Баранавіцкая раўніна
Баранавіцкая раўніна — фізіка-геаграфічны і геамарфалагічны раён Перадпалесся, водна-ледавіковая раўніна на поўначы Брэсцкай і поўдні Гродзенскай абласцей Беларусі.
ГеаграфіяПравіць
Баранавіцкая раўніна размешчана ў вярхоўях рэк Мышанкі, Шчары, Цны і Лані. Выцягнута ў напрамку з захаду на ўсход на 90 км, працягласць з поўначы на поўдзень — да 60 км. Мяжуе на захадзе з Косаўскай раўнінай, на поўначы — з Навагрудскім узвышшам, на ўсходзе — з Салігорскай, на поўдні — з Люсінаўскай раўнінай і Нараўска-Ясельдзінскай нізінай. Плошча 2,2 тыс. км².
ГеалогіяПравіць
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да сучлянення паўднёвай часткі Цэнтральнабеларускага масіва, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіна. Паверхня фундамента паступова пагружаецца ў заходнім і ўсходнім напрамках (-1000 м). Платформавы чахол прадстаўлены пародамі верхняга пратэразоя, юры, мела, месцамі палеаген-неагена. Верхнюю частку разрэза прадстаўляюць антрапагенавыя ўтварэнні магутнасцю 150—200 м, сярод якіх пераважаюць тоўшчы нараўскага, бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага ледавікоў, раздзеленыя міжледавіковымі і водна-ледавіковымі пластамі. На схілах рачных далін распаўсюджаны перыгляцыяльныя адклады паазерскага ўзросту (алювіяльна-дэлювіяльныя тоўшчы магутнасцю да 5 м). Паверхня карэнных парод рассечана леднавіковымі лагчынамі, глыбінёй да 10-20 м.
РэльефПравіць
Сярэдняя вышыня 180—190 м над узроўнем мора, максімальныя вышыні прымеркаваны да цэнтральнай часткі раёна, самая высокая адзнака — 218 м (каля вёскі Канюхі Ляхавіцкага раёна).
Згладжаны рэльеф раўніны сфармавалі ледавіковыя воды. Сучасны рэльеф характарызуецца распаўсюджаннем водна-ледавіковай раўніны сожскага ўзросту. Ваганні адносных вышынь 2-3 м. У выніку расчлянення дэнудацыйнымі лагчынамі тэрыторыя набыла слабаўвалісты характар, адносныя перавышэнні ўзраслі да 5 м. Тут пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйнаўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы). Па схілах далін утварыліся яры.
Раўніннасць тэрыторыі парушаецца краявымі ледавіковымі ўтварэннямі. Найбольш высокія (абсалютныя адзнакі звыш 210 м) участкі, ператвораныя эразійна-дэнудацыйнвмі працэсамі. На крайняй поўначы прадстаўлены адносныя перавышэнні складаюць 10-20 м і больш, сустракаюцца асобныя грады, даўжыня якіх дасягае 2 км. Узгорысты масіў дыяметрам 4 км размешчаны на ўсход ад г. Баранавічы. Арыенціроўка град і ўзгоркаў субшыротная або паўночна-заходняя. Сярод насыпных канцова-марэнных форм сустракаюцца напорныя, з адорвенямі карэнных парод (в. Вялікае Гарадзішча). Паверхня марэннай раўніны і краявых град ускладняецца тэрмакарставымі западзінамі, рэдка катлавінамі спушчаных азёр, затарфаванымі ўчасткамі скразных далін на водападзелах.
На паўночным усходзе знаходзіцца азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак рака Шчара. Азёрна-алюіяльны тып распаўсюджаны ўздоўж рэк Шчара, Нача, Морач. На памежжы з Палессем развіты выдмы, эолавыя грады і масівы вышынёй 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асноўнай марэны.
Даліны рэк адносяцца да тыпу поймавых, часта ўтвораны ў лагчынах сцёку расталых ледавіковых вод. Шырыня 1-2 км, у Шчары і Моўчадзі да 3 км. Добра распрацаваная пойма мае нярэдка два ўзроўні. Нізкая пойма ў большасці выпадкаў забалочаная. У большасці рэк сустракаюцца фрагменты першай надпоймавай тэрасы.
ГідраграфіяПравіць
Гідраграфічная сетка прадстаўлена ракой Шчарай з прытокамі.
Глебы і расліннасцьПравіць
Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, алювіяльныя (поймавыя).
Пад лясамі 31 % тэрыторыі. Пераважаюць бары, субары з дамшкам шыракалістых парод, пашыраны чорнаальховыя, бярозавыя, асінавыя лясы, на левабярэжжы Шчары — дубровы. У цэнтральнай частцы 2 буйныя масівы з хвоі і шыракалістых парод. Пад ворывам каля 44 % тэрыторыі.
На раўніне знаходзяцца Баранавіцкі і Слонімскі біялагічныя заказнікі дзяржаўнага значэння.
ЛітаратураПравіць
- Барановичская равнина // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9