тэлеграф, паліцэйскі пост, урач і фельчар. Меліся гасцініцы Сачалава, Слуцкага, Ганцэвіча, Ліса і Вшэравіцкага (цана пакоя ў суткі ~1,5 злотага), быў рэстаран Красінскага (абед ~1 злоты), кафэ Грамбецкага.
З 1939 — у БССР. Адміністрацыйнае становішча Ганцавічаў змянілася пасля захопу заходняй Беларусі камуністамі. 15 студзеня 1940 года быў утвораны Ганцавіцкі раён з цэнтрам у Ганцавічах, Ганцавічам быў нададзены статус гарадскога пасёлка. З 6 снежня 1973 года Ганцавічы — горад з колькасцю насельніцтва 6,9 тыс. чалавек[5].
На поўнач ад Ганцавічаў размешчаная РЛС «Волга».
-
Рынак. Урачыстасці, 3.05.1934 г.
-
Рынак. Урачыстасці, 3.05.1934 г.
-
Мястэчка па пажары, 1934 г.
-
Пачатак будавання касцёла, 1934 г.
-
Касцёл, да 1939 г.
-
Касцельная вуліца, да 1939 г.
-
Першая вуліца, да 1939 г.
-
Чыгуначная вуліца, 15.04.1937 г.
Забудова
правіцьВуліцы і плошчы
правіцьАфіцыйная назва | Гістарычная назва |
17 верасня вуліца | Першая вуліца |
Гагарына вуліца | Другая вуліца |
Кастрычніцкая вуліца | Касцельная вуліца |
Матросава вуліца | Шпітальная вуліца |
Савецкая вуліца | Трэцяя вуліца |
Чырвонаармейская вуліца | Чыгуначная вуліца[6] |
Гістарычны Рынак у наш час не мае афіцыйнай назвы.
Насельніцтва
правіцьЭканоміка
правіцьПрадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў і лясной прамысловасці. Гасцініца.
Культура
правіцьСМІ
правіць- Газета «Ганцавіцкі час». Недзяржаўнае выданне – інфармацыйнае інтэрнэт-выданне. Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб'яднаныя Масмедыі“».
- Газета «Савецкае Палессе». Орган мясцовых улад.
Славутасці
правіцьВядомыя асобы
правіць- Максім Лынша, беларускі лёгкаатлет
- Віктар Ціханавіч Ерафеенка (нар. 1946) — беларускі фізік
- Яўген Мікалаевіч Добрышаў (нар. 1954) — ваенны дзеяч. Ганаровы грамадзянін г. Ашмяны (2006).
Гл. таксама
правіцьЗноскі
правіць- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Для даведкі: граф Г.-Чапскі ў маёнтку Ганцавічы меў ва ўласнасці 5,3 тысячы дзесяцін зямлі (для параўнання: уладальнік маёнтка Агарэвічы Свяжынскі Карл Мацвеевіч меў 17,9 тысячы дзесяцін, а Патоцкая Яніна Тамашаўна, якая валодала Хатынічамі, Малькавічамі і Раздзялавічамі, мела ва ўласнасці 50,3 тысячы дзесяцін зямлі).
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 6 декабря 1973 г. О преобразовании городского поселка Ганцевичи Ганцевичского района Брестской области в город районного подчинения Архівавана 21 сакавіка 2019.
- ↑ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Брестчина. — Минск, 2009.
- ↑ а б в г д Беларусь 1995.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
правіць- Ганцавічы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 206. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ганцавічы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Ганцавічы на OpenStreetMap
- Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал
- Сайт газеты «Ганцавіцкі час» Архівавана 29 сакавіка 2021.